Вы тут

Алена Бацян: Прыходзячы ў цырк, глядач чакае свята


Формулай свайго поспеху дзеліцца галоўны балетмайстар Беларускага дзяржаўнага цырка, адна з пераможцаў рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года — 2023» у намінацыі «Духоўнасць і культура» Алена Бацян. 

Як на працягу амаль 20 гадоў ёй удаецца здзіўляць калег і гледачоў усё новымі творчымі ідэямі? Па якіх крытэрыях падбірае артыстаў балета і чаму рада з’яўленню ў калектыве мужчын? Што дапамагае ёй заўсёды заставацца ў тонусе і з аптымізмам глядзець у заўтра? Пра гэта і не толькі — у інтэрв’ю «Алесе».


Цырк выбраў мяне 

— Алена, вы ўжо амаль 20 гадоў працуеце ў цырку, з 2020 года — у якасці галоўнага балетмайстра. Вы заўсёды марылі ставіць танцы менавіта на арэне, ці гэта воля выпадку? 

— Мусіць, гэта лёс. У красавіку 2005-га мяне запрасілі ў цырк папрацаваць у адным нумары і з’ездзіць на гастролі ў Гомель. Гэта было нешта зусім новае, і я пагадзілася. Потым былі гастролі ў Японіі. Вельмі хутка дырэктар прапанаваў мне стаць балетмайстрам. 

— Упэўнена, не кожная артыстка здольная ставіць танцы, кіраваць людзьмі... 

— Нейкія задаткі, напэўна, закладзены ад нараджэння. Ужо ў пясочніцы магла арганізаваць дзяцей на сумесныя «праекты». Калі займалася ў тэатры-студыі «Ронд» Дома піянераў Кастрычніцкага раёна Мінска, дарослыя часта ставілі мяне наперад, каб паказвала рухі, а астатнія паўтаралі за мной. Я атрымала добрую адукацыю. З чырвонымі дыпломамі скончыла Мінскі дзяржаўны каледж мастацтва па спецыяльнасці «Кіраўнік самадзейнага танцавальнага калектыву, культработнік», а потым і БДУКМ. Пашанцавала з настаўнікамі. Напрыклад, веды, якія дала вядучы педагог МДКМ Вольга Сцяпанаўна Гарэлава, — той падмурак, на які абапіраюся да гэтага часу. Нядоўга сама выкладала харэаграфію ў родным каледжы, была арт-дырэктарам клуба «Мэдысан». Увогуле, атрымаўшы прапанову стаць балетмайстрам у цырку, аказалася гатова прыняць выклік. 

— Растлумачце, калі ласка, у чым спецыфіка цыркавой харэаграфіі? 

— Асаблівасць толькі адна — усе мініяцюры ставяцца з улікам нумароў артыстаў цырка. Напрыклад, выступае жанглёр, гучыць іспанская музыка. Побач на арэне — прыгажуні ў асляпляльных уборах, якія сваімі рухамі падкрэсліваюць яго віртуознае майстэрства. Падчас паўзы, калі артысту трэба перавесці дыханне, засяродзіцца і паказаць найвышэйшы клас, танцоркі перамыкаюць увагу на сябе, падчас кульмінацыі — заміраюць. Заўсёды адштурхваюся ад канкрэтнай рэжысёрскай пастаноўкі. Часам, канешне, бывае і наадварот: дзялюся сваімі ідэямі з рэжысёрам, і ў выніку нараджаюцца новыя арыгінальныя нумары. 

— У любой рбоаеы з гадамі з’яўляецца вопыт, але часта сыходзіць свежасць успрымання, адчуваецца дэфіцыт ідэй. Вам гэта знаёма? 

— На шчасце, пакуль не. На новую мініяцюру можа натхніць і прырода, і людзі, і музыка. Кожны раз, калі нешта атрымліваецца, дзякую анёлам творчасці, якія не пакідаюць мяне. Вельмі рада, што сёння ўжо дапамагае і вопыт. Раней начамі абдумвала новую харэаграфію. У сне мозг працягваў працаваць, прыходзілі падказкі. Раніцай у блакноце адзначала, што лепш змяніць. Сёння дамагаюся патрэбнага выніку пры меншых нервовых затратах. 

— Вы напэўна сочыце за работай калег. Ці адрозніваецца харэаграфія ў заходніх і ўсходніх цырках? Ці здаралася такое, каб вы здзіўляліся, захапляючыся нейкімі пастаноўкамі? 

— Некаторая розніца ў стылістыцы кітайскай, японскай, карэйскай і еўрапейскай цыркавых харэаграфій, безумоўна, ёсць. Але ў сучасным свеце непазбежны ўзаемаўплыў культур. Балетмайстры запазычваюць нейкія элементы і знаходкі адно ў аднаго. Гэта, на мой погляд, узаемна ўзбагачае. Не аднойчы адчувала захапленне ад работы калег. Велізарнае ўражанне зрабіла на мяне ўбачаная ў 2019 годзе харэаграфічная пастаноўка з цыркавымі элементамі «Акрабатычная дарожка» кітайскага цырка. 

— Ці ставіце перад сабой як кіраўнік балета Белдзяржцырка нейкую звышзадачу? 

— Ствараючы харэаграфічныя мініяцюры, увесь час памятаю пра гледача, які прыходзіць у цырк, чакаючы свята. Імкнуся абудзіць у публікі самыя добрыя, цёплыя эмоцыі. Мне здаецца, цырк пакідае ў кожнага дзіцяці яркія ўражанні на ўсё жыццё. І дарослыя ў цырку таксама становяцца падобнымі да дзяцей. 

— За 20 гадоў у вас ні разу не ўзнікала жадання сысці з цырка? 

— Мы ўсе жывыя людзі. У мяне таксама здараліся крызісы. Але я рада, што пераадолела іх і засталася ў цырку. Крок за крокам, дзень за днём займаючыся сваёй справай, удасканальваючыся ў ім, развіваючыся, здолела шмат чаго дабіцца. І сёння, кладучыся спаць, думаю над тым, якім будзе заўтра, стаўлю перад сабой новыя мэты. Прачынаюся з бадзёрым настроем. І пакуль веру, што яшчэ магу стварыць нешта выдатнае, не спяшаюся ставіць кропку і падводзіць вынік. 

Балет з характарам 

— Па якіх крытэрыях вы адбіраеце артыстаў у свой калектыў? 

— Галоўны крытэрый — прафесіяналізм, уменне танцаваць. Я строгі кіраўнік, патрабую дысцыпліны, высокай самааддачы. І разам з тым шаную характар — без яго нельга дамагчыся выніку, зрабіць нешта выдатнае, па-сапраўднаму цікавае. Часта чую, што наш балет мае сваё аблічча. Упэўнена, гэта таму, што ўсе артысты — таленавітыя, разумныя, моцныя людзі. Так, яны выказваюць свае эмоцыі без слоў. Але заўсёды адчуваецца: ім ёсць што сказаць. 

— Раней у цыркавога балета быў выключна жаночае аблічча. Сёння ў ім ёсць ужо і мужчыны. Што змянілася з іх прыходам? 

— Два гады таму да нас прыязджаў на гастролі маскоўскі цырк з праграмай «Усё будзе добра». У іх аўтарскім праекце ўдзельнічала шэсць артыстак і столькі ж артыстаў балета. З таго часу і ў нашым калектыве з’явілася двое мужчын. Буду толькі рада, калі іх колькасць папоўніцца. Мужчыны ўносяць новыя адценні ў харэаграфію, даюць магчымасць дуэтнага выканання. 

— Ці ёсць нейкія жорсткія патрабаванні да знешніх параметраў артыста цыркавога балета? Ці часта вам даводзіцца нагадваць дзяўчынкам, што трэба скінуць вагу, сесці на дыету? 

— Такой умовы, каб абавязкова было 90-60-90, ніхто артысткам не ставіць. Але безумоўна, танцоўшчык павінен адпавядаць эстэтычным патрабаванням. Страта формы — гэта прафнепрыдатнасць. Часам я магу камусьці сказаць: «Добра было б крыху пахудзець» ці, наадварот: «Нядрэнна б табе крыху паправіцца». На шчасце, усе мае «птушачкі» (так я называю дзяўчынак) сочаць за сабой, іх адрознівае агульная высокая культура, у тым ліку культура харчавання. 

— А вы ні ў чым сабе не адмаўляеце? 

— Я добра гатую, люблю пячы пірагі, люблю смачна паесці. Раней гэта не стварала праблем. Але пераступіўшы 50-гадовы рубеж, даводзіцца ўжо абмяжоўваць сябе, прыкладаць намаганні, каб заставацца ў форме. 

— Як вы рэагуеце, калі артыстка балета гаворыць аб тым, што хутка збіраецца ў дэкрэтны водпуск? 

— Заўсёды з радасцю. Жанчына не можа жыць толькі прафесіяй, нават такой прыгожай, як у нас. Вельмі важна, каб людзі былі шчаслівыя — гэта адбіваецца і на працы. 

— Час артыста балета па вызначэнні лімітаваны. У якім узросце і куды звычайна сыходзяць члены вашага калектыва? 

— У кожнай артысткі — свая гісторыя. Некаторыя, трапляючы ў цырк, наогул хутка змяняюць «спецыялізацыю», становяцца наезніцамі, паветранымі гімнасткамі. Большасць да 35 гадоў ужо намячаюць далейшы план дзеянняў. Нехта сыходзіць выкладаць, нехта ў індустрыю прыгажосці, асвойвае прафесію бухгалтара, страхавога агента. 

— Ці рыхтуеце вы сабе змену з ліку сваіх артыстаў? 

— Безумоўна. Калі бачу ў кагосьці патэнцыял, імкнуся даць магчымасць праявіць сябе ў якасці балетмайстра. Дзве артысткі ўжо ставяць нумары. Не стаўлюся да ліку тых, хто баіцца канкурэнцыі. Наадварот, лічу яе залогам развіцця. Як лідар калектыву зацікаўлена ў тым, каб і пасля мяне шоу працягвалася. 

— Цікава, калі незнаёмыя людзі даведаюцца, што вы працуеце ў цырку, як яны звычайна рэагуюць?

— Удакладняюць, што я там раблю. І звычайна адказваю: «Я — дрэсіроўшчыца, стаўлю нумары з птушкамі (часам кажу: з тыгрыцамі)». 

Усміхацца і марыць 

— Быць кіраўніком заўсёды няпроста. Як Вы здымаеце стрэсы? Як і дзе адпачываеце? 

— З дзяцінства займалася лёгкай атлетыкай, паказвала высокія вынікі. І хоць выбрала танцы, на працягу дзесяцігоддзяў працягвала рабіць рэгулярныя прабежкі. Гэта дапамагала «разгружаць» мозг, лягчэй знаходзіць адказы на свае пытанні, вырашаць праблемы, заўсёды быць у тонусе. На жаль, перанесены ковід адбіўся на здароўі. У 2021 годзе мне зрабілі аперацыю на суставах, і з таго часу не бегаю. Але зарадку раблю, імкнуся дастаткова рухацца. 

Калі стамляюся, з’яжджаю за горад, каб пабыць у цішыні, слухаць спевы птушак, сузіраць абуджэнне прыроды, любавацца яе прыгажосцю. Гэта месца маёй сілы, там я адпачываю душой. Калі хочацца зносін, сустракаюся з прыемнымі людзьмі, еду ці лячу ў госці да сябровак. Крыніца станоўчых эмоцый для мяне і мая котка Касандра. Дзіўная істота, якая дорыць масу пазітыву. 

— Вы лічыце сябе пястуном лёсу? 

— Не. Мне нічога ў жыцці не падавалася «на блакітным сподачку». Я з няпоўнай сям’і, рана стала самастойнай, змушаная была сябе забяспечваць. Заўсёды разлічвала толькі на сябе. І не толькі працавала, але і гадавала сына, прычым ставілася да мацярынства вельмі адказна. Калі і дабілася прафесійнага поспеху, то толькі таму, што шмат працавала і любіла сваю справу. 

— Сын не захацеў рушыць услед вашаму прыкладу? 

— Ніколі не цягнула Рамана ў танцы. Ён з дзяцінства і да гэтага часу займаецца баскетболам, а працуе ў фінансавай сферы. Самае галоўнае — сын вырас добрым чалавекам, я ім ганаруся. 

— Мне здаецца, Алена, у шматлікіх чытачоў можа скласціся ўражанне: Вы — ідэальная жанчына. 

— На шчасце, гэта не так. У мяне ёсць недахопы. Але навошта пра іх казаць? Лепш над імі працаваць. Не, я не ідэал — гэта было б вельмі сумна. Але наогул (смяецца) я — крэмень. Нават калі цяжка, усміхаюся і мару. І няхай не ўсе, але многія мае мары спраўджваюцца. 

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Фота прадастаўлена субяседніцай

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

У Год якасці мы задалі навукоўцам нязручныя пытанні аб тым, што «ўнутры» магазіннай пельмешкі або катлеткі.