Вы тут

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?


34-я Міжнародная спецыялізаваная выстава «БЕЛАГРА-2024» адбудзецца ў рамках Беларускага аграпрамысловага тыдня, які адкрыецца 4 чэрвеня і працягнецца да 9 чэрвеня. У гэтым форуме прымуць удзел 490 кампаній з 11 краін, адзначыў намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Уладзімір Гракун.


Асноўныя экспазіцыі будуць ад Беларусі і Расіі, а таксама ад Казахстана, Кыргызстана, Манголіі, Германіі, Кітая, Пакістана, Турцыі, В’етнама і Палесціны. Акрамя таго, на выставу спецыяльна прыедуць 29 афіцыйных дэлегацый з Азербайджана, Таджыкістана, Венесуэлы, Егіпта, Зімбабвэ, Ірака, Экватарыяльнай Гвінеі ды іншых краін. Беларускі бок разлічвае заключыць з імі шэраг кантрактаў, якія прадугледжваюць пастаўку нашай тэхнікі, насення, угнаенняў і прадуктаў харчавання.

Плошча адпавядае маштабу

Экспазіцыі выставы зоймуць 32,2 тысячы квадратных метраў, у тым ліку 7,2 тысячы «квадратаў» — у закрытых павільёнах. З кожным годам выстава «БЕЛАГРА» становіцца ўсё больш запатрабаванай. На гэты раз у ёй удзельнічаюць 40 новых прадпрыемстваў, у тым ліку 24 — беларускіх. Новымі краінамі-ўдзельніцамі сёлета стануць Казахстан, Кыргызстан і Манголія. Расійская Федэрацыя будзе прадстаўлена на стэндах Міністэрства сельскай гаспадаркі і 13 рэгіёнамі: Бранскай, Растоўскай, Пензенскай, Варонежскай, Валгаградскай, Саратаўскай, Смаленскай, Ульянаўскай абласцямі, Рэспублікай Адыгея, Кабардзіна-Балкарыяй, Мардовіяй, Татарстанам і Краснадарскім краем.

Нацыянальная акадэмія навук Беларусі прадставіць апошнія распрацоўкі ў галіне жывёлагадоўлі, раслінаводства і перапрацоўкі, а Міністэрства прамысловасці — новыя ўзоры сельскагаспадарчай тэхнікі. У прыватнасці, у выставе будуць удзельнічаць такія буйныя прадпрыемствы галіны, як Мінскі трактарны завод, Мінскі маторны завод, «МАЗ — кіруючая кампанія холдынга «БелаўтаМАЗ», «Гомсельмаш», «Амкадор», «Бабруйскаграмаш» і іншыя.

У рамках дзелавой праграмы выставы пройдзе каля 20 тэматычных семінараў і канферэнцый, на якіх будуць абмяркоўвацца забеспячэнне канкурэнтаздольнай прадукцыяй, племянная жывёлагадоўля, раслінаводства, машынабудаванне, аграрная адукацыя, перспектывы супрацоўніцтва з краінамі блізкага і далёкага замежжа, удакладніў намеснік міністра.

Гандлёвыя пляцоўкі і конкурсы

На выставе будуць працаваць кірмашы-продажы, розныя гандлёвыя пляцоўкі. Пройдуць конкурсы на найлепшую племянную малочную карову, «Найлепшы араты», «Чэмпіён смаку», дэманстрацыйныя паказы племянных жывёл і сельскагаспадарчай тэхнікі. Традыцыйна на галоўнай сцэне адбудуцца выступленні творчых калектываў. Таксама гледачоў чакае праграма, падрыхтаваная Рэспубліканскім цэнтрам алімпійскай падрыхтоўкі коннага спорту і конегадоўлі, на асобнай пляцоўцы кожны ахвотны зможа кіраваць тэхнікай МТЗ.

«Навінкай выставы стане „Партызанская паляна“, арганізаваная Міністэрствам абароны. Думаю, што кожны наведвальнік знойдзе для сябе нешта цікавае», — адзначыў Уладзімір Гракун. Намеснік міністра падкрэсліў, што «БЕЛАГРА» стане карыснай і для тых, хто вядзе прысядзібную гаспадарку. На выставе будзе прадстаўлены шырокі спектр насення, парод хатніх жывёл, тэхналогіі апрацоўкі глебы і многае іншае, здольнае выклікаць цікавасць у сельскіх жыхароў.

Баклажан не будзе рэдкасцю

Спікер адзначыў, што беларускія цяплічныя прадпрыемствы будуць развіваць вытворчасць грунтавой гародніны. Экспазіцыя плодаагародніннай прадукцыі на выставе «БЕЛАГРА-2024» будзе прадстаўлена 12 прадпрыемствамі. Яны прадставяць сваю прадукцыю, вырашчаную ў ахаваным грунце.

«Гэта сёння новы напрамак. Мы поўнасцю забяспечылі наша насельніцтва агуркамі. Наступная задача — забяспечыць таматамі, а ў далейшым — баклажанамі, перцам і зялёнымі культурамі. У экспазіцыі можна будзе азнаёміцца з работай цяплічных камбінатаў, ацаніць і набыць іх прадукцыю», — адзначыў намеснік міністра. Уладзімір Гракун удакладніў, што ва ўсе дні дзейнасці выставы «БЕЛАГРА-2024» будзе арганізаваны кірмаш-продаж прадуктаў харчавання па даступных цэнах.

Нагадаем, што выстава «БЕЛАГРА-2024» пройдзе ў выставачным цэнтры Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парка «Вялікі Камень». Уваход бясплатны. У дні выставы ў Мінску са станцыі «Партызанская» будзе курсіраваць спецыяльны транспарт.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.