Вы тут

Надзея Ластоўская: Калі ты багацейшы, дапамажы іншаму


Надзея Уладзіславаўна не проста жанчына-пераможца. Яна ўвайшла ў лік найлепшых матуль у намінацыі «Матчына слава». Гэта значыць, выхавала дастойных і паспяховых дзяцей. Праўда, сустрэцца з дзецьмі ў мяне не атрымалася — яны раз’ехаліся з роднага дома. Хтосьці жыве ў Гродне, хтосьці — у Мінску. Там і працуюць, і вучацца. А з Надзеяй Уладзіславаўнай мы сустрэліся ў яе другім доме — Воранаўскай сярэдняй школе, дзе яна працуе настаўніцай вось ужо 27 гадоў.


Конкурс. «Усё пачалося з сярэбранага вяселля»

А канкрэтна — з газетнага артыкула ў мясцовай прэсе. Летась гісторыя 25-гадовага сямейнага жыцця шматдзетнай сям’і зацікавіла старшыню Воранаўскай раённай арганізацыі «Беларускі саюз жанчы» Алену Ястрэмскую, і яна прапанавала Надзеі ўзяць удзел у конкурсе «Жанчына года — 2023» у намінацыі «Мацярынская слава».

Напачатку быў завочны тур, успамінае суразмоўніца. У аргкамітэт даслалі анкету, невялікае эсэ пра сям’ю і кароткі відэаролік. Пасля адбору на мясцовым узроўні матэрыялы трапілі на разгляд рэспубліканскага журы. Надзея з нецярпеннем чакала канчатковага выніку. 

І вось — званок ад саюза жанчын. Яна ў ліку лаўрэатаў рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года — 2023». Адзіная на ўвесь Воранаўскі раён.

— Я тады вельмі ўсхвалявалася, — кажа Надзея. — Было адчуванне вялікай радасці. Хоць ніколі не думала, што можа быць узнагарода за выхаванне дзяцей. Мне здавалася, што мае дзеці — гэта мае пытанні. Але і гэта праца заўважана і ацэнена дзяржавай.

Жанчына прызнаецца, што льготы для шматдзетнай сям’і сапраўды адчувальныя. З дапамогай ільготнага крэдыту набылі дом, дзеці бясплатна харчаваліся ў школе, бясплатна ездзілі ў аздараўленчыя летнікі. Але, каб атрымаць узнагароду, калі яны выраслі і вызначыліся ў жыцці, — такога мая суразмоўніца і прадбачыць не магла. Пасля віншаванняў сямейнікаў пачала збірацца ў сталіцу. Здаецца, жанчына і сёння жыве тымі яскравымі ўспамінамі. Хоць нічога дзіўнага — мінула яшчэ мала часу пасля падзеі. Да таго ж і ўспомніць ёсць што.

Мама—лаўрэат

— Мы наведалі храм з манастыром, была экскурсія па горадзе, у аўтобусе ехала побач з маці касманаўта Алега Навіцкага, было шмат паважаных і заслужаных жанчын. Але ўсе вельмі простыя, ветлівыя людзі. Для меня гэта паездка стала сапраўднай аддушынай, зменай абстаноўкі. Мы, жанчыны, адчулі столькі ўвагі да нас з боку дзяржавы! — расказала аб сваіх уражаннях суразмоўца.

Вядома, кульмінацыяй мерапрыемства стала цырымонія ўшанавання пераможцаў. Надзея кажа, што ёй як настаўніцы было вельмі прыемна атрымаць віншаванні ад міністра адукацыі — менавіта Андрэй Іванец вітаў пераможцаў намінацыі «Мацярынская слава». Потым быў вельмі шыкоўны торт, які на фота амаль роўны з такой жа шыкоўнай Надзеяй. «Прыйшлося зрабіць прычоску і купіць новую сукенку. Маці сказала, каб была абавязкова ў сукенцы. Я заўсёды да яе прыслухоўваюся», — пракаментавала адпаведны здымак Надзея Ластоўская.

Сям’я. «Важна стварыць даверлівыя адносіны»

Замуж Надзея выйшла па сённяшніх мерках рана — у 21 год. Разам з мужам Іванам нарадзілі траіх дзяцей. Хатнія клопаты па іх выхаванні амаль цалкам ляжалі на плячах жонкі. Муж таксама не заставаўся ўбаку, але пасада старшыні Воранаўскага раённага суда патрабавала даволі шмат часу. Ды і Надзея спакойна ставілася да хатніх спраў. А выхаваўчы працэс вяла па такім прынцыпе, як і яе маці.

— Я сваіх дзяцей вучыла па маміным рэцэпце: добрасумленна ставіцца да сваіх абавязкаў. Дзе б яны ні працавалі, на якім бы месцы ні былі. Калі чалавек расце адказным за свой лёс, ён і ведамі авалодае, і навуку асвоіць, — упэўнена суразмоўніца.

— Ці азначае гэта, што вашы дзеці раслі ў строгасці, пад няспынным кантролем? — узнікае лагічнае пытанне.

Аказалася, што не зусім так. Напрыклад, Надзея не рабіла з дзецьмі дамашніх заданняў.

— Павінна быць мяжа, — тлумачыць яна. — У некаторых пытаннях я давала самастойнасць, урокі з імі не рабіла. У малодшых класах дзеці ніколі не пісалі на чарнавік, каб потым перапісаць у чысты сшытак. Малому дзіцяці гэта цяжка. Мы так не рабілі.

Што адыграла сваю ролю: такі падыход ці гены бацькоў, але ўсе дзеці вучыліся паспяхова. Старэйшая дачка Аляксандра — залатая медалістка, пераможца рэспубліканскай алімпіяды па грамадазнаўстве, уключана ў банк даных адоранай і таленавітай моладзі, стыпендыят прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта. Скончыла юрыдычны факультэт ГрДУ імя Я. Купалы, там жа працуе выкладчыкам і займаецца навуковай дзейнасцю. Мае шэраг публікацый, распрацовак, бярэ ўдзел у рэспубліканскіх і міжнародных канферэнцыях.

Сярэдні сын Аляксей — таксама залаты медаліст, пераможца рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы. Цяпер студэнт фізіка-тэхнічнага факультэта ГрДУ, будучы інжынер-робататэхнік. Асвойвае моўшн-дызайн — модны кірунак анімацыйнай графікі.

Малодшы Яраслаў марыць стаць музыкантам. Дарэчы, сёлета вытрымаў даволі сур’ёзны конкурс і працягвае вучобу ў сталічным музычным каледжы імя Глінкі па класе саксафона. Падчас вучобы ў Воранаўскай музычнай школе быў пераможцам рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў «Крыштальны васілёк», «Спадчына», «Brand New Jazz», «Свята саксафона» і многіх іншых. Удзельнік тэлешоу для школьнікаў «Я ведаю».

— У маёй намінацыі «Мацярынская слава» менавіта заслугі дзяцей адыгралі асноўную ролю. Дзеці сфарміраваны, хоць чалавек можа ўдасканальвацца ўсё жыццё. Думаю, што асноўныя прынцыпы закладзены. Яны імкнуцца рабіць тое, да чаго іх душа ляжыць. Таму і вынікі адпаведныя, — упэўнена жанчына.

Між тым яна не ўтойвае, што бываюць складаныя моманты. І з дзецьмі іншы раз не ўсё гладка. Але маці радуе той факт, што яны заўсёды падзеляцца з бацькамі сваімі праблемамі, а іншы раз — і сакрэтамі.

— Думаю, не будуць утойваць, калі здарыцца якая-небудь недарэчная сітуацыя. Усялякае бывае. Будзем старацца вырашаць пытанне з разумнага пункту гледжання. Я і цяпер ведаю пра іх захапленні, нават каму хто падабаецца. Сын часам раіцца, што падарыць сваёй дзяўчыне. І з татам таксама ёсць добры кантакт. Ён можа маўчаць, але пры неабходнасці заўсёды дапаможа знайсці выхад са складанага становішча. Дзеці павінны давяраць бацькам, як і бацькі — дзецям. Вельмі важна, каб быў давер, інакш у сям’і няма сэнсу, — лічыць наша гераіня.

Для яе сямейныя каштоўнасці — сэнс жыцця. Такая традыцыя закладвалася і ў яе сям’і, дзе стараліся жыць па біблейскіх запаветах. Гэта аб’ядноўвае сямейнікаў, ды і наогул душа напаўняецца нечым добрым, яна не пустая. Так павялося, што самыя значныя святы — Каляды, Новы год, Вялікдзень, дні нараджэння — тут праводзяць усе разам, прычым збіраюцца ў суседняй вёсцы, у радавым гняздзе Надзеі — у яе матулі. Жанчына хоча бачыць сваіх дзяцей такімі ж згуртаванымі, як і яна са сваімі братамі.

— Стараюся, каб мае дзеці былі дружныя паміж сабой. Вядома, не ўсе будуць жыць аднолькава, хтосьці будзе багацейшы, хтосьці — не такі забяспечаны. Але не трэба кідаць адно аднаго, а прыходзіць адно аднаму на дапамогу, — агучвае свой запавет субяседніца.

Захапленні. «Пчалярства, фітнес, кулінарыя — мая аддушына»

Калі я ўбачыла Надзею ў школьным калідоры, нават не паверыла, што яна маці траіх дарослых дзяцей. Мяне сустрэла маладжавая і вельмі стройная жанчына. Для гутаркі выбралі кабінет дамаводства. Гэта адзін з прадметаў, які вядзе мая суразмоўніца. Праўда, прызнаецца, што некалі хацела стаць урачом, але маці адгаварыла — маўляў, вельмі доўга трэба вучыцца, і параіла паступіць у Ваўкавыскае педагагічнае вучылішча. 

А потым быў працяг у ГрДУ імя Я. Купалы. Атрымаўшы вышэйшую адукацыю, стала выкладаць гісторыю. За плячыма — ужо 27 гадоў працоўнага стажу. Кажа, што не шкадуе аб сваім выбары, бо і дзяцей, і работу сваю вельмі любіць. Падрыхтавала нямала вучняў, якія сталі пераможцамі алімпіяд па гісторыі, атрымлівалі перамогу ў конкурсах дэкаратыўна-прыкладной творчасці, бралі ўдзел у літаратурна-краязнаўчых форумах і канферэнцыях. Як педагог, лічыць, што трэба ісці ў нагу з сённяшнім пакаленнем.

— Дзеці сёння іншыя, не такія, як былі на пачатку маёй працы. Вядома, значны час у тэлефонах сядзяць, але іх можна адцягнуць, зацікавіць. Дарослыя таксама павінны быць мабільнымі, як і яны. Мы не можам стаяць на месцы, — дзеліцца сваімі думкамі Надзея.

А сама яна не можа сядзець без працы. «А як жа адпачынак? — пытаюся ў яе. — Выезды на мора ці ў іншыя падарожжы?» Аказваецца, Надзея не фанат круізаў і палётаў. Яе запаветнае жаданне — рэалізаваць свой творчы і кулінарны патэнцыял. Яна — майстар па выпечцы хлеба і розных кандытарскіх далікатэсаў. Кажа, што карыстаецца бабулінымі сакрэтамі замесу цеста. Выпякае хлеб, як правіла, калі ўсе збіраюцца разам.

— Калі бачу, што хлеб у сталоўцы кідаюць, заўсёды сваім вучням кажу: хлеб кідаць — гэта грэх. Асабліва мой бацька ставіўся да хлеба з павагай, ды і ўся сям’я. Можа, таму і я стала хлеб пячы, — разважае жанчына.

Увогуле, бацькоўскі дом для яе — гэта месца спакою і сілы. Пасля таго як не стала бацькі, занялася з братамі пчалярствам. Надзея радуецца, што ўдалося захаваць гэту сямейную традыцыю, якая падтрымліваецца чатырма пакаленнямі. Пры гэтым удзельнічае ў конкурсах і фестывалях, прысвечаных пчалярству, даследуе праблемы негатыўнага ўздзеяння на пчол.

Можна толькі пазайздросціць колькасці захапленняў маёй суразмоўніцы. У гэтым спісе ёсць месца для таго, каб парадаваць і сямейнікаў, і сябе. Ніводнае свята не абыходзіцца без яе раскошных тартоў, пірожных, іншых далікатэсаў. Пры гэтым мае час і на рукадзелле, і на агарод, і на фітнес. Вось ужо 15 гадоў тры разы на тыдзень Надзея наведвае трэнажорную залу сваёй школы, дзе праходзяць заняткі з трэнерам. Любіць хадзіць пешшу і ездзіць на веласіпедзе.

— Я не ведаю, што такое дэпрэсія. Жыццё — гэта цудоўна, мы самі яго ствараем, — кінула мне рэпліку на развітанне Надзея Ластоўская, пераможца конкурсу «Жанчына года — 2023» з гарадскога пасёлка Воранава.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара і гераіні матэрыяла

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.