Вы тут

У чэрвені пройдуць «Вечары Вялікага ў замку Радзівілаў»


Кожны дасведчаны турыст, мусіць, успомніць, як падчас пэўнай вандроўкі сустракаўся некалькі разоў за дзень з аднымі і тымі ж людзьмі каля розных знакавых месцаў. Вось і цяпер, збіраючыся на «Вечары Вялікага ў замку Радзівілаў», згадала, як летась у адзін з такіх фестывальных дзён мае шляхі часта перасякаліся з сям’ёй мінчан.


Свой аўтамабіль яны пакінулі на паркоўцы і амаль адразу звярнулі ўвагу на шэрагі гандляроў сувенірамі. Першы вокліч хлопчыка гадоў дванаццаці быў такі: «О, як за мяжой!». Потым мы ўбачыліся ў сувенірнай краме палаца. Хлопчык выказваў сваё захапленне рыцарскай залай, а яго сястра, як мне падалося, гадоў сямі, разважала, як бы яна тут жыла, калі б была сапраўднай прынцэсай.

Пасля абеду мы сустрэліся зноў. Сям’я была ў захапленні ад фатаграфій у стылізаваных касцюмах, якія тут жа друкуюцца на магніціках. Усё гэта я пачула, калі мы аказаліся на велапаркоўцы. Я дакладна ведала, што вазьму напракат веламабіль — гэта мая любімая забава. Дзяцей жа не ўразілі веласіпеды і паравозік з электробусам, і я парэкамендавала ім адправіцца на водную прагулку на ладдзі. Там і вёсламі можна было «паруліць».

Бліжэй да пачатку спектакля сямейства зноў аказалася побач. Жанчына прапанавала сваім: «А давайце купім білеты і сходзім на спектакль». Яе муж адказаў, што не любіць оперу. Тут я, каюся, зноў умяшалася: «Так усе гавораць, пакуль не паслухаюць». І яны купілі білеты!

Калі мы апынуліся амаль што побач і ў глядзельнай зале, я ўжо не здзівілася, як і таму, што той, хто не любіў оперу, гучней за ўсіх апладзіраваў артыстам Вялікага тэатра.

Навошта гэтыя мае ўспаміны? Ды ўсё проста! З 14 да 16 чэрвеня ў Нясвіжы пройдуць чарговыя «Вечары Вялікага ў замку Радзівілаў». Як заўсёды, у праграме цудоўны канцэрт у сценах найпрыгажэйшага касцёла Божага цела. (Традыцыйна на гэту імпрэзу не трэба купляць квіткі.)

Аматары балета ўбачаць у Нясвіжы «Жызэль» у пастаноўцы галоўнага балетмайстара Ігара Колба. Тыя, хто аддае перавагу опернаму мастацтву, атрымаюць асалоду ад «Іаланты» ад галоўнага рэжысёра Ганны Маторнай. (Усе ж памятаюць знакаміты оперны хіт «Кто может сравниться с Матильдой моей» — дык вось гэта з «Іаланты».)

А яшчэ публіку чакаюць канцэрты ў раскошнай тэатральнай зале. Вось толькі два з іх. «Тэнары. Trіbute» — вядучыя салісты тэатра выконваць найвядомейшыя оперныя арыі і неапалітанскія песні. «Как много девушек хороших» — зоркі беларускай оперы выканаюць песні 1930–1940-х гадоў. А завершыцца фестываль Вялікага тэатра ў Нясвіжы традыцыйна гала-канцэртам, які ў якасці рэжысёра рыхтуе прыма беларускай оперы Аксана Волкава.

Ксенія КАВАЛЕЎСКАЯ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Убачыць Нясвіж і... Палюбіць оперу

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.