Вы тут

У школах Беларусі сёння празвініць апошні званок


Апошні званок для навучэнцаў 9-х і 11-х класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Беларусі празвініць сёння, паведамляе БелТА.


Фота БелТА

У гэтым годзе выпускнікамі 11-х класаў стануць больш за 55 тыс. маладых людзей, 9-я класы заканчваюць больш за 108 тыс. Урачыстыя мерапрыемствы «Апошні званок» для іх пройдуць 25 мая, а выпускныя вечары з уручэннем атэстатаў аб агульнай сярэдняй адукацыі, у тым ліку асаблівага ўзору з узнагароджаннем залатым або сярэбраным медалём, адбудуцца 14 чэрвеня.

Святочныя мерапрыемствы стартуюць з урачыстых лінеек. «На гэты момант ужо спланавана правядзенне як «Апошняга званка», так і «Выпускнога вечара». Адпрацаваны маршруты сустрэчы світання, масавыя гулянні ў горадзе. На ўсіх этапах у мэтах стварэння ўмоў бяспекі будуць забяспечаны дзяжурствы педагагічных і іншых работнікаў устаноў адукацыі. Урачыстасці будуць праходзіць таксама ва ўзаемадзеянні з бацькоўскімі калектывамі. Тэма зместу свят, сцэнарныя распрацоўкі традыцыйна трымаецца на кантролі адукацыйнага ведамства. Сёння дастаткова творчага патэнцыялу нашых педагагічных калектываў для правядзення цікавых і крэатыўных мерапрыемстваў. Таму сцэнарыі свят распрацоўваюць самі ўстановы адукацыі, да гэтага падключаюцца і педагогі, і самі хлопцы, і іх бацькі. Формы выпускных вечароў абсалютна разнастайныя — гэта і школьныя капуснікі, і традыцыйныя конкурсы талентаў, і прэзентацыі кінафільмаў і кінастужак са школьных гадоў. Цікавым фарматам заўсёды была цырымонія ўзнагароджання, калі нашым выпускнікам уручаюцца розныя ўзнагароды за перамогу ў намінацыях, адзначаюцца пры гэтым і медалісты, і класныя кіраўнікі, і настаўнікі-прадметнікі, і нават настаўнікі пачатковых класаў і медработнікі, гэта значыць усе, хто браў удзел у жыцці выпускнікоў на працягу 11 гадоў. Таксама цікавымі складнікамі мерапрыемстваў з’яўляюцца памятныя дзеянні ў выглядзе закладкі алеі ці капсулы памяці для выпускнікоў будучых гадоў. Гэта дазволіць падкрэсліць сувязь выпускнікоў са школай, з пакаленнямі іншых выпускнікоў. Вядома, у кожнай установе ёсць свае традыцыі, свае фішачкі», — праінфармавала кансультант галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Таццяна Асмалоўская.

Пляцоўкамі для правядзення ўрачыстасцей стануць установы адукацыі, у некаторых выключэннях — установы культуры, установы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. «Магчыма арганізаваць свята і на адкрытай пляцоўцы, але гэта ўсё роўна павінна быць пляцоўка ўстановы адукацыі. Рэгулярна паступаюць пытанні і ад бацькоў, і ад выпускнікоў аб тым, ці можна праводзіць выпускныя вечары ў рэстаранах, кафэ, забаўляльных цэнтрах і іншых аб’ектах. Адназначна — не. Гэтая пазіцыя вызначана ў загадзе Міністэрства адукацыі. Любая лакацыя правядзення ўрачыстага мерапрыемства знаходзіцца на кантролі і органаў упраўлення адукацыі, і органаў унутраных спраў», — дадала кансультант галоўнага ўпраўлення.

Адзвіняць апошнія званкі і 27 мая для выпускнікоў 11-х класаў стартуюць цэнтралізаваныя іспыты, другі адбудзецца 30 траўня. Дзявятыя класы, як і ў мінулым годзе, здаюць чатыры абавязковыя выпускныя экзамены, якія праходзяць ва ўстановах адукацыі: руская і беларуская мовы — дзеці пішуць выклады, матэматыка — гэта кантрольная работа, гісторыя Беларусі здаецца ў пісьмовай форме. Тэксты для правядзення выпускных экзаменаў у пісьмовым выглядзе для дзевяцікласнікаў будуць аб’яўляцца па тэлебачанні.

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.