Вы тут

Качанава: «Беларусь і Кітай дасягнулі беспрэцэдэнтнага ўзроўню ўсебаковага супрацоўніцтва»


Афіцыйная парламенцкая дэлегацыя на чале са Старшынёй Савета Рэспублікі Наталляй Качанавай знаходзіцца з візітам у Кітайскай Народнай Рэспубліцы. Праграма візіту шырокая і насычаная. У складзе парламенцкай дэлегацыі Рэспублікі Беларусь — старшыні пастаянных камісій Савета Рэспублікі, намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Вадзім Іпатаў, міністр аховы здароўя Аляксандр Хаджаеў, старшыня канцэрна «Беллегпрам» Таццяна Лугіна.


Важная вяха ў гісторыі беларуска-кітайскага парламентарызму

Cтаршыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава ўзяла ўдзел у першым пасяджэнні Камітэта высокага ўзроўню па супрацоўніцтве паміж заканадаўчымі органамі Рэспублікі Беларусь і Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Доме народных сходаў у Пекіне. Камітэт створаны згодна з пагадненнем аб супрацоўніцтве паміж Нацыянальным сходам Рэспублікі Беларусь і Усекітайскім сходам народных прадстаўнікоў Кітайскай Народнай Рэспублікі. Яго мэты — паглыбленне і ўмацаванне адносін паміж дзвюма дзяржавамі, аналіз супрацоўніцтва паміж заканадаўчымі органамі, а таксама вылучэнне прапаноў і рэкамендацый па пытаннях супрацоўніцтва паміж заканадаўчымі органамі дзвюх краін у розных галінах.

«Беларусь ганарыцца і шануе сяброўства з Вялікім Кітаем. Найвышэйшы ўзровень адносін паміж нашымі краінамі — гэта перш за ўсё заслуга мудрых лідараў нашых дзяржаў, — адзначыла Наталля Качанава падчас пасяджэння. — За больш як тры дзесяцігоддзі Беларусь і Кітай атрымалі поспех у развіцці палітычных, эканамічных і гуманітарных кантактаў і дасягнулі беспрэцэдэнтнага ўзроўню ўсебаковага супрацоўніцтва. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка неаднаразова сустракаўся са Старшынёй Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпінам, што пацвярджае асабліва даверны характар беларуска-кітайскіх адносін».

Беларусаў і кітайцаў аб’ядноўвае вельмі шмат і з пункту гледжання маральна-каштоўнасных арыенціраў, якія мы разам абараняем ад знешніх замахаў і спроб падмяніць іх чужымі канцэпцыямі і каштоўнаснымі ўстаноўкамі, якія разбураюць суверэнныя краіны знутры, падкрэсліла Старшыня Савета Рэспублікі. «Усё гэта, безумоўна, забяспечвае надзейны фундамент для паспяховага развіцця міждзяржаўных сувязяў, умацавання міжпарламенцкага дыялогу, — сказала спікер. — Рэспубліка Беларусь і Кітайская Народная Рэспубліка — прававыя дзяржавы. Нашы парламенты даўно ўзаемадзейнічаюць на двухбаковай аснове і ў рамках міжнародных арганізацый. Паміж нашымі краінамі існуе развітая дагаворна-прававая база, якая з кожным годам папаўняецца новымі пагадненнямі.
Наталля Качанава адзначыла, што першае пасяджэнне камітэта стане важнай вяхой у гісторыі беларуска-кітайскага парламентарызму.

«Мы надаём вялікае значэнне той ролі, якую Камітэт высокага ўзроўню можа адыгрываць у справе ўмацавання міждзяржаўнага і міжпарламенцкага дыялогу, садзейнічання эфектыўнай рэалізацыі дамоўленасцяў, дасягнутых бакамі на найвышэйшым і высокім узроўнях», — дапоўніла спікер.

Стратэгічны партнёр

Кітай уваходзіць у тройку краін-інвестараў Беларусі, заявіла Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава ў час першага пасяджэння Камітэта высокага ўзроўню па супрацоўніцтве паміж заканадаўчымі органамі Рэспублікі Беларусь і Кітайскай Народнай Рэспублікі.

«Беларусь разглядае Кітай як стратэгічнага партнёра ў гандлёва-эканамічнай, інвестыцыйнай, фінансавай сферах. Адным з ключавых паказчыкаў устойлівага развіцця двухбаковых адносін можна лічыць дынаміку ўзаемнага гандлю. Па выніках 2023 года тавараабарот паміж Беларуссю і Кітаем павялічыўся на 30 працэнтаў і склаў каля 8 мільярдаў долараў. Па выніках першых трох месяцаў бягучага года тавараабарот склаў крыху менш як 2 мільярды долараў, — сказала Наталля Качанава. — Патэнцыял для росту ёсць. У крэдытна-інвестыцыйнай сферы ў мінулым годзе з кітайскімі партнёрамі ажыццяўлялася рэалізацыя 50 праектаў. На гэты момант заключана звыш 20 крэдытных пагадненняў з кітайскімі фінансавымі інстытутамі на агульную суму каля 5 мільярдаў долараў».

Па аб’ёме прамых інвестыцый, якія паступілі ў Беларусь у мінулым годзе, Кітай увайшоў у першую тройку краін-інвестараў, адзначыла спікер. «Эфектыўным цэнтрам прыцягнення інвестыцый з Кітая з’яўляецца Кітайска-Беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень». Цяпер са 133 рэзідэнтаў, зарэгістраваных у парку, 59 — з заснавальнікамі і капіталам з Кітая. Для нас вельмі важна, што кітайскія рэзідэнты рэалізоўваюць інвестыцыйныя праекты ў сферы высокіх тэхналогій, робячы акцэнт на навуковыя даследаванні і інавацыйныя распрацоўкі. Стварэнне і развіццё парка — гэта наш агульны поспех, які, безумоўна, трэба замацаваць, — падкрэсліла Старшыня Савета Рэспублікі. — Адным з ключавых кірункаў супрацоўніцтва з Кітаем мы лічым сферу лёгкай прамысловасці. У складзе нашай дэлегацыі знаходзіцца старшыня канцэрна «Беллегпрам» Таццяна Лугіна, якая правядзе сустрэчы са сваімі кітайскімі бізнес-партнёрамі. Мы зацікаўлены ў закупцы абсталявання, неабходнага для вытворчасці тавараў лёгкай прамысловасці. На жаль, большасць банкаў Кітая цяпер не гатовы прадстаўляць якія-небудзь банкаўскія гарантыі для Беларусі і не прымаюць акрэдытывы з Рэспублікі Беларусь. Прасілі б аб садзейнічанні ў вырашэнні гэтай праблемы. У сваю чаргу мы гатовы павялічыць пастаўкі ў Кітай сыравіны, напрыклад, кароткага льновалакна і мяса індычкі ды іншыя тавары».

Сфера аховы здароўя

Развіццё супрацоўніцтва з Кітайскай Народнай Рэспублікай у сферы аховы здароўя Наталля Качанава назвала адным з прыярытэтаў. Як пацвярджэнне гэтаму — прыезд у Пекін разам з парламенцкай дэлегацыяй міністра аховы здароўя Беларусі Аляксандра Хаджаева. «Мы дзякуем кітайскаму боку за прадастаўленне Беларусі ў перыяд пандэміі на бязвыплатнай аснове вакцыны супраць COVІD-19 і ўсю тую каштоўную дапамогу, якая была аказана ў няпросты для ўсяго свету час. Як кажуць, сябар спазнаецца ў бядзе, і Кітай для нас — сапраўдны і верны сябар», — дапоўніла Наталля Качанава.

Беларуска-кітайскае супрацоўніцтва ў сферы аховы здароўя развіваецца актыўна. Яно ахоплівае розныя галіны, уключаючы пастаўкі ў Беларусь высокатэхналагічнага медыцынскага абсталявання кітайскай вытворчасці, лакалізацыю вытворчасці на тэрыторыі Беларусі кітайскіх медыцынскіх вырабаў і лекавых прэпаратаў, мадэрнізацыю дзейных фармацэўтычных вытворчасцяў з выкарыстаннем сучасных кітайскіх тэхналогій; супрацоўніцтва паміж установамі аховы здароўя. «У той жа час ёсць пытанні, па якіх мы прасілі б садзейнічання кітайскаму боку. У прыватнасці, у рэалізацыі Пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь і кампаніяй «Джыфей» па лакалізацыі вытворчасці вакцын у нашай краіне, у вырашэнні пытання аб фінансаванні праекта па будаўніцтве пад ключ аперацыйна-рэанімацыйнага корпуса ў Смалявічах. Кітайская кампанія «Сінафарм» гатова рэалізаваць гэты праект, аднак пакуль не вырашана пытанне фінансавання па лініі кітайскіх банкаў», — адзначыла спікер.

Адукацыя і моладзь

Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава падчас першага пасяджэння Камітэта высокага ўзроўню па супрацоўніцтве паміж заканадаўчымі органамі Рэспублікі Беларусь і Кітайскай Народнай Рэспублікі прапанавала арганізаваць беларуска-кітайскі маладзёжны турыстычны злёт.

«Супрацоўніцтва ў сферы адукацыі і маладзёжнай палітыкі — гэта, без усялякага сумнення, яшчэ адзін прыярытэт у сумеснай рабоце, ад вынікаў якой у многім залежыць дабрабыт і ўстойлівае развіццё нашых дзяржаў, — сказала Наталля Качанава. — У нас аднолькавы погляд на важнасць культывавання пачуцця нацыянальнага гонару і патрыятызму сярод моладзі. У гэтым кантэксце мэтазгодна заахвочваць актыўнае ўзаемадзеянне паміж маладзёжнымі арганізацыямі Беларусі і Кітая.

Назіраецца значная дынаміка супрацоўніцтва паміж вышэйшымі навучальнымі ўстановамі нашых краін, адзначыла спікер. «Падпісана больш за 700 прамых дагавораў аб супрацоўніцтве. У Кітаі вучацца каля 1 тысячы грамадзян Беларусі, і больш як 11 тысяч грамадзян Кітая вучацца ў нашай краіне. На мінулым тыдні прадстаўнічая дэлегацыя Беларусі на чале з міністрам адукацыі наведала Кітай, у тым ліку для ўдзелу ў пасяджэнні Кітайска-Беларускай асацыяцыі ўніверсітэтаў і пасяджэнні Камісіі па супрацоўніцтве Кітайска-Беларускага міжурадавага камітэта. Мы прапанавалі кітайскаму боку, які старшынствуе ў ШАС, правесці наступную нараду міністраў адукацыі дзяржаў — удзельніц гэтай арганізацыі ў Беларусі», — падкрэсліла Старшыня Савета Рэспублікі.

Шматбаковае супрацоўніцтва

«Беларусь і Кітай традыцыйна ўзаемадзейнічаюць у міжнародных і рэгіянальных арганізацыях. У нас супадаюць погляды па большасці пытанняў міжнароднага парадку дня, — адзначыла Наталля Качанава. — Беларусь цвёрда падтрымлівае прынцып аднаго Кітая, аказвае падтрымку кітайскаму боку ў пытаннях Сіньцзяна, Ганконга, Тыбета, Тайваня, а таксама ў рамках Руху недалучэння па пытанні Паўднёва-Кітайскага мора. Мы ўдзячныя кітайскаму боку за падтрымку, якая аказваецца ў пытанні далучэння Беларусі да Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС) у якасці паўнапраўнага члена. Таксама надаём вялікае значэнне далучэнні Беларусі да фармату БРІКС, арганізацыі, якую мы лічым адной з найважнейшых аб’яднальных пляцовак у пытаннях забеспячэння глабальнай бяспекі, устойлівага развіцця і эканамічнай кааперацыі».

Беларусь імкнецца стаць паўнапраўным членам БРІКС і разлічвае на падтрымку ў гэтым пытанні Кітая, падкрэсліла спікер. «Наша дэлегацыя плануе прыняць удзел у Парламенцкім форуме БРІКС, які пройдзе ў Санкт-Пецярбургу ў ліпені гэтага года. Прапануем правесці на палях гэтага мерапрыемства сустрэчу парламентарыяў Беларусі і Кітая», — дадала Старшыня Савета Рэспублікі.

Афіцыйны візіт парламенцкай дэлегацыі Беларусі на чале са Старшынёй Савета Рэспублікі Наталляй Качанавай прадоўжыцца да 30 мая. У рамках візіту запланаваны сустрэчы з кіраўнікамі КНР, Пастаяннага камітэта Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў, Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Кітая. Бакі абмяркуюць перспектывы развіцця беларуска-кітайскага міжпарламенцкага дыялогу, а таксама ўзаемадзеянне ў эканамічнай, сацыяльнай і гуманітарнай сферах.

Акрамя таго, парламенцкая дэлегацыя наведае шэраг аб’ектаў сферы аховы здароўя і адукацыі ў г. Цяньцзіні.

Жаночы парадак дня

Учора, 28 мая, адбылася сустрэча са старшынёй Усекітайскай федэрацыі жанчын, членам Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Кітая 20-га склікання, членам партыйнай групы Дзяржаўнага савета Шэнь Іцынь у Доме народных сходаў у 
Пекіне.

«У нас вельмі шмат тэм для ўзаемадзеяння па лініі маладзёжнай палітыкі, сямейных каштоўнасцяў. Мы можам узаемадзейнічаць эфектыўна, плённа. Са свайго боку хачу запэўніць, што мы вельмі шануем добрыя адносіны Кітая да нашай краіны. Для нас гэта жалезныя браты. Наша стратэгічнае партнёрства дазваляе нам працаваць абсалютна па ўсіх кірунках, — адзначыла Наталля Качанава. — Мы сёння шчаслівыя быць на кітайскай зямлі побач з нашымі партнёрамі, калегамі, сябрамі. Я ўпэўнена: калі шчаслівая жанчына — шчаслівая краіна. Таму ўсё ў нашых руках. Жанчыны могуць усё. Калі мы аб’яднаемся і працягнем наша супрацоўніцтва, упэўнена, што будучыня ў нашых краін будзе цудоўнай».

Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава падчас сустрэчы прапанавала стварыць Савет жанчын Беларусі і Кітая.
«Для нас вельмі важна выкананне дамоўленасцяў і рашэнняў, якія былі прыняты раней кіраўнікамі нашых дзяржаў, урадамі, грамадскімі арганізацыямі, — падкрэсліла спікер, звяртаючыся да старшыні Усекітайскай федэрацыі жанчын. — Таму я прапаную разгледзець пытанне стварэння Савета жанчын, які б адсочваў выкананне задач, пастаўленых кіраўнікамі дзяржаў. Але разам з тым мы маглі б больш эфектыўна працаваць на гэтым узроўні, у тым ліку вырашаючы задачы і глабальнага плана па захаванні міру і спакою ў нашых краінах, а таксама па пытаннях жаночага парадку дня Беларусі і Кітая. У ходзе вашага візіту мы маглі б прыняць адпаведнае рашэнне».
Наталля Качанава падзякавала суразмоўніцы за тую работу, якая ўжо праведзена жаночымі арганізацыямі дзвюх краін за апошні час, і выказала ўпэўненасць, што супрацоўніцтва будзе развівацца вельмі плённа.

«Разлічваем і на рэгіянальнае супрацоўніцтва паміж нашымі жаночымі арганізацыямі, — адзначыла Старшыня Савета Рэспублікі. — Ужо ёсць добры прыклад нашага супрацоўніцтва. Гэта падпісанне ў 2023 годзе мемарандума аб супрацоўніцтве паміж жаночымі арганізацыямі Шанхая і Мінска».

Спікер запрасіла Шэнь Іцынь наведаць Беларусь. «У ходзе гэтага візіту мы маглі б адпрацаваць дарожную карту нашага супрацоўніцтва», — падкрэсліла Наталля Качанава.

«Кітай і Беларусь — усепагодныя стратэгічныя партнёры. Нашы краіны заўсёды падтрымлівалі адна адну ў пытаннях, якія датычацца жыццёва важных інтарэсаў, на аснове прынцыпаў узаемнай павагі і роўнасці», — сказала Шэнь Іцынь.

Паводле яе слоў, беларуска-кітайскія адносіны дэманструюць высокую дынаміку развіцця. «Палітычнае ўзаемадзеянне паміж нашымі краінамі пастаянна ўмацоўваецца. У наяўнасці адчувальныя практычныя вынікі супрацоўніцтва, — падкрэсліла старшыня Усекітайскай федэрацыі жанчын. — Кітайскі бок гатовы разам з беларускім добрасумленным чынам ажыццяўляць важныя дамоўленасці нашых лідараў, пашыраць супрацоўніцтва, прадаўжаць умацоўваць гуманітарныя абмены ў такіх сферах, як адукацыя, навука і тэхніка, культура, турызм, жаночая тэма і маладзёжная палітыка, каб умацоўваць паразуменне і сяброўства паміж нашымі народамі».

Усекітайская федэрацыя жанчын з’яўляецца найбуйнейшай грамадскай арганізацыяй жанчын Кітая. Яна заснавана ў сакавіку 1949 года. Кітайскія жанчыны з’яўляюцца важнай сілай у будаўніцтве сацыялізму з кітайскай спецыфікай. На пачатковым этапе сацыялізму федэрацыя жанчын павінна гуртаваць і выхоўваць шырокія масы жанчын, праводзіць у жыццё асноўную лінію партыі, выяўляць актыўную ролю ў будаўніцтве сацыялістычнай матэрыяльнай і духоўнай культуры.

Ініцыятыва па развіцці жаночага супрацоўніцтва Беларусі і Кітая была агучана Старшынёй Савета Рэспублікі Наталляй Качанавай у ходзе сустрэчы кіраўніцтва Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь са старшынёй Пастаяннага камітэта Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў КНР Лі Чжаньшу ў чэрвені 2021 года. Прапанова знайшла падтрымку ў кітайскага боку і ўвасобілася ў правядзенне 29 красавіка 2022 года семінара жанчын-парламентарыяў на чале са Старшынёй Савета Рэспублікі Наталляй Качанавай і намеснікам старшыні Пастаяннага камітэта Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў КНР, старшынёй Усекітайскай федэрацыі жанчын Шэньэ Юэюэ. У рамках семінара адбылася цырымонія падпісання Мемарандума аб супрацоўніцтве паміж Беларускім саюзам жанчын і Усекітайскай федэрацыяй жанчын, што азнаменавала новы этап супрацоўніцтва жаночых рухаў.

Паводле БелТА

Фота прадастаўлена прэс-службай Савета Рэспублікі

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Дадатак для падаткаў

Дадатак для падаткаў

Ключавыя навацыі звязаны з лічбавай сферай.