Вы тут

Арэндная стаўка на здымнае жыллё працягвае зніжацца


Сапраўды, прапанова кватэр у арэнду ў Мінску працягвае расці, а попыт працягвае зніжацца. Досыць павольна зніжаецца і кошт арэнднай стаўкі, але не на ўсе тыпы кватэр. Сёння мы высветлілі, ці карыстаюцца попытам «дзядулевы метры», якія кватэры цяпер найбольш запатрабаваныя і за колькі можна зняць кватэру ў сталіцы.


«Мёртвы сезон»

Большасць сталічных жыхароў хоць раз сутыкаліся ў жыцці з неабходнасцю зняць жыллё. Таму тэма арэнды кватэр для Мінска не губляе актуальнасці.

Разгледзеўшы аналітычныя табліцы жыллёвага партала Realt, мы прыйшлі да высновы, што з сакавіка на рынку доўгатэрміновай арэнды жылля назіраецца зацішша. Пасля ўсплёску ў студзені і лютым цяпер попыт у Мінску скарачаецца трэці месяц запар. Запытаў па пошуку здымнага жылля ў красавіку на 10% менш, чым у пачатку года, і вялікая верагоднасць, што падобная тэндэнцыя будзе назірацца аж да сярэдзіны лета.

Пры гэтым канкурэнцыя сярод арэндадаўцаў расце: колькасць свабодных кватэр за месяц павялічылася на 1,5%. Папаўненне базы адбылося за кошт аднапакаёвых кватэр, выбар якіх павялічыўся на 8%. Пры гэтым колькасць двухпакаёвых і трохпакаёвых кватэр, наадварот, знізілася на 0,3% і 5,7% адпаведна.

За кошт «вымывання» больш бюджэтных шматпакаёвых кватэр у красавіку назіраецца рост сярэдніх цэн у маі на 1% і 2,8% па двухпакаёвых і трохпакаёвых кватэрах адпаведна. Што датычыцца аднапакаёвых кватэр, то сярэдняя цана іх, наадварот, паказала зніжэнне, але пра гэта крыху пазней.

Старое жыллё каціруецца па мінімуму

Па словах кіраўнікоў аддзелаў арэнды жылля сталічных агенцтваў нерухомасці, у апошнія гады стала заўважна, што рынак арэнды маладзее. Гэта звязана ў першую чаргу з тым, што цяпер з’яўляецца шмат новабудоўляў.

Свежасць раёна, кватэры з новай планіроўкай — гэтыя фактары сёння маюць ключавое значэнне. І маладыя жыхары вырашаюць дадаць трохі грошай і жыць у новым сучасным доме з нармальным рамонтам, а не ў старой, «забітай» кватэры. Новае, камфортнае жыллё, дарэчы, заўсёды было запатрабавана, але яго раней проста не было на рынку столькі, як цяпер. А «дзядулева жыллё» сёння, наадварот, прастойвае. «Яго ўладальнікам у сувязі з гэтым хочацца параіць зрабіць рамонт. Было б нядрэнна заслаць драўляныя падлогі лінолеумам, змяніць шпалеры і абнавіць мэблю — выкінуць старую, якая ўжо непрыдатная», — лічаць эксперты.

Калі мы гаворым пра элітнае жыллё, то і ў гэтым сегменце запатрабаваны кватэры, якія адпавядаюць духу часу, а не тыя, у якіх класічны еўрарамонт ужо маральна састарэў.

Ажыятажу не будзе, але рынак арэнды жыве па сваіх законах

Апошнім часам прывабнасць куплі жылля ў параўнанні з арэндай узрасла. Раз-пораз мы чуем аб новай рэкорднай колькасці кватэр, прададзеных у Мінску.

Так, сапраўды, крэдыты сталі больш даступнымі, і людзі сталі купляць жыллё больш актыўна. Тым не менш тым, хто будуе жыллё, трэба дзесьці жыць, пакуль гэтыя кватэры будуюцца.

Часцей за ўсё здымаюць кватэры маладыя сем’і, выпускнікі навучальных устаноў, а таксама маладыя людзі, якія з’ехаліся для сумеснага пражывання. Старыя кватэры, як правіла, прадаюцца для таго, каб заплаціць першы ўзнос.

Самыя запатрабаваныя кватэры традыцыйна аднапакаёвыя. Двухпакаёвыя таксама карыстаюцца попытам, асабліва ў сем’яў, у якіх ёсць дзіця. Трохпакаёвыя кватэры — самыя «павольныя».

Нягледзячы на тое, што сёння здзяйсняецца шмат здзелак па куплі нерухомасці, сказаць, што рынак арэнды канчаткова асеў, нельга, лічаць эксперты па нерухомасці.

Зразумела, што няма такога ажыятажу, які быў гадоў пяць таму, калі на адну кватэру прыходзілася да пяці кліентаў. Але, калі добры варыянт з’яўляецца, заўсёды ёсць пару чалавек, якія жадаюць кватэру паглядзець. Пры гэтым, вядома, чэргі не стаяць. Цяпер самы камфортны час, каб зняць добрую кватэру, яшчэ і таму, што рынак у гэты час года найбольш спакойны.

Сярэдняя цана не мяняецца ўжо паўгода

Што датычыцца цэн, яны трымаюцца на адным узроўні ўжо нейкі час, адзначыў спецыяліст. Цяпер стандартная аднапакаёвая кватэра здаецца за 200 долараў у эквіваленце. Так, у старых пяціпавярховых дамах могуць здавацца маленькія кватэры і танней — за 180 або 190 долараў. Але гэта як правіла «пустышкі» вельмі нізкай якасці, у якіх да таго ж ніхто не прапісаны. Камунальныя плацяжы ў такім жыллі будуць вышэйшыя ў два разы, чым у звычайным. Таму, калі вы бачыце аб’яву з вельмі танным варыянтам, варта насцярожыцца: гэта часцей за ўсё азначае, што альбо ў кватэры ўсё зусім дрэнна, альбо яшчэ «бонусам» ідзе адсутнасць прапісаных там людзей.

У сярэднім жа арэнда якаснай аднапакаёвай кватэры абыдзецца ў 210 долараў і вышэй. За 250 долараў можна зняць камфортную, чыстую аднапакаёвую кватэру з усім неабходным для пражывання (плюс нават пральная машына). У тым жа «Мінск-Свеце» сёння часта здаюць маламетражныя кватэры (да 30 метраў агульнай плошчы) за 250 долараў і вышэй. Такія кватэры карыстаюцца папулярнасцю менавіта ў маладых людзей.

Цэны на двухпакаёвыя кватэры стартуюць ад 250–260 долараў. Але гэта таксама самыя бюджэтныя варыянты. Хто жадае нешта лепей, неабходна разлічваць на цэннік да 300–330 долараў. Яшчэ больш сучасныя кватэры — ужо вышэй за 340 долараў. Дарэчы, самыя бюджэтныя трохпакаёвыя кватэры здаюцца таксама за 320–340 долараў.

Альтэрнатыва будаўніцтву?

Сёння ў Мінску 11,5 тысячы арэндных кватэр з дзяржаўнага жыллёвага фонду. Але атрымаць жаданыя метры можа далёка не кожны. Мы падрыхтавалі алгарытм, па якім можна атрымаць гэтыя метры.

Прэтэндаваць на арэнднае жыллё можа, па сутнасці, любы, у каго няма ўласных метраў. Для гэтага дастаткова звярнуцца з заявай і пашпартам у службу «Адно акно» ў адміністрацыі таго раёна, дзе прапануюць свабодныя кватэры. Інфармацыю аб наяўнасці арэнднага жылля ў Мінску (месца знаходжання, колькасны і якасны склад, характарыстыка, узровень добраўпарадкавання, памер платы за карыстанне) і аб тэрміне, на працягу якога прымаюць звароты, размяшчаюць на інфармацыйных стэндах і афіцыйных сайтах адміністрацый раёнаў, на сайце Мінгарвыканкама.

За месяц разгледзяць заяўку, а пасля гэтага адміністрацыя раёна выдзяляе арэнднае жыллё грамадзянам, якія стаяць на ўліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў (у парадку чарговасці), зыходзячы з даты прыняцця іх на ўлік.

Што трэба ведаць перад тым, як прэтэндаваць на арэнднае жыллё?

Важна адзначыць, што такі від нерухомасці — адзін з варыянтаў паляпшэння жыллёвых умоў. Такім чынам, людзі, якія атрымаюць арэнднае жыллё, аўтаматычна здымаюцца з чаргі. У дадатак даюць арэнднае жыллё і тым, хто не стаіць на чарзе. Напрыклад, іншагароднім або грамадзянам, у якіх няма падстаў для прыняцця на ўлік тых, хто мае патрэбу. Іх заявы разглядаюць выключна ў выпадку адсутнасці такіх ад чаргавікоў. Тут перавагай валодае той, хто падаў заяву раней.

На працягу 15 каляндарных дзён трэба звярнуцца ў «Мінскія гарадскія інтэрнаты» для заключэння дагавора найму. Максімальны тэрмін арэнды — пяць гадоў, аднак ён падаўжаецца на неабмежаваную колькасць разоў у выпадку захавання наймальнікам усіх прапісаных у дагаворы ўмоў.

Як правіла, арэнда абыходзіцца мінімум у два разы танней, чым здыманне аналагічнай кватэры ў прыватніка. Аплата, згодна з пастановай Саўміна, прывязана да базавай стаўкі і каэфіцыента з пяці эканоміка-планіровачных зон сталіцы: ён складае ад 0,5 да 1,5 (чым бліжэй да цэнтра, тым каэфіцыент вышэйшы).

Але арэндныя кватэры вельмі запатрабаваныя: на кожную прыходзіць да 10 заяў. Калі грамадзяне выконваюць усе правілы карыстання жылым памяшканнем і спраўна плацяць, то дагавор можа падаўжацца бясконцую колькасць разоў. Першачаргавікам жа арэндная кватэра даецца толькі на перыяд працоўных адносін. Для іх ужываецца паніжаны каэфіцыент — 0,2.

Існуе і іншы спосаб атрымання арэнднага жылля. Згодна з Указам Прэзідэнта № 112, кватэра можа выдзяляцца без рамонту. У такім выпадку навасельцы робяць яго за свой кошт на працягу шасці месяцаў з дня заключэння дагавора найму. Пры выкананні рамонтных работ згодна з каштарысам, які зацвярджаецца прадпрыемствам «Мінскія гарадскія інтэрнаты», плата за карыстанне жыллём не спаганяецца, пакуль выдаткі на рамонт пакрываюць кошт штомесячнага пражывання. Наймальнік аплачвае толькі камунальныя выдаткі. Гэты варыянт карыстаецца попытам: за першы квартал 2024 года ўжо размеркавалі 35 такіх кватэр.

Ці можна з часам прыватызаваць арэнднае жыллё? Па Указе кіраўніка дзяржавы № 37 толькі вайскоўцы могуць з часам набыць арэнднае жыллё ва ўласнасць. У іх пры выслузе 20 гадоў арэндная кватэра перадаецца ва ўласнасць на платнай аснове, пры выслузе 25 гадоў і больш — жылплошча пераходзіць ва ўласнасць бязвыплатна. Што датычыцца іншых катэгорый грамадзян, то ў іх пакуль няма такой магчымасці.

Колькі жылля трэба?

У Беларусі на ўліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, на канец 2023 года знаходзілася 569,1 тысячы сем’яў. Такую лічбу назваў Нацыянальны статыстычны камітэт. За год чарга скарацілася нязначна — на 17,8 тысячы сем’яў. Усяго ж за мінулы год арганізацыі ўсіх формаў уласнасці ў Беларусі пабудавалі 47,4 тысячы кватэр. Прычым у гарадах і пасёлках сем’яў, якія чакаюць пашырэння жылой плошчы, за 12 месяцаў стала менш на 16,9 тысячы, а ў сельскіх населеных пунктах — на 900 сем’яў.

Наваселле справілі 6,8 тысячы маладых сем’яў, 9,6 тысячы — шматдзетных, 1,4 тысячы сем’яў, якія валодаюць правам на атрыманне жылых памяшканняў сацыяльнага карыстання.

Дарэчы, сёлета ў Беларусі маюць намер здаць 4,4 мільёна метраў квадратных агульнай жылой плошчы. Гэта на 200 тысяч «квадратаў» больш, чым годам раней.

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: Кватаранты «правяць баль»

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.