Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: «Галоўнае — не пакрыўдзіць чалавека»


Па завяршэнні дакладаў журналісты мелі магчымасць задаць пытанні кіраўніку дзяржавы. У прыватнасці, Прэзідэнта папрасілі падзяліцца вопытам уласных спроб пяра ў юныя гады і пацікавіліся, пра што б пісаў кіраўнік дзяржавы, калі б працаваў журналістам.

Фота БелТА

«Як бы ні было складана, вы павінны стаяць на сваёй зямлі»

Аляксандр Лукашэнка ўдакладніў, што насіў у рэдакцыю шклоўскай раённай газеты свае вершы. Пераадольваў 15 кіламетраў з надзеяй, што іх апублікуюць. «Мне здавалася, што яны добрыя, дасканалыя, — падзяліўся кіраўнік дзяржавы. — Была ў раёнцы калонка, дзе змяшчалі вершы. Я чытаў іх і думаў: мусіць, і мае вершы маглі б змясціць. Цяпер думаю, які амбіцыйны быў чалавек, каб ісці за 15 кіламетраў і несці свае вершы. Спрабую іх знайсці цяпер. Напэўна, дзесьці дома, там сшытак захаваўся. Потым перастаў пісаць вершы. Галава забітая іншымі праблемамі».

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што калі б у тыя часы быў юнкараўскі рух, то ён, магчыма, стаў бы журналістам. Пры гэтым удакладніў, што не ведае, добра гэта было б ці дрэнна.

Калі б кіраўнік дзяржавы быў журналістам, ён дакладна б крытыкаваў недахопы, змагаўся з імі, не пасаваў перад аўтарытэтамі.

«Дакладна пісаў бы аб тым, што нас акружае, і тым, што на карысць людзям, — канкрэтызаваў беларускі лідар. — З дзяцінства я бачыў недахопы сельскага жыцця. Бачыў цяжкасці, складанасці, масу несправядлівасці, і мне страшна хацелася ўсё гэта выправіць. Паламаўшы ўсё сваё жыццё, я пайшоў у вёску. І не шкадую».

Звяртаючыся да прадстаўнікоў СМІ, Прэзідэнт папрасіў іх не мірыцца з недахопамі. «Але рабіць гэта вельмі акуратна, — удакладніў ён. — Гразюкі наліць на кагосьці і на самога сябе вельмі проста. Нам бы краіну не страціць. Трэба абараніць і ўтрымаць краіну, захаваць яе суверэнітэт і незалежнасць. Гэта галоўнае. Страціце сваю краіну — лепш не будзе. Як бы ні было складана, вы павінны стаяць на сваёй зямлі».

Па меркаванні кіраўніка дзяржавы, варта падцягнуць рэгіянальныя сродкі масавай інфармацыі. «Трэба, каб у раёне быў «кулак», — лічыць Прэзідэнт. — Які ён будзе, вы падумайце. І гэты «кулак» павінен адносна ні ад кога не залежыць». Аляксандр Лукашэнка хацеў бы, каб раённыя медыяхолдынгі мелі такі ж уплыў і аўтарытэт, як і рэспубліканскія.

«Галоўнае — не пакрыўдзіць чалавека»

Маладая супрацоўніца інфармацыйнага агенцтва «Магілёўскія ведамасці» Ксенія Буглак пацікавілася ў Прэзідэнта, ці могуць журналісты выкарыстоўваць дзёрзкія выказванні.

«Могуць і павінны, — падкрэсліў беларускі лідар. — Але рабіць гэта як мага больш карэктна. Не трэба крыўдзіць тых, каго вы не павінны пакрыўдзіць».

Пры гэтым Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што сталыя журналісты ўжо пачынаюць адыходзіць ад гэтай дзёрзкасці. «Мы можам яе страціць, — лічыць ён. — А калі няма ў журналіста і ў цэлым у гэтым асяроддзі дзёрзкасці, гэта ўжо не журналістыка. Толькі не крыўдзіце дарма людзей. Галоўнае — не пакрыўдзіць чалавека».

Пацікавіліся ў Прэзідэнта і тым, ці ўключаны ў агляд сродкаў масавай інфармацыі, які штодзень рыхтуецца для кіраўніка дзяржавы, матэрыялы рэгіянальнай прэсы. Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што некаторыя матэрыялы з мясцовай прэсы ён атрымлівае. «Але я, паслухаўшы вас сёння, некалькі разоў лавіў сябе на думцы, што амаль нічога не ведаю пра тое, што вы пішаце, — прызнаўся Прэзідэнт. — Я ведаю па іншых крыніцах, што адбываецца там, унізе, як кажуць, але не з раёнкі. Для сябе я зрабіў выснову, што я гэта выпраўлю. Думаю, што нам і на цэнтральных каналах трэба больш удзяляць увагі сваім калегам унізе».

Беларускі лідар паабяцаў, што цяпер у аглядзе сродкаў масавай інфармацыі будзе значна больш матэрыялаў з рэгіянальнай інфармацыяй. Прэзідэнт удакладніў, што вывучае агляд сродкаў масавай інфармацыі ад «А» да «Я» і пры неабходнасці запытвае дадатковую інфармацыю, даручае службовым асобам разабрацца ў тых ці іншых пытаннях. «Ёсць абуральныя рэчы, міма якіх я прайсці не магу, асабліва калі гэта датычыцца людзей», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Журналісты папрасілі ў кіраўніка дзяржавы парады — што яшчэ трэба рабіць журналістам менавіта рэгіянальных СМІ для таго, каб узмацніць інфармацыйную бяспеку насельніцтва.

«Рабіце тое, каб вы людзям падабаліся, — параіў Аляксандр Лукашэнка. — Падабаліся не нейкімі папулісцкімі выпадамі, а каб недахопы вы бачылі перш за ўсё. Па ўсіх астатніх пытаннях вы выказалі пажаданні і паставілі перад сабой і мной задач больш, чым я нават уяўляў. Скажу шчыра, нягледзячы на тое, што я назіраю за ўсімі вамі, наколькі гэта магчыма, я не настолькі паглыблены ў гэтую тэму, чым у эканоміку і бяспеку. Таму для мяне сёння гэта таксама карыснае мерапрыемства».

«Мы павінны зрабіць усё, каб не разбурыць наш агульны дом»

Галоўны рэдактар Кармянскай раённай газеты «Зара над Сожам» Алена Ляшчонак узняла тэму, блізкую для свайго раёна, — дзяржаўную падтрымку людзей, якія жывуць і працуюць у раёнах, што пацярпелі ад наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Яна спытала, ці могуць на такую падтрымку разлічваць і прадстаўнікі СМІ. Па яе словах, гэта магло б павысіць прыцягальнасць першага месца работы для маладых журналістаў, якія накіроўваюцца на размеркаванне ў гэтыя рэгіёны.

Прэзідэнт падкрэсліў, што пытанне ўжо разглядаецца. Але, разам з тым, ён заўважыў, што гэтыя тэрыторыі ўжо не варта лічыць «забруджанымі», непрыдатнымі для жыцця. «Мы навучыліся жыць у гэтай сітуацыі і вяртаць гэтыя землі», — падкрэсліў Прэзідэнт. Ён расказаў, што падчас сваіх рабочых паездак у гэтыя мясціны здзіўляецца таму, як шмат маладых сем’яў з дзецьмі там жыве, і нярэдка колькасць насельніцтва большая, чым у «чыстых раёнах». «Што гэта азначае? Што людзі нам паверылі», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

А пытанне наконт прэферэнцый для маладых спецыялістаў звязана не толькі з чарнобыльскімі тэрыторыямі, а актуальнае для многіх катэгорый. І ў дачыненні да журналістаў трэба прапрацаваць гэтае пытанне.

У кіраўніка дзяржавы спыталі, якое самае сумнае пытанне яму задавалі журналісты. «Калі б я сказаў, што сумнае пытанне, вы б як журналісты маглі мяне падвергнуць крытыцы. Калі журналіст недурны, то ён з сумнага пытання можа зрабіць нясумны і папулярны адказ. Я стараюся карыстацца гэтай практыкай: не сыходзячы ад пытання, а на яго аснове зрабіць цікавы адказ», — адказаў Аляксандр Лукашэнка.

Форум медыясупольнасці даў журналістам магчымасць спытаць парады ў кіраўніка дзяржавы — якім аргументам пераканаць тых, хто сумняваецца, прытрымлівацца дзяржаўнай пазіцыі. «Чаму трэба быць з намі? Калі ласка, убойны аргумент ад Прэзідэнта», — спыталі журналісты. «Бо час выбраў нас», — лаканічна і ёміста адказаў Аляксандр Лукашэнка.

Падчас свайго выступлення кіраўнік дзяржавы казаў пра тое, што журналісты павінны канструктыўна, калі трэба, крытыкаваць органы ўлады. У сваю чаргу, прадстаўнікі медыя падкрэслілі, што не заўсёды кіраўнікі гатовыя ісці на кантакт са СМІ. Прэзідэнт заўважыў, што да 2020 года ён не вельмі актыўна падтрымліваў кантакты з журналістамі. «2020 год паказаў, што журналісты павінны рабіць сваю работу, а ты павінен абапірацца на іх, быць бліжэй да іх, не хавацца», — параіў ён чыноўнікам.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што неабходна вярнуцца да пытання рэагавання на крытыку ў СМІ, на тыя пытанні, якія ставяць журналісты. Сёння, па яго словах, неабходна зваротная рэакцыя ад чыноўнікаў, ад кіраўнікоў рознага ўзроўню. «Гэта і аўтарытэт газеты ўзнімае, і перш за ўсё службовай асобы самой. І прыклад трэба паказаць, размаўляючы з журналістамі, і запатрабаваць ад адказных людзей. Мы звернем на гэта ўвагу», — запэўніў беларускі лідар.

Ён згадаў перыяд пандэміі каранавіруса, калі на ўзроўні Прэзідэнта прымаліся непапулярныя па тым часе рашэнні. Час паказаў, што яны былі правільныя, але тады сітуацыя была цяжкай. «Я тады на вас (журналістаў) не абапіраўся. А калі б я гэта зрабіў, то зусім іншая карціна была і на выбарах: і хаджэнняў, і збеглых было б менш. Вельмі важна задзейнічаць гэты вялікі апарат, які заточаны на тое, каб пераконваць людзей, даносіць да людзей праўду», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір Пярцоў адзначыў, што ў Магілёве ў рамках медыяфоруму падводзяцца вынікі нацыянальнага конкурсу сярод друкаваных СМІ. Ад імя ўсіх удзельнікаў мерапрыемства ён уручыў статуэтку, якую атрымліваюць пераможцы «Залатой Літары», кіраўніку дзяржавы.

«Дзякуй. У Палацы Незалежнасці знойдзем месца», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

З журналістамі Прэзідэнт быў надзвычай шчыры. На заканчэнне ён падзяліўся і сваімі планамі. У цэнтры ўвагі, вядома, сітуацыя на палях, у прыватнасці, у Магілёўскай і Віцебскай абласцях. «Але павінен сказаць, што я, лётаючы на верталёце над краінай, бачу: зусім іншая Беларусь. Вось гэтай вясной зусім іншая. Але работы яшчэ шмат», — сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўсе робяць памылкі. Ён заклікаў журналістаў бачыць недахопы і праблемы, якія ёсць у грамадстве, рэагаваць на іх. Але не зацыклівацца. Па словах кіраўніка дзяржавы, нават у праблемах і недахопах трэба бачыць галоўнае, бо не памыляецца той, хто нічога не робіць. «Мы павінны зрабіць усё, каб не разбурыць наш агульны дом. Нам трэба захаваць краіну для нашых дзяцей, нашых унукаў, моладзі», — падкрэсліў беларускі лідар.

Вераніка КАНЮТА

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».