У гэтым годзе ўпершыню ў нашай краіне прайшоў Рэспубліканскі фестываль паэзіі «Масты сугучнасці», які сабраў гасцей і творцаў у горадзе Масты Гродзенскай вобласці. Мерапрыемства аб’яднала паэтаў і чытачоў з розных куткоў Беларусі. Аматары паэтычнага слова атрымалі магчымасць прэзентаваць свае творы, мовазнаўцы і літаратуразнаўцы — абмеркаваць тэндэнцыі ў сучаснай літаратуры, а прыхільнікі творчасці беларускіх аўтараў — набыць любімую кнігу і атрымаць аўтограф аўтара.
Горад Масты стаў пляцоўкай для правядзення фестывалю не проста так. Шмат пісьменнікаў нарадзіліся менавіта тут. Жыхары горада многа зрабілі для развіцця літаратуры і мастацтва не толькі ў сваім раёне і вобласці, але і па ўсёй Беларусі. І сёння, дзякуючы плённай працы Гудзевіцкага дзяржаўнага літаратурна-краязнаўчага музея, Мастоўскага раённага аддзела культуры, Саюза пісьменнікаў Беларусі, працягваецца захаванне нацыянальных традыцый, іх пашырэнне, далучэнне таленавітай моладзі да развіцця і папулярызацыі беларускай культурнай спадчыны ў рэгіёне.
Багатае літаратурнае мінулае Мастоўшчыны стала важкім фундаментам для правядзення І Рэспубліканскага фестывалю паэзіі «Масты сугучнасці». У мерапрыемстве ўдзельнічалі паэты — члены Саюза пісьменнікаў Беларусі з усіх абласцей, паэты-аматары г. Масты і Мастоўскага раёна, даследчыкі, тэарэтыкі паэтычнага мастацтва.
Пачаўся фестываль з міні-экскурсіі па гістарычным цэнтры горада і яго галоўнай славутасці — самым доўгім падвесным мосце ў Беларусі (193 м). Гэты сімвал горада з’яўляецца месцам прыцягнення не толькі турыстаў, але і ўсіх аматараў цішыні і гармоніі, закаханых падлеткаў і мясцовых маладых пар, якія святкуюць шлюбы амаль на Нёмане. Канешне, падвесны мост не прызначаны для такіх нагрузак, але штогод можна ўбачыць каляровыя замкі, якія маладыя вешаюць для доўгага і шчаслівага сумеснага жыцця. Мост быў урачыста адкрыты ў 1972 годзе, у той час юнакі любілі жартаваць і раскачвалі мост, але пазней, падчас рэканструкцыі, яго ўмацавалі, і цяпер такія жарты забыты.
Асноўнай пляцоўкай для правядзення фестывалю стала Мастоўская раённая бібліятэка. Дырэктар Таццяна Стэльмах правяла для гасцей экскурсію. Бібліятэка заснавана ў 1939 годзе. Тады яна садзейнічала духоўнаму і культурнаму яднанню беларускага народа, які да гэтага часу быў падзелены мяжой. У перыяд з 2020 да 2022 гг. была праведзена маштабная мадэрнізацыя будынка. Сёння Мастоўскую раённую бібліятэку можна назваць прыкладам для раённых кніжніц не толькі вобласці, але і ўсёй Беларусі. Установа займае толькі два паверхі,але які аб’ём ведаў, культурнай спадчыны!.. Універсальны кніжны фонд складаецца з больш чым 225 000 экзэмпляраў дакументаў, а штогод бібліятэка абслугоўвае звыш 6500 чытачоў.
На першым паверсе наведвальнікі трапляюць у дарослы абанемент, дзе прапануюць кнігі на любыя тэмы. Яркае афармленне стэндаў, сучасны дызайн і якасная літаратура на паліцах прывабліваюць чытачоў з рознымі кніжнымі зацікаўленнямі. Таксама на першым паверсе размешчана канферэнц-зала, да якой мы вернемся пазней.
Вышэй знаходзіцца дзіцячая чытальная зала, гульнявы пакой і тэатр ценяў. На самай справе, гэты паверх можа аднолькава спадабацца і дзецям, і дарослым. Кніжныя шафы незвычайных формы і памераў, розныя настольныя гульні, каляровая мэбля ствараюць атмасферу фантастычнага свету, пра які так часта любяць чытаць дзеці. Шырокі выбар беларускай, рускай і замежнай літаратуры дапамагае знайсці любімы твор. Чытальная зала, па словах Таццяны Стэльмах, сёння не толькі для чытання, але і для розных мерапрыемстваў — алімпіяд, конкурсаў і інш. Камп’ютарная тэхніка, інтэрактыўныя гульні прыцягваюць дзяцей. Але для гульняў у бібліятэцы існуе асобны пакой, які распрацаваны з улікам тэхнікі бяспекі, з выкарыстаннем сучасных інтэр’ерных рашэнняў. У межах экскурсіі для наведвальнікаў і ўдзельнікаў фестывалю прайшоў паказ невялікай пастаноўкі ў тэатры ценяў. Супрацоўнікі бібліятэкі паставілі сцэнку да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. «У будучыні плануем развіваць такія кірункі творчай дзейнасці, як тэатр ценяў, лялечны і пальчыкавы тэатр, якія садзейнічаюць раскрыццю асобы і таленту маладых чытачоў», — падзялілася планамі Таццяна Стэльмах. Акрамя кніг і творчай актыўнасці, супрацоўнікі музея зацікаўліваюць дзяцей экскурсіямі ў міні-музей «Свет дакамп’ютарнай тэхнікі», у якім ажывае зусім нядаўняя гісторыя. У экспазіцыі прадстаўлена дакамп’ютарная тэхніка (звыш 40 экспанатаў), што выкарыстоўвалася ў ХХ стагоддзі.
Але вяртаемся на першы паверх у канферэнц-залу, дзе пачаў сваю работу круглы стол «Паэзія на ўсе часы: творы і творцы». На круглым стале абмяркоўвалі важныя пытанні сучаснай паэзіі, папулярныя тэмы беларускіх паэтаў, іх уклад у развіццё нацыянальнай літаратуры. З дакладамі выступілі Людміла Кебіч, Дзмітрый Радзівончык, Таццяна Дземідовіч, Уладзімір Сенькавец, Уладзімір Гаўрыловіч, Алег Ананьеў, Рагнед Малахоўскі, Валянціна Драбышэўская, Алена Кісель і іншыя.
«Я лічу, што першы фестываль, прысвечаны паэзіі, адбыўся на Гродзеншчыне невыпадкова. Таму што тут спакон веку жылі паэты, чые імёны добра ведаюць па ўсёй Беларусі. Чаму менавіта паэзія? Яна адкрывае шлях да дыялогу, паказвае, што ўсіх нас, дзе б мы ні былі, хвалююць адны і тыя ж пытанні і пачуцці. Паэзія — адна з граняў нашай свабоды, сведка нашай прыналежнасці да чалавечага роду», — з такімі прывітальнымі словамі звярнулася да ўдзельнікаў круглага стала старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення СПБ Людміла Кебіч. Тэматыку выступленняў можна падзяліць на некалькі катэгорый: у першай даследчыкі расказваюць пра тэмы Вялікай Айчыннай вайны, любові да малой радзімы ў творчасці беларускіх паэтаў, у другой прэзентуюць новыя кнігі і зборнікі маладых аўтараў, а ў трэцяй разглядаюць праблемы і тэндэнцыі ў сучаснай літаратуры. Апошнюю катэгорыю можна назваць самай важнай, бо менавіта тут аўтары паказваюць надзённыя клопаты творцаў любога ўзросту і разважаюць пра перспектывы сучаснага літаратурнага працэсу. Паэт Рагнед Малахоўскі выступіў з тэмай «Паэтычнае слова моладзі ў сучаснай літаратуры». Як адзначыў пісьменнік, адным з негатыўных наступстваў развіцця інтэрнэту і сацыяльных сетак стала тое, што маладыя аўтары аддаюць перавагу публікацыі сваіх твораў на розных анлайн-платформах, а не ў сродках масавай інфармацыі. «Гэта можна растлумачыць розніцай хуткасці рэакцыі, якую атрымліваюць паэты і празаікі на свае творы. У інтэрнэце яны хутка атрымаюць „лайк“ ці каментарый, што ў сітуацыі са СМІ зрабіць складаней», — расказвае Рагнед Малахоўскі. «На жаль, шмат маладых беларускіх паэтаў пачынаюць друкавацца ў расійскіх сродках масавай інфармацыі, з-за чаго потым пазіцыянуюць сябе як расійскія літаратары», — заўважыў публіцыст. Цікавую тэму ўзняла член СПБ, празаік і літаратурны крытык Алена Кісель, якая выступіла з дакладам «Ці можа састарэць паэзія?».
Пісьменніца прааналізавала паэтычныя творы розных гістарычных перыядаў і вылучыла шэраг праблем сучаснай паэзіі. «У літаратуры людзі заўсёды імкнуліся прытрымлівацца балансу: захоўваць вопыт мінулых пакаленняў і знаходзіць новыя спосабы для выказвання сваіх пачуццяў і думак у паэтычнай форме», — падкрэсліла Алена Кісель. Аднак даследчыца адзначыла, што школьная літаратура, якая амаль цалкам з’яўляецца класічнай, выхоўвае будучае пакаленне, у тым ліку і паэтаў. Таму практычна ў кожным сучасным творы можна заўважыць пушкінскія ці купалаўскія матывы. Класіку ведаць і шанаваць добра, але выкарыстанне звыклых рыфм, метафар і іншых мастацкіх сродкаў робіць літаратуру бяднейшай. Як рашэнне Алена Кісель прапаноўвае ўключыць у школьную праграму творы сучасных беларускіх аўтараў, каб маладыя паэты на іх прыкладзе даведваліся пра новыя мастацкія прыёмы і літаратурныя тэндэнцыі.
Пасля завяршэння круглага стала для чытачоў былі арганізаваны творчыя сустрэчы з пісьменнікамі ў бібліятэцы, Мастоўскім раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі і ў сярэдняй школе № 2 імя Героя Савецкага саюза В. П. Жукава. Удзельнікамі сталі як мясцовыя паэты-аматары, так і члены Саюза пісьменнікаў Беларусі. Пісьменнікі прэзентавалі свае творы, а чытачы задавалі пытанні, якія іх хвалююць.
Госці і ўдзельнікі фестывалю таксама наведалі Гудзевіцкі дзяржаўны літаратурна-краязнаўчы музей, дзе пазнаёміліся з мясцовай народнай творчасцю і літаратурным мастацтвам.
Першы фестываль паэзіі «Масты сугучнасці» — важная падзея не толькі для пісьменнікаў, але і для ўсіх неабыякавых да культурнага развіцця нашай радзімы. У будучыні праект можа стаць маштабнай літаратурнай пляцоўкай для пачынаючых і ўжо вядомых аўтараў, дзе сувязь паміж пісьменнікам і чытачом становіцца мацнейшай.
Лізавета КРУПЯНЬКОВА
На прасторах яе вялікасці кнігі.