Вы тут

З якімі пытаннямі звярталіся на прыёме грамадзян да Турчына?


Каля 30 чалавек з усіх куткоў Мінскай вобласці прыехалі на асабісты прыём да старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандра Турчына.


Фота: БелТА

Жыхароў цэнтральнага рэгіёна хвалююць самыя разнастайныя пытанні. Асноўны працэнт — праблемы ў сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, будаўніцтва дарог, правядзенне ліній электраперадачы, якасць вады.

Людміла Алегаўна з горада Барысаў прыйшла на прыём да губернатара адразу з некалькімі тэмамі. Яна распавяла, што дарога па завулку Матросава (дзе пражывае заяўніца) знаходзіцца ў нездавальняльным стане. «Раней там быў добры асфальт, які з часам прыйшоў у непрыдатнасць, — сцвярджае Людміла. — Але праблема яшчэ і ў тым, што па завулку Матросава знаходзіцца два вытворчыя прадпрыемствы: Нарыхтоўчая кантора па прыёме металалому, куды практычна кожны дзень прыязджае тэхніка забіраць сыравіну, і вытворчасць, куды круглыя суткі накіроўваюцца буйныя фуры. Вялікая колькасць грузавых машын і сапсавала дарогу».

Па словах заяўніцы, мясцовыя службы падсыпалі дарогу гравіем. Але завулак знаходзіцца на ўзвышшы, таму гравій з часам змыла дажджом. «Мы з 2012 года ваюем за сваю дарогу! Яе ўжо даўно трэба заасфальтаваць. Людзі зімой, восенню і вясной тонуць па калена ў гразі, а летам задыхаюцца ад пылу, — абураецца пенсіянерка. — Каб такіх праблем зноў не ўзнікала, пункт прыёму сыравіны мэтазгодна перанесці ў іншую частку горада. Мы ж не толькі за дарогу перажываем. Мы за сваё жыццё баімся! А раптам гэты кавалак арматуры пры пагрузцы ўпадзе на галаву, калі будзем праходзіць міма? Ды і дзеці ўвесь час там ходзяць».

Старшыня Барысаўскага райвыканкама Мікалай Карповіч адзначыў, што асфальтаванне завулка Матросава не плануецца. «Дарога падсыпаецца перыядычна гравіем. Асфальт мы людзям не абяцалі», — праінфармаваў ён.

Аднак заяўніца падала дакумент. У ім — адказ Барысаўскага райвыканкама ад 2013 года, дзе чорным па белым пазначана: дарога па Матросава будзе заасфальтавана. «Вы ведаеце мае ўмовы. Абяцанне, дадзенае людзям, трэба выканаць у бягучым годзе», — распарадзіўся старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксандр Турчын.

Наступнае пытанне, якое хвалюе барысаўчанку, — вытворчыя памяшканні, куды заязджаюць габарытныя машыны. Яна просіць перанесці іх далей ад Матросава, бо з-за шуму не можа спаць па начах.

«У месяц на пункт прыёму сыравіны прыязджае ўсяго 2-3 машыны», — запэўніў Мікалай Карповіч. Аднак пенсіянерка з гэтым не пагадзілася. Па яе словах, туды кожны дзень заязджае па некалькі машын. Губернатар даручыў правесці маніторынг, каб мець дакладнае ўяўленне: колькі сапраўды машын заязджае на пункт прыёму другаснай сыравіны па вуліцы Матросава. «Калі там насамрэч ідзе шмат машын, трэба разгледзець пытанне пераносу нарыхтоўчага пункта, лічыць Аляксандр Турчын. — Але канчатковае рашэнне можна будзе прыняць толькі пасля месяца маніторынгу. І яшчэ раз нагадваю: самае галоўнае — адкрытасць у рабоце з людзьмі. Каб яны самі бачылі вынікі таго ж маніторынгу і потым у іх не ўзнікала пытанняў».

Трэцяя тэма, што хвалюе пенсіянерку, — вытворчыя памяшканні на месцы былога прадпрыемства. У пэўны момант індывідуальны прадпрымальнік з Оршы выкупіў іх. Цяпер, па словах заяўніцы, і днём, і ноччу туды прыязджаюць фуры, у якія вельмі шумна нешта загружаюць і выгружаюць. Як высветлілася, у гэтых памяшканнях ажыццяўляецца нарэзка плёнкі для нацяжных столяў.

«Трэба праверыць гэтую вытворчасць: як яна працуе, на якіх падставах перайшла цяперашняму ўладальніку. І чаму працуе, па словах Людмілы Алегаўны, нават ноччу», — падагульніў губернатар.

Яшчэ адна барысаўчанка, якая з’яўляецца шматдзетнай маці, папрасіла садзейнічання ў выдзяленні яе сям’і зямельнага ўчастка пад будаўніцтва прыватнага дома. Раней сям’я ўжо атрымлівала ўчастак, аднак асвоіць не змагла. Па словах заяўніцы, з-за складанай жыццёвай сітуацыі яна была вымушана прадаць першы ўчастак. Цяпер жа, калі ў сям’і з’явілася магчымасць будаваць жыллё, у выдачы ўчастка для будаўніцтва адмаўляюць.

«Вы прадалі бясплатна атрыманы зямельны ўчастак, па законе дзяржава аказвае дапамогу адзін раз. Дзе гарантыя, што гісторыя не паўторыцца? — запытаў Аляксандр Турчын. — Хочаце пабудаваць жыллё — можаце набыць зямлю з аўкцыёну». У выніку губернатар Міншчыны даручыў кіраўніцтву раёна аказаць дапамогу ў падборы ўчастка, каб цана на яго была прымальнай для сям’і.

Жыхарку вёскі Шапавалы Валожынскага раёна таксама хвалюе дарожная тэма. Там, па вуліцы Цэнтральнай, патрабуецца асфальтаванне для забеспячэння бяспечнага дарожнага руху. «Не скажу, што ёсць пытанні па дарожным пакрыцці. Праблема крыху ў іншым. Па дарозе вельмі інтэнсіўны транспартны рух. Хтосьці едзе праз Шапавалы ў вайсковую часць, многія накіроўваюцца на дачы. Калі ў звычайны будні дзень па Цэнтральнай вуліцы праязджае 200–300 машын, то ў пятніцу, суботу і нядзелю — да 1000. Ад гэтага пыл невыносна страшны. Не можам ні ў двор выйсці, ні бялізну павесіць сушыцца. На агародзе няма сэнсу нешта вырошчваць: гародніна ж убярэ ўвесь гэты бруд і пыл ад машын», — распавяла заяўніца.

Па словах жанчыны, яна неаднаразова звярталася ў розныя службы з просьбай заасфальтаваць дарогу. Ёй абяцалі, што асфальт зробяць у 2022 годзе, на крайні выпадак — у 2023-м. Але ў выніку ўсё абмежавалася падсыпкай.

«Трэба ўчастак, які праходзіць па населеным пункце, заасфальтаваць, каб праблем з пылам больш не было. Гэта трэба зрабіць у бягучым годзе. Тым больш што Валожын прымае абласныя «Дажынкі», — патрабаваў губернатар.

У Крупскім раёне паміж вёскамі Ухвала і Мікалаеўка размешчаны пешаходны мост. Яго актыўна эксплуатуюць, нягледзячы на наяўнасць аб’язной дарогі. Сёння мост прызнаны аварыйным. Заяўнікі звярнуліся ў мясцовыя органы ўлады, але ў рамонце ім адмовілі. Мостам карыстаюцца лічаныя людзі, таму ў Крупскім райвыканкаме рамантаваць яго лічаць немэтазгодным. «Магчыма, мае сэнс узвесці драўляны мост. І калі кошт апынецца прымальны, то пытанне вырашыцца станоўча», — прапанаваў Аляксандр Турчын.

Жыхарка сталіцы жадае атрымаць участак пад жыллёвае будаўніцтва ў Бяларуцкім сельвыканкаме Лагойскага раёна. Па словах заяўніцы, у гэтым раёне ёсць свабодныя ўчасткі. Больш за тое, сёння іх прадаюць на аўкцыёне. «Жыву з дзецьмі ў аднапакаёвай кватэры ў Мінску, знаходжуся ў чарзе і ў горадзе, аднак будаваць дом хачу за горадам, у такім месцы, каб было зручна дабірацца да месца працы і вучобы», — патлумачыла заяўніца.

Аляксандр Турчын даручыў разабрацца з продажам участкаў у Бяларуцкім сельсавеце, іх выкарыстаннем уласнікамі і прымаемымі мерамі. «Мінскі і Лагойскі раёны вельмі запатрабаваны. Набыць участкі ў іх магчыма толькі з аўкцыёну», — разам з тым паведаміў старшыня Мінскага аблвыканкама. Аляксандр Турчын параіў заяўніцы разгледзець для атрымання ўчастка іншы раён.

Асабісты прыём грамадзян у губернатара працягваўся цэлы дзень. Акрамя вышэйпералічаных праблем, да яго звярталіся з пытаннямі аб пагрозе падтаплення падвальнага памяшкання ў жылым доме, аб адсутнасці электразабеспячэння, аб будаўніцтве новых інжынерных сетак, наконт зямельных спрэчак і іншага. Губернатар уважліва выслухаў кожнага, усе агучаныя пытанні ўзяты ім пад асабісты кантроль.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Загаловак у газеце: Быць адкрытым у рабоце з людзьмі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Дадатак для падаткаў

Дадатак для падаткаў

Ключавыя навацыі звязаны з лічбавай сферай. 

Грамадства

Вікторыя Шумельчык: «Ніколі не глянула б на мужчыну-лайдака»

Вікторыя Шумельчык: «Ніколі не глянула б на мужчыну-лайдака»

Вонкава яна — рамантычная светлавалосая жанчына...

Сельская гаспадарка

 Высокія ўраджаі ўзбагачаюць гаспадаркі і выяўляюць лідараў жніва

Высокія ўраджаі ўзбагачаюць гаспадаркі і выяўляюць лідараў жніва

Гродзенскі раён традыцыйна ў ліку перадавых на Гродзеншчыне.