Вы тут

Выстаўка «Зямля краваточыць гісторыяй» запрашае наведвальнікаў у НЦСМ


Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў запрашае на маштабны выставачны праект «Зямля краваточыць гісторыяй», які прымеркаваны да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Выстаўка распрацавана сумесна з вядучымі архіўнымі ўстановамі нашай краіны. Фотаздымкі, дакументы, відэаматэрыялы, успаміны сведкаў — маленькая частка жыцця, якая засталася нам пасля крывавых падзей мінулага.


Таццяна Савік «Страта». 2024 г.

Здаецца, тэма вайны ўжо шмат дзесяцігоддзяў з’яўляецца прадметам для даследаванняў, мастацкай творчасці і пісьменніцкай дзейнасці, але гэта не змяншае яе актуальнасці, бо кожны дзень навукоўцы, гісторыкі, журналісты і звычайныя людзі знаходзяць новыя звесткі пра той жорсткі час, які пакінуў глыбокі след у сэрцах беларусаў. Вялікай колькасці падручнікаў, артыкулаў, літаратурных твораў, жывапісных карцін і скульптур мала, каб адлюстраваць увесь маштаб трагедыі. І дагэтуль ёсць белыя плямы, што немагчыма запоўніць, бо сведкі падзей даўно загінулі, абараняючы радзіму ад фашызму і знішчэння нацыі. 

Выставачны праект знаёміць з эксклюзіўнымі архіўнымі фота і відэаматэрыяламі, біяграфічнымі звесткамі салдат і мірных жыхароў, якія аддалі жыццё за свабоду. Выстаўка падзелена на тэматычныя зоны, дзе падрабязна асветлены пэўныя аспекты Вялікай Айчыннай вайны. Сустракае наведвальнікаў фотаэкспазіцыя, якая складаецца са здымкаў з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў. Большая частка матэрыялаў датуецца 1943 годам, месцы падзей — Мінск, Віцебск і іншыя гарады Беларусі. Чорна-белыя фрагменты чалавечага жыцця назаўсёды засталіся на фота нямецкіх салдат. Звычайныя беларускія дзяўчаты ў падраным адзенні і хустках, апусцелы двор калгасніка, старая жанчына, якую нямецкія фатографы апісалі як тыповую прадстаўніцу беларускага народа.

Побач з фотаздымкамі — праект Таццяны Савік «Страта», выкананы з ляўкасу і тэмперы. Кампазіцыя ўяляе сабой шэраг партрэтаў, на кожным з іх у чалавека замест нейкай часткі твару чорная пляма як сімвал страты не толькі жыцця, але і душы. Спалучэнне архіўных фотаздымкаў і мастацкага погляду на жорсткія падзеі мінулага паказвае вайну з розных бакоў — фактаў і пачуццяў.

Раздзел, прысвечаны генацыду яўрэйскага насельніцтва, якое ў вялікай колькасці пражывала на тэрыторыі Беларусі, аддзелены ад астатняй экспазіцыі палатном з выявай калючага дроту і таблічкай: «Предупреждение. В пролезающих через забор будут стрелять!» Асацыяцыя з гета і канцэнтрацыйным лагерам. Трапляючы ўнутр памяшкання, нельга не звярнуць увагу на вялікую фотаэкспазіцыю. Тут можна азнаёміцца з фотаздымкамі, лістамі і ўспамінамі яўрэяў, якія жылі ў Мінскім гета. Сталыя людзі, маладыя дзяўчаты, цэлыя сем’і з маленькімі дзецьмі былі знішчаны. Экспанаты — з архіваў Саюза беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і абшчын.

Наступная імправізаваная зала расказвае пра подзвігі партызанскіх атрадаў, якія дзейнічалі на тэрыторыі Беларусі. Акрамя агульнай інфармацыі, тут можна знайсці асабістыя звесткі пра вядомых і не вельмі партызан. Праз партрэты камандзіраў, кулямётчыц, мінёраў можна ўбачыць вайну вачыма сведкаў, тых, хто застаўся там — на полі бою. Афармленне залы, выкананае з дапамогай звычайных галін, падсвечаных ярка-зяленым полымем, быццам перамяшчае ў цёмны беларускі лес, дзе выконвалі свае заданні смелыя партызаны.

Тэма партызанскай і падпольнай барацьбы працягваецца на другім паверсе. Тут, у невялікім пакойчыку, можна паслухаць аўдыязапісы ўспамінаў салдат, якія вызвалялі беларускія вёскі. Наведванне гэтай часткі экспазіцыі патрабуе пэўнай мужнасці і маральнай стойкасці. Размешчаныя фотаздымкі з выявамі забітых дзяцей і старых вельмі ўражлівым могуць нанесці псіхалагічную траўму. Дапаўненнем да фотаэкспазіцыі служаць архіўныя копіі абвяшчэння нямецкага палявога каменданта аб расстрэле мужчын, аб’явы нямецкага камісара, мастацкія работы Юліі Цярэшкі «Рэха», Лізаветы Янковай «Аблічча вайны», Аляксандра Трускоўскага «Шлях Чырвонага».

Асобная зала прысвечана канцэнтрацыйным лагерам, ахвярам «Асвенціма», «Малога Трасцянца» і іншых. Тут можна ўбачыць фотаздымкі людзей перад тым, як іх завядуць у газавую камеру. Жанчыны, дзеці, старыя хацелі жыць. Пра гэта сведчаць звычайныя паўсядзённыя рэчы, якія ахвяры бралі з сабой у лагер: зубныя шчоткі, акуляры, пэндзлікі для галення...

Фота з фонда БДАМЛМ. «Генацыд». 1981 г.

Праз пакуты, слёзы і боль савецкі народ прыйшоў да перамогі. Дачакаліся яе не ўсе. Прысуды нямецка-фашысцкім захопнікам былі вынесены на Нюрнбергскім працэсе. Каты атрымалі заслужанае пакаранне, але мільёны забітых на крывавай вайне не дачакаліся гэтага моманту. Маштабныя работы па пахаванні расстраляных жыхароў, ваеннапалонных цяпер засталіся для нас у выглядзе мемарыялаў і помнікаў. 

Выстаўку трэба наведаць усім тым, хто шануе мінулае. Такія праекты садзейнічаюць захаванню нашай гісторыі і памяці беларускага народа.

Выстаўка працуе да 25 жніўня.

Лізавета КРУПЯНЬКОВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Культура

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Юная артыстка, якая арганічна падае сябе ў розных вобразах і жанрах. 

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.