Вы тут

Што трэба ведаць уладальніку маламернага судна?


Усё бліжэй летні сезон, падчас якога жыхары нашай краіны ўсё часцей пачынаюць эксплуатаваць на рэках і азёрах маламерныя судны. Пра тое, якія існуюць нюансы валодання лодкамі ў нашай краіне, расказалі ў Дзяржаўнай інспекцыі па маламерных суднах (ДІМС).«Апошнім часам колькасць суднаў, якія рэгіструюцца, падлягаюць тэхнічным аглядам, значна павялічылася. Беларусы пачалі актыўна эксплуатаваць маламерныя судны на водных аб’ектах краіны», — заявіў начальнік Дзяржаўнай інспекцыі па маламерных суднах Юрый Багданчык.


Фота Віктар Іванчыкаў

Летась у нашай краіне было зарэгістравана больш за 8 тысяч новых маламерных суднаў. Усяго на ўліку ў Дзяржаўнай інспекцыі знаходзіцца ўжо больш за 175 тысяч маламерных суднаў. Юрый Багданчык нагадаў, што не ўсе яны падлягаюць дзяржаўнай рэгістрацыі.

Паводле інфармацыі Дзяржінспекцыі, у Беларусі налічваецца каля 300 тысяч маламерных суднаў, але з іх падлягаюць рэгістрацыі і зарэгістравана крыху больш за палову з агульнай колькасці такога воднага транспарту. Як вядома, маламерныя судны грузападымальнасцю менш 225 кілаграм, якія не маюць рухавіка або матора, не падлягаюць дзяржаўнай рэгістрацыі і пасля тэхнічнаму агляду.

Калі праходзіць тэхагляд?

Калі грузападымальнасць вашай лодкі перавышае 225 кілаграмаў (паводле заводскіх тэхнічных характарыстык), яе неабходна паставіць на ўлік у ДІМС. Тое ж датычыцца плавальных сродкаў з меншай грузападымальнасцю, але аснашчаных бензінавым або электрычным рухавіком, незалежна ад яго магутнасці.

Згодна з дзеючым заканадаўствам, зарэгістраваць маламернае судна трэба не пазней за 30 дзён з моманту яго набыцця. Для гэтага ў тэрытарыяльны ўчастак ДІМС неабходна падаць наступныя дакументы:

• дагавор куплі-продажу на лодку і матор (праваўстанаўлівальныя дакументы);

• пашпарты на судна і рухавік, калі такія маюцца (кіраўніцтва па эксплуатацыі з адзнакамі аб продажы);

• квітанцыя аб аплаце за праходжанне працэдуры рэгістрацыі;

• заява на пастаноўку судна на ўлік (запаўняецца на месцы);

• дакумент, які сведчыць асобу ўладальніка лодкі (пашпарт, пасведчанне кіроўцы альбо від на жыхарства).

Пасля праходжання працэдуры дзяржаўнай рэгістрацыі лодкі і нанясення бартавых нумароў уладальнік маламернага судна павінен на працягу 10 дзён перадаць яго на тэхнічны агляд. Як правіла, прайсці яго можна ў дзень пастаноўкі лодкі на ўлік, што вельмі зручна і не займае шмат часу. 

У далейшым тэхагляд трэба будзе праходзіць з пэўнай перыядычнасцю. Вяслярныя лодкі. Гэтым «маладым» транспартным сродкам, якія прабылі ў эксплуатацыі менш за 10 гадоў, трэба праводзіць тэхнічна агляд раз на 5 гадоў. Калі ж у такой лодкі маецца матор — раз на тры гады. Па заканчэнні 

10 гадоў эксплуатацыі ўсе падобныя судны праходзяць гэтую працэдуру штогод.

Маламерным суднам іншых тыпаў і гідрацыклам, якімі карыстаюцца менш за 10 гадоў, трэба праводзіць тэхнічны агляд раз на два гады. А калі тэрмін эксплуатацыі гэтых сродкаў большы за 10 гадоў, то трэба іх тэхнічна аглядаць ужо штогод.

Калі трэба спецыяльнае навучанне і правы?

Маламернае судна абсталявана падвесным рухавіком магутнасцю больш за 5 конскіх сіл (адпавядае электрарухавіку 3,7 кВт). У гэтым выпадку суднаўладальнік абавязаны прайсці навучанне на базе ДІМС і атрымаць вадзіцельскае пасведчанне на права кіравання маторнай лодкай.

Навучанне (як у вочнай, так і ў завочнай форме) праводзяць Дзяржінспекцыя па маламерных суднах, АСВОД і прыватныя кампаніі. Да яго не дапусцяць людзей, маладзейшы за 18 гадоў. Пасведчанне на права кіравання сапраўднае на працягу дзесяці гадоў. Экзамены прымае толькі Дзяржінспекцыя па маламерных суднах.

Парадак праходжання навучання шмат у чым падобны з аўташколай: пасля заканчэння навучання трэба будзе здаць тэарэтычны і практычны экзамены.

Згодна з правіламі карыстання маламернымі суднамі, уладальнік абавязаны сачыць за тэхнічным станам сваёй лодкі і рухавіка і не выходзіць на ваду пры выяўленні няспраўнасцяў.

Для забеспячэння бяспекі на борце маламернага судна павінны знаходзіцца выратавальныя камізэлькі, якар, аптэчка і водаадліўная прылада. А пры наяўнасці рухавіка належыць мець вогнетушыцель аб’ёмам не менш чым два літры і супрацьпажарную коўдру. Пры выкарыстанні лодкі трэба памятаць пра вёслы і прыстасаванне для швартоўкі судна.

Падчас руху як сам кіроўца, так і ўсе пасажыры, якія знаходзяцца на борце, павінны быць у надзетых і зашпіленых выратавальных камізэльках. Не дапускаецца кіраванне транспартнымі сродкамі ў стане алкагольнага ап’янення, а таксама без пасведчання на права кіравання маторнай лодкай (для судна, абсталяванага падвесным рухавіком магутнасцю больш за 5 конскіх сіл).

Дадзеныя Правілы распаўсюджваюцца на ўсе тыпы суднаў, незалежна ад таго, падлягаюць яны абавязковай рэгістрацыі або могуць эксплуатавацца без рэгістрацыі і тэхнічнага агляду.

Беларусь падпісала рэзалюцыю № 40 ААН аб прызнанні міжнародных пасведчанняў. Таму міжнародныя пасведчанні, выдадзеныя на тэрыторыі Беларусі, прызнаюцца ў тых краінах, якія таксама падпісалі паказаную рэзалюцыю. Гэта, у прыватнасці, амаль усе дзяржавы Еўропы.

З «Нептунам» не жартуюць

Кіраванне маторным маламерным суднам дазваляецца асобам, якія дасягнулі 18-гадовага, а вяслярнымі — з 16-гадовага ўзросту. На маламерных суднах забараняецца заходзіць на акваторыі, адведзеныя для купання, набліжацца бліжэй чым 50 метраў да пазначаных межаў заплыву ля пляжаў, а пры эксплуатацыі маторных маламерных суднаў з выкарыстаннем водных лыж і аналагічных сродкаў — бліжэй чым 100 метраў да такіх межаў.

Суднакіроўца абавязаны не падвяргаць небяспецы маламернае судна і людзей, якія на ім знаходзяцца, аказаць дапамогу любой асобе, якой пагражае небяспека.

Парушэнне правілаў рэгістрацыі і ўліку маламерных суднаў, за выключэннем вяслярных лодак, байдарак і надзіманых суднаў грузападымальнасцю менш за 225 кілаграмаў, цягне накладанне штрафу ад дзвюх да пяці базавых велічынь, а парушэнне правілаў бяспекі руху і эксплуатацыі маламерных суднаў — папярэджанне або штраф у памеры да трох базавых велічынь.

Юрый Багданчык адзначыў, што летась грамадзяне Беларусі купілі каля 10 тысяч новых маламерных суднаў, у той час як у 2018 годзе іх у наяўнасці было крыху больш за 3,5 тысячы транспартных сродкаў. Разам з тым павялічылася і колькасць загінулых пры выкарыстанні маламерных суднаў.

«У 2018 годзе пры эксплуатацыі маламерных суднаў загінулі 14 чалавек, а летась — 22 чалавекі. Асноўная прычына гібелі людзей — гэта бестурботнасць і парушэнне Правілаў карыстання маламернымі судамі. За апошнія дзесяць гадоў усе загінулыя — іх больш за 100 чалавек — былі без выратавальных камізэлек. Трэба сказаць, што пры выкарыстанні выратавальнай камізэлькі ступень выжывальнасці пры аварыях — амаль 100%», — падкрэсліў Юрый Багданчык.

У пацвярджэнне сваіх слоў ён звярнуў увагу, што практычна ўсе выратаваныя знаходзіліся ў выратавальных камізэльках. «Выкарыстанне выратавальнай камізэлькі гарантуе, што калі чалавек апынуўся ў вадзе пры выкарыстанні маламернага судна, то ён застанецца жывы», — канстатаваў Юрый Багданчык.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.