Вы тут

Беларуская літаратура ў свеце: з хронікі творчага жыцця ў 1966—1985 гады


Ліпень 1976 года. У Старым Двары Шчучынскага раёна адзначаюць 100-годдзе з дня нараджэння Цёткі. Праводзіцца Рэспубліканскае свята паэзіі. З гасцей з-за межаў рэспублікі — Р. Рэтуракіс, П. Палілёніс (Літва)... Ужо ў наш час неаднойчы ў літоўскім перыядычным друку з расповедамі пра Цётку, яе повязь з Літвой выступаў публіцыст, пісьменнік Вітаўтас Жэймантас. Дарэчы, член Саюза пісьменнікаў Беларусі. 15 ліпеня ў Доме літаратара адбыўся вечар да 100-годдзя Цёткі. Былі і госці з Украіны, Літвы. Выступілі Р. Куранёў (ён з’яўляецца перакладчыкам вершаў легендарнай Алаізы Пашкевіч на рускую мову), Р. Лубкіўскі (Украіна), Л. Хлівіцкас (Літва). Сёння рэдкая з’ява, калі хтосьці з замежнікаў звяртаецца да перакладаў класічнай паэзіі на іншыя мовы. І ўсё ж ёсць уражальныя прыклады. Вершы нашай Цёткі (Алаізы Пашкевіч) пераклалі на кітайскую мову. Перакладчыкам выступіў прафесар Гу Юй. Спецыяльная перадача, прысвечаная Цётцы, была падрыхтавана ў 1976 годзе прэс-службай ЮНЕСКА. Прозвішча нашай беларускай паэтэсы было ўключана ў каляндар самых выдатных дат і падзей, які распаўсюджвае ЮНЕСКА. 


«Цудоўны край Беларусі».

Сёння свет знаходзіцца ў стане варажнечы. Адбываюцца падзеі, якія разбураюць традыцыйныя культурныя стасункі. І таму варта яшчэ болей уважліва падыходзіць да міжнароднага гуманітарнага супрацоўніцтва. Чаму б не выступіць нашай краіне, напрыклад, ініцыятарам стварэння Календара памятных дат і падзей краін ШАС альбо Календара памятных дат і падзей краін Еўразійскага эканамічнага саюза? Аб’ядноўвае ж, напрыклад, ЦЮРКСОЙ гуманітарныя і асветніцкія ініцыятывы. Нават Саюз пісьменнікаў цюркамоўных краін створаны. 

7 верасня ў Доме літаратара адбылася сустрэча балгарскіх гасцей з беларускімі пісьменнікамі. Выступілі І. Шамякін, К. Калчаў (Балгарыя), Н. Гілевіч. Ніл Сямёнавіч заўважыў, што на беларускай мове прадстаўлены на той час творы не менш як 200 балгарскіх пісьменнікаў. Сёння балгарскую паэзію і прозу на беларускую мову перакладаюць усё радзей і радзей. Ці, пэўна, не перакладаюць зусім. Няма Ніла Гілевіча, Ванкарэма Нікіфаровіча, Уладзіміра Анісковіча, Васіля Сахарчука, іншых рупліўцаў — няма і новых перакладчыцкіх здзяйсненняў... З 2019 года ўзноўлены альманах перакладной літаратуры «Далягляды», праўда, быў пропуск у 2022-м. Можа быць, гэтае выданне верне былую ўвагу да балгарскай паэзіі і прозы?

Напрыканцы кастрычніка ў Берліне адкрылася чацвёртая канферэнцыя ЮНЕСКА «Славянскія культуры ў гісторыі еўрапейскіх культур (XVIII—XX стст.)». Выступалі амаль 200 дакладчыкаў з 24 краін. Беларусь прадстаўлялі пісьменнік Алесь Адамовіч, літаратуразнавец і публіцыст Адам Мальдзіс, вучоныя Яўгеній Бабосаў, Леанід Дробаў, Тамара Чарняўская. З дакладамі выступілі Адам Мальдзіс і Алесь Адамовіч. 

5 снежня ў Доме літаратара адбыўся вечар балгарскай паэзіі. Разам з беларускімі паэтамі выступілі і госці з Балгарыі. Стасункі з Балгарыяй — ці не самыя выразныя на фоне іншых еўрапейскіх дзяржаў. Уражанне такое, што Сафія, увогуле Балгарыя — літаральна па суседстве.

1977 год. У Мінску на працягу шасці дзён знаходзіўся англійскі паэт Уолтэр Мэй. Перакладчык прыняў удзел у пасяджэнні секцыі мастацкага перакладу ў СП БССР. Нагадаем, што У. Мэй (1912–2006) першыя пераклады з беларускай літаратуры надрукаваў яшчэ ў 1968 годзе. Гэтаму выдатнаму мастаку слова належаць пераўвасабленні твораў 59 беларускіх паэтаў у анталогіі «Цудоўны край Беларусі». 

25 мая ў мінскім Доме афіцэраў адбыўся вечар дружбы літаратур народаў СССР, прысвечаны 60-годдзю Вялікага Кастрычніка. Прынялі ўдзел пісьменнікі з Масквы, Ленінграда, Украіны, Латвіі, Туркменіі, Таджыкістана, Беларусі. 

26 мая ў Доме літаратара пачаў працаваць пленум СП БССР на тэму «Інтэрнацыянальныя сувязі беларускай савецкай літаратуры». Чым не тэма для абмеркавання сённяшнім складам Саюза пісьменнікаў Беларусі?! Тым больш што і мінскімі літаратарамі, і тымі, хто працуе ў рэгіёнах, надзвычай шмат робіцца ў гэтым кірунку. Плённа развіваюцца беларуска-казахскія, беларуска-ўзбекскія, беларуска-башкірскія, беларуска-марыйскія літаратурныя сувязі. 

21 чэрвеня ў госці да беларускіх пісьменнікаў у Дом літаратара прыйшоў Генеральны консул ГДР у Мінску Мапольд Волерт. Ён падарыў бібліятэчку з кніг беларускіх пісьменнікаў, выдадзеных на нямецкай мове (І. Мележа, І. Шамякіна, В. Быкава, Я. Брыля, А. Адамовіча). 

У ліпені прайшлі Дні Эстонскай ССР у Беларусі. Была адкрыта ў Доме работнікаў мастацтваў і выстаўка эстонскай кнігі. А перад гэтым у маі ў Таліне прайшла выстаўка кніг, выдадзеных апошнім часам у БССР. 

У нямецкім штотыднёвіку «Die Weltbuhne» надрукавана інтэрв’ю Кэмпэна Дэтмана «„Фаўст“ у Мінску», дзе падкрэсліваецца, што выхад кнігі Гётэ ў перакладзе на беларускую мову з’яўляецца выключнай падзеяй. Нагадаем, што «Фаўст» у перакладзе лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Васіля Сёмухі выдаваўся ў нашай краіне чатыры разы — у 1976, 1991, 1996 і 1999 гадах. За сваю плённую перакладчыцкую дзейнасць Васіль Сёмуха адзначаны ордэнам «За заслугі перад Федэратыўнай Рэспублікай Германіяй» (2001), «Ордэнам трох зорак» (Латвія). 

Выданне ў перакладзе В. Сёмухі, 1976 г.

У верасні 1977 года ў СП БССР прайшло пасяджэнне бюро секцыі мастацкага перакладу. Абмеркавалі творчасць перакладчыкаў В. Сёмухі і К. Шэрмана. Абодва зрабілі неверагодна шмат для прадстаўлення іншых нацыянальных літаратур у Беларусі, а Карлас Шэрман — яшчэ і для прадстаўлення беларускай літаратуры ў свеце. У яго перакладах на іспанскую мову пабачылі свет «Мая Бесядзь» Аркадзя Куляшова, «Конь і леў» Максіма Танка, беларускія народныя казкі ў апрацоўцы Алеся Якімовіча (усе ў 1976 г.), «Шлюбная ноч» Івана Шамякіна, «Дажыць да світання», «Абеліск» і «У тумане» Васіля Быкава, паэзія Янкі Купалы і Якуба Коласа, «Плач перапёлкі» Івана Чыгрынава, «Загад № 1» Мікалая Чаргінца. Асобныя кнігі беларускай прозы і паэзіі на іспанскай мове выходзілі ў Мінску. Такая практыка — выданне кніг беларускай мастацкай літаратуры на замежных мовах айчыннымі выдавецтвамі — існавала ў тыя часы ў «Мастацкай літаратуры» і «Юнацтве». Чаму б яе не ўзнавіць? Гэта, безумоўна, паспрыяла б пашырэнню прасторы ведання пра нашу літаратуру. У Беларусі сёння вучыцца процьма замежных не толькі студэнтаў, але і магістрантаў, аспірантаў. Выходзіць на англійскай мове (некаторыя старонкі штомесячніка — і па-кітайску) часопіс «Беларусь». На яго старонках, дарэчы, у апошнія гады былі надрукаваны творы беларускіх пісьменнікаў Якуба Коласа, Янкі Купалы, Цёткі, Максіма Багдановіча, Навума Гальпяровіча ў перакладзе Гу Юя, творы Кацярыны Хадасевіч-Лісавой, Генадзя Аўласенкі, Людмілы Рублеўскай, «Дзікае паляванне караля Стаха» Уладзіміра Караткевіча ў перакладзе Сунь Фаньці на кітайскую мову. У гэтым выданні пераклады маглі б змяшчацца і па-англійску. Асабліва перастварэнні твораў сучасных паэтаў і празаікаў, якіх і на рускую мову не так часта перакладаюць... На пасяджэнні бюро секцыі мастацкага перакладу выступіў Язэп Семяжон, які расказаў пра ўдзел савецкай дэлегацыі ў рабоце чарговага камітэта Міжнароднай асацыяцыі перакладчыкаў у Манрэалі (Канада). 

У снежні 1977 г. адбыўся вечар славутага дагестанскага паэта Расула Гамзатава. Разам з беларускімі творцамі выступіў 
і сам дагестанскі, аварскі лірык. 

1978 год. У студзені старшыня праўлення Саюза пісьменнікаў БССР Максім Танк прымае ў Доме літаратара Генеральнага консула ГДР Сільвестра Бернатэка і консула Ульрыха Дамса. Ішла размова пра ўмацаванне творчых кантактаў паміж пісьменнікамі БССР і ГДР. На прыёме прысутнічалі І. Шамякін, А. Макаёнак, А. Вярцінскі, Б. Сачанка, І. Чыгрынаў, У. Ліпскі, М. Кругавых. Варта заўважыць, што і ў наш час падобная практыка сустрэч з замежнымі дыпламатамі прадаўжаецца. У прыватнасці, у 2022–2023 гг. у Саюзе пісьменнікаў Беларусі прайшлі сустрэчы кіраўніцтва творчай арганізацыі з надзвычайнымі і паўнамоцнымі пасламі Таджыкістана, Туркменістана, Узбекістана, Пакістана і іншых краін, якія ўзначальваюць дыпламатычныя місіі ў нашай дзяржаве. 

У выніку гэтых сустрэч нараджаюцца розныя асветніцкія і кніжныя праекты. 

6–9 лютага ў Мінску ў Доме літаратара праходзіць канферэнцыя «Гераізм савецкіх людзей у гады Вялікай Айчыннай вайны і сучасная дакументальная літаратура». Удзел прынялі Канстанцін Сіманаў, Юрый Збанацкі, Данііл Гранін, Яўгеній Вараб’ёў, Дзмітрый Гусараў, Анатоль Бачароў і іншыя. Алесь Адамовіч выступіў з дакладам «У суаўтарстве з народам». 

У маі ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі адбыліся два вечары-сустрэчы з рускім паэтам Андрэем Вазнясенскім. Паэт, празаік, мастак, архітэктар Андрэй Андрэевіч Вазнясенскі (1933–2010) добра вядомы ў Беларусі. У 1980 годзе ў Мінску выйшла яго кніга на беларускай мове «Небам адзіным» у серыі «Паэзія народаў СССР». Перакладчык — Рыгор Барадулін. Рускі паэт неаднойчы прыязджаў у Беларусь. Гасцяваў у ваколіцах Белавежскай пушчы, у Камянецкім раёне, на Свіцязі, у Навагрудскай старонцы. Напісаў шэраг твораў, прысвечаных гэтым мясцінам, а таксама дзеячам літаратуры і мастацтва Беларусі — Васілю Быкаву, Яўгену Будзінасу. 

Фота Юрыя Іванова. На ім — Уладзімір Бядуля і Андрэй Вазнясенскі, 1975 г.

Адзін з твораў — кароткую паэму — ён прысвяціў двойчы Герою Сацыялістычнай Працы старшыні калгаса «Савецкая Беларусь» Уладзіміру Бядулю. У 1998 годзе Саюз пісьменнікаў правёў на беразе Свіцязі Свята паэзіі з удзелам Андрэя Вазнясенскага. 

28 чэрвеня ў Аддзяленні грамадскіх навук АН БССР прайшла навуковая юбілейная сесія, прысвечаная 150-годдзю з дня нараджэння М. Г. Чарнышэўскага. 

З уступным словам выступіў М. Бірыла. Прынялі ўдзел Кандрат Крапіва, супрацоўнікі гуманітарных акадэмічных інстытутаў. 

9 ліпеня ў Мікалаеўшчыне (Стаўбцоўскі раён), на радзіме Якуба Коласа, прайшло свята паэзіі. Прынялі ўдзел пісьменнікі Літвы, Латвіі, Украіны, Масквы, Ленінграда. 

У штаце Карнатака (Індыя) выдадзены зборнік апавяданняў беларускіх пісьменнікаў «Лясная песня». Пераклаў творы П. Пестрака, Я. Скрыгана, У. Караткевіча, А. Васілевіч, М. Стральцова, К. Чорнага, І. Навуменкі, А. Куляшова, В. Быкава на мову канада Б. Кацімані. У Індыі ў розныя гады пабывалі Янка Брыль, Алесь Адамовіч, Уладзімір Гніламёдаў... Доўгі час у Дэлі працаваў беларускі паэт, журналіст і перакладчык Юрый Сапажкоў (1940–2013), які пісаў на рускай мове і перакладаў беларускую паэзію на рускую мову. У Дэлі пабачыў свет яго паэтычны зборнік на англійскай мове і на мовах народаў Індыі. 

7 верасня ў Белдзяржфілармоніі адбылося ўрачыстае пасяджэнне, прысвечанае 150-годдзю з дня нараджэння Л. М. Талстога. З уступным словам «Святло праўды нёс» выступіў народны паэт Беларусі Пятрусь Броўка. Першыя кнігі Л. М. Талстога па-беларуску пабачылі свет напрыканцы 1920 — у пачатку 1930-х гадоў у Вільні і Мінску («Ці шмат чалавеку трэба і іншыя апавяданні», «Ад чаго зло на свеце», «Хаджы-Мурат»). Пра Льва Мікалаевіча шмат пісалі беларускія літаратуразнаўцы, пісьменнікі. У 1981 годзе пабачыла свет кніга «Леў Талстой і Беларусь». Да тэмы беларускіх карэспандэнтаў класіка рускай літаратуры неаднойчы звяртаўся ў сваіх публікацыях, у кнізе «Народ нам издревле родной...» Сямён Букчын... Інфармацыя пра святкаванне юбілеяў класікаў іншых літаратур, найперш — класікаў рускай літаратуры, сведчыць пра тое, што існавала выдатная традыцыя агляду здзяйсненняў сусветнага маштабу, традыцыя судакранання з жыццём і творчасцю велічынь прыгожага пісьменства. На вялікі жаль, вопыт ранейшых дзесяцігоддзяў у 1990-я, а пасля і ў першыя дзесяцігоддзі новага стагоддзя змізарнеў. Хіба што юбілеі А. С. Пушкіна па-ранейшаму застаюцца ў кантэксце культурнага, асветніцкага і літаратурнага жыцця. Ды і Сіманаўскія чытанні ў Магілёве — таксама непарушная, на шчасце, традыцыя. 

У верасні ў Беларускім таварыстве дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі адбылося адкрыццё Дэкады балгарскай кнігі ў БССР. Была арганізавана выстаўка апошніх балгарскіх выданняў. 

У лістападзе ў Тэгеране (Іран) журы міжнароднага Савета па дзіцячай літаратуры прысудзіла Ганаровы дыплом Ханса Крысціяна Андэрсена шэрагу савецкіх пісьменнікаў. Васіль Вітка быў адзначаны за кнігу «Казкі». Творы класіка беларускай дзіцячай літаратуры перакладзены на латышскую, украінскую, англійскую, сербскую, славацкую, эстонскую, польскую, чэшскую, нямецкую, эстонскую, туркменскую і іншыя мовы народаў свету. 

Расул Гамзатаў.

На пачатку снежня ў Літве прайшло Свята беларускай і літоўскай паэзіі. 

Удзел прынялі Анатоль Вярцінскі, Максім Танк, Васіль Вітка, Аляксей Пысін, Алесь Разанаў. Такія святы, паездкі ў суседнія рэспублікі і за мяжу пашыралі кругагляд, творчую праблематыку, падштурхоўвалі да нараджэння новых твораў. Не кажучы ўжо пра тое, што дапамагалі болей грунтоўна ўсталявацца перакладчыцкім сувязям. 

1979 год. У студзені ў Цэнтральным доме літаратараў імя А. А. Фадзеева прайшоў вечар беларускай літаратуры, прысвечаны 60-годдзю БССР і КПБ. З уступным словам выступіў даўні сябар беларускай літаратуры паэт Аляксей Суркоў, удзельнік вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Выступілі на вечары Максім Танк, Іван Шамякін, Алесь Петрашкевіч, Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Анатоль Вярцінскі, Анатоль Грачанікаў, Ніл Гілевіч, Васіль Зуёнак, Яўгенія Янішчыц. Гучалі вершы беларускіх паэтаў і песні ў выкананні славутага ансамбля «Песняры». 

2 лютага ў Мінску ў Доме літаратара адбыліся Дні кубінскай літаратуры, прысвечаныя 20-й гадавіне рэвалюцыі на Востраве Свабоды. З прывітальным словам выступіў Максім Танк. Мелі слова і кубінскія пісьменнікі Вальда Лейва, Дзесідзерна, перакладчыца Таццяна Горская. 

У красавіку ў Беларусь наведаўся балгарскі крытык і літаратуразнаўца Любен Геаргаеў. У гутарцы з ім прынялі ўдзел Максім Танк і Іван Чыгрынаў. 

11 мая ў Мінск прыехаў іспанскі пісьменнік Рамон Хіль (па запрашэнні маскоўскага выдавецтва «Прогресс» ён знаходзіўся ў СССР з мэтай напісання кнігі пра Савецкі Саюз). У Доме літаратара яго прыняў сакратар СП БССР А. Вярцінскі. Іспанскі пісьменнік узяў інтэрв’ю ў Яўгеніі Янішчыц. 

У чэрвені 1979 года на пасяджэнні ЮНЕСКА ў Парыжы з дакладамі, прысвечанымі Ф. Скарыну, выступілі беларускія даследчыкі Г. Галенчанка, В. Чамярыцкі, В. Шматаў. Скарыназнаўства ў 1970–1990-я гады было на ўздыме. І пісьменнікі актыўна ўдзельнічалі ў раскрыцці тэмы мастацкімі сродкамі. З’яўляліся новыя паэтычныя, празаічныя, драматургічныя творы. Як прыклад — раман Алега Лойкі пра першадрукара, яго кніга пра Францыска Скарыну ў маскоўскай серыі «ЖЗЛ». А яшчэ — драматычная паэма Міколы Арочкі «Судны дзень Скарыны». Праўда, ужо ў новым, XXI, стагоддзі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь абвясціла конкурс на найлепшую п’есу на скарынаўскую тэму. І як адзін з вынікаў — выданне калектыўнага тэматычнага зборніка п’ес. Праўда, сёння, здаецца, ніводная з іх не ідзе ў беларускіх тэатрах. Цікавым кніжным праектам можна лічыць выданне «Францыск Скарына на мовах народаў свету» (чатыры выданні з 2015 да 2019 года!), дзе пад адной вокладкай было сабрана каля 70 перакладаў на розныя мовы ўрыўка з прадмовы Скарыны да кнігі «Юдзіф». 

Адно з мерапрыемстваў чэрвеня 1979 г. падаецца вельмі ўражальным і вартым пераймання нават праз дзесяцігоддзі. У калгасе імя Урыцкага Гомельскай вобласці ўсесаюзны часопіс «Театр» арганізаваў круглы стол на тэму «Праблемы савецкай вёскі і іх адлюстраванне ў мастацтве». Вёў круглы стол Іван Шамякін. 

У ліпені Мінск наведаў балгарскі перакладчык і літаратуразнавец Сімяон Уладзіміраў, перакладчык твораў Кузьмы Чорнага, Івана Шамякіна, Івана Чыгрынава, Міхася Стральцова, Уладзіміра Караткевіча на балгарскую мову, аўтар артыкулаў, рэцэнзій, прысвечаных беларускай літаратуры. 

У жніўні 1979-га госця Беларусі, беларускіх пісьменнікаў — кубінскі літаратар Нідзія Сарбія. Сустрэлася 
з А. Вярцінскім, М. Матукоўскім. Кубінская пісьменніца на той час — член камісіі па гісторыі пры Дзяржаўным Савеце Рэспублікі Куба, начальнік аддзела Цэнтра па вывучэнні спадчыны Хасэ Марці. 

У кастрычніку ў Доме літаратара па прапанове часопіса «Литературная учеба» прайшоў круглы стол на тэму «Кірункі пошуку маладых, герой сучаснага апавядання, форма і змест паэтычнага твора». Вёў дыскусію У. Эстаў. З беларускага боку прымалі ўдзел М. Лужанін, Т. Бондар, Д. Бугаёў і інш. Зразумела, што ў той час — у 1970–1980-я гг. — быў даволі шырокі спектр магчымасцей для наладжвання дыскусій. Але і сёння не варта абмінаць такі кірунак. Прыязджаюць жа перыядычна ў Беларусь супрацоўнікі і часопісаў «Наш современник», «Юность», «Москва», «Роман-газеты», іншых выданняў. Літаратуру маладых, мастацкі пераклад і іншыя пытанні можна абмяркоўваць з улікам беларускага і расійскага вопыту на сучасным этапе. Як станоўчы прыклад апошняга часу — круглы стол, які праводзіць Пастаянны Камітэт Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі па выніках конкурсу апавяданняў маладых празаікаў «Мост дружбы». І ў фармаце афлайн, і праз анлайн-дыялог на гэтай пляцоўцы ўздымаюцца многія вартыя ўвагі пытанні. 

4–11 снежня ў Маскве прайшла Міжнародная сустрэча перакладчыкаў савецкай літаратуры. Тэма — «Роля перакладу ў сучасным свеце. Пераклад як фактар узаемадзеяння літаратуры». Удзельнічалі каля 100 пісьменнікаў з 40 краін свету. У межах гэтай сустрэчы быў арганізаваны і вечар інтэрнацыянальнай дружбы ў Мінскім дзяржаўным педагагічным інстытуце замежных моў. Перакладчыкі наведалі Хатынь, Курган Славы, Вязынку. 

Менавіта з такіх ці падобных сустрэч, паездак нараджаліся і творы, прысвечаныя Беларусі, драматычнаму ваеннаму лёсу нашага народа. Як, напрыклад, вось гэтыя радкі ўругвайскага паэта Мануэля Гарсіа Пуэртаса: «Хатынь!.. // Вазьмі жыццё кожнага з нас, // бо мы, як і вякі, — твае даўжнікі. // Прымі ад занядбаных народаў // Лацінскай Амерыкі // багацце адзінае наша — // клятву вернасці. // Таму, // згуртаваўшыся яшчэ больш, // вечныя будзем наказу твайму: // »... хай у сілу // пераўтворыцца боль!«" (пераклад Рыгора Барадуліна). Альбо — рускай паэтэсы Наталлі Канчалоўскай: «Людзі, слухайце! Людзі, вы чуеце // Медных горлаў сумны лад? // Хай адгукаецца кожнае чулае // Сэрца на гэты набат! // Каб над святыняю сэрца не плакала, // Слёзы не трэба, сыны. // Вы распаліце ад вечнага факела // Гнеў супраць новай вайны. // Людзі, слухайце! Людзі, вы чуеце! // Людзі, слухайце!» (пераклад Міколы Аўрамчыка). 

Кастусь ЛЕШНІЦА

Працяг будзе

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Для непаседаў і іх бацькоў

Для непаседаў і іх бацькоў

Пабывалі ў першай дзіцячай мультыбрэндавай краме «Світанак Непаседа» і даведаліся, што пачым.