Вы тут

У чым пайсці на выпускны баль?


Школьны выпускны — адна з найважнейшых вех і памятных дат у жыцці любога чалавека. І выглядаць у гэты дзень хочацца так, каб свята запомнілі не толькі вы, але каб запомнілі і вас — у добрым сэнсе, зразумела. Таму прадумваць свой вобраз дзяўчаты (ды і юнакі) пачынаюць задоўга да завяршэння апошняга школьнага навучальнага года. Іншая справа, што часта гэтыя роздумы не прыводзяць да нейкага канчатковага выніку. Плюс рэкамендацыі модных блогераў, мамчыны парады, абмеркаванні з сяброўкамі/сябрамі (прычым меркаванні ва ўсіх гэтых выпадках часам выказваюцца супрацьлеглыя).


Але так ці інакш прыходзіць час вызначацца з выбарам. Падыдзем да пытання комплексна: паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Што дыктуе мода

Пачнём з дзяўчат, бо мода ўсё ж у першую чаргу — іх тэма. Прынята лічыць, што вячэрняя, яна ж «урачыстая» мода (а выпускны, безумоўна, урачыстасць), кансерватыўная, як ніякая іншая. Але гэта не так: яна змяняецца і змяняе нас. Калі памятаеце, у 1990-х выпускныя балі нагадвалі фінальны выхад на подыум удзельніц конкурсу «Міс Свету» тых жа гадоў: крыналіны і шлейфы, гіпюр і гарсэты, персікавыя і лавандавыя тоны плюс агрэсіўны макіяж (які выглядаў смешна на дзіцячых яшчэ тварах), залітыя лакам прычоскі і, вядома ж, 12-сантыметровыя шпількі, якія патрабуюць амаль цыркавога пачуцця раўнавагі. У 2000-х балем кіравалі сексуальнасць і драма: нізкія дэкальтэ, разрэзы ад бядра, чорныя або глыбокія цёмныя, а таксама чырвоныя тоны. Сёння большасць з усяго гэтага будзе выглядаць як маветон, нават калі вы вырашылі ўразіць фізрука, у якога закаханыя з трэцяга класа, або аднакласніка з апошняй парты, або ўцерці нос напрыканцы прызнанай «каралеве класа»... 

У 2024 годзе стылісты патрабуюць ад нас некаторай стрыманасці, а таксама арыстакратызму і артыстызму (невыпадковыя ж адсылкі сучасных трэндаў да ідэй Шанэль), і, зразумела, адпаведнасці вобраза нагодзе. Школьны выпускны — усвядомлены крок у дарослае жыццё, што і варта падкрэсліць у тым ліку выбраным уборам.

Тым больш што сучасныя тэндэнцыі цудоўна падыходзяць для напаўафіцыйных аўтфітаў — на выпускны, які мае як афіцыйную, так і ўласна святочную частку, патрэбны менавіта такі look. Напрыклад, адзін з безумоўных трэндаў — даўжыня максі. Сукенка не павінна быць перагружана дэталямі, хутчэй наадварот. У гэтым сезоне стылісты рэкамендуюць, выбіраючы сукенку максі, аддаць перавагу стыльнай класіцы з мінімальнай колькасцю дэталяў. Акцэнтам можа стаць колер (стрыманая і глыбокая бардовая палітра ў трэндзе), драпіроўка, не празмерны разрэз. Актуальны адкрытыя плечы ці адкрытая спіна. Таксама актуальны гарсэты, але і яны без лішняй аголенасці. Адкрытую спіну або плечы важна ўраўнаважыць максімальна стрыманым, строгім фасонам. Гэты вобраз патрабуе прычоскі з сабранымі ўверх валасамі. І ўлічваем вось яшчэ што: максі — не самы зручны трэнд для сучаснай дзяўчыны, якая прывыкла хадзіць у штанах або джынсах. 

А вам прыйдзецца ў гэтай сукенцы правесці не адну гадзіну. Не толькі паважна сядзець або стаяць, але і танцаваць, і ісці сустракаць світанак. На шчасце, дапоўніць доўгую сукенку сучасная мода дазваляе не толькі абцасамі, але і балеткамі. 

А можа быць, нават кедамі, хоць такая эклектыка патрабуе пэўнай «нагледжанасці» і ведаў у галіне стылю, так што «не ўпэўнена — не рызыкуй».

Зрэшты, даўжыня міні таксама на піку папулярнасці. Заўважым, міні на выпускны не павінна быць экстрэмальным, інакш вам будзе няёмка (нават калі падчас прымеркі здаецца, што гэта не так). Вы раз-пораз будзеце падцягваць край спадніцы ўніз, між тым міні асабліва важна насіць ганарліва і з высока паднятай галавой. Словам, лепш усё ж паслухацца маму і выбраць варыянт крыху даўжэйшы. Ну і, вядома, міні падыдзе толькі шчаслівым уладальніцам ног прыгожай формы (пажадана — яшчэ і доўгіх). Кароткія сукенкі і спадніцы ў гэтым сезоне ўпрыгожваюць махрамі, драпіроўкай, але і класічны крой вітаецца.

Што больш практычна — міні ці максі? Тут можна спрачацца. Міні разумнай даўжыні і фасону, хутчэй за ўсё, праслужыць вам не адзін год. Але тое ж самае можна сказаць і аб разумна абранай сукенцы максі. У цэлым, з улікам рэалій лепш выбіраць на выпускны рэчы, якія ў далейшым рэальна будзе ўпісаць у паўсядзённы гардэроб: гэта і экалагічна (з пункту гледжання адказнага спажывання), і разумна (з пункту гледжання эканоміі бацькоўскага бюджэту). Ці значыць гэта, што бляск — няправільны выбар? Якраз не. Сёння паўсядзённая мода дазваляе ўпісаць бліскучыя рэчы ў самыя што ні на ёсць «шэрыя будні», мы абмяркоўвалі гэта яшчэ ў артыкуле на тэму «Што надзець на навагодні вечар». Дык вось, пакуль нічога ў гэтым плане не змянілася, а значыць, бліскучая сукенка або спадніца апраўданы. Хоць варта памятаць, што любы бляск візуальна дадае фігуры аб’ём. Ды і мода модай, але з бляскам важна не перабраць: ёсць варыянты, якія выглядаюць стрымана і шляхетна, але нямала ў масмаркеце і тых, якія ператвораць вас у феечку з дзіцячага ранішніка, а гэта ў нашы планы не ўваходзіць.

Нетрывіяльнае і стыльнае рашэнне ў якасці ўбору для дзяўчыны на выпускны — «мужчынскі» касцюм (штаны, пінжак, па жаданні — камізэлька). Сёння такія гарнітуры на грэбні моднай хвалі (і гэта зноў адсылка да «бабулі сучаснай моды» Шанэль). Плюс іх у тым, што менавіта «мужчынскі» крой падкрэслівае прыгажосць і вытанчанасць жаночай постаці. Лаканічны і зразумелы сэт можа быць вельмі дарэчы ў стварэнні вячэрняга вобраза. Галоўнае — правільна падабраць мадэль, дадаўшы адпаведныя аксесуары. Дапаўняем look класічнымі лодачкамі на абцасе і атрымліваем выдатны сімбіёз сілы і вытанчанасці, элегантнасці і пяшчоты, інь і янь. Каб скласці канкурэнцыю вячэрнім сукенкам, касцюм павінен быць пашыты, напрыклад, з атласа або шоўку, а магчыма, з тканіны з эфектам металізацыі. Дапоўніць такі вячэрні вобраз шыфонавая блуза, асіметрычны топ або, скажам, модны жылет замест топу. Словам, натхняемся фота зорак з чырвоных дарожак. Колер касцюма, дарэчы, можа быць абсалютна любы: ад фуксіі да марской хвалі. Але лепш усё ж аддаць перавагу класіцы: яна выглядае дорага. Застаецца дадаць, што несумненны плюс такога выбару — зручнасць. Асабліва калі захапіць на змену лодачкам базавыя кеды.

Гарнітур, зрэшты, можа быць і са спадніцай — цяпер гэта адзін з галоўных трэндаў. Спадніца ж, у сваю чаргу, можа быць вырашана як у максі, так і ў міні, а пінжак у гэтым выпадку аптымальна было б абраць актуальнага прыталенага сілуэта, а не аверсайз. Або скарочаны жакет у стылі ўсё той жа Шанэль. Такія фасоны зробяць постаць далікатнай і падкрэсляць стан, жаноцкасць.

Яшчэ адзін вячэрні (і не толькі) трэнд, на які варта звярнуць увагу, — асіметрыя. Асіметрычнымі могуць быць і спадніцы, і топы, вобраз атрымліваецца не толькі элегантным і стыльным, але і дзёрзкім. Аднак важна памятаць: асіметрыя прыцягвае погляд да той зоны, якую яна падкрэслівае. Напрыклад, пры шырокіх плячах асіметрычны топ — не лепшы варыянт.

І, нарэшце, яшчэ парачка парад для стварэння стыльнага вобраза.

  • Буйныя аксесуары будуць дарэчы, калі вы выбралі мінімалістычны дызайн сукенкі. Калі ваша сукенка мае складаны крой, упрыгожванні лепш абраць якраз мінімалістычныя, інакш вобраз будзе перагружаны.
  • Не мяняем «тэмпературу» ад адзення да макіяжу. Калі сукенка ці гарнітур вырашаны ў цёплых тонах, то і макіяж, і нават колер валасоў павінны быць цёплымі. У адваротным выпадку ўзнікне дысананс: не кожны зможа яго выказаць словамі, але кожны ўбачыць: «нешта тут не тое». І наадварот: шляхетны і вельмі модны цяпер жамчужна-шэры колер, напрыклад, патрабуе халодных тонаў і ў макіяжы. Іншая справа, што халодныя тоны візуальна дадаюць узросту. Але пакуль вам шаснаццаць-сямнаццаць, аб гэтым можна не турбавацца.

Цана пытання

Калі павандраваць па форумах выпускніц, часцей за ўсё выпускны вобраз сёння збіраюць на маркетплейсах тыпу «Ламода» і «Вайлдберыз». Вілка цэн там настолькі вялікая, што пералічваць іх — справа няўдзячная. Як і роскід якасці. І, дарэчы, не заўсёды чым даражэй, тым больш якаснае адзенне, хоць часцей гэта, на жаль, менавіта так. 

Уключыўшы фантазію, можна паспрабаваць сабраць look і ў масмаркеце: даражэйшы, напрыклад, у Zara або Mango, таннейшы — у ZARІNA, Befree, Stradіvarіus, Bershka і г. д.

Можна пайсці ў ГУМ, ЦУМ ці фірмовыя крамы беларускага легпрама і даверыцца айчыннаму вытворцу. Сэканоміць тут не атрымаецца, затое за якасць можна не перажываць. Цалкам гатовых вобразаў пад выпускны вы не знойдзеце, давядзецца праявіць крэатыў. Пашукаць цікавыя рашэнні можна, напрыклад, у апошніх калекцыях Elema (сукенка-камбінацыя са штучнага шоўку, якая тэарэтычна можа стаць асновай вобраза, каштуе 139,96 рубля). А калі вы вырашылі прыгледзецца да касцюмаў, то, цалкам верагодна, неабходнае знойдзецца ў дызайнераў «Камволя»: брэнд LemonGrass адшывае гарнітуры не толькі для мужчын, але і для жанчын. Цана жакета стартуе ад 228 рублёў.

Зрэшты, прыхільнікі гатовых рашэнняў (проста прыйсці і набыць вячэрнюю сукенку і нічога не выдумляць) могуць адправіцца на рынак, дзе і сёння ёсць гандлёвыя павільёны вячэрняй моды.

— Так, у нас цяпер якраз сезон сукенак на школьныя выпускныя, — распавядае прадавец на «Імпульсе». — Часцей дзяўчаты выбіраюць варыянт максі. Колеры і фасоны розныя. Некаторым падабаецца, каб сукенка была цалкам у камянях, што імітуюць жэмчуг, або стразах. Хтосьці выбірае лаканічныя варыянты з атласа ці штучнага шоўку. Цэны ў нас пачынаюцца ад 180 рублёў.

Зрэшты, чым больш актуальны крой, тым вышэйшая цана, і ў сярэднім разлічваць трэба рублёў на 250–320, адзначае прадавец. Кошт жаночага гарнітура-двойкі (пінжак і штаны) пачынаецца ў сярэднім ад 130–150 рублёў. Тройка (з камізэлькай) абыдзецца даражэй.

Ну, а самы бюджэтны варыянт — гэта, вядома, «Куфар». Мінулагоднія выпускніцы там цяпер актывізаваліся, і сукенку можна знайсці нават рублёў за 50. Прыйдзецца, вядома, паездзіць на прымеркі, але яно таго варта: эканомія вельмі адчувальная.

І пра хлопцаў

Бацькам юнакоў, мяркуецца, у пытанні выбару вобраза на выпускны для сына і прасцей, і складаней. З аднаго боку, добры мужчынскі касцюм — гэта заўсёды грашовае ўкладанне (цэны на касцюмы ад беларускіх брэндаў у сталічным ЦУМе пачынаюцца ад 398 рублёў, а нярэдка столькі будзе каштаваць толькі пінжак). З іншага боку, гарнітур наўрад ці будзе без справы вісець гадамі ў шафе (як гэта часта бывае з выпускной сукенкай). Такім чынам, укладанне, безумоўна, акупіцца.

А ў трэндзе якраз мужчынская класіка, і гэта аптымальны выбар на выпускны: белая кашуля, цёмныя штаны, пінжак плюс гальштук. Калі вобраз здаецца занадта нудным, гальштук можна абраць кантраснага колеру або дапоўніць гарнітур «гальштукам-бабачкай». Найбольш актуальныя колеры мужчынскага касцюма — шэры (галоўны колер сезона), бардо (яшчэ адзін галоўны колер гэтага лета), бэжавая гама. Больш дэмакратычнай альтэрнатывай гарнітуру можа стаць кэжуал: свабодная кашуля навыпуск плюс прамыя штаны па шчыкалатку; злёгку завужаныя штаны і кашуля-пола; досыць вузкая кашуля, запраўленая ў шырокія штаны пад рэмень.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Загаловак у газеце: Зусім дарослыя!

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.