Вы тут

Вольга Дароніна: Пасля нараджэння дачкі я перастала баяцца сцэны


Актрыса Тэатра-студыі кінаакцёра Вольга Дароніна (Дзятлоўская) любіць акцёрскую прафесію за магчымасць іграць розных гераінь, часам зусім непадобных на яе, аказвацца на сцэне ў сітуацыях, якія наўрад ці здарацца ў рэальным жыцці. 

Узнёсла-рамантычная Яўлампія Купавіна ў драме «Ваўкі і авечкі», верная, кранальная Марта ў філасофскай фантазіі «Той самы Мюнхгаўзен», прагматычная, безжурботная, якая ўмее з усяго атрымліваць выгаду і знайсці выйсце з любой сітуацыі Ганна ў камедыі «Вох, ужо, гэтая Ганна», аматарка прыгод Аліса ў «Алісе ў Залюстроўі». 

Аб ліцадзействе, пошуку сябе, тэатры, мацярынстве і каханні пагаварылі з Вольгай Даронінай, якая нядаўна адзначыла прыгожы юбілей. 


Тэатральны «вірус»

— Вольга, вы нядаўна адзначылі сваё 30-годдзе. Як самі ацэньваеце гэты ўзрост? Чым са сваіх дасягненняў найбольш ганарыцеся? 

— 30 гадоў — гэта ўжо, безумоўна, шмат. Адчуваю некаторае хваляванне і турботу з прычыны сыходу маладосці. Разам з тым поспехі ў жыцці ёсць, і гэта супакойвае. Сёння я дастаткова запатрабаваная ў тэатры. І самае галоўнае маё дасягненне — сям’я, дачка Караліна.

— Хто ці што заахвоціла вас выбраць акцёрскую прафесію? 

— Я родам з Мазыра. Сярод маіх родных няма нікога, хто быў бы звязаны з акцёрствам, ды і ўвогуле з творчасцю. Тата — прыватны прадпрымальнік, мама — бухгалтар. Па парадзе выкладчыцы музыкі, якая ў дзіцячым садку выявіла ў мяне здольнасці, мяне адвялі ў музычную школу, дзе я займалася па класе фартэпіяна. Наведвала і вакальную студыю. Пастаянна выступала на сцэне, і ў нейкі момант зразумела: хачу звязаць з ёй сваё жыццё. Кар’ера спявачкі мяне не вабіла, таму вырашыла стаць тэатральнай актрысай. Дапамаглі падрыхтавацца да іспытаў, і я паступіла на акцёрскі факультэт БДАМ. 

— Чым запомніліся гады вучобы ў Акадэміі мастацтваў? 

— Спачатку было цяжка. Я стала сумнявацца, ці трэба працягваць вучыцца. Пасля першага семестра прыехала дадому і прызналася: збіраюся кінуць. Але старэйшая сястра Аня пераканала не спяшацца, не секчы з пляча. Прыслухалася да яе, і неўзабаве ў мяне быццам адкрылася другое дыханне. На другім курсе за добрую паспяховасць мяне нават перавялі з платнай на бюджэтную форму навучання. 

— Вам бліжэй драматычныя ці камедыйныя ролі? 

— Драматычныя. Мне падабаюцца складаныя, глыбокія характары. Цікава было паспрабаваць сябе ў класіцы — п’есе А. М. Астроўскага «Ваўкі і авечкі», вельмі даражу роляй Купавінай. Нягледзячы на тое, што спектакль «Вох, ужо гэтая Ганна» прайшоў з поспехам, пакуль не адчуваю сябе ўпэўнена ў ролі Ганны. Камедыйныя гераіні, лічу, яшчэ не надта атрымліваюцца.

— Калі вы адчулі, што падхапілі асаблівы «вірус» залежнасці ад сцэны, па-сапраўднаму «захварэлі» на тэатр?

— Пасля нараджэння дачкі. Чатыры месяцы пасядзела з Каралінай дома і пачала працаваць. І раптам зразумела: больш не баюся (як гэта было раней) сцэны. Раптам адчула сябе моцнай і свабоднай. Быццам здарылася нейкая ўнутраная перазагрузка. Нават калегі адзначылі, з якой прагнасцю бяруся за ролі. 

— Вы так рана выйшлі з дэкрэтнага. Хто дапамагаў з малой? 

— Спраўляліся ўдваіх з мужам. У нейкіх выключных выпадках звярталіся па дапамогу да бацькоў. Пакуль Караліна была маленькай, больш чым у дзвюх пастаноўках на тыдзень мяне не займалі. Калі дачушцы споўніўся год, стала прыходзіць на рэпетыцыі разам з ёй. Цяпер яна наведвае дзіцячы садок, але ўсё роўна ахвотна бывае ў тэатры, калі няма з кім яе пакінуць на час спектакля. 

— Вы выконваеце галоўную ролю ў «Алісе ў Залюстроўі». У п’есах для дзяцей іграць складаней? 

— Асабіста мне няпроста даюцца ролі, якія не адпавядаюць узросту. Іграць для дзяцей надзвычай энергазатратна. Заўсёды хочацца максімальна развесяліць гэтую публіку, і пасля такіх спектакляў адчуваеш сябе, як выціснуты лімон. 

— Вольга, як вы самі ацэньваеце свае адносіны з кіно? 

— Найлепшы мой досвед — гэта, як ні дзіўна, кінадэбют у серыяле «Без права на памылку». Рэжысёр Аляксандр Высакоўскі, абраўшы мяне на галоўную ролю, падарыў па-сапраўднаму цікавы вопыт. Больш пакуль, нажаль, такіх прывабных прапаноў не было. 

Лёгкага жыцця ніхто не абяцаў 

— Вы ўжо зрабілі сабе акцёрскае імя пад прозвішчам Дзятлоўская. Чаму вырашылі працягваць творчую біяграфію пад прозвішчам мужа? Захацелі, каб у Беларусі была свая Дароніна?

— Зусім не. Народная артыстка СССР Таццяна Дароніна — такая велічыня, з якой ніхто, думаю, не збіраецца «канкурыраваць». Калі я выйшла замуж, то ўзяла прозвішча мужа і стала Даронінай. Аднак дзявочае прозвішча вырашыла пакінуць як творчы псеўданім і папярэдзіла ў тэатры, каб яно заставалася на афішах. Спачатку ўсё ішло выдатна. Але ў нейкі момант пачалася блытаніна. У адным месцы пакажуць «Дароніна», у іншым напішуць — «Дзятлаўская». І мяне папрасілі: «Не ўскладняй жыццё, станавіся ўжо Даронінай». 

— Як Вы пазнаёміліся са сваім будучым мужам? 

— Нечакана. Прыехала мыць машыну. Засталася не вельмі задаволеная работай і сказала, што трэба больш пільна ставіцца да сваіх абавязкаў і кліентаў. Аляксандр як уладальнік аўтамыйкі «праявіў уважлівасць» да крытыкі, выслухаў заўвагі і запрасіў мяне на каву. Так і пазнаёміліся. Адносіны развіваліся імкліва. Праз паўгода Саша зрабіў мне прапанову. 

— Вы верыце ў каханне з першага погляду? 

— У 20 гадоў я б сказала, так, а цяпер ужо — не. І не таму, што ў 30 год гэтага не можа здарыцца. Проста большасць жанчын у гэтым узросце, на мой погляд, ужо адрозніваюць закаханасць і каханне. З узростам пачынаеш «уключаць» галаву, разумееш, што трэба шанаваць у мужчыне. Чым мацнейшымі былі «мае каханні з першага погляду», тым хутчэй заканчваліся адносіны. З узростам прыйшла да пераканання: каханне — не данасць, не гарманальны ўсплёск, а вынік сумесных намаганняў. Гэта пачуццё «гадуюць» прыкладна гэтак жа, як дзіця.

— Вольга, вас не бянтэжыла, што Аляксандр можа не зразумець асаблівасцяў акцёрскай прафесіі, і гэта здольна разбурыць саюз? 

— Наадварот. У мяне былі ў свой час адносіны з аднакурснікам. У нейкі момант мяне перастала задавальняць, што ўсе зносіны «замыкаюцца» на прафесійных тэмах. З тых часоў зараклася мець спадарожніка жыцця — акцёра, ды і наогул мужчыну з творчага асяроддзя. Розныя сферы дзейнасці не перашкодзілі нам з Сашам зразумець і прыняць адно аднаго. У абодвух быў ужо няўдалы любоўны вопыт, мы шмат размаўлялі, нам цікава разам. 

— А не наведвалі сумненні: раптам не атрымаецца сумяшчаць сям’ю і тэатр, быць добрай жонкай, мамай і адначасова актрысай? 

— Я заўсёды ведала: галоўнае ў жыцці для мяне — сям’я. Досыць доўга была адна, гэты не самы шчаслівы час. Калі сам вырас у поўнай сям’і, і цябе атачалі цеплынёй, клопатам, увагай, то, вядома, хочацца звіць такое ж уласнае гняздо. Замужжа і мацярынства шмат чаго адкрылі для мяне. Я пераканалася, што запасы дабра, пяшчоты, кахання ў жанчыне бязмежныя. Нават не падазравала, што здольная столькі аддаваць. Спачатку я хутка стамлялася, шкадавала сябе, дазваляла ленавацца. Цяпер усё інакш. 

— Як у вашай сям’і размяркоўваюцца бытавыя абавязкі? 

— Гатую ў сям’і толькі я — раблю з задавальненнем усё, за выключэннем выпечкі: з цэстам не «сябрую». У Сашы з-за работы застаецца мала часу на быт. Але, калі яго просіш, ён лёгка далучаецца да ўсяго. І галоўнае — калі я чагосьці не паспяваю, для яго не праблема зрабіць гэта самому. Ён не з тых мужчын, хто сварыцца з-за нейкіх бытавых дробязяў. 

— Што можа хутка падняць вам настрой, калі стаміліся, нечым засмучаныя? 

— Любы догляд за сабой. Я — публічны чалавек, і мне важна выглядаць добра. А яшчэ ў такія моманты заўсёды хочацца пабыць сам-насам з сабой. Мару, каб дома з’явілася піяніна. Часам вельмі цягне пайграць на інструменце, «ачысціцца» музыкай, узвысіцца над будзённай мітуснёй. 

— У рэпертуары тэатра ёсць спектакль з выдатнай назвай — «Лёгкага жыцця ніхто не абяцаў»... У цэлым, як самі ахарактарызавалі б сваё цяперашняе жыццё? Што вам яшчэ ад яе хочацца? 

— Кожны дзень глядзіш на сваё жыццё пад розным вуглом зроку, па-рознаму яго ацэньваеш. Часам яно здаецца цяжкім, складаным, часам — невыносным, але часцей — удалым, цікавым, шчаслівым. Больш за ўсё мне хочацца гармоніі, каб хапала часу і на сям’ю, і на тэатр, і на сумесны адпачынак, які мару зрабіць нашай сямейнай традыцыяй. Яшчэ падумваю аб тым, каб асвоіць якую-небудзь новую прафесію.

Бліц: 

— Якія якасці дапамагаюць Вам у прафесіі? 

— Уменне чуць — рэжысёра, калег, сваю інтуіцыю. 

— З актрыс-сучасніц Вы вылучаеце…

— Расійскую актрысу Вікторыю Ісакаву.

— Якія кнігі Вы можаце перачытваць? 

— «Абломаў» І. Ганчарова, «Яўген Анегін» А. Пушкіна. 

— У мужчынскай знешнасці для Вас важныя... 

— Высокі рост і прыгожы тэмбр голасу. 

— Лепшая краіна для адпачынку, па-Вашаму, гэта... 

— З тых, дзе пабывала, — Чарнагорыя. 

— Сіла ці слабасць у жанчыне здаецца Вам прывабней? 

— Сучасныя жанчыны змушаныя быць моцнымі і незалежнымі. Але гэта не трэба дэманстраваць мужчынам. Сапраўднае мастацтва — быць моцнай, але пры гэтым не душыць, а натхняць. 

— Верыце ў жаночае сяброўства? 

— Так. У мяне ёсць сяброўка Алеся, з якой мы пазнаёміліся яшчэ ў дзіцячым садку. Падтрымліваем адносіны да гэтага часу: рэгулярна стэлефаноўваемся, дзелімся самым патаемным. Вельмі ёю даражу.

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Фота прадастаўлена субяседніцай

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

«Малако — паўнавартасны прадукт харчавання, а не напой, гэта важна ўлічваць».