Вы тут

Беларускія сляды Вялікага Фрагі


У Расіі пабачыў свет спецыяльны выпуск міжнароднага часопіса «Туркменістан» (на рускай і англійскай мовах). Нумар цалкам прысвечаны класіку сусветнай паэзіі Махтумкулі Фрагі. 


У адным з артыкулаў на самы пачатку нумара ёсць такія словы: «Спасцігаючы свет, Махтумкулі аб’ездзіў многія краіны. Дакументы сведчаць пра яго наведванне тэрыторый сучаснай Цэнтральнай Азіі, Афганістана, Расіі, Ірана, Сірыі, шэрагу іншых дзяржаў. Гэта наклала пячатку на яго светапогляд, стала стрыжнем яго грамадзянскай пазіцыі, заснаванай на павазе да другіх народаў, добрасуседстве і дружбе. Адначасова, знаходзячыся ў іншых землях, Махтумкулі нёс людзям, якія там жылі, веды пра сваю радзіму, пра туркменскі народ, яго традыцыі, звычаі. Ішоў той працэс, які мы называем узаемапранікненнем культур і ведаў». І далей: «І таму не будзе ніякім перабольшваннем, калі сказаць, што Махтумкулі ў гэтым сэнсе быў выдатным дыпламатам, які ўнёс каштоўны ўклад у працэс узаемапранікнення ўласнай культуры туркмен і культуры, жыццёвага ўкладу іншых народаў і, адначасова, — у фарміраванне туркменскага нацыянальнага характару, якому не ўласцівы этнічная замкнёнасць і адасобленасць. Насупраць, ён адкрыты, успрымае навакольны свет, спалучае ў сабе дэмакратызм і традыцыйнасць, павагу да другіх і ўласную годнасць...»

У нумары не толькі падрабязна асвятляецца мастацкая веліч паэзіі Вялікага Фрагі, яго месца ў туркменскай літаратуры і культуры, у пабудове туркменскай дзяржавы, але і распавядаецца пра судакрананне асобы класіка, яго творчасці з іншымі нацыянальнымі прасторамі. 

Вялікім здымкам прадстаўлены ашхабадскі помнік Вялікаму Фрагі. Гісторыя ўсталявання яго — у 1970 годзе. Манумент знаходзіцца ў скверы Махтумкулі на праспекце Махтумкулі. Аўтарам з’яўляецца мінскі скульптар Віктар Папоў. Помнік называюць шэдэўрам туркменскага манументальнага мастацтва. Мастацтвазнаўцы лічаць, што беларускаму скульптару Віктару Папову ўдалося паказаць масштаб асобы Махтумкулі, а таксама: «... яго высокую чалавечую годнасць, душэўны ўздым і глыбокую засяроджанасць». Віктар Барысавіч Папоў (1923 — 1981) — удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Кавалер ордэнаў Айчыннай вайны I ступені, Чырвонай Зоркі. Аўтар некалькіх помнікаў У.І. Леніну. Два з іх былі ўсталяваны ў Туркменістане — у Ашхабадзе і Небіт-Дагу. 

На старонках выдання змешчаны партрэт Аляксандра Ходзькі-Барэйкі (1804 — 1891гг.). Якое ж дачыненне наш суайчыннік мае да Туркменістана і Махтумкулі?.. Чытаем у часопісе «Туркменістан»: «... адным з першых, хто пазнаёміў замежных чытачоў з паэтам Махтумкулі і яго творамі, з’яўляецца ўраджэнец сяла Крывічы Вілейскага павета Віленскай губерні (зараз Мядзельскі раён Мінскай вобласці Рэспублікі Беларусь), дыпламат, усходазнавец, паэт і прафесар Аляксандр Ходзька-Барэйка <...> Падарожнічаючы па тэрыторыі Сярэдняй Азіі, ён запісаў паэтычныя тэксты Махтумкулі, пераклаў іх на англійскую мову і ў 1842 годзе надрукаваў у Лондане. Гэтым самым ён паклаў пачатак знаёмству жыхароў Еўропы з творчасцю туркменскага паэта». 

І яшчэ адна кропка судакранання Беларусі і Махтумкулі адкрываецца са старонак часопіса «Туркменістан». У спецыяльным выпуску выдання змешчаны партрэт Аляксандра Пацалуеўскага (1894 — 1948). Нарадзіўся ён у Віцебскай губерні (на тэрыторыі сучаснай Латвіі), але ва ўсіх сваіх аўтабіяграфічных дакументах пісаў, што з’яўляецца беларусам. Чытаем ў «Туркменістане»: «...найболей значнымі становяцца даследванні твораў Махтумакулі, якія выйшлі з-пад пяра двух вучоных, якія жылі на радзіме паэта. І першым з іх варта ўзгадаць вучонага-цюрколага, прафесара, заслужанага навуковага дзеяча Туркменістана Аляксандра Пятровіча Пацалуеўскага <...> Ашхабадскі землятрус 1948 года абарваў жыццё выдатнага даследчыка творчасці Махтумкулі. Незадоўга перад гібеллю ён апублікаваў адну са сваіх сур’ёзных прац „Рыфма ў творах Махтумкулі“. У той самы перыяд для студэнтаў завочнага аддзялення Ашхабадскага педінстытута (зараз Туркменскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Махтумкулі) прафесарам былі падрыхтаваны вучэбныя дапаможнікі па агульнаму мовазнаўству. У даскналасці валодаючы туркменскай мовай, ён здзіўляў слухачоў глыбіной ведання туркменскай класічнай літаратуры, вуснай народнай творчасці. Ён на памяць чытаў вершы Махтумкулі, прыводзіў цэлыя ўрыўкі з дэстанаў». 

Напамін пра Віктара Папова, Аляксандра Ходзьку-Барэйку, Аляксандра Пацалуеўскага ў пярэдадзень 300-годдзя з дня нараджэння класіка сусветнай паэзіі сведчыць пра цесную паяднанасць беларускай і туркменскай культур, пра тое, што галоўны светач туркменскага мастацкага слова аднолькава блізкі нашым народам. У гэтыя дні, калі Туркменістан святкуе такую высокую дату, не лішнім будзе згадаць пра паяднанасць з творчасцю Махтумкулі і класікаў і ўвогуле яркіх прадстаўнікоў беларускай літаратуры XX стагоддзя: Максіма Танка, Уладзіміра Караткевіча, Алега Лойкі, Алеся Звонака, Уладзіміра Шахаўца, чые пераклады твораў Вялікага Фрагі друкаваліся ў Беларусі ў мінулыя дзесяцігоддзі, выходзілі асобнай кнігай — «Салавей шукае ружу»... Як і нельга не сказаць добрае слова пра Казіміра Камейшу, Віктара Шніпа, Міколу Мятліцкага, чые пераклады Махтумкулі ўвайшлі ў важкі том паэзіі «З кубка вечнасці мёд», які пабачыў свет у Мінску ў 2014 годзе. Іх імёны гучалі на вечары Вялікага Фрагі ў Доме літаратара, які быў арганізаваны Саюзам пісьменнікаў Беларусі і Пасольствам Туркменістана ў Рэспубліцы Беларусь. 

Мацвей ПАШКОЎСКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

«Малако — паўнавартасны прадукт харчавання, а не напой, гэта важна ўлічваць».