Вы тут

Надвор'е: У апошнія дні мая прыпячэ да плюс 30


Дарэчы, дажджы месцамі будуць паводзіць сябе як сварлівы юнак, ператвараючыся ў лютыя навальніцы, паведамляюць спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.


Фота: pexels.com

Беларускія сіноптыкі адзначаюць, што маятнік надвор’я, які хітнуўся ў другой палове мая ў бок летняга цяпла, у найбліжэйшыя дні працягне павялічваць станоўчае адхіленне тэмпературы паветра ад сярэдніх шматгадовых значэнняў і тым самым завершыць каляндарную вясну на высокай ноце. Пры гэтым без летніх навальнічных дажджоў не абыдзецца. У няўстойлівай паветранай масе будзе развівацца канвектыўныя воблачнасць, пры гэтым найбольш інтэнсіўнае яе развіццё прыпадзе на дзённыя гадзіны. Характэрна, што ноччу кароткачасовыя дажджы будуць адзначацца лакальна, а днём пройдуць у большасці раёнаў краіны. На жаль, не ўсюды патрэбнай інтэнсіўнасці, але ўсё ж…

«Удар» па градусніку чакаецца ўжо ў аўторак. У гэтыя суткі ноччу будзе пераважна без ападкаў. Раніцай і днём у асноўным па паўночнай палове краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы, месцамі — навальніцы. У начныя і ранішнія гадзіны ў асобных раёнах слабы туман. Тэмпература паветра днём — 25–30 градусаў.

У сераду ноччу месцамі па поўначы, а днём на большай частцы тэрыторыі краіны прагназуюцца кароткачасовыя дажджы. У дзённыя гадзіны ў асобных раёнах навальніцы. Ноччу і раніцай месцамі згусціцца слабы туман. Ноччу слупкі тэрмометра дасягнуць 10–16 градусаў, а днём усё тыя ж плюс 23–30 градусаў.

І ў чацвер ноччу месцамі, а днём на большай частцы тэрыторыі краіны чакаюцца кароткачасовыя дажджы. У асобных раёнах навальніцы. Ноччу і раніцай месцамі слабы туман. Тэмпература паветра ўначы будзе ў межах ад плюс 10 да плюс 16 градусаў, а ўдзень — ад 21 да 28 градусаў вышэй за нуль.

У пятніцу, у апошні дзень мая, ноччу месцамі, а днём на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы. У асобных раёнах прагрымяць навальніцы. У начныя і ранішнія гадзіны месцамі будзе слабы туман. Уначы тэмпература павысіцца да 9–16 градусаў, а ўдзень чакаецца да 21–28 цяпла.

Паводле папярэдняй інфармацыі айчынных сіноптыкаў, з цёплых пазіцый возьме старт і першы месяц лета, пры гэтым без кароткачасовых навальнічных дажджоў не абыдзецца. У суботу і нядзелю ноччу месцамі, а днём на большай частцы тэрыторыі краіны прагназуюцца кароткачасовыя дажджы. У асобных раёнах навальніцы. У начныя і ранішнія гадзіны месцамі згусціцца слабы туман. Уначы сіноптыкі абяцаюць да плюс 10–16 градусаў, а ўдзень — 20–26 градусаў. Месцамі паветра прагрэецца да 28 цяпла.

У тэму

Наведванне лясоў дазволена ў Лунінецкім і Пружанскім раёнах Брэсцкай вобласці. Забароны ж актуальныя на тэрыторыі Іванаўскага і Пінскага, у астатніх раёнах гэтага рэгіёна дзейнічае адпаведнае абмежаванне.

У астатніх абласцях краіны ўведзены абмежаванні альбо забароны на наведванне лясоў. У прыватнасці, у Гомельскай вобласці нельга заходзіць у лясныя масівы Буда-Кашалёўскага, Веткаўскага, Гомельскага, Добрушскага, Ельскага, Калінкавіцкага, Мазырскага, Нараўлянскага, Кастрычніцкага раёнаў. У Гродзенскай аналагічная забарона дзейнічае ў шасці раёнах: Бераставіцкім, Ваўкавыскім, Гродзенскім, Мастоўскім, Свіслацкім і Шчучынскім.

Тры рэгіёны Мінскай вобласці таксама пазначаны на інтэрактыўнай карце Мінлясгаса чырвоным колерам: Бярэзінскі, Барысаўскі і Лагойскі. У Віцебскай вобласці забарона ўведзена ў Гарадоцкім і Докшыцкім раёнах, а ў Магілёўскай — у Магілёўскім раёне.

Забароны на наведванне лясоў — мера, накіраваная на забеспячэнне бяспекі людзей і захаванасці іх маёмасці і ляснога фонду, адзначылі ў Мінлясгасе. Адпаведныя рашэнні ў пажаранебяспечны сезон прымаюць мясцовыя распарадчыя і выканаўчыя органы, калі існуе пагроза ўзнікнення лясных пажараў. Ключавы фактар для такога рашэння — умовы надвор’я.

Абмежаванні ўводзяцца, калі назіраецца гарачае і сухое надвор’е, няма ападкаў, агонь можа ўспыхнуць ад любой іскры. Забарона ж азначае поўную адмову ад наведвання лясоў, уключаючы прагулкі, адпачынак на прыродзе і гэтак далей. Гэта датычыцца ўезду транспарту на тэрыторыю лясных масіваў.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Прычына — даступныя крэдыты і ажыятажны попыт.

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.