Вы тут

У пастаянных камісіях Палаты прадстаўнікоў ідзе работа над 24 законапраектамі


Аб гэтым паведаміў старшыня Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Валянцін Семяняка перад пасяджэннем Савета Палаты прадстаўнікоў, перадае БелТА.


Фота БелТА

«Першая сесія Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь восьмага склікання праходзіць дастаткова інтэнсіўна», — адзначыў Валянцін Семяняка. Паводле яго слоў, дэпутатамі ўжо разгледжана 10 законапраектаў. «Цяпер у пастаянных камісіях Палаты прадстаўнікоў на разглядзе знаходзіцца 24 законапраекты, 12 з іх мы прапануем уключыць у парадак дня сесіі для разгляду», — заўважыў дэпутат.

«Прапануецца ў першым і другім чытаннях разгледзець законапраект «Аб амністыі ў сувязі з 80-годдзем вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў». Гэты законапраект з’яўляецца, з аднаго боку, інструментам развіцця дэмакратыі і захавання адзінства ў грамадстве, з другога — актам праявы гуманізму да асуджаных. Як паказвае правапрымяняльная практыка, прыняцце такіх законаў не ўплывае адмоўным чынам на крымінагенную сітуацыю, у той жа час, паводле папярэдніх ацэнак, законапраект закране 7850 асуджаных, што само па сабе з’яўляецца праявай дастаткова гуманнага стаўлення дзяржавы да асоб, якія спатыкнуліся ў сваім жыцці, і яшчэ адным шанцам змяніць ім лёс, — адзначыў парламентарый. — Таксама ў парадак дня прапануецца ўключыць два законапраекты для разгляду ў першым чытанні — па пытаннях каштоўных металаў і каштоўных камянёў, аб пенсіённым забеспячэнні ваеннаслужачых і служачых іншых сілавых органаў».

У другім чытанні прапануецца разгледзець законапраект па пытаннях урэгулявання неплацежаздольнасці. «Традыцыйна ў парадку дня ёсць блок пытанняў, які датычыцца міжнароднага супрацоўніцтва, — гэта ратыфікацыі дагавораў Рэспублікі Беларусь з іншымі дзяржавамі: членамі ЕАЭС, СНД, В’етнама, Ірана, Гвінеі. Гэтыя дагаворы датычацца ўрэгулявання візавай падтрымкі, мытнага рэгулявання, выканання пакаранняў, барацьбы з тэрарызмам, а таксама ёсць адзін дагавор, які накіравана на папулярызацыю рускай мовы», — паведаміў Валянцін Семяняка.

У Нацыянальнага cходу ёсць і захоўваюцца кантакты з асобнымі парламентамі еўрапейскіх краін, заявіў старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Сяргей РАЧКОЎ па выніках пасяджэння Савета Палаты прадстаўнікоў. «Мы ўжо сфарміравалі 11 нацыянальных дэлегацый для работы ў міжнародных парламенцкіх структурах, такіх як, перш за ўсё, Парламенцкі сход Саюза Беларусі і Расіі, Міжпарламенцкі саюз, Міжпарламенцкая Асамблея СНД, ПА АДКБ і ПА АБСЕ. Плануем прадаўжаць работу і ў гэтай структуры, якая вельмі жорстка, несправядліва ставіцца да Беларусі і Нацыянальнага сходу, даказваць сваю правату, адстойваць сваю пазіцыю», — адзначыў Сяргей Рачкоў.

Паводле яго слоў, разгледжаны блок пытанняў, звязаных з прадаўжэннем работы парламента ў двухбаковым фармаце. «Калі нацыянальныя дэлегацыі ў міжнародных парламенцкіх структурах — гэта ў асноўным шматбаковая парламенцкая дыпламатыя, то работа з парламентамі замежных дэлегацый ажыццяўляецца на двухбаковай аснове. Таму сёння сфарміраваны 42 рабочыя групы па ўзаемадзеянні з парламентамі замежных дзяржаў. Мы згрупавалі шэраг краін у рэгіянальныя групы, і такіх у нас будзе пяць рэгіянальных груп па супрацоўніцтве з парламентамі. У прыватнасці, Еўропы, дзве групы будзе ў Азіі, адна — у Афрыцы і адна — у Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыцы, — падкрэсліў Сяргей Рачкоў. — Мы зыходзім з таго, што захавалі рэгіянальную еўрапейскую групу. Мы маем і захоўваюцца кантакты з асобнымі парламентамі еўрапейскіх краін. Мы лічым, што, нягледзячы на ўсе цяжкасці ва ўзаемаадносінах з краінамі Еўрапейскага саюза, будзем працягваць працаваць у тым ліку і з асобнымі дэпутатамі, якія зацікаўлены ў пашырэнні кантактаў з парламентам Беларусі. Гэта работа ажыццяўляецца з улікам геапалітычнай сітуацыі і рэгіянальных асаблівасцяў, але перш за ўсё ў інтарэсах Рэспублікі Беларусь».

У Нацыянальным сходзе восьмага склікання створана рабочая група па справах беларусаў замежжа, паведаміла намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Ірына Даўгала. «Кожная краіна клапоціцца аб сваіх грамадзянах незалежна ад таго, дзе яны пражываюць — на тэрыторыі непасрэдна сваёй дзяржавы або за яе межамі. І Беларусь, вядома, клапоціцца аб сваіх грамадзянах, якія пражываюць за межамі Рэспублікі Беларусь — а гэта каласальная колькасць краін па ўсім свеце, як блізкага, так і далёкага замежжа, — адзначыла Ірына Даўгала. — Таму непасрэдна ў Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь ужо на працягу двух скліканняў — шостага і сёмага — працавала рабочая група па справах беларусаў замежжа. Пастаянная камісія па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі ўнесла прапанову аб стварэнні рабочай групы ў восьмым скліканні, якая падтрымана».

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

«Малако — паўнавартасны прадукт харчавання, а не напой, гэта важна ўлічваць».

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.