Вы тут

Сергеенка сустрэўся з Паслом Расіі ў Беларусі Барысам Грызловым


Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергеенка правёў сустрэчу з паслом Расіі ў Беларусі Барысам Грызловым. Ён звярнуў увагу на павышэнне ўзроўню саюзніцкіх адносін, развіццё дамоўленасцяў паміж Беларуссю і Расіяй, што пацверджана пастаянным узаемадзеяннем нацыянальных лідараў. Аб гэтым сведчыць і нядаўні афіцыйны візіт Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі Уладзіміра Пуціна ў нашу краіну.


«Трэба рухацца наперад, рэалізоўваць прапановы»

«Адбыліся перагаворы практычна па ўсіх кірунках: пачынаючы ад бяспекі, што сёння немалаважна, заканчваючы вырашэннем канкрэтных эканамічных пытанняў, канкрэтных эканамічных праграм, выпрацоўкай тактыкі сумесных дзеянняў процідзеяння сучасным выклікам і пагрозам, — канкрэтызаваў Ігар Сергеенка. — Нявырашаных пытанняў, як было сказана, у нас няма. Усе пытанні вырашаюцца. Па-іншаму, напэўна, і не можа быць паміж людзьмі, якіх звязваюць не толькі сумесныя эканамічныя праекты і пытанні бяспекі, але і сяброўскія, сваяцкія сувязі».

Спікер указаў на высокую інтэнсіўнасць узаемадзеяння Беларусі з канкрэтнымі рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі. «І самае галоўнае, што яна напоўнена канкрэтнымі дамоўленасцямі, якія рэалізоўваюцца, — падкрэсліў ён. — Аб гэтым сведчыць рост гандлёва-эканамічных адносін у канкрэтных лічбах, запатрабаванасць узаемнай прадукцыі, запатрабаванасць камплектуючых. Зразумела, што парламентарыі ў гэтую работу пасвечаны».

Па словах Ігара Сергеенкі, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў новага склікання рыхтуюцца да першай сумеснай сустрэчы са сваімі расійскімі калегамі. Па папярэдніх даных, на 17 чэрвеня ў Мінску запланавана пасяджэнне сесіі Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі. «Упэўнены, мы дакладна зацвердзім усе камісіі, абмяркуем тыя пытанні, якія сёння можна вырашаць сіламі і магчымасцямі парламентарыяў», — адзначыў Старшыня Палаты прадстаўнікоў.

Вядома, на парадку дня — пытанні ўзаемадзеяння паміж Палатай прадстаўнікоў Беларусі і Дзяржаўнай думай Расіі. «Нашы дэпутаты ўжо выязджаюць на сумесныя пасяджэнні камісій, работа ідзе, — канстатаваў Ігар Сергеенка. — Той задзел, які сфарміраваны папярэднім саставам Палаты прадстаўнікоў, ужо рэалізоўваецца на практыцы. Немалаважнае значэнне сумесна ўдзяляем пытанню абароны гістарычнай памяці, пытанням гістарычнай праўды. Асабліва гэта актуальна ў год 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 80-годдзя нашай агульнай Вялікай Перамогі, якое набліжаецца. Тут тое, аб чым мы казалі ў рамках работы саветаў нашых вучоных, таксама на практыцы рэалізоўваецца. Літаральна на мінулым тыдні ў Маскве сустракаліся нашы калегі, якія працуюць тут, у парламенце. Трэба рухацца наперад, рэалізоўваць тыя прапановы, якія да нас траплялі».

Рэзюмуючы, Ігар Сергеенка заўважыў, што ў пытаннях парламенцкага ўзаемадзеяння з расійскімі калегамі разлічвае на дапамогу і падтрымку вопытнага кіраўніка ў асобе Барыса Грызлова, які пэўны час узначальваў Дзярждуму.

«Дзеянні парламентарыяў вельмі важныя»

У сваю чаргу, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Барыс Грызлоў паведаміў, што знаходжанне ў будынку, дзе размяшчаецца Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, выклікае пэўныя пачуцці настальгіі: тут ён неаднаразова бываў у якасці спікера Дзяржаўнай думы Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі.

«Фармат парламенцкага ўзаемадзеяння паміж Расіяй і Беларуссю вельмі важны, ён складае знакавую частку, — адзначыў дыпламат. — У сітуацыі, калі калектыўны Захад пагражае не толькі эканамічнай бяспецы, але і суверэнітэту нашых краін (мы бачым гэтыя выступленні), дзеянні парламентарыяў вельмі важныя. У нас павінна быць маланкавая рэакцыя на прыняцце тых законаў, якія забяспечваюць магчымасць кіравання гэтай сітуацыяй для нашых прэзідэнтаў, урадаў. Такая дзейнасць вельмі важная».

У размове з журналістамі Барыс Грызлоў падкрэсліў, што ва ўмовах, калі калектыўны Захад сваімі санкцыямі, на іх думку, стварае невыносныя ўмовы на тэрыторыі Расіі і Беларусі, хоча паставіць на калені нашы краіны, нам неабходна агульнымі намаганнямі, па-братэрску вырашаць усе пытанні, каб гэтага не адбылося. «І гэтага не адбываецца, — падкрэсліў ён. — У 2022 годзе зніжэнне ВУП Беларусі і Расіі было мінімальным, у той час як калектыўны Захад лічыў, што будзе правал на 15–20%. У 2023 годзе як у Беларусі, так і ў Расіі ўжо адзначаўся рост ВУП, які захоўваецца і ў бягучым годзе. Расце тавараабарот. Сёлета ў Беларусі ўжо пабывала 11 дэлегацый рэгіёнаў Расіі на чале з губернатарамі. Гэта важны складнік развіцця кааперацыі, імпартазамяшчэння і нарошчвання тавараабароту. Мы дапамагаем адзін аднаму і будзем дапамагаць далей».

Адказваючы на пытанне журналістаў, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Сяргей Рачкоў звярнуў увагу на тое, што дыялог паміж Расіяй і Беларуссю працягваецца не толькі на найвышэйшым узроўні падчас афіцыйных візітаў прэзідэнтаў дзвюх краін, але і на высокім працоўным узроўні. «Гэта сведчанне таго, што ў нас сапраўды паміж Беларуссю і Расіяй складваюцца не проста саюзніцкія і стратэгічныя адносіны, але і адносіны даверлівыя, заснаваныя на ўзаемнай павазе, раўнапраўі», — канстатаваў ён.

Дэпутат расказаў, што падчас сустрэчы Старшыні Палаты прадстаўнікоў з паслом Расіі абмеркавана дастаткова шырокае кола пытанняў. «Выбіраліся тыя тэмы, якія цяпер асабліва павінны прапрацоўвацца, у тым ліку на парламенцкім узроўні, — удакладніў ён. — Мы рыхтуемся да правядзення чарговай сесіі Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі, якая адбудзецца ў Мінску. Сфарміравана наша нацыянальная дэлегацыя ў парламенцкім сходзе з улікам новага восьмага склікання ў парламенце Беларусі. Частка дэпутатаў абрана кіраўнікамі камісіі ў Парламенцкім Сходзе. Мы, парламентарыі, трымаем руку на пульсе і ажыццяўляем пэўны парламенцкі кантроль за ходам рэалізацыі асноўных кірункаў ажыццяўлення рэалізацыі саюзнага дагавора».

Вераніка КАНЮТА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

«Малако — паўнавартасны прадукт харчавання, а не напой, гэта важна ўлічваць».