Вы тут

Больш за 3 тыс. выпадкаў у год: у Беларусі расце колькасць ДТЗ з удзелам дзікіх жывёл


У Беларусі расце колькасць ДТЗ з удзелам дзікіх жывёл. Аб гэтым на прэс-канферэнцыі па гэтай тэме расказаў намеснік начальніка аддзела кантролю за аховай і выкарыстаннем аб’ектаў жывёльнага і расліннага свету Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Беларусі Сцяпан Гузней, перадае БелТА.


«Неабходна адзначыць, што існуючыя даныя ўказваюць на тэндэнцыю штогадовага росту фактаў такіх ДТЗ. Калі ў 2021 годзе было зарэгістравана 2978 фактаў, то ў 2022-м — ужо 3012 выпадкаў. У мінулым годзе статыстыка зафіксавала 3374 ДТЗ з удзелам паляўнічых жывёл нарміруемых відаў. За чатыры месяцы гэтага года адзначана 1040 аварый, у выніку якіх загінулі 1057 жывёл. Рост у параўнанні з 2023-м складае 9 працэнтаў. Тэндэнцыя росту захоўваецца і цяпер», — адзначыў прадстаўнік Дзяржінспекцыі.

Часцей за ўсё ў ДТЗ трапляюць ласі і казулі. Гэтыя віды фігуруюць у 90 працэнтах усіх аварый з дзікімі жывёламі.

«Такая сітуацыя паўтараецца з году ў год. Так, у 2023 годзе на дарогах загінулі 2264 казулі і 915 ласёў. Акрамя таго, маюць месца факты ДТЗ з кабанамі, аленямі. Радзей у аварыі трапляюць лані, бабры, выдры. У гэтым годзе, напрыклад, адзначаем усплёск інцыдэнтаў з высакароднымі аленямі, адваротная сітуацыя назіраецца з кабанамі», — дадаў Сцяпан Гузней.

Часцей за ўсё аварыі з дзікімі жывёламі адбываюцца ў Мінскай і Гродзенскай абласцях.

«У прысталічным рэгіёне ў мінулым годзе зафіксавана 956 фактаў, што складае каля 30 працэнтаў ад агульнай колькасці. У Гродзенскай вобласці адзначана 580 ДТЗ або 17 працэнтаў. Найменшая колькасць такіх ДТЗ фіксуецца ў Брэсцкай вобласці — 380 выпадкаў. Найбольшая колькасць аварый адбываецца ў другім і чацвёртым кварталах года. Што датычыцца часу сутак, то часцей інцыдэнты здараюцца ноччу», — падкрэсліў спецыяліст.

У выпадку выяўлення загінулых або параненых жывёл, чалавек павінен па магчымасці паведаміць карыстальніку землеўгоддзяў або звярнуцца ў мясцовае аддзяленне ўнутраных спраў.

«Заканадаўствам забараняецца самавольная здабыча, разбіранне, транспарціроўка і іншыя маніпуляцыі. Парушэнне прыводзіць да адміністрацыйнай або крымінальнай адказнасці», — сказаў на заканчэнне Сцяпан Гузней.

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.