Вы тут

Юбілею фатографа Вадзіма Качана прысвечана выстаўка ў галерэі Міхаіла Савіцкага


У Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага адкрыўся выставачны праект, прысвечаны 65-годдзю фатографа Вадзіма Качана. У экспазіцыі прадстаўлены фотаздымкі з 1970-х гадоў да сучаснасці з серый «Мінскія дворыкі», «Свята Мінска», «З акна аўтамабіля», «З трамвая», «Дзіцячы дом» і іншых.


Вадзім Качан. Без назвы. Мінск, 1987 г.

Вадзім Качан — фатограф, лаўрэат Нацыянальнай прэміі ў галіне выяўленчага мастацтва ў намінацыі «Мастацкая фатаграфія», ганаровы член Беларускага грамадскага аб’яднання фатографаў і Беларускага саюза дызайнераў. 

Першы фотаздымак Вадзім Качан зрабіў у 11 гадоў (1970 г.), калі ўвасобіў прыгажосць горада Брэста. Яго творчы шлях пачаўся пасля заканчэння Беларускага тэхналагічнага інстытута імя С. М. Кірава (цяпер Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт), дзе быў членам будатрада ў якасці фатографа і мастака. Вадзім Качан супрацоўнічаў з газетамі «Фізкультурнік Беларусі», «Вечерний Минск» і інш. У гэты перыяд фатограф стварае серыю дакументальных работ «Фототандем», «Свята Мінска», «Свет и тени», фотамантажныя здымкі: «ХХ стагоддзе», «Асацыяцыі», «Свадебные мгновения», «Предчувствие судьбы» і інш.

З 2007 года мастак актыўна займаецца выкладаннем фатаграфіі і выступае яе папулярызатарам: чытае лекцыі, удзельнічае ў творчых сустрэчах з гледачамі, выступае на радыё і тэлебачанні. Пра творчасць Вадзіма Качана зняты тэлевізійныя фільмы, напісана шмат артыкулаў у такіх выданнях, як «Пра дызайн», «Мастацтва», «Беларусь в мире», «Культура», «Foto&video».

Выставачны праект «От пленки к цифре. Ретроспектива» ахоплівае вялікі перыяд творчасці Вадзіма Качана, пачынаючы з першага фотаздымка, і налічвае 300 работ. У яго творчым фокусе — горад і гараджане. Фатограф здолеў перадаць атмасферу і настрой Мінска. Сам Вадзім Качан нарадзіўся ў невялікай вёсцы Залядынне Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Аднак большую частку жыцця ён правёў у нашай сталіцы, дзе пасля заканчэння інстытута застаўся на доўгія гады. «Горад тады становіцца родным, калі тут пачынаюць жыць твае ўспаміны», — працытаваў сваю кнігу Вадзім Качан на адкрыцці выставы. Ва ўласных работах фатограф адлюстраваў, як з цягам часу змяняўся Мінск і яго жыхары. Фотаздымкі выкананы ў адзіным чорна-белым стылі, дзе прысутнічае дынаміка.

У экспазіцыі — серыі «Мінскія дворыкі», «Свята Мінска», «З акна аўтамабіля», «З трамвая», «Дзіцячы дом».

На фотаздымках пад назвай «Мінскія дворыкі» мастак адлюстраваў выбрукаваныя ўтульныя вуліцы Верхняга горада, па якіх прагульваюцца мясцовыя жыхары і выпадковыя мінакі. На чорна-белых фота быццам застылі імгненні мінулага жыцця, якое незваротна прайшло, але яго можна знайсці на фотаздымках. Знаёмства з серыяй стане цікавым для наведвальнікаў розных пакаленняў. Падлеткі і маладыя людзі могуць убачыць Мінск 1970–1980-х гадоў, паглыбіцца ў амасферу той эпохі. Для гледачоў больш сталага ўзросту наведванне выставачнага праекта «От пленки к цифре. Ретроспектива» стане своеасаблівай вандроўкай у мінулае, дзе яны зноў змогуць прайсці па старых вулачках, знаёмых з дзяцінства.

Серыю «Свята Мінска» прадстаўляюць рэдкія кадры, зробленыя падчас святкавання Дня горада ў 1987 годзе. Мерапрыемства называлася «Спартыўна-мастацкае свята» і было прымеркавана да дня вызвалення Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Сам Вадзім Качан успамінае гэта так: «У той дзень, узяўшы ў рукі фотакамеру, я пайшоў на свята. Здымаў не афіцыёз, ён мяне ніколі не вабіў, а настрой людзей. Здымаў проста так, на памяць, асабліва не задумваючыся пра сюжэт, пра кампазіцыю». На фотаздымках можна заўважыць прывычныя для мінчан пейзажы, такія як праспект Пераможцаў, шырокая панарама Свіслачы, летнія кавярні і гандлёвыя кіёскі.

Праекты «З акна аўтамабіля» і «З трамвая» вельмі падобныя. Сёння гэта дастаткова папулярны напрамак сярод як прафесіяналаў, так і аматараў фатаграфіі. 

Адным з самых цікавых і адначасова сумных праектаў з’яўляецца серыя фотаздымкаў «Дзіцячы дом», якая стваралася ў перыяд з 1987 да 1988 года. Здымаць Вадзіма Качана запрасілі сябры, але мастак згадзіўся толькі пасля таго, як успомніў свайго сябра дзяцінства — суседа Мікалая. Аднак праз год Вадзім Качан адмовіўся ад праекта, бо цяжка было глядзець у вочы дзецям, якія кожны раз спадзяваліся ўбачыць сваіх патэнцыяльных бацькоў. І, каб не наносіць псіхалагічную траўму, фатограф паступова спыніў працу. Фотаздымкі ўражваюць выбранымі ракурсамі, адлюстраваннем паўсядзеннага жыцця маленькіх дзяцей, якія засталіся без бацькоў. «Калі мастацтва не шакуе, не чапляе, не бярэ глыбока за душу, не пераварочвае яе, не торгае за струны душы чалавека, — гэта не мастацтва», — кажа Вадзім Качан.

Вадзім Качан. «З акна». Мінск, 2005 г.

Сучаснасць прадстаўляюць серыі фотаздымкаў «Туман у горадзе», «На вуліцах горада», «Партрэт з партрэтам». Апошні праект Вадзім Качан задумаў яшчэ ў 2003 годзе, калі фатаграфаваў людзей, якія трымаюць у руках свае любімыя фотапартрэты з мінулага. Прайшло дзесяць гадоў, і тыя ж героі паўтарылі свой вопыт, трымаючы ў руках «партрэт з партрэтам».

Выстаўка «От пленки к цифре. Ретроспектива» прысвечана 65-годдзю фатографа. Нагодай для распрацоўкі экспазіцыі стаў артыкул. «Некалькі гадоў назад я прачытаў у сродках масавай інфармацыі, што сярэдняя працягласць жыцця ў беларускіх мужчын каля 65 гадоў. І я задумаўся, што трэба паспець усё зрабіць», — падзяліўся на адкрыцці выставы Вадзім Качан.

Праект працуе да 2 чэрвеня 2024 года.

Лізавета КРУПЯНЬКОВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Культура

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Юная артыстка, якая арганічна падае сябе ў розных вобразах і жанрах. 

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.