Вы тут

Цікавосткі ад маладых наватараў


Інтэлектуальны і творчы патэнцыял беларускай моладзі не перастае здзіўляць. Чаго толькі варты той факт, што на ўдзел у 13-м сезоне рэспубліканскага праекта «100 ідэй для Беларусі» пададзена больш за 1300 заявак. Найлепшыя праекты былі прадстаўлены ў гранд-фінале ў дзесяці намінацыях і ў трох узроставых катэгорыях. Давайце пазнаёмімся бліжэй з некаторымі з іх.


Першая беларуская настольна-ролевая гульня

Пераможцай у намінацыі «Грамадства і сацыяльная сфера» стала студэнтка Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава Валерыя Мядзведзева з праектам «Таямнічыя сусветы М. Я. Нікіфароўскага» як сродак папулярызацыі айчыннай гісторыі і культуры».

— Гэта першая беларуская настольна-ролевая гульня, якая цалкам заснавана на гісторыі і культуры Беларусі, а таксама на работах вядомага беларускага і віцебскага этнографа, краязнаўцы і фалькларыста Мікалая Якаўлевіча Нікіфароўскага. Яна працуе на механіцы сусветна вядомай гульні «Падзямеллі і драконы», — расказала аўтар праекта.

Гульня прадугледжвае, што спачатку вы выбіраеце сабе персанажа з рэальных гістарычных асоб ці ствараеце яго, але таксама на аснове рэальнай гістарычнай асобы, і пачынаеце сваё падарожжа.

— Паводле сюжэта, знік вучоны, і яго жонка звяртаецца па дапамогу да гульцоў як да вядомых, шляхетных людзей Віцебска. Тыя бяруць заданні ў канверце і выконваюць іх. Але кожнае дзеянне ўплывае на сюжэт, — дадае Валерыя Мядзведзева.

Падчас гульні ўсе ўдзельнікі падарожнічаюць па карце Віцебска 1904 года і даведваюцца шмат новага і цікавага аб культуры і асаблівасцях таго часу. У перспектыве гульню можна адаптаваць і пад іншыя гарады Беларусі.

Балансуем з карысцю і задавальненнем

Унікальны балансір для работы з дзецьмі з асаблівасцямі развіцця вынайшла сям’я дэфектолагаў з Бабруйска.

— У катэгорыі дзяцей з такімі расстройствамі, як аўтызм, ЗАС і ЗПР, ёсць праблемы з матывацыяй, якія ляжаць у аснове ўсяго. Гульня святла ў нашым вынаходстве выконвае якраз важную матывацыйную функцыю. Святло прыцягвае дзяцей, і яны пачынаюць узаемадзейнічаць з прыборам, — падзяліўся спецыяліст па сенсорнай інтэграцыі Аляксандр Пурымаў.

І ўзаемадзеянне з балансірам даволі разнастайнае. Можна ўстаць на яго і балансаваць, можна зняць ніжнюю частку, паставіць на стол і рабіць практыкаванні рукамі. Таксама ёсць мабільны дадатак, з дапамогай якога ажыццяўляецца кіраванне балансірам.

— Дзякуючы розным камбінацыям, ужо атрымліваецца дастаткова складаная і сур’ёзная нагрузка на мозг. І калі вы паспрабуеце ўстаць на балансір, то праз даволі кароткі час зразумееце, што мышцы напружваюцца капітальна, — дадала лагапед-дэфектолаг Кацярына Аляксеева.

Так, балансір сумясціў у сабе займальную гульню і вялікую практычную карысць. А канчатковая мэта спецыялістаў — каб іх вынаходку выкарыстоўвалі не толькі ў спецыялізаваных установах, але і дома.

Экскурсіі будучыні

Цікавы праект пад назвай «Тэхнагід» прадставіў навучэнец Магілёўскага ліцэя Прохар Лусцянкоў.

— Гэты робат можа сам праводзіць экскурсіі. Ён перамяшчаецца вакол стала, расказвае пра аб’ект, мае зносіны з гледачамі, пры неабходнасці паказвае на нейкі элемент лазернай указкай і міргае вачыма для прыцягнення ўвагі, — расказаў аўтар праекта.

Яшчэ робат умее паказваць прэзентацыі на экранах вялікага фармату. Выкарыстоўваць робата можна не толькі ў музеях, але і ў іншых установах для правядзення прафарыентацыйных мерапрыемстваў. Аўтар праекта запэўнівае, што яго асноўная мэта — зрабіць экскурсійную дзейнасць больш даступнай і сучаснай для дарослых, а таксама больш цікавай і захапляльнай для дзяцей. А вы хацелі б наведаць экскурсію ад тэхнагіда?

Навінка ў пчалярстве

Вучань Асіповіцкай школы Кірыл Альховік прадставіў на фінале конкурсу канструкцыю рагатых вулляў Паліводы і стаў пераможцам у сваёй узроставай катэгорыі ў намінацыі «Экалогія (рацыянальнае прыродакарыстанне і глыбокая перапрацоўка прыродных рэсурсаў)». Чым жа адметная яго вынаходка?

— На працягу многіх гадоў у пчалярстве выкарыстоўваецца традыцыйны вулей-ляжак. У нейкі момант з’явілася ідэя паспрабаваць змяніць гэтую канструкцыю, — падзяліўся Кірыл Альховік. — У выніку сабралі найлепшыя рашэнні і атрымалі такі вось рагаты вулей. Адразу заўважылі, што мёдапрадукцыйнасць сістэмы павялічылася прыкладна на 7–10 кілаграм толькі з адной пчоласям’і.

Канструкцыя вынаходкі дазваляе падзяліць вулей на зоны чыстага мёду і расплоду. У традыцыйных вуллях такога няма, з-за чаго з’яўляюцца праблемы з адпампоўкай мёду па прычыне наяўнасці яек пчол у сотах. Як вынік — смерць пчол і недахоп мёду. А тут аб гэтым не трэба турбавацца.

— Бярэш верхні корпус, нясеш на адпампоўку мёду, і не трэба думаць пра тое, што там могуць быць пчолы альбо нешта іншае, — тлумачыць малады чалавек.

І гэта яшчэ не ўсё! Па словах Кірылы Альховіка, канструкцыя рагатага вулея Паліводы дапамагае змагацца з заклешчаванасцю за кошт рашоткі, размешчанай унізе.

— З гэтым вулеем зручна працаваць і ў халодны час, таму што яго не трэба ўцяпляць. Зверху, над апошнім корпусам, кладзецца шчыльная плёнка, якая ўцяпляецца як дах і стварае эфект тэрмаса, — дадаў ён.

Яшчэ адна важная перавага рагатага вулея ў тым, што па сабекошце ён таннейшы, чым вулей-ляжак. Пры яго вытворчасці выкарыстоўваецца хваёвая дошка-сотка, якую можна падразаць пад любы памер. У той час як для вырабу традыцыйнага вулея патрабуецца тры віды дошак.

Аклюдар на а 3D-снове 3D-друку

Студэнты Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П. А. Сухога ў фінале прэзентавалі мадэрнізаваны аклюдар для карэкціравання зроку.

— Аклюзія — асноўны і адзін з самых эфектыўных метадаў у барацьбе з касавокасцю і амбліяпіяй, таксама вядомай як «гультаяватае вока», — падзялілася кіраўнік праекта Паліна Клячкова.

Аклюдар прызначаны для блакіравання зроку ў здаровым воку. Аднак усе аналагі, на думку аўтараў праекта, не асабліва зручныя. «Аклюдар-пластыр аднаразовы. Пры намаканні ён адклейваецца і можа выклікаць раздражненне. Аклюдар-насадка мацуецца толькі на акуляры і прапускае святло. Застаецца толькі павязка на вока, але яна ў цэлым не вельмі надзейная», — дадала інжынер-канструктар Анастасія Лёўкіна.

І юныя вынаходнікі прапануюць абсалютна новую канструкцыю аклюдара, створаную ў адпаведнасці з індывідуальнымі біялагічнымі асаблівасцямі чалавека на аснове 3D-друку.

— Наша прадукцыя складаецца з пластыкавай асновы, якая мае форму, адпаведную контуру твару і вобласці вакол вачэй. Яна цалкам пакрывае вока і закрывае яго ад знешняга святла, — адзначыў інжынер-канструктар Ягор Зайцаў. — Пры стварэнні вырабу выкарыстоўваецца такая тэхналогія, як друк метадам папластавага накладання, што дазваляе стварыць вельмі складаную сітаватую структуру, прадстаўленую шматлікім перапляценнем мікраканалаў.

У выніку атрымліваецца шматразовы зручны аклюдар, створаны індывідуальна пад замоўцу з матэрыялаў, якія не выклікаюць раздражнення.

Лізавета ГОЛАД

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.