Вы тут

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла


Помнік не толькі архітэктуры, але і царкоўнай гісторыі... Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор, што аб’ядноўвае ўсіх праваслаўных гэтай тэрыторыі, сёлета адзначае 200-годдзе з моманту асвячэння.


Знакаміты помнік архітэктуры класіцызму

Адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён. Так ва ўсіх даведніках прадстаўляюць Гомельскі сабор. Гісторыя яго будаўніцтва звязана з імем графа Мікалая Румянцава. У 1797 годзе ў спадчыну ад бацькі яму дасталіся гомельскія ўладанні. Мікалай Пятровіч — міністр замежных спраў Расійскай імперыі — вырашыў увекавечыць памяць аб сваім бацьку Пятру Аляксандравічы Румянцаве-Задунайскім і пабудаваць у Гомелі храм у гонар святога апостала Пятра.

Новую царкву меркавалася ўвесці замест перанесенай на могілкі Праабражэнскай. Граф Румянцаў марыў аб класічным па архітэктуры саборы, які павінен быў нагадваць адначасова Казанскі ў Пецярбургу, царкву святой Жэнеўевы ў Парыжы і сабор святога Паўла ў Лондане. Увасобіў задуманае ў жыццё вядомы англійскі архітэктар, вядучы дойлід Гомельскага маёнтка Джон Кларк. Па благаславенне на будаўніцтва храма граф Мікалай Румянцаў звярнуўся да архіепіскапа Магілёўскага Варлаама (Шышацкага).

Так, 18 кастрычніка 1809 года каля графскага палаца протаіерэй Іаан Конанавіч Грыгаровіч заклаў каменную царкву ў гонар святых апосталаў Пятра і Паўла. Для яе будаўніцтва патрабавалася цэгла: на беразе Іпуці спецыяльна адкрылі цагляную вытворчасць, з якой па водным шляху пастаўлялі будаўнічы матэрыял у Гомель. Аднак будаўніцтва храма па розных прычынах зацягнулася. Перашкодзіла і Айчынная вайна 1812 года, хаця мястэчка не пацярпела ад баявых дзеянняў.

Аднавілася будаўніцтва Петра-Паўлаўскага храма ў 1815 годзе, а цалкам завершана — у 1824-м. Граф Румянцаў даставіў з Санкт-Пецярбурга шмат богаслужэбных кніг і каштоўнае царкоўнае ўбранне, а таксама часціцы мошчаў шырокашанавальных святых. Калі ў 1826 годзе Мікалай Пятровіч спачыў у Пецярбургу, паводле завяшчання, прах пахавалі ў левым прыдзеле Петра-Паўлаўскай царквы ў Гомелі.

З Мікалаем Румянцавым звязаны і лёс першага настаяцеля гомельскага храма — знакамітага навукоўца, гісторыка, краязнаўца, сына протаіерэя Іаана Конанавіча Грыгаровіча — Іаана Іаанавіча Грыгаровіча. У храме, якому ў 1872 годзе быў афіцыйна нададзены статус сабора, у розныя часы пабывалі многія знакамітыя людзі. Сярод іх — імператары Мікалай І, Аляксандр ІІ з жонкай Марыяй Аляксандраўнай, вялікія князі Канстанцін, Міхаіл, Мікалай. Петра-Паўлаўскі сабор звязаны і з імем першага епіскапа Гомельскага (1907–1912) — на той момант будучага свяшчэннамучаніка — Мітрафана (Краснапольскага).

30 гадоў антыпропаведзяў

Паслярэвалюцыйная гісторыя храма была традыцыйнай для таго часу. У першай палове 1931 года богаслужэнні ў саборы спыніліся, і 27 лістапада ён быў афіцыйна зачынены. Некалькі гадоў прастаяў у бяздзейнасці, і толькі ў 1935 годзе ў яго будынку размясціўся аддзел гістарычнага музея, а з 1939 года і да пачатку Вялікай Айчыннай вайны знаходзіўся антырэлігійны аддзел. На працягу амаль 30 гадоў у будынку чыталі толькі антырэлігійныя прамовы.

— З пачаткам нямецкай акупацыі, калі музей быў эвакуіраваны, сабор зноў стаў выконваць сваё першапачатковае прызначэнне, — расказвае старшыня Камісіі па кананізацыі святых Гомельскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы, кандыдат багаслоўя, протаіерэй Аляксандр Лапушанскі. — Як вядома, акупацыйная фашысцкая адміністрацыя першапачаткова дазваляла вернікам займаць былыя царкоўныя будынкі, служыць святарам, але потым стала кантраляваць гэты працэс і адкрыта ўмешвацца ў яго. У сярэдзіне 1942 года ў Гомель прыбыў архімандрыт Жыровіцкага манастыра Серафім (Шахмуць) (праслаўлены як прападобнамучанік).

Прыкметную ролю ў арганізацыі царкоўнага жыцця ў Гомелі таго часу адыграў протаіерэй Мікалай Іванавіч Гейхрох, які вярнуўся да служэння падчас нямецкай акупацыі. Па яго ўспамінах сталі вядомыя шматлікія падзеі, якія адбыліся ў царкоўным жыцці акупаванага Гомеля. Так, пасля ўступлення немцаў аднавіліся богаслужэнні ў Петра-Паўлаўскім кафедральным саборы. Але па чарзе ў ім сталі служыць лютэране, пасля іх — каталікі і толькі потым — праваслаўныя. Такое становішча выклікала незадаволенасць у мясцовага насельніцтва, бо сабор першапачаткова з’яўляўся праваслаўным і ніколі не быў кірхай ці касцёлам. Менавіта протаіерэй Мікалай Гейхрох не пагадзіўся з такой сітуацыяй і дабіваўся, каб сабор пакінулі праваслаўным вернікам.

З набліжэннем фронту ў лістападзе 1943 года нямецкія войскі ўзвялі абарончыя збудаванні ў межах горада па правым беразе Сожа, у тым ліку і на тэрыторыі цяперашняга палацава-паркавага ансамбля. Відавочна, што ў такіх умовах богаслужэнні ў саборы весціся не маглі.

Адразу пасля нямецкай акупацыі, у 1944 годзе, на сваё першае месца служэння ў Гомельскі сабор прыбыў Віталь Баравой, у далейшым вядомы маскоўскі прафесар-багаслоў.

Петра-Паўлаўскі сабор у пасляваенныя гады звязаны з гісторыяй лёсу і яшчэ аднаго вядомага праваслаўнага падзвіжніка. Так, у 1959 годзе настаяцелям Петра-Паўлаўскага сабора прызначылі протаіерэя Васіля Данілавіча Капычку. Новаму настаяцелю не адразу ўдалося аднавіць богаслужэнні ў зачыненым саборы. Сітуацыю з дзейнасцю храма ўскладняла адсутнасць клірыкаў-памочнікаў, якіх да служэння самачынна не дапускалі самі прыхаджане.

Маятнік на месцы панікадзіла

Улетку 1960 года выканкам Цэнтральнага раёна Гомеля ў сувязі з добраўпарадкаваннем набярэжнай Сожа прыняў рашэнне знесці царкоўную «вартавую», у якой пражываў протаіерэй Капычка. З горам папалам «кватэрнае пытанне» для настаяцеля сабора ўдалося вырашыць станоўча.

— Але ў гэты час райвыканкам, «ідучы насустрач пажаданням працоўных г. Гомеля», звярнуўся ў аблвыканкам з хадайніцтвам закрыць сабор, «захоплены ў канцы 1941 года вернікамі», і перадаць яго будынак пад ранейшае даваеннае прызначэнне — музей з маятнікам Фуко. Хадайніцтва падтрымалі з матывіроўкай, што «закрыццё сабора не пазбаўляе вернікаў умоў для адпраўлення рэлігійных абрадаў, бо ў г. Гомелі функцыянуе другая царква ўмяшчальнасцю 1500–2000 чалавек, якую і могуць наведваць вернікі саборнай парафіі», — звяртае ўвагу Аляксандр Лапушанскі. — 30 кастрычніка 1960 года ў саборы адбылася апошняя літургія.

Пасля закрыцця сабора Палеская Свята-Мікалаеўская царква на доўгі час стала адзіным праваслаўным храмам у горадзе. Протаіерэй Васіль Данілавіч Капычка стаў яго настаяцелям.

У адабраным саборы планетарый, які хранічна сябе не акупляў, праіснаваў з 1962 да 1985 года.

Тысячы подпісаў у падтрымку

— Пасля шматлікіх лістоў і зваротаў гомельскай праваслаўнай абшчыны ў розныя дзяржаўныя органы 28 верасня 1989 года пусты будынак сабора вярнулі вернікам, — згадвае Аляксандр Лапушанскі. — Значную ролю ў няспынным хадайніцтве аб вяртанні храма адыграла гамяльчанка Марыя Васільеўна Богуш, якая напісала на працягу 1987–1989 гадоў больш за сотню лістоў і тэлеграм, пад некаторымі з іх стаяла да чатырох тысяч подпісаў. Гэтыя лісты падпісваліся не толькі жыхарамі Гомеля, але і іншых гарадоў і вёсак, а таксама шэрагам грамадскіх дзеячаў і народных дэпутатаў рознага ўзроўню. З Палескай Свята-Мікалаеўскай царквы на пасаду настаяцеля сабора быў пераведзены протаіерэй Феадор Харык. Памочнікамі саборнага настаяцеля былі прызначаны протаіерэй Пётр Захаравіч Поўны і іерэй Георгій Васільевіч Тур.

Протаіерэй Феадор Харык адчыніў дзверы храма і ўбачыў, які там панаваў беспарадак, груды смецця. Спачатку адслужылі падзячнае богаслужэнне, пасля вернікі прыступілі да ачысткі будынка, навядзення парадку. Ад людзей паступалі грашовыя сродкі і будаўнічыя матэрыялы, многія аказвалі фізічную дапамогу. Такое руплівае імкненне дазволіла ўжо 7 студзеня 1990 года, пасля трыццацігадовага перапынку, адслужыць у саборы першую літургію.

У ліпені 1990 года Свяшчэнным Сінодам РПЦ у межах Гомельскай вобласці была адроджана Гомельская епархія. Кіруючым архіерэем прызначылі епіскапа Арыстарха (Станкевіча), якому і давялося аднаўляць дзейнасць Гомельскай кафедры, адраджаць Петра-Паўлаўскі сабор у 1990-х гадах. У 1992-м, пасля ўтварэння Тураўскай епархіі, уладыка Арыстарх стаў епіскапам Гомельскім і Жлобінскім. А Гомельскі сабор ізноў набыў сваё ранейшае кафедральнае значэнне.

У жніўні 2007 года тут адбылася знамянальная падзея для праваслаўных вернікаў — праслаўленне ў ліку мясцовашанаваных святых Беларускай праваслаўнай царквы прападобнай Манефы Гомельскай. Мошчы гэтай заступніцы гамяльчан перад Богам сёння знаходзяцца ў левым прыдзеле сабора. На тым месцы, дзе ў саборы былі пахаваны астанкі графа Мікалая Румянцава (былі хутчэй за ўсё знішчаны), адкрыта памятная дошка, а аб апошняй гомельскай княгіні Ірыне Паскевіч нагадвае яе бюст, устаноўлены на месцы першага яе пахавання каля сцен сабора.

З 2012 года ў сэрцы Гомельскай епархіі — Свята-Петра-Паўлаўскім саборы служыць архіерэй — заснавальнік Свята-Іаана-Кармянскага жаночага манастыра Добрушскага раёна, былы епіскап Тураўскі і Мазырскі ўладыка Сцяфан (Нешчарэт).

Багатая гісторыя і архітэктура ўзведзенага больш за 200 гадоў таму сабора да нашых дзён нікога не пакідае абыякавым.

— Але сёння Петра-Паўлаўскі сабор — вельмі значны для жыцця ўсяго рэгіёна ў цэлым, вялікі духоўна-асветніцкі цэнтр, — падкрэслівае Аляксандр Лапушанскі.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара і з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.