Вы тут

Святы абавязак


Сёння ў злучэннях і воінскіх часцях Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь прайшлі ўрачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя прывядзенню да Ваеннай прысягі новага папаўнення. Карэспандэнт «Звязды» не так даўно сам стаяў у страі салдат і прымаў удзел у гэтым святым воінскім рытуале. Сёння ж ён наведаў 72 гвардзейскі Аб’яднаны навучальны цэнтр падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў ужо ў якасці журналіста. Тут ва ўрачыстай і ў той жа час кранальнай абстаноўцы прысягу прынялі каля 2,5 тысяч чалавек. Больш за дзесяць тысяч бацькоў і самых блізкіх людзей прыехалі ў Барысаўскі раён, каб падтрымаць сваіх сыноў — сапраўдных патрыётаў і абаронцаў Айчыны. 


Воінскі рытуал

Для кожнага ваеннаслужачага навучальнага цэнтра — гэта святочны дзень. Пасля завяршэння рытуалу ім прадастаўлена першае сутачнае звальненне. Акрамя таго, сваякі ваеннаслужачых змогуць сустрэцца з камандаваннем вайсковай часці і атрымаць адказы аб навучальным працэсе, праходжанні службы, азнаёміцца з побытам салдат, наведаць размяшчэнні казармы, сталовыя, навучальныя корпусы, клубы, спартыўныя гарадкі і іншае. 

«Сёння па ўсёй краіне тысячы маладых людзей прынялі Ваенную прысягу — не толькі прыгожы воінскі рытуал, але і важную вяху ў жыцці кожнага мужчыны, — распавёў журналістам міністр абароны Рэспублікі Беларусь генерал-лейтэнант Віктар ХРЭНІН. — З гэтага моманту хлопцы становяцца паўнавартаснымі і паўнапраўнымі абаронцамі нашай Радзімы. Час, у які трэба будзе ім служыць, няпросты, але, як сказаў кіраўнік дзяржавы, „час выбраў нас“. Нашы бацькі, дзяды, прадзеды адстаялі, змаглі захаваць мірнае неба над нашай галавой. Сёння гэты абавязак ляжыць на нашых плячах, на плячах гэтых маладых хлопцаў. Наперадзе іх чакае інтэнсіўная, насычаная баявая вучоба». 

Міністр абароны адзначыў, што сёння ў корані перагледжана падрыхтоўка войскаў. Зараз больш увагі надаецца менавіта практычным заняткам. «Як патрабаваў наш Галоўнакамандуючы, менш стала муштры. Мы надаём асаблівую ўвагу такім прадметам навучання, як агнявая падрыхтоўка, ваджэнне, інжынерная, тактычная падрыхтоўка, ваенная медыцына. Самае важнае — цяпер ваеннаслужачых будуць навучаць сапраўдныя прафесіяналы і інструктары, якія прайшлі падрыхтоўку ў Расійскай Федэрацыі. Ваеннаслужачых будуць вучыць таму, што сапраўды неабходна для надзейнай абароны сваёй Радзімы», — адзначыў кіраўнік ваеннага ведамства. 

Міністр абароны выказаў удзячнасць бацькам, чые дзеці прынялі Ваенную прысягу. Паводле яго слоў, сёння маладых людзей не трэба пераконваць у важнасці абароны нашай Радзімы. «Мы бачым і адчуваем, наколькі наша грамадства стала больш згуртаваным, наколькі людзі разумеюць важнасць задачы па абароне Радзімы. Вядома, многія бацькі хвалююцца, але хваляванне хутка зменіць пачуццё гонару за сваіх сыноў. Наша задача — навучыць іх, каб потым узмужнелымі і адужэлымі, здаровымі прафесіяналамі вярнуць дадому, каб пры неабходнасці яны заўсёды змаглі стаць на абарону нашай Радзімы», — упэўнены Віктар Хрэнін. 

Сёлета наша краіна адзначае вялікі юбілей — 80 гадоў з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. «Прыняўшы Ваенную прысягу, учорашнія хлопчыкі ўзялі на сябе абавязак самааддана абараняць незалежнасць, тэрытарыяльную цэласнасць і канстытуцыйны лад Рэспублікі Беларусь. Абараняць тое, што перадалі нам нашы гераічныя продкі, абараніўшы нашу зямлю ў гады ваеннага ліхалецця. Быць годным памяці герояў — значыць надзейна аберагаць самае дарагое — сучаснасць і будучыню Радзімы. Гэта асабліва важна на фоне няпростай абстаноўкі каля нашых граніц. Наша задача і надалей — забяспечыць галоўныя прыярытэты: мір, стабільнасць, спакой і згоду ў Беларусі», — дадаў міністр абароны. 

Абарона Айчыны — святы абавязак грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. «Так было і будзе заўсёды. Беларуская армія сёння мае ўсё неабходнае для абароны сваёй краіны. Яна мабільная, абсталявана самымі сучаснымі ўзорамі ўзбраення і ваеннай тэхнікі. Але галоўная каштоўнасць — гэта людзі, якія добрасумленна выконваюць свае абавязкі», — адзначыў генерал-лейтэнант Віктар Хрэнін. 

Кіраўнік ваеннага ведамства звярнуўся да ваеннаслужачых: «Сёння вы ўступаеце ў шэрагі тых, хто выконвае цяжкую, але ганаровую працу — абараняе краіну. Наперадзе ў вас напружаная баявая вучоба, удзел у вучэннях, засваенне сучаснай тэхнікі і ўзбраення». 

Міністр абароны выказаў глыбокую ўдзячнасць за выхаванне сыноў — сапраўдных патрыётаў, якія разумеюць значнасць службы ў шэрагах Узброеных Сіл і забеспячэнні бяспекі нашай Радзімы. Генерал-лейтэнант Віктар Хрэнін павіншаваў асабовы склад і ўсіх прысутных з прыняццем Ваеннай прысягі. 

«Хлопцам трэба, як патрабуе наш Прэзідэнт, рабіць сваю справу. Перш за ўсё — гэта інтэнсіўная і насычаная баявая вучоба, удзел ва ўсіх значных мерапрыемствах баявой, аператыўнай падрыхтоўкі як у нашых Узброеных Сілах, так і ў рамках Арганізацыі дагавора аб калектыўнай бяспецы». 

Яна сказала «Так!» 

Прыняцце Ваеннай прысягі не толькі адказнае, важнае, але і вельмі кранальнае мерапрыемства. Гэта пацвярджае не толькі шчырыя слёзы маці, але і моцныя ўчынкі іх сыноў. Так, ваеннаслужачы 1-й роты новага папаўнення гвардыі радавы Мікіта Осіпаў за некалькі хвілін да цырымоніі прыняцця Ваеннай прысягі зрабіў прапанову рукі і сэрца сваёй дзяўчыне Анастасіі.

Мікіта Осіпаў скончыў ВДУ імя П.М. Машэрава па спецыяльнасці «Юрыст-міжнароднік». Пасля чаго папоўніў шэрагі Узброеных Сіл нашай краіны. «З Анастасіяй мы пазнаёміліся на дні нараджэння ў агульнай сяброўкі, сустракаемся ўжо чатыры гады. Ідэя зрабіць прапанову рукі і сэрца ўзнікла раптоўна. Калі прызвалі, я падумаў: прысяга бывае раз у жыцці — і гэта будзе самы прыдатны і рамантычнай момант». 

«Я праўда не чакала, што гэта адбудзецца менавіта сёння, — падзялілася Анастасія Масько. — Так шмат людзей вакол... У тэорыі, я меркавала, што такое можа здарыцца, бо да вяселля ўсё і ішло. Але тое, што ён зробіць прапанову менавіта ў гэты дзень, для мяне стала прыемнай нечаканасцю». 

Ад сэрца матулі

Сёння па ўсёй краіне прагучала нямала важных слоў. Маці ваеннаслужачага 59 школы падрыхтоўкі спецыялістаў Лілія Зінкевіч ад імя ўсіх бацькоў павіншавала вайскоўцаў, якія сёння прынялі ваенную прысягу. 

«Сёння, у гэты выдатны дзень, вы далі абяцанне цэлай краіне. Гэта важны і значны ўчынак, годны сапраўдных мужчын. Ад імя ўсіх маці жадаю вам несці службу па гонары. Няхай гэтыя дні ў шэрагах Узброеных Сіл запомняцца і адаб’юцца ў вашай памяці толькі добрымі ўспамінамі. У гэтую хвіліну нашы матчыны сэрцы як ніколі перапоўненыя хваляваннем, пачуццём гонару, адказнасці за вас. Цяпер вы становіцеся апорай мірнага жыцця нашай дзяржавы, нашай любімай Рэспублікі Беларусь. Мы спадзяемся і ўпэўненыя, што за адведзены час вы сфармуеце мужчынскі характар. Не забывайце аб адказнасці перад тымі, каго вы прызваны аберагаць. Жадаю вам бадзёрасці, аптымізму, цярпення, веры ў сябе. Са святам вас, нашы любімыя, родныя сыны!» 

Шчырыя пачуцці 

У салдат ужо завяршыўся этап пачатковай ваеннай падрыхтоўкі, усе ваеннаслужачыя праявілі сябе стойка, атрымалі добрыя вынікі і важныя для далейшай службы навыкі. Цяпер новае папаўненне будзе асвойваць свае ваенна-ўліковыя спецыяльнасці. А ўрачысты дзень — прыняцце Ваеннай прысягі — хлопцы запомняць на ўсё жыццё. 

Гвардыі радавы Алег Забаўскі з Мінска скончыў Уздзенскі дзяржаўны сельскагаспадарчы ліцэй па спецыяльнасці «Электрагазазваршчык. Кіроўца-міжнароднік». Пасля адпрацоўкі па размеркаванні быў прызваны ў армію. «Трапіў у армію з добрым, выдатным настроем. Сёння мяне атачаюць самыя дарагія і блізкія людзі — мама, жонка, дачка, цешча і цесць. Вядома, сумую па сям’і. Вольнага часу дастаткова, каб стэлефанавацца і пагаварыць. Пасля праходжання тэрміновай службы планую працаваць, трэба ж сям’ю забяспечваць», — распавёў Алег Забаўскі. 

«Адпускаць, вядома, было нялёгка, — адзначыла яго жонка Кацярына Забаўская. — Але мы справіліся з гэтым і лічым, што сапраўдны мужчына павінен прайсці праз вайсковую школу. Мы ўпэўненыя, што Алег з усім справіцца. Тут ён асвоіць прафесію кухара». 

Маладая людзі ажаніліся тры гады таму, выхоўваюць трохгадовую дачку Ульяну. Па словах Кацярыны, Ульяна вельмі сумуе па бацьку. «Стэлефаноўваемся, калі ёсць вольны час. Будзем прыязджаць часцей, даведаліся нават, як лепш сюды дабірацца. Жывем у Мінску, таму маем такую магчымасць», — дапоўніла Кацярына Забаўская. 

Маці ваеннаслужачага Паліну Забаўскую перапаўняе пачуццё гонару за сына. «Спачатку, вядома, быў шок. Але зараз я ганаруся, што мой сын трапіў менавіта ў гэтую ўзорна-паказальную частку. Кожны хлопец павінен прайсці праз ваенную службу. Дзякуючы нашаму Прэзідэнту ў нас чыстае, мірнае неба над галавой. Мамам не трэба баяцца адпускаць сваіх сыноў у армію, яны павінны гэта зрабіць. Мяркую, што без войска маладому чалавеку ніяк», — сказала Паліна Забаўская. 

Ваеннаслужачы 320 школы падрыхтоўкі спецыялістаў інжынерных войскаў і войскаў РХБ абароны, ВПС і войскаў СПА гвардыі радавы Данііл Сініцкі да прызыву тры гады прапрацаваў ва ўнітарным прадпрыемстве «А1». «Працаваў у групе эксплуатацыі апорнай сеткі перадачы дадзеных. Гэта супрацоўнікі, якія забяспечваюць працу сеткі інтэрнэт. Да прызыву правёў на Ваенную прысягу не адзін дзясятак чалавек. Сёння ж я стаю сярод іх і мяне перапаўняе пачуццё гонару. Я бачу, як змяняецца служба знутры. Як сказаў наш Прэзідэнт Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, менш муштры — больш практычнай падрыхтоўкі. На працягу ўсяго аднаго месяца мы не толькі падрыхтаваліся да прыняцця Ваеннай прысягі, але і паспелі з’ездзіць чатыры разы на палігон. Мы ўбачылі тэхніку, пастралялі з узбраення, кідалі гранаты. Радуе, што нас рыхтуюць непасрэдна па сваёй спецыяльнасці. Тут створаны ўсе ўмовы для падрыхтоўкі якасных спецыялістаў. Зараз час не спакойны, і мы павінны быць гатовыя да ўсяго», — падзяліўся Данііл Сініцкі. 

Жонка Данііла Марыя Сініцкая прыехала з Санкт-Пецярбурга. Дзяўчыну парадавала, што цяпер у яе мужа няма барады, што цяпер ён лысы, схуднеў. 

Ваеннаслужачы 12 школы падрыхтоўкі спецыялістаў падраздзяленняў сувязі гвардыі радавы Георгій Сурын прызнаўся, што перад прыняццем Ваенным прысягі трохі хваляваўся. «Вельмі рады, што ў гэты важны і адказны дзень мяне прыехалі падтрымаць самыя блізкія людзі. Нарэшце мы зможам убачыцца ўжывую, пагуляць, пагутарыць. Гэта, бясспрэчна, не параўнаецца са звычайным тэлефонным званком. З нецярпеннем чакаю новыя цікавыя заняткі», — адзначыў Георгій. 

«Мяне перапаўняе шмат эмоцый, — распавёў бацька Георгія Міхаіл Сурын. — Гэта, у першую чаргу, здзіўленне, што яму тут вельмі падабаецца. Другое — гэта гонар за сына, падзяка за прадстаўленую магчымасць пасталець і навучыцца прымаць правільныя рашэнні. Служба ў войску — гэта мяжа, пасля перасячэння якой ён, як мужчына, пачне самастойна прымаць правільныя рашэнні. Я, як бацька, заўважыў перамены ў лепшы бок. І гэта радуе». 

Вераніка Сурына — маці Георгія — ганарыцца сынам. «Я жадаю яму актыўнага армейскага жыцця, каб тут ён набіраўся мужнасці і знаходзіў новых верных сяброў. Сённяшні дзень радасны і хвалюючы. Сэрца так моцна б’ецца, такое пачуццё, што яно зараз выскачыць з грудзей. За месяц расставання наш сын змяніўся. Ён стаў больш камунікабельным, стаў часцей тэлефанаваць, дзяліцца ўражаннямі, распавядаць аб праблемах. Раней ніколі нічога не распавядаў», — падзялілася Вераніка Сурына. 

Ваеннаслужачы 2-й роты новага папаўнення 3-й гвардзейскай школы падрыхтоўкі спецыялістаў танкавых і артылерыйскіх падраздзяленняў механік-кіроўца самаходнай артылерыйскай устаноўкі гвардыі радавы Ягор Марозаў да прызыву скончыў БНТУ па спецыяльнасці «Горны інжынер-шахцёр». За час службы стаў больш дысцыплінаваным, пачаў па-іншаму глядзець на многія рэчы. Паводле яго слоў, памяняліся погляды на зносіны ў калектыве. Ягор зразумеў, што такое сапраўдная дружба, сумленнасць. 

«У арміі адсутнічае дзедаўшчына, — падкрэсліў гвардыі радавы Ягор Марозаў. — Кіруючы склад, пачынаючы ад малодшых сяржантаў і да камандзіра часці, заўсёды дапамагаюць у вырашэнні любых пытанняў усім новапрыбылым ваеннаслужачым пры любых сітуацыях». 

«За месяц расставання сын змяніўся, — заўважыў бацька Ягора Андрэй Марозаў. — Адразу прыкметная выпраўка. Ён стаў больш падцягнутым, погляд упэўненым. Яму вельмі ідзе ваенная форма. Хочацца, каб сын цаніў і паважаў сяброў, калектыў і камандзіраў». 

Маці Ягора, Ала Марозава, вельмі ганарыцца сынам. Ён узмужнеў і стаў сапраўдным абаронцам Радзімы. Як і ўсе тыя, хто вымавіў сёння ўрачыстыя словы Ваеннай прысягі. 

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Культура

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Юная артыстка, якая арганічна падае сябе ў розных вобразах і жанрах. 

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.