Вы тут

Перагаворы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна прайшлі ў Палацы Незалежнасці


«Беларускі народ будзе вельмі рады ведаць, што вы прыехалі да нас», — такімі словамі Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сустрэў Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна ў мінскім аэрапорце вечерам 23 мая. У чацвер і пятніцу расійскі лідар знаходзіцца ў Беларусі з афіцыйным візітам. «Пасля выбараў (прэзідэнцкіх у Расіі — „Зв“.) гэта адзін з першых візітаў. Пасля Кітайскай Народнай Рэспублікі — нашых сяброў», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.


Перагаворы Прэзідэнты пачалі ўвечары чацвярга. У нефармальнай абстаноўцы лідары абмеркавалі актуальныя тэмы, удзялілі ўвагу пытанням бяспекі ў рэгіёне. У Палацы Незалежнасці перагаворы — у вузкім і пашыраным складзе. На парадку дня — стан і перспектывы развіцця беларуска-расійскіх адносін з акэцэнтам на эканоміку. Увага будзе ўдзелена абстаноўцы ў рэгіёне, сумеснаму рэагаванню на выклікі і пагрозы. «Пагаворым, вядома, і аб другой фазе вучэнняў (па адпрацоўцы прымянення нестратэгічнай ядзернай зброі. — „Зв.“). Гэта звязана з прамым удзелам нашых беларускіх сяброў, калег у ваеннай сферы ў гэтых мерапрыемствах», — адзначаў у чацвер Уладзімір Пуцін. 

Трэба намеціць канкрэтныя, сумесныя крокі па нашым руху наперад 

Перад сустрэчай з беларускім лідарам Уладзімір Пуцін усклаў вянок да манумента Перамогі ў Мінску. Сустрэча ў Палацы Незалежнасці пачалася з традыцыйнага цырыманіялу з удзелам роты ганаровай варты і выкананем дзяржаўных гімнаў Беларусі і Расіі. Важная традыцыя такіх сустрэч — сумесная фатаграфія каля дзяржаўных сцягаў. 

Найперш Прэзідэнты адправіліся на перагаворы ў вузкім саставе. «Мне прыемна, што Мінск вам спадабаўся, і людзі вам спадабаліся. Вы ўжо заўважылі дасведчаным вокам нейкія рэчы. Гэта прыемна», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён звярнуў увагу, што сёння трэба разгледзець два блокі пытанняў — пытанні бяспекі і эканамічныя. Прэзідэнт заўважыў, што звычайна за пытанні эканомікі адказвалі ўрады. І, па яго словах, сустрэча двух лідараў — нагода пачуць, што ўжо зроблена, як выкананы даручэнні. Аб праблемах і поспехах далажылі адказныя асобы.

Аб’ём тавараабароту Беларусі і Расіі ў 2023 годзе склаў амаль 48,7 млрд долараў, што на 6,3% вышэй у параўнанні з узроўнем 2022 года. У бягучым годзе тавараабарот паміж краінамі таксама мае тэндэнцыю да росту. У студзені — сакавіку нагандлявалі больш як на 12 млрд долараў, што на 4,2% вышэй у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.

«У апошні час людзі шмат кажуць, кажуць добра, што мы саюзнікі блізкія родныя дзяржавы. Трэба, каб у гэтым кантэксце мы маглі прымаць рашэнні», — падкрэсліў беларускі лідар. 

Уладзімір Пуцін падзякаваў калегу за запрашэнне і цёплы прыём. Ён заўважыў, што Прэзідэнты знаходзяцца ў пастаянным кантакце, але часам трэба азірнуцца і ацаніць, што ўжо зроблена, што зараз адбываецца, і што трэба зрабіць у найбліжэйшы час. «Трэба намеціць канкрэтныя, сумесныя крокі па нашым руху наперад, па развіцці нашых дзяржаў», — падкрэсліў расійскі лідар.

Прэзідэнт Расіі заўважыў, што 3 ліпеня ў Беларусі адзначаецца Дзень Незалежнасці, 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захпонікаў. Па яго словах, гэта вельмі важныя вехі для абедзвюх дзяржаў. Таксама Уладізмір Пуцін звярнуў увагу, што сёлета адзначаецца 25 гадоў са дня стварэння Саюзнай дзяржавы. Па яго словах, гэта нагода паглядзець, што ўжо зроблена і што трэба будзе зрабіць. «У цэлым, праца ў нас ідзе на добрым узроўні. Калі казаць пра эканоміку і вынікі эканамічнага развіцця, яны кажуць самі за сябе. Я хачу вас з гэтым павіншаваць. Беларусь упэўнена сябе адчувае, упэўнена стаіць на нагах, эканоміка развіваецца», — сказаў Уладзімір Пуцін. Расійскі лідар назваў Мінск прыгожым горадам і павіншаваў з гэтым гарадскія ўлады. «І надвор’е добрае. Адчуванне свята», — заўважыў ён. 

Уладзімір Пуцін падкрэсліў, што напярэдадні выезду ў Беларусь заслухаў даклады аб супрацоўніцтве з Беларуссю па канкрэтных напрамках. «У цэлым, на мой погляд, там ніякіх нявырашыных пытанняў няма. Калі трэба нешта дадаткова ўзгадніць, мы сёння падчас перагавораў гэта зробім, безумоўна», — сказаў ён.

На прасторы Саюзнай дзяржавы мы не павінны сябе абмяжоўваць

Перагаворы Прэзідэнтаў у вузкім складзе працягваліся 1 гадзіну 45 хвілін. Адразу пасля іх — перагаворы ў шырокім складзе з удзелам членаў урадаў. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што дамоўленасць сустрэцца ў такім складзе была дасягнута ў пачатку мая ў Маскве. Ён расказаў, што ў вузкім складзе Прэзідэнты абмяняліся думкамі па найбольш значных тэмах двухбаковага парадку дня, ад якіх залежаць стан эканомікі, стабільнае развіццё нашых дзяржаў. Закранулі міжнародную сітуацыю. Абмеркавалі варыянты рэагавання на рызыкі і пагрозы, якія ўзнікаюць па перыметры нашых граніц. 

«Нягледзячы ні на што, Мінск і Масква захоўваюць курс на ўзмацненне інтэграцыі. Мы падтрымліваем адзін аднаго і будзем падтрымліваць па ўсіх напрамках. Прычым нашы праекты ўжо выйшлі за межы зямной паверхні», — сказаў беларускі лідар і акрэсліў шэраг прыярытэтных напрамкаў, якія патрабуюць пільнай увагі.

Прамысловасць. У гэтай сферы плануецца прадоўжыць канкрэтную работу па рэалізацыі сумесных імпартазамяшчальных праектаў у мікраэлектроніцы, машынабудаванні, станкабудаванні, ваенна-тэхнічным супрацоўніцтве. «Іншымі словамі, у напрамках, якія забяспечваюць дасягненне мэт тэхналагічнага суверэнітэту і эканамічнай бяспекі нашых дзяржаў. — удакладніў Прэзідэнт. —Усе рашэнні мы з Вамі, Уладзімір Уладзіміравіч, прынялі. Урады павінны іх у сціслыя тэрміны рэалізаваць». Перш за ўсё, па словах Аляксандра Лукашэнкі, неабходна аператыўна завяршыць фарміраванне адзінай прамысловай палітыкі Саюзнай дзяржавы. Ад гэтага выйграюць абодва бакі, перакананы беларускі лідар.

«Многія нашы канвееры працуюць на кампанентах адзін аднаго. На заканадаўчым узроўні не павінна быць ніякіх ахоўных захадаў ад сваіх партнёраў. Абараняцца трэба ад тых, хто ўвёў супраць нас санкцыі. І ад тых, хто не садзейнічае развіццю эканомікі дзвюх дзяржаў », - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Энергетыка. Па словах Прэзідэнта, ад яе залежаць рытмічная праца прамысловасці, кошт канчатковай прадукцыі. «Неабходна канчаткова ўзгадніць умовы паставак нафты і газу ў Рэспубліку Беларусь. Не першы год гэта пытанне абмяркоўваецца. І сёння Уладзімір Уладзіміравіч прыняў адпаведнае рашэнне. Думаю, у бліжэйшыя дні ўрад у гэтым рэчышчы дапрацуе дамоўленасці», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён расказаў, што ў вузкім складзе былі дэталёва разабраны ўсе нюансы.

«Таксама Беларусь гатова прадаўжаць работу з расійскімі кампаніямі ў сферы атамнай энергетыкі. Вопыт узвядзення Беларускай АЭС адкрыў новыя магчымасці для далейшага асваення гэтых тэхналогій, падрыхтоўкі кваліфікаваных кадраў і нават сумеснага будаўніцтва такіх аб’ектаў у трэціх краінах. Мы вельмі ўдзячныя за тое, што вы падцягваеце нашых спецыялістаў да ўзроўню расійскіх ведаў. Мы ў гэтым накірунку будзем з задавальненнем працаваць», - запэўніў Аляксандр Лукашэнка.

Транспарт і лагістыка. Па словах беларускага лідара, тут шмат зроблена, але патрэбнасці прадпрыемстваў растуць з кожным днём. «Патрэбны больш сур’ёзныя інвестыцыі ў развіццё чыгуначнай інфраструктуры, абнаўленне рухомага саставу, павелічэнне правазных магутнасцей, фінансавая падтрымка нашых авіяперавозчыкаў. Неабходны меры па павышэнні загрузкі беларускіх і расійскіх аэрапортаў, сумесныя праекты, якія зробяць больш простымі і даступнымі зносіны паміж нашымі рэгіёнамі. Хаця ў апошні час робіцца нямала», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Дзяржзакупкі. Па словах Аляксандра Лукашэнкі, беларускі бок зацікаўлены працаваць з расійскімі дзяржаўнымі карпарацыямі. Ён нагадаў, што некалькі тыдняў таму ў Маскве ўздымаў гэтае пытанне ў кантэксце дзяржзакупак. «Думаю, вы пагодзіцеся з маім тэзісам аб тым, што на прасторы Саюзнай дзяржавы мы не павінны сябе абмяжоўваць, зачыняючыся адзін ад аднаго на нашым агульным рынку. Больш за тое, сітуацыя паказала, што спадзявацца у гэтым свеце з пункту гледжання доўгатэрміновага супрацоўніцтва мы можам толькі на сябе. Спадзяёмся на актыўнае падключэнне беларускіх прадпрыемстваў і арганізацый да інвестыцыйных праектаў, якія рэалізуюцца ў Расіі», — сказаў беларускі лідар. Ён падкрэсліў, што пра гэта шмат гаварылі ў вузкім саставе, абмяркоўвалі, як разам працаваць, убудоўваючы ў агульныя ланцужкі прадпрыемствы. 

Патэнцыял рэгіёнаў. Як заўважыў кіраўнік дзяржавы, толькі ў апошні час патэнцыял рэгіёнаў як след ацанілі: «Менавіта супрацоўніцтва паміж нашымі рэгіёнамі забяспечыла істотны дадатак ва ўзаемным гандлі». Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што 27–28 чэрвеня ў Віцебску, Полацку і Наваполацку пройдуць мерапрыемствы ў рамках чарговага Форуму рэгіёнаў. Прэзідэнт запрасіў свайго расійскага калегу, губернатараў, кіраўнікоў расійскіх прадпрыемстваў прыняць удзел у яго рабоце.

«У завяршэнне хацеў бы пажадаць поспехаў новаму складу расійскага Урада. Упэўнены ў захаванні пераемнасці ў частцы прыярытэтнага — разгляду пытанняў беларуска-расійскага супрацоўніцтва», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Ён прапанаваў у пашыраным складзе ўзгадніць падыходы да гэтых ці іншых пытанняў для прыняцця неабходных рашэнняў на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў.

Прыярытэт — высокія тэхналогіі

Уладзімір Пуцін заўважыў, што са сваім беларускім калегам яны сустракаюцца часта. Але пасля выбараў Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі і фарміравання новага саставу Урада трэба было сабрацца ў такім складзе, каб абазначыць новыя вехі ўзаемнага развіцця. Кажучы пра інвестыцыйную дзейнасць, Уладзімір Пуцін падкрэсліў, што гэта адзін з найбольш важных напрамкаў. «Мы павінны рабіць упор найперш на прыярытэтныя накірункі нашага супрацоўніцтва. А гэтымі напрамкамі з’яўляюцца высокія тэхналогіі і ўсё, што з імі звязана. У нас назапашаны нядрэнны патэнцыял у гэтай тэме. У вузкім складзе гаварылі, што самае галоўнае для нас усіх — шукаць прыярытэтныя напрамкі ў галіне гэтых высокіх тэхналогій і дапамагаць адзін аднаму развіваць гэтыя кампетэнцыі», — сказаў Уладзімір Пуцін. Ён заўважыў, што санкцыі, уведзеныя супраць Расіі (у большым аб’ёме чым для нейкай іншай краіны) прыносяць нямала праблем, але ў той жа час адкрываюць новыя магчымасці. «Там, дзе мы страцілі кампетэнцыі, мы іх аднаўляем. А там, дзе іх не было, мы іх ствараем. І, канешне, ствараць іх найбольш эфектыўным чынам можна аб’ядноўваючы нашы намаганні. Разам. І адна з найважнейшых задач — шукаць гэтыя напрамкі супрацоўніцтва, ствараць неабходную ўсім нам сінэргію», — падкрэсліў Уладзімір Пуцін. 

Адным з найважнейшых вектараў супрацоўніцтва Уладзімір Пуцін назваў энергетыку. Ён выказаў упэўненасць, што ўсе дамоўленасці будуць выкананы і работа адпаведных галін будзе забяспечана. Ён пагадзіўся з беларускім калегам, што адзін з безумоўных прыярытэтаў — транспарт і лагістыка. «Нам трэба аднаўляць і ствараць новыя ланцугі паставак і паміж сабой, і дапамагаючы адзін аднаму, каб забяспечыць бесперапынную работу нашых прадпрыемстваў, арыентаваных на рынкі дзвюх краін і рынкі трэціх краін, якія хочуць з намі працаваць. А такіх даволі многа». — падкрэсліў Уладзімір Пуцін. 

Прэзідэнт Расіі паведаміў, што падчас перагавораў былі закрануты пытанні сельскай гаспадаркі, найважнейшага напрамку супрацоўніцтва. Па яго словах, Беларусь па якасці тавараў дэманструе вельмі добрыя вынікі і беларуская сельгаспрадукцыя карыстаецца папулярнасцю на расійскім рынку. Уладзімір Пуцін асобна падкрэсліў важнасць міжрэгіянальнага супрацоўніцтва, паколькі менавіта ад рэгіёнаў залежыць значная частка тавараабароту. 

«Ёсць яшчэ адзін напрамак, які сёння з’яўляецца надзвычай важным — гэта забеспячэнне абароны і бяспекі. Гэта заўсёды пытанні, якія знаходзяцца ў полі зроку Прэзідэнта Беларусі і майго. У апошні час гэта асабліва актуальна, маю на ўвазе той напрамак, які абрала заходняя супольнасць у адносінах да Беларусі і Расіі: безумоўнай варожасці, спроб стрымаць наша развіццё, нанесці ўрон нашаму суверэнітэту. Нічога ні ў каго ў гэтым пакуль не атрымлівалася, і, упэўнены, нічога не атрымаецца. Тут мы адчуваем сябе абсалютна ўпэўнена, надзейна і будзем умацоўваць наша ўзаемадзеянне і па гэтых важнейшых накірунках», — заявіў Уладзімір Пуцін.

Важнай тэмай ён назваў будаўніцтва Саюзнай дзяржавы. Па яго словах, на ўзроўні урадаў зроблена вельмі шмат для стварэння ўмоў, неабходных для развіцця кааперацыі ў розных сферах. Галоўнай задачай гэтага супрацоўніцтва Уладзімір Пуцін назваў паляпшэнне дабрабыту грамадзян Беларусі і Расіі.

Мы не звернем з абранага шляху

Важная традыцыя сустрэч прэзідэнтаў — размова з прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі. Аляксандр Лукашэнка назваў афіцыйны візіт Уладзіміра Пуціна ў Беларусь добрым сігналам. Па яго словах, падчас перагавораў быў абмеркаваны вялікі пералік пытанняў беларуска-расійскага супрацоўніцтва, перш за ўсё ў эканамічнай сферы. «Вы, напэўна, заўважылі, што апошнім часам мы вельмі-вельмі шмат часу надалі абмеркаванню пытанняў бяспекі і абароны. Сёння прысвяцілі час у асноўным эканамічным праблемам», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Па яго словах, апошнім часам у беларуска-расійскіх адносінах адзначаецца прыкметны ўздым. «Узровень узаемадзеяння і даверу паміж нашымі краінамі ва ўсіх сферах сапраўды беспрэцэдэнтны. Мы можам упэўнена канстатаваць, што эканомікі Беларусі і Расіі дынамічна развіваюцца, нягледзячы на розныя перашкоды», — заявіў беларускі лідар.

«Невырашальных праблем у адносінах нашых краін няма. Ёсць пытанні, якія патрабуюць больш пільнай увагі і глыбокай прапрацоўкі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Але нявырашаных пытанняў на сёння няма, заўважыў ён. «У гэтым кантэксце сёння абмеркавалі пытанні фарміравання адзінай прамысловай палітыкі ў рамках Саюзнай дзяржавы. Па сутнасці, мы павінны раз і назаўжды выкараніць ахоўныя меры і абмежаванні, якія захоўваюцца. У адваротным выпадку не толькі народы нашы, але і мы самі адзін аднаго не зразумеем», — падкрэсліў Прэзідэнт. Ён расказаў, што падчас перагавораў значную ўвагу ўдзялілі развіццю транспартна-лагістычнай сферы. Тут бакі адзіныя ў меркаванні, што ў гэтай вельмі перспектыўнай галіне патрабуюцца сур’ёзныя дадатковыя інвестыцыі.

«У апошнія гады мы па-новаму паглядзелі на рэгіянальнае супрацоўніцтва і па заслугах ацанілі яго патэнцыял. Беларусь і яе рэгіёны сёння без перабольшання супрацоўнічаюць практычна з усімі суб’ектамі Расійскай Федэрацыі, расце экспарт прадукцыі», — таксама падкрэсліў беларускі лідар. Зразумела, кіраўнікі дзяржаў закранулі міжнародны парадак дня, праблематыку бяспекі ў свеце і рэгіёне на фоне таго беспрэцэдэнтнага ўзроўню напружанасці, з якім даводзіцца сутыкацца. «Тут нашы падыходы поўнасцю супадаюць. Мы не звернем з абранага шляху стварэння справядлівага шматпалярнага светаўладкавання», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Беларускі лідар адзначыў, што Уладзімір Пуцін падрабязна расказаў яму пра свой візіт у Кітай. Гэта важна, бо, як падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, Беларусь таксама накіравана на развіццё ўсепагоднага і ўсебаковага партнёрства з Пекінам.

«Беларуска-кітайскія адносіны ад года да года таксама істотна прыбаўляюць. Разлічваем, што на ліпеньскім саміце ШАС у Астане далучымся да гэтай уплывовай міжнароднай арганізацыі», — сказаў ён. Кіраўнік дзяржавы падзякаваў расійскаму боку за вялікую падтрымку Беларусі ў працэсе ўступлення ў ШАС.

«Падводзячы вынік, адзначу, што я ўдзячны майму расійскаму калегу за цёплую, брацкую размову, плённую і канструктыўную сустрэчу, за тое, што па ўсіх тэмах мы знайшлі паразуменне і можам разлічваць на далейшую ўзаемную ўсебаковую падтрымку», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Уладзімір Пуцін у сваю чаргу падзякаваў беларускаму калегу за запрашэнне і плённыя перагаворы. Ён асабліва падкрэсліў вялікае значэнне, якое ў Расіі надаюць брацкім добрасуседскім сувязям з Беларуссю, і нагадаў, што ў снежні гэтага года спаўняецца 25 гадоў з дня ўтварэння Саюзнай дзяржавы. У адпаведнасці з рашэннямі Вышэйшага дзяржаўнага савета, прынятымі 29 студзеня, вызначаны новыя перспектыўныя напрамкі інтэграцыі, на завяршальнай стадыі знаходзяцца планы па далейшым паглыбленні эканамічнага ўзаемадзеяння. Прэзідэнт Расіі адзначыў, што з году ў год расце ўзаемны гандаль, працуюць сумесныя прадпрыемствы, развіваецца супрацоўніцтва ў сельскай гаспадарцы, энергетыцы і іншых найважнейшых для кожнай краіны сферах. У хуткім часе плануецца адмяніць роўмінг на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы: мабільная сувязь для ўсіх абанентаў у дзвюх краінах будзе поўнасцю забяспечвацца ў рэжыме дамашняй сеткі.

«Беларусь і Расія выступаюць з агульнай пазіцыі па большасці глабальных пытанняў», — падкрэсліў Уладзімір Пуцін.

Мы сёння гаварылі толькі аб мірных перспектывах. Але порах трымаем сухім

Прэзідэнты таксама адказалі на пытанні журналістаў. Адно з самых важных — пытанне бяспекі. Журналісты пацікавіліся, ці будуць зроблены крокі па ўмацаванні бяспекі Саюзнай дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка на гэта заўважыў, што яны з Уладзімірам Пуціным пастаянна абмяркоўваюць пытанні бяспекі і абароны краін. «У нас створана сумесная групоўка па абароне Саюзнай дзяржавы. Мы трымаем у полі зроку ўсё тое, што адбываецца на нашых граніцах. Мы гэта бачым і ведаем, пачынаючы ад выбудоўвання розных платоў і нагнятання істэрыі вучэннямі, якія праводзяцца паблізу нашых граніц. А гэта каля 90 тысяч ваенных. Толькі не зразумела, што там робяць амерыканцы, немцы і гэтак далей на нашых граніцах. Бяспецы мы ўдзяляем першарадную ўвагу, і многія нашы сустрэчы працэнтаў на 90, а можа, нават і больш — гэта пытанні бяспекі і абароны, за выключэннем цяперашняй сустрэчы, дзе мы шмат часу — нават больш, чым пытанням бяспекі, — аддалі эканоміцы, таму што ў аснове бяспекі ляжыць у тым ліку эканоміка», — заявіў беларускі лідар.

Асобна журналісты папрасілі ацаніць вучэнні па прымяненні нестратэгічнай ядзернай зброі. Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што Беларусь не збіраецца ні на кога нападаць, але неабходна ўмець абараняцца і карыстацца зброяй. «Я шчыра прызнаўся, што гэта наша трэцяя трэніроўка з моманту размяшчэння ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі. У расіян, напэўна, дзясяткі такіх трэніровак», — сказаў ён. Па словах Аляксандра Лукашэнкі, нічога дзіўнага тут няма. Такія ж вучэнні праводзілі і праводзяць і заходнія краіны.

«Мы нічога асаблівага не робім. Мы рыхтуемся, трэніруемся. Мы павінны быць гатовыя. Свет нестабільны, небяспечны. Нам нельга прапусціць гэты ўдар, як гэта было ў сярэдзіне мінулага стагоддзя. Мы не дапусцім гэтага, яны павінны пра гэта ведаць. Але мы не нагнятаем абстаноўку: нам вайна не патрэбна. Мы сёння гаварылі толькі аб мірных перспектывах. Але порах трымаем сухім — нічога асаблівага», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Уладзімір Пуцін пагадзіўся з калегам у тым, што ў гэтых вучэннях няма нічога незвычайнага. Ён адзначыў, што блок НАТА рэгулярна праводзіць такія ж вучэнні, да якіх прыцягваюцца краіны НАТА, на тэрыторыі якіх размешчана тактычная амерыканская ядзерная зброя. «Расія рэгулярна праводзіла ядзерныя вучэнні, а цяпер робіць гэта сумесна з Беларуссю», — падкрэсліў расійскі лідар.

Параметры па газе ўзгоднены на найбліжэйшыя гады

Журналісты пацікавіліся, як ідзе работа над стварэннем агульнага энергарынку. «Што да нафты і газу, там ёсць бягучыя пытанні, якія мы сёння дастаткова падрабязна абмяркоўвалі, нявырашаных пытанняў не існуе, — адказаў Уладзімір Пуцін. — Па газе ў нас усе параметры ўзгоднены на найбліжэйшыя гады. За гэтым гарызонтам трэба будзе выйсці на рашэнні, якія адпавядалі б інтарэсам як нашых беларускіх сяброў, так і расійскай эканомікі». Што датычыцца агульнага энергетычнага рынку, то, па словах Прэзідэнта Расіі, работа ідзе ў планавым рэжыме без супярэчнасцяў, шчыльнае ўзаемадзеянне вядзецца ў электраэнергетыцы, нафтагазавай і атамнай сферы і збояў у гэтых сферах няма. Больш за тое, узнікаюць новыя магчымасці для работы ў сумежных галінах.

Юрыдычнай чысціні няма і быць не можа ў гэтай сітуацыі

Прадстаўнікі СМІ не абмінулі ўвагай пытанне Украіны, у прыватнасці магчымасць мірных перагавораў з Расіяй, з чым цяпер існуюць праблемы. Прэзідэнцкія паўнамоцтвы Уладзіміра Зяленскага скончыліся 20 мая. Таму лагічнае пытанне: з кім у такім выпадку размаўляць? Уладзімір Пуцін нагадаў, што перагаворы ў 2022 годзе спыніў украінскі бок, але сёння аднавіліся размовы аб тым, каб да іх вярнуцца. «Няхай вяртаюцца, але вяртаюцца не зыходзячы з таго, што адзін бок хоча, а зыходзячы з тых дамоўленасцяў прынцыповага характару, якія былі дасягнуты падчас няпростых перагавораў у Беларусі і ў Турцыі, і зыходзячы з сённяшніх рэалій, якія склаліся на зямлі. Мы да гэтага гатовыя, — канстатаваў ён. — А з кім весці перагаворы? Гэта, вядома, пытанне не пустое. Мы разумеем, што легітымнасць дзеючага кіраўніка дзяржавы скончылася». Ён выказаў меркаванне, што адна з мэт анансаванай канферэнцыі ў Жэневе заключаецца ў тым, каб заходняя супольнасць пацвердзіла легітымнасць дзейнага кіраўніка дзяржавы ці ўжо нядзейнага. «Але вось гэтыя піяраўскія крокі не маюць значэння для юрыдычных дакументаў», — падкрэсліў Уладзімір Пуцін. Прэзідэнт Расіі канстатаваў, што расійскі бок выступае за перагаворы, толькі трэба дакладна разумець, з кім іх весці для выхаду на падпісанне юрыдычна абавязвальных дакументаў.

Кажучы пра заканчэнне паўнамоцтваў Уладзіміра Зяленскага, Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што юрыдычнай чысціні тут няма і быць не можа, бо там «глыбокая дэмакратыя». «Усё там задушана. Мяне ці нас часта папракаюць, што мы дыктатары, яшчэ кагосьці да гэтага прышываюць. Вось яна дэмакратыя: ні Канстытуцыйны Суд, ні іншыя суды нічога не могуць сказаць. Таму юрыдычнай чысціні няма і быць не можа ў гэтай сітуацыі», — падкрэсліў ён. Па словах Прэзідэнта, на пытанні вайны і міру — галоўныя пытанні — гэта сітуацыя ніяк не ўплывае. «Усё роўна ні цяперашні прэзідэнт, ні будучы, я думаю, вырашаць гэтыя вялікія пытанні, якія стаяць перад дзяржавай Украіна, перад народам Украіны, не будуць. Вы ведаеце, хто будзе вырашаць: за акіянам ужо шмат што вырашана, а што не вырашана, яны вырашаць потым», — падкрэсліў ён. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ва Украіне заўсёды было шмат палітычных сіл і кожная лічыць сябе героем. «Зноў жа, там „дэмакратыя“. Там сёння і сярод ваенных, і сярод грамадзянскіх, якія хочуць узначаліць краіну і павесці яе па-новаму на вайну і супраць вайны, дастаткова. Але сітуацыя развіваецца так, як развіваецца. Думаю, што гэты год шмат што вызначыць. Вельмі шмат. Пажывём — убачым», — падсумаваў беларускі лідар. Аляксандр Лукашэнка зрабіў акцэнт на тым, што ў Беларусі і Расіі па гэтым пытанні адзіная пазіцыя.

Прыйдзе час — яны адкажуць спаўна

Зразумела, журналісты не маглі пакінуць без увагі вялікую палітычную трагедыю гэтага тыдня — гібель Прэзідэнта Ірана Эбрахіма Раісі. Іран — надзейны і даўні партнёр як Беларусі, так і Расіі. Прадстаўнікі СМІ пацікавіліся, як далей будуць развівацца адносіны з Іранам. Аляксандр Лукашэнка пракаментаваў гэта не з палітычнай пазіцыі, а з чалавечай. Ён заявіў, што да трагедыі прывяла агідная палітыка ЗША: «Я маю на ўвазе перш за ўсё санкцыі. Гэтыя нягоднікі не мелі права ўводзіць санкцыі супраць суднаў (самалётаў, верталётаў), на якіх перавозяць людзей. Яны ж увялі санкцыі супраць суднаў Расіі, супраць нас. Супраць майго, дапусцім, самалёта. Уладзіміра Уладзіміравіча не дастануць, таму што ў яго расійскі борт (самалёт расійскай вытворчасці). Гэта што, нармальна? Гэта ж людзі перамяшчаюцца». Па словах Аляксандра Лукашэнкі, калі прадалі судна — трэба яго абслугоўваюць нармальна, што ЗША забаранілі сваім кампаніям. Ён канстатаваў, што так сябе не паводзяць у свеце.

Беларускі лідар звярнуў увагу: гэта сітуацыя лішні раз пацвярджае, што ўсё ідзе да шматпалярнага свету, і ён сапраўды будзе. «І гэтыя вар’яты (у ЗША) набліжаюць гэты шматпалярны свет сваімі дзеяннямі. Каму гэта падабаецца? Не падабалася — скралі грошы, у дадзеным выпадку ў Расіі і не толькі, схапілі, судна нейкае арыштавалі, танкер забралі, тавар забралі... Усё дазволена — моцныя... Я не містык, але прыйдзе час — за гэта яны адкажуць спаўна. Яны там за акіянам не схаваюцца», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Уладзімір Пуцін у сваю чаргу звярнуў увагу, што іншыя асобы, якія суправаджалі Раісі, ляцелі на верталётах расійскай вытворчасці ў тых жа метэаўмовах, у тым жа паветраным калідоры і праляцелі без усялякіх праблем. 

У тэму

Стратэгічная задача — пошук новых рыначных ніш для інвестпраектаў

Падрабязней пра дамоўленасці, якіх дасягнулі прэзідэнты падчас перагавораў, журналістам расказаў пасол Беларусі ў Расіі Дзмітрый Крутой. Адна з галоўных дамоўленасцяў — пошук новых рыначных ніш для інвестыцыйных праектаў і іх крэдытаванне. Пасол расказаў, што пастаўлена стратэгічная задача падабраць групу сур’ёзных экспертаў з двух бакоў і правесці грунтоўны аналіз кожнай галіны Саюзнай дзяржавы на прадмет пошуку новых рыначных ніш, дзе бакі маглі б рэалізаваць дадатковы пул інвестыцыйных праектаў па стварэнні новых кампетэнцый у беларускай эканоміцы.

«Прызнаны паспяховым праект па мікраэлектроніцы. Ацанілі прэзідэнты станоўча рух у сферы авіябудавання, новыя праекты з „Расатамам“, не звязаныя з ядзернай энергетыкай, — сказаў Дзмітрый Крутой. — Стратэгічная задача ў тым, каб за наступныя пяць гадоў узмацніць самадастатковасць беларускай эканомікі, знайсці новыя цікавыя нішы для сумеснай работы і супрацоўніцтва».

Лакальнымі тактычнымі задачамі на сёння з’яўляюцца праекты ў машынабудаванні, асваенне крэдытных сродкаў у 105 млрд расійскіх рублёў на імпартазамяшчальныя праекты. «Пацверджана гатоўнасць падвоіць, патроіць гэты крэдыт у залежнасці ад колькасці праектаў, якія будуць дадаткова нашымі прамыслоўцамі прапанаваны. Гэта работа па лініі дзяржкарпарацый: допуск беларускіх кампаній да закупак дзяржкарпарацый, планы па электронным лічбавым подпісе (гаворка аб узаемным прызнанні лічбавых подпісаў). Гэта як інструменты, якія на сёння рэалізоўваюцца. Мы спадзяёмся, што да 25-годдзя Саюзнага дагавора яны будуць завершаны і дазволяць раскрыць для нас новыя дадатковыя нішы», — заявіў дыпламат.

Па лініі аграрна-прамысловага комплексу сёння абмяркоўваецца ўніверсальны механізм, які дазволіць выключыць закрыццё беларускіх прадпрыемстваў для паставак на расійскі рынак. «Прэзідэнт Расіі даў высокую ацэнку нашым перапрацоўшчыкам сельгаспрадукцыі, адзначыў павелічэнне колькасці гандлёвых аб’ектаў, якія займаюцца продажам беларускіх тавараў, рост іх пазнавальнасці, усяляк падтрымаў гэту тэму», — адзначыў Дзмітрый Крутой.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».