Вы тут

Якія пытанні абмеркавалі саюзныя парламентарыі?


У Волагдзе адбылося пасяджэнне Міжпарламенцкай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і Савета Федэрацыі Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі па міжрэгіянальным супрацоўніцтве. Беларускую дэлегацыю ўзначаліў намеснік Старшыні Савета Рэспублікі Сяргей Хаменка. Іншыя ўдзельнікі мерапрыемства па сродках відэа-канферэнц-сувязі працавалі ў студыі верхняй палаты беларускага парламента ў Мінску.


На прыкладзе Валагодскай вобласці і Мінска бакі абмеркавалі рэалізацыю пагадненняў аб супрацоўніцтве, у тым ліку заключаных у рамках форумаў рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Асобна закранулі пытанне пашырэння расійска-беларускага ўзаемадзеяння па захаванні гістарычнай памяці і сувязі пакаленняў як асновы патрыятычнага выхавання моладзі.
Узор палітычнага дыялогу

Звяртаючыся да прысутных з прывітальным словам, выконваючы абавязкі губернатара Валагодскай вобласці Георгій Філімонаў падкрэсліў, што Беларусь адносіцца да ліку асноўных стратэгічных партнёраў Расіі. «Узровень палітычнага дыялогу дасягае на сёння найвышэйшых паказчыкаў, — адзначыў ён. — І гэты ўзровень палітычнага дыялогу і цеплыні ўзаемаадносін, які дэманструюць нашы лідары, Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка, з’яўляецца для нас узорам, да якога мы павінны імкнуцца. Да найвышэйшага ўзроўню палітычнага дыялогу мы павінны падцягваць і ўзровень міжрэгіянальнага ўзаемадзеяння, партнёрства з нашымі калегамі з Беларусі ў плане рэалізацыі сумесных эканамічных праектаў».

Намеснік Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Сяргей Хаменка назваў сімвалічным тое, што пасяджэнне Міжпарламенцкай камісіі праходзіць напярэдадні 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. «Гэтая дата — сімвал сяброўства і адзінства, калі ўсе разам мы дасягнулі той Перамогі, якая ў прынцыпе тэхнічна, як думалі асобныя заходнія аналітыкі, палітыкі, ваенныя, немагчыма. Усё магчыма — толькі разам», — падкрэсліў ён.

І дадаў, што Рэспубліка Беларусь і валагодская зямля вельмі падобныя. «З аднаго боку, адсутнасць у вялікай колькасці прыродных выкапняў, з іншага — наяўнасць сінявокіх азёр, развітыя прамысловасць, сельская гаспадарка, — канкрэтызаваў ён. — Аднак самым галоўным вашым і нашым здабыткам з’яўляюцца людзі. Гэта тыя патрыёты, якія шчыра любяць сваю радзіму — Расійскую Федэрацыю і Рэспубліку Беларусь».

Сяргей Хаменка нагадаў, што сустрэча адбываецца напярэдадні XІ Форуму рэгіёнаў, які ў канцы чэрвеня пройдзе на Віцебшчыне. «Цяпер ідзе вельмі дасканалая падрыхтоўка, — расказаў ён. — Тая колькасць мерапрыемстваў і ўдзельнікаў, якія плануюць прыбыць на форум, сведчаць аб узаемнай цікавасці. Асноўным паказчыкам гэтага мерапрыемства з’яўляецца развіццё эканомікі, росту дабрабыту грамадзян Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі. Нашы кіраўнікі дзяржаў падаюць нам прыклад узаемадзеяння, прыклад, як трэба разбірацца ў кожнай дробязі, прыклад, як трэба сябраваць на карысць нашых дзяржаў».

Кантракты — з канкрэтнай мэтай

Па словах намесніка Старшыні Савета Федэрацыі Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі Юрыя ВАРАБ’EВА, адносіны паміж Беларуссю і Расіяй маюць стратэгічнае значэнне, і задаюць тон гэтаму супрацоўніцтву нацыянальныя лідары. Ён адзначыў, што акурат у гэтыя дні запланаваны візіт Уладзіміра Пуціна ў Беларусь, дзе падчас сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам будуць намечаны новыя планы.

Кажучы аб штогадовым Форуме рэгіёнаў, Юрый Вараб’ёў падкрэсліў, што гэтае мерапрыемства дае магчымасць заключыць паміж нашымі краінамі пагадненні, дагаворы і камерцыйныя кантракты. «Некалькі гадоў таму мы вырашылі, што наша камісія, якая збіраецца ў прамежку паміж форумамі, будзе разглядаць важныя пытанні: як гэтыя дамоўленасці рэалізуюцца і наколькі яны карысныя, — нагадаў ён. — Магчыма, нешта сёння трэба дадаць, давесці да ладу, для таго, каб ад гэтых пагадненняў была карысць. Вядома, бізнес-кантракты ў асноўным носяць камерцыйны характар, там бізнесмены самі разбяруцца, а вось рэгіёны паміж сабой не заўсёды заключаюць кантракты з канкрэтнай мэтай. Часта гэта проста рука сяброўства, якая працягваецца, але гэта, дарэчы, таксама нядрэнна».

Кажучы аб парадку дня камісіі, Юрый Вараб’ёў засяродзіў увагу на пытаннях, якія патрабуюць абмеркавання. «Першае — гэта рэалізацыя заключаных дагавораў паміж рэгіёнамі на прыкладзе Валагодскай вобласці і Мінска, — канкрэтызаваў ён. — Як вядома, Валагодская вобласць актыўна ўзаемадзейнічае з Беларуссю, заключаны дзясяткі пагадненняў. Як ужо адзначалася, тавараабарот склаў больш за 700 мільёнаў долараў, і гэта сведчыць аб тым, што нашы рэгіёны супрацоўнічаюць эфектыўна. Другое пытанне — гэта супрацоўніцтва ў галіне захавання гістарычнай памяці і сувязі пакаленняў. У апошнія гады Беларусь і Расія аказаліся пад беспрэцэдэнтным ціскам звонку. Агрэсіўным атакам падвяргаецца ўся нашая гістарычная праўда, агульная перамога над нацызмам, памяць аб ахвярах вайны. Многае робіцца, каб наша моладзь памятала пра гэта. Найважнейшая задача нашага пакалення — перадаць гэтую памяць маладым».

У тэму

Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Міхаіл РУСЫ адзначыў, што ўсе пытанні, якія разглядае і Форум рэгіёнаў, і парламенцкая камісія вельмі важныя. «Камісія сабрана ў новым фармаце, з новымі задачамі, — паведаміў сенатар. — У Гродна Наталля Іванаўна і Валянціна Іванаўна ўнеслі прапанову надаць міжпарламенцкай камісіі новы статус больш высокага ўзроўню кантролю за прынятымі рашэннямі. Мяркую, што такая форма кантролю і ўзаемадзеяння дазваляе аператыўна прымаць тыя рашэнні, якія ўжо фармалізаваны на форумах».

Па словах парламентарыя, Мінск у параўнанні з іншымі беларускімі гарадамі мае больш высокую долю ўдзелу ў развіцці Волагды, гэта вельмі добры паказчык. Таму будуць прыняты рашэнні, каб яшчэ больш ўзмацніць эканамічнае ўзаемадзеянне.

Што да патрыятычнага блоку пытанняў, вынесеных на абмеркаванне саюзных парламентарыяў, то Міхаіл Русы перакананы: нельга замоўчваць нашу гісторыю, трэба паказваць усёй сусветнай супольнасці ролю Савецкага Саюза ў Вялікай Айчыннай вайне. Па яго словах, тое, што зроблена і ў Беларусі, і ў Расійскай Федэрацыі па захаванні памяці, ваеннай, культурнай і духоўнай спадчыны дарагога варта. "Няма такога месца, дзе пахаваны салдат і стаіць помнік, каб яно не было дагледжана, абазначана, каб да яго не прыходзілі людзі, — падкрэсліў ён. — На прыкладзе Брэсцкай крэпасці мы рыхтуем унікальны цэнтр патрыятычнага выхавання моладзі".

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Прычына — даступныя крэдыты і ажыятажны попыт.

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.