Вы тут

Сергеенка наведаў з рабочым візітам Пастаўскі раён


Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, дэпутат па Пастаўскай выбарчай акрузе № 29 Ігар Сергеенка з рабочым візітам наведаў Пастаўскі раён. На парадку дня Старшыні былі ўдзел у пасяджэнні райвыканкама і асабісты прыём грамадзян.


На пасяджэнні разгледзелі вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна за бягучы перыяд 2024 года і павышэнне эфектыўнасці работы арганізацый. Адкрываючы нараду, старшыня Пастаўскага райвыканкама Сяргей Чэпік адзначыў, што раён можа ганарыцца моцнымі кадрамі і патэнцыялам у сферы нарыхтоўкі сыравінных рэсурсаў. Нарадзе з гэтым Сяргей Васільевіч падкрэсліў, што пэўныя паказчыкі патрабуюць дапрацоўкі: з 17 пастаўленых выканана 12. Вынікі работы па асобных напрамках выклікаюць заклапочанасць. 

У межах праграмы «Адзін раён — адзін праект» ААТ «Пастаўскі малочны завод» рэалізуе інвестпраект па арганізацыі выпуску малочнай прадукцыі. Ён выконваецца ў дзве чаргі: закупка абсталявання для вытворчасці тварагу, затым — абсталявання для разліву малака ў пластыкавую бутэльку. У снежні 2023 года ў склад прадпрыемства ўвайшоў Навалукомльскі цэх па вытворчасці тварагу, што дазволіла заводу пашырыць асартымент прадукцыі. У красавіку прадпрыемства вырабіла 26 тон гэтай разнавіднасці малочнай вытворчасці. 

Намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Анжаліка Нікіціна засяродзіла ўвагу прысутных на тым, што ў завода маюцца дэбетавыя запазычанасці, неабходна ў кароткія тэрміны распрацаваць дарожную карту па іх пагашэнні. З тым, што флагман харчовай прамысловасці не толькі вобласцію але і краіны, нельга згубіць, згодзен кіраўнік раёна Сяргей Чэпік. «Затрымлівацца, а не развівацца — для любога прадпрыемства падобна да смерці. Згубім завод — зруйнуем усю эканоміку раёна, на нас можна будзе ставіць крыж», — адзначыў ён і падкрэсліў, што завод перапрацоўвае 280 тон малака, з якіх 80 — закупляюць у іншых абласцях. Сёлета па ўказу Прэзідэнта ў раёне плануюць увесці ў строй два малочныя прадпрыемствы, раённыя ўлады ставяць перад сабой задачу выйсці на 250-260 тон свайго малака. Праблем з кармамі на Пастаўшчыне няма: апошнія дзесяць гадоў гаспадаркі актыўна нарыхтоўваюць і прадаюць кормы, а вось на круглагадзічным утрыманні знаходзіцца ўсяго 27 працэнтаў дойнага статку. Працуюць некалькі ферм, куды сучасныя тэхналогіі пакуль не дайшлі, аднак і там дасягаюць высокіх вынікаў па вытворчасці малака. «У круглагадзічным утрыманні жывёлы мы павінны выйсці хаця б на 70 працэнтаў, ад гэтага залежыць прадуктыўнасць», — падкрэсліў Сяргей Васільевіч. 

Яшчэ адзін неад’емны элемент эканомікі раёна — камунальнае будаўнічае ўнітарнае прадпрыемства «Рассвет Пастаўскі». Яго дырэктар Альфрэд Малец расказаў, што на прадпрыемстве вядзецца вялікая работа па замацаванні маладых кадраў, у тым ліку — забеспячэнне дастойнай заработнай платы (сярэдняя 1800 рублёў, у запатрабаваных спецыялістаў-будаўнікоў даходзіць да 4000). За першы квартал бягучага года ў КБУП абнавілі парк тэхнікі на суму 900 тысяч рублёў. Хапае і аб’ектаў: зараз будуюцца тры малочна-таварныя комплексы, наперадзе — бальніца. Але, нягледзячы на больш-менш пазітыўную карціну, прадпрыемства актыўнымі тэмпамі губляе працаўнікоў. У гады росквіту ў «Рассвеце Пастаўскім» было пад 500 спецыялістаў, цяпер — 160. «Вы можаце выконваць усе работы: ад фундамента да даху пад ключ. Аднак недахоп чалавечых рук негатыўна адбіваецца на якасці аб’ектаў новай будоўлі: сваімі сіламі закрыць не можаце, а староннія арганізацыі не заўсёды выконваюць свае абавязкі якасна. Нашы кадры мігрыруюць у суседнія раёны Расійскай Федэрацыі. Трэба стварыць для людзей больш прывабныя працоўныя ўмовы, мы ўскладаем на ваша прадпрыемства вялікія надзеі. Пакуль раён будуецца — ён развіваецца», — звярнуўся да кіраўніцтва ўнітарнага прадпрыемства Сяргей Чэпік. 

У цэлым па выніках трох месяцаў 2024 года прамысловасць раёна спрацавала з чыстым прыбыткам у суме 2,6 мільёнаў рублёў — рост у 9 разоў да ўзроўню студзеня — сакавіка 2023 года. Атрымана выручка ў суме 71, 5 мільёнаў рублёў. За справаздачны перыяд арганізацыі раёна ў параўнанні з аналагічным перыядам 2023-га павялічылі вытворчасць пліт паркетных, мэблі, піламатэрыялаў таўшчынёй больш за 6 мм, дранкі, сыроў цвёрдых, вырабаў з рыззя, валакна лёну непрадзільнага. «Пастаўскі малочны завод» і «Пастаўскі мэблевы цэнтр» паспяхова асвойваюць новыя віды імпартазамяшчальнай прадукцыі: сыры, паркет, мэблю і дзверы ў асартыменце. Агульны аб’ём выпуску імпартазамяшчальнай прадукцыі склаў 11,7 мільёнаў долараў.

Падводзячы вынікі пасяджэння Пастаўскага райвыканкама, Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергеенка адзначыў, што даючы аналіз работы прамысловасці, сельскай гаспадаркі раёна, гаворка ішла пра перспектывы развіцця, пункты росту. «У цэлым з 17 паказчыкаў выканана 12. На жаль, ёсць і адставанні, і рэальныя недапрацоўкі ў прыцягненні інвестыцый, у пытаннях экспарту тавараў і паслуг, ёсць праблемы з замацаваннем кадраў у раёне», — сказаў Ігар Пятровіч. 

Патрабуецца актывізацыя па прыцягненню інвестыцый, гэта значыць па фарміраванні канкрэтных інвестыцыйных прапаноў, самае галоўнае — іх укараненню. І не толькі ў сацыяльнай сферы і будаўніцтве малочна-таварных комплексаў, але і рэальных вытворчых інвестыцыйных праектах, якія дазволяць рухаць эканоміку, ствараць новыя працоўныя месцы. З нізкімі вынікамі ў першым квартале бягучага года мясцовыя ўлады спрацавалі па ўцягванні ў гаспадарчы абарот пустуючых аб’ектаў: з 55 будынкаў уведзены ў эксплуатацыю адзін. Старшыня Палаты прадстаўнікоў адзначыў таксама, што раёну трэба актывізаваць работу ў сферы развіцця турызму, бо экспарт гэтых паслуг у раёне складае ўсяго два працэнты.

«Па выніках першых трох месяцаў года Пастаўшчына займае пятае месца ў вобласці. Таму рэзервы ёсць, і многія пытанні неабходна вырашаць на месцы, прапаноўваючы канкрэтныя ініцыятывы. За справаздачны перыяд фактычна ўсе сельгаспрадпрыемствы раёна спрацавалі з прыбыткам. У наяўнасці рост выпуску ўсіх відаў сельскагаспадарчай прадукцыі. Некалькі горш ідзе справу з тэмпамі сельскагаспадарчых работ у бягучым годзе, але ў цэлым сітуацыя роўная. Мы гаварылі сёння аб Пастаўскім малочным заводзе, аб перспектывах, тых праблемах, якія могуць у перспектыве затармазіць развіццё, хоць гэта высокатэхналагічнае сучаснае прадпрыемства. Гэта станоўчы прыклад гаспадарання ў цэлым не толькі ў Віцебскай вобласці, але і ў Рэспубліцы Беларусь. Прыватнае прадпрыемства, якое выпускае мэблю, — таксама брэнд Пастаўшчыны, прадукцыя карыстаецца высокім попытам і за мяжой», — падкрэсліў парламентарый. 

Напрыканцы пасяджэння Сяргей Чэпік уручыў падзяку старшыні праўлення Нацыянальнага банка Паўлу Калауру, які перадаў сельгаспрадпрыемству раёна трактар і легкавы аўтамабіль. Падчас рабочага візіту Ігар Сергеенка правёў таксама асабісты прыём грамадзян у будынку Пастаўскага райвыканкама. 

Аб тым, з якімі праблемамі звярталіся да Старшыні Палаты прадстаўнікоў, чытайце ў наступным нумары газеты. 

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Прычына — даступныя крэдыты і ажыятажны попыт.

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.