Вы тут

Што пачытаць дзіцяці перад сном?


Вожык Абрыкосік рос у самай звычайнай сям’і лясных вожыкаў. Да таго часу мода на традыцыйныя імёны ў лесе знікала. Усё больш дзеткам давалі найноўшыя імёны — Эмма, Бусінка, Чып, Чуня. Найстарэйшым жыхарам леса — дзядулям і бабулям — яны падаваліся дзіўнымі. Імя Абрыкосік таксама гучала незвычайна. Дагэтуль у лесе нікога не называлі па назвах дрэваў ці садавіны — гэта з якога боку паглядзець. Тым не менш імя гэтае ўсім знаёмым вожыкавай сям’і падабалася. Ды і сам Абрыкосік вельмі ганарыўся ім: больш такога сярод яго знаёмых не было. А аднойчы адбыўся выпадак, пасля якого ўсе вырашылі, што Абрыкосік атрымаў такое імя невыпадкова...


Фота з адкрытых крыніц

...Як і ўсе вожыкі, бацькі Абрыкосіка любілі сабіраць грыбы. Дома на сценах нават віселі фотаздымкі, на якіх галава сям’і, вожык-тата Цімафей Іванавіч дэманстраваў свае трафеі — вялізныя баравікі, якія яму пашчасціла знайсці ў лесе. Абрыкосік разглядаў фотаздымкі і марыў аб тым, што і яму калі-небудзь пашчасціць знайсці падобныя трафеі.

І вось аднойчы ён з бацькамі выправіўся на ціхае «паляванне», як у сям’і жартам называлі збор грыбоў. Тата толькі па яму вядомых прыкметах накіраваўся да дуба, які рос занадта далёка ад дома. А мама вырашыла далёка не хадзіць, а прайсціся ля дрэваў побач з домам. Яна заўсёды прытрымлівалася той думкі, што самае лепшае знаходзіцца побач, толькі мы гэтага не заўважаем.

Абрыкосік жа вырашыў таксама далёка не хадзіць, а пашукаць трафеі непадалёк, толькі ў супрацьлеглым напрамку ад таго месца, куды накіравалася мама.

На жаль, грыбоў на шляху Абрыкосіка не аказалася. У пошуках іх маленькі вожык незаўважна для сябе ўсё больш аддаляўся ад дома. Зусім засмуціўшыся, Абрыкосік хацеў ужо павярнуць назад, як раптам пад адным дрэвам заўважыў невялікі круглы прадмет жаўтаватага колеру, які дагэтуль ніколі не бачыў. Гэта, пэўна, была садавіна, але якая, Абрыкосік не разумеў.

«Што рабіць? Вазьму хоць гэты кругляш», — вырашыў пра сябе вожык, начапіў знаходку на спіну і накіраваўся дадому.

А там яго ўжо чакалі. Малы пачуў, як бацькі яго гукаюць.

Тата, як заўсёды, знайшоў шмат баравікоў. І хоць на гэты раз вялікіх сярод іх не было, ён усё роўна быў вельмі задаволены. Мама назбірала лісічак і крыху маслятаў.

— А я знайшоў нешта незвычайнае! — пахваліўся малы.

Бацькі доўга разглядалі трафей сына, пакуль не прыйшлі да высновы, што гэта абрыкос. Толькі адкуль ён тут? Здавалася, у лесе абрыкосы не раслі. А, магчыма, ніхто іх дагэтуль не заўважаў.

Белыя грыбы засушылі, каб зімой варыць грыбны суп, лісічкі пасмажылі, масляты закаталі. А з абрыкоса зрабілі начынку да пірага, які ўсім траім прыйшоўся даспадобы.

— Наступны раз мы назбраем шмат абрыкосаў і прыгатуем з іх абрыкосавае варэнне, — сказаў тата.

— А яно такое ж смачнае, як і абрыкосавы пірог? — пацікавіўся малы.

— Яшчэ смачней! — адказала мама.

Засынаючы, абрыкосік думаў пра абрыкосавае варэнне. І стараўся ўявіць,якое яно на смак. Дагэтуль ён спрабаваў толькі малінавае, якім частаваў яго сябар медзведзяня. Абрыкосвае варэнне павінна быць нашмат смачнейшае, вырашыў малы і заснуў. Яму сніўся абрыкосавы сад.

Андрэй СІДАРЭЙКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі. 

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.