Вы тут

У Дзень славянскай пісьменнасці ў Мінску згадвалі асветнікаў зямлі беларускай


24 мая ад Свята-Духава Кафедральнага сабора ў Мінску рушыла шэсце да таго месца, дзе калісьці пачынаўся горад Мінск. У гонар свята — Дня славянскай пісьменнасці — прайшло асаблівае ўрачыстае богаслужэнне і малебен ў гонар святых братоў Кірыла і Мяфодзія, якія паходзілі з грэчаскага горада Салуні. Абодва прынялі манаства, абодва ў ІХ стагоддзі мелі асаблівую місію: несці святло Святога Пісання славянам. Царква разумела неабходнасць народаў маліцца на сваіх мовах, для таго спачатку кнігу трэба было перакласці. Каб перадаць тэкст Евангелля, Кірыл стварыў першы славянскі алфавіт... 


Фота аўтара

Згадка пра гэта прагучала ў пропаведзі: браты салунскія далі магчымасць дакрануцца да святла Божай любові. Дзякуючы ім мы можам чытаць Святое Пісанне і разумець вялікія словы, якія нам пакінуў Гасподзь. Калі цар Расціслаў запрасіў братоў з Салуні ў Маравію, то яны, вывучыўшы мясцовыя славянскія дыялекты, падаравалі прыгажосць Багаслужэння і аб’ядналі розныя плямёны вакол Чашы. А сёння мы маем магчымасць пісаць, чытаць і духоўна наталяцца, дзякуючы справе вялікіх братоў Мяфодзія і Кірыла, якія стаялі ля вытокаў нашай пісьменнасці... 

Прайшоўшы па мосце над вуліцай Няміга (нібыта здзейсніўшы палёт у часе над нябачнай рэчкай) шэсце на чале з абразам святых спынілася ля падмурку Замкавай гары. Тут знаходзілася старажытнае замчышча, тут жылі і будавалі горад нашы продкі. Тут захоўваюцца сляды першага ў гісторыі горада старажытнага каменнага храма, які існаваў з ХІ стагоддзя. Менавіта тут адбыўся малебен у майскі дзень ХХІ стагоддзя, у якім ўзялі ўдзел святары, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і ўстаноў культуры, вернікі. 

Аднак свята гэтае ўнікальнае тым, што выходзіць за межы Царквы, яно мае значэнне наогул для культуры, як і для любога чалавека ў Беларусі, які ўмее пісаць і чытаць. Гэта адзначыў у віншавальным слове намеснік упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Сяргей Герасіменя

— Спакон веку ўся мудрасць і веды народаў перадаваліся з вуснаў у вусны. Адкрыццё пісьменнасці і ў далейшым кнігадрукавання адкрыла перспектывы для захавання культурнай і духоўнай спадчыны чалавецтва. Вялікая спадчына, якую пакінулі славянскім народам асветнікі, браты Мяфодзій і Кірыла, бясцэнная. Пісьменнасць адкрыла магчымасці для развіцця культуры, навукі, творчасці славянскіх народаў... Беларусь — радзіма выдатных асветнікаў. дзеячаў культуры сусветнага ўзроўню. Багатая спадчына сыноў і дачок Беларусі, асветнікаў Ефрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага, Сямёна Полацкага і іншых знаёмая і значная для кожнага беларуса з дзяцінства. Іх працы з’яўляюцца невычэрпнымі крыніцамі ведаў і мудрасці, што беражліва захоўвае беларускі народ... 

Фота з сайта Беларускай Праваслаўнай царквы

Выступоўца падкрэсліў асаблівую ролю Беларускай праваслаўнай царквы ў захаванні духоўна-маральных традыцый на нашай зямлі. Адзначыў, што асаблівы дух яднае ўсіх славян, агульнае гістарычнае мінулае — падмурак для таго, каб шукаць і знаходзіць шляхі ўзаемаразумення. Гэты дух сябе праяўляў неаднойчы цягам гісторыі, і ў суровым ваенным ліхалецці, калі мір здабываўся каласальнымі чалавечымі высілкамі. Беларускі народ і цяпер імкнецца захаваць як аснову міру і дабрабыту досвед, заснаваны на высокіх каштоўнасцях і любові да сваёй зямлі. 

У свецкім жыцці звычайна робіцца акцэнт на тым, што здабыткам братоў Мяфодзія і Кірыла з’яўляецца азбука, якую яны падаравалі славянскім народам. Але галоўным для іх была пропаведзь Евангелля. Святыя разумелі, што вуснае слова можна сказіць ці перадаць недакладна, таму стварылі азбуку і пісьмовасць — каб сэнс Святога Пісання мог спасцігнуць кожны і атрымаць штуршок да ўдасканалення. Пра тое, што дзякуючы святым адбыўся «духоўны пераварот» у жыцці славянскіх народаў, казала другі сакратар пасольства Расійскай Федэрацыі ў Беларусі Марына Ягорава. 

Праўда, за стагоддзі мовы славянскіх народаў сталі істотна адрознівацца адна ад другой. Але ў Богаслужэнні захаваная і выкарыстоўваецца менавіта царкоўна-славянская мова, на якую калісьці было перакладзена Святое Пісанне. 

Блаславенне і вітанне ад Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, перадаў епіскап Нясвіжскі Авксенцій, вікарый Патрыяршага Экзарха усяе Беларусі. Прагучала і пажаданне: 

— Каб мы ніколі не забывалі подзвігу раўнаапостальных братоў Кірыла і Мяфодзія, тое, што ім прыйшлося выцерпець, каб даць нам святло евангельскай веры. Яны разумелі, што ў мове заключаны сэнсы, у кожным слове ёсць таемны змест, які мы разумеем на ўзроўні глыбіннай свядомасці. Сёння ёсць спробы спрасціць мову, спробы падмены сэнсаў. Таму асаблівае пажаданне да моладзі: не спрашчаць мову, старацца больш чытаць літаратуры, у якой раскрываюцца важныя паняцці: вера, надзея, любоў, мужнасць, смеласць, міласэрнасць. І гэта не проста словы, а сэнс нашага жыцця. 

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.