Тое, што у Беларусі можна адмовіцца ад папяровай квітанцыі на аплату жыллёва-камунальных паслуг і перайсці на яе электронны варыянт ведаюць многія. Толькі ў сталіцы сёння электронныя «жыроўкі» атрымліваюць больш за 147 тысяч чалавек.
Аб тым, што паўплывала на з’яўленне магчымасці безпаперных стасункаў паміж жыллёва-камунальнай гаспадаркай і абанентамі распавёў дырэктар Адзінага разлікова-даведачнага цэнтра горада Мінска Алег Паскробка:
— У першую чаргу нагадаю, што мы жывём у век лічбавых тэхналогій. Папяровым чэкам або друкаванай кнігай не так зручна сёння карыстацца, як, напрыклад, іх аналагамі ў электронным варыянце. Мы ідзём у нагу з часам — і сістэма ЖКГ не стала выключэннем.
Па словах дырэктара цэнтра, такая паслуга асабліва актуальная для людзей ва ўзросце: не трэба ісці за паведамленнем да сваёй паштовай скрыні — яно прыйдзе на тэлефон. Акрамя гэтага кіраўнік РДЦ падкрэсліў, што папяровыя жыроўкі — даволі рэсурсазатраная рэч, у першую чаргу з-за вялікай колькасці выкарыстоўваемай паперы. Дарэчы, дзякуючы мінскім карыстальнікам якія перайшлі на электронныя паведамленні, за месяц эканоміцца больш за 800 кг паперы, а гэта 19 дрэў. Такім чынам электронная жыроўка дае не толькі эканамічны эфект, але і экалагічны.
Нельга скідваць з рахунку і пытанні бяспекі: зламыснікі даволі лёгка могуць здабыць частку персанальных даных, пакуль папяровае паведамленне пэўны час ляжыць у паштовай скрыні. «Электроннае паведамленне ў такім выпадку абсалютна бяспечна — яго ніхто не бачыць, не нясе ў руках, не пакідае ў адкрытым доступе», — падкрэсліў Алег Паскробка. Сярод іншых пераваг ён назваў таксама хуткасць дастаўкі электронных жыровак і пастаянны доступ да іх.
Як перайсці на «лічбу»?
Першы і самы просты спосаб — гэта зайсці на сайт Адзінага РДЦ і клікнуць на банер «Адмоўся ад папяровага паведамлення — выратуй дрэва!». Далей усё інтуітыўна зразумела: запаўняем анкету, уводзім код бяспекі (прыйдзе на тэлефон), ціскаем кнопку «Рэгістрацыя» і не забываем запоўніць і адправіць электронную заяву.
Другі спосаб — прыйсці ў свой разлікова-даведачны цэнтр з пашпартам і напісаць неабходную заяву з указаннем электроннай пошты, на якую будуць прыходзіць жыроўкі. Таксама не складана!
Яна ВАЛАСАЧ
Ён прапаноўвае грамадска-палітычны відэакантэнт, галоўныя навіны і ўсе тэлеканалы анлайн.
Восеньскія сельскагаспадарчыя кірмашы — абавязковы атрыбут восені.