Вы тут

Герасімаў праінфармаваў парламентарыяў аб выніках дзейнасці КДК за мінулы год і агучыў планы на сёлета


Сумесныя пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, на якіх старшыня КДК, генеральны пракурор і старшыня праўлення Нацыянальнага банка публічна падводзяць вынікі работы за справаздачны перыяд, — традыцыя, закладзеная абноўленай Канстытуцыяй. Гэтым разам парламентарыі мелі магчымасць даведацца аб пытаннях і праблемах, якія летась знаходзіліся ў полі зроку Камітэта дзяржаўнага кантролю, асноўных кірунках работы на бягучы год.


У прыярытэце — выкананне даручэнняў Прэзідэнта

У полі зроку Камітэта дзяржкантролю ў 2023 годзе знаходзіліся маштабныя тэмы і праблемы: бюджэт, дзяржуласнасць, спажывецкі і фінансавы рынкі, практычна ўсе галіны эканомікі. Ведамствам праведзена 498 праверак, што складае каля 7,5% ад праверак усіх кантралявальных і наглядных органаў Беларусі. У рамках мерапрыемстваў папераджальнага характару праведзена 715 маніторынгаў, па выніках якіх суб’ектам выдадзены рэкамендацыі па выпраўленні выяўленых недахопаў. Больш за 90% усіх рэкамендацый выкананы.

«У 2023 годзе работа органаў КДК была сканцэнтравана на забеспячэнні эканамічнай бяспекі дзяржавы, кантролі за эфектыўнасцю расходавання дзяржаўных сродкаў, выкарыстаннем дзяржаўнай уласнасці, дасягненнем мэт, выкананнем задач і параметраў сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, а таксама на выяўленні рэзерваў эканомікі ва ўмовах вонкавага санкцыйнага ціску, зніжэнні затрат ва ўсіх галінах народнай гаспадаркі, — канкрэтызаваў Васіль Герасімаў. — Асаблівая ўвага ўдзелена кантролю за сітуацыяй на спажывецкім рынку, навядзенню парадку з даўгабудамі, выкараненню неабгрунтаванага пасрэдніцтва, выпраўленню праблемных пытанняў у жывёлагадоўлі, рабоце прамысловасці, будаўнічай галіны, жыллёва-камунальнай гаспадаркі».

Найважнейшым прыярытэтам у рабоце камітэта з’яўляецца кантроль за выкананнем даручэнняў кіраўніка дзяржавы. Асноўны ўпор зроблены на апярэджанне і прамежкавы кантроль. Першарадная задача — дабіцца якаснага і своечасовага выканання даручэнняў Прэзідэнта — выконваецца. У цяперашні час на кантролі ў КДК знаходзіцца каля дзвюх тысяч даручэнняў кіраўніка дзяржавы. Яны датычацца ўсіх сфер жыццядзейнасці і кірункаў сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны.

У прыватнасці, па даручэнні Аляксандра Лукашэнкі праведзена вялікая работа па змяненні стылю і метадаў работы кантралявальных (наглядных) органаў, значна ўзмоцнена работа па прафілактыцы і прадухіленні парушэнняў. Васіль Герасімаў расказаў, што вынікам праведзенай работы стала зніжэнне кантрольнай нагрузкі на прадпрыемствы і арганізацыі. «У 2023 годзе кантралявальнымі (нагляднымі) органамі праведзена на 21% менш праверак, чым у 2022 годзе, — удакладніў ён. — Колькасць маніторынгаў скарацілася ў 2,6 раза, мерапрыемстваў тэхнічнага характару — у 1,6 раза».

Практычна ў рэжыме рэальнага часу Камітэтам дзяржкантролю ажыццяўляецца дыстанцыйны аналіз і кантроль за станам кантрольнай нагрузкі на суб’екты гаспадарання, а таксама абгрунтаванасці назначэння кантрольна-наглядных мерапрыемстваў. Для гэтага выкарыстоўваюцца магчымасці інтэграванай аўтаматызаванай сістэмы кантрольнай (нагляднай) дзейнасці. Па многіх найважнейшых пытаннях кантроль вядзецца ў цесным узаемадзеянні з урадам і іншымі дзяржорганамі.

«Нягледзячы на дасягнутыя вынікі, патрабуецца павышэнне якасці выканання даручэнняў і выканальніцкай дысцыпліны, асабліва ў галіне АПК, спажывецкага рынку, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, — звярнуў увагу Васіль Герасімаў. — На гэта накіравана далейшае ўдасканаленне сістэмы папераджальнага кантролю як знешняга (з боку кантралявальнага органа), так і ўнутранага (з боку саміх выканаўцаў і вышэйстаячых у адносінах да іх дзяржорганаў). Кожны кіраўнік у рэжыме рэальнага часу павінен аналізаваць стадыю выканання даручэння і прымаць меры, не чакаючы сігналу ад кантралёраў».

Эканомія на мільёны рублёў

Кажучы аб кантролі за выкананнем бюджэту, старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю заўважыў: штогод па выніках праверак ажыццяўляецца падрыхтоўка заключэнняў на справаздачы ўрада аб выкананні рэспубліканскага бюджэту, дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва. Асобны кірунак работы ведамства — прапановы па папаўненні бюджэту і павышэнні эфектыўнасці выкарыстання бюджэтных сродкаў. У прыватнасці, у 2023 годзе рэалізаваны прапановы КДК па змяненні парадку фарміравання фонду нацыянальнага развіцця. У выніку даходы фонду павялічыліся ў тры разы.

Асаблівая ўвага ўдзелена кантролю за ажыццяўленнем дзяржаўнымі прадпрыемствамі і арганізацыямі закупак за кошт сродкаў бюджэту і ўласных сродкаў. У 2023 годзе ведамствам прааналізавана 21,5 тысячы закупак, галоўным чынам, у бюджэтаёмістых сферах: адукацыя, ахова здароўя, сацабслугоўванне, культура і спорт, ЖКГ, сельская і лясная гаспадаркі, капітальнае будаўніцтва. Умяшанне КДК па выключэнні неабгрунтаваных закупак дазволіла сэканоміць каля 300 мільёнаў рублёў.

Што датычыцца кантролю за спажывецкім рынкам, летась КДК праверана больш як 1100 гандлёвых аб’ектаў. «Парушэнні правілаў гандлю, санітарных норм і правілаў устаноўлены ў кожным другім, цэн — у кожным восьмым магазіне, — канстатаваў старшыня ведамства. — Каля 300 гандлёвых аб’ектаў рэалізоўвалі тавары, якія не адпавядаюць патрабаванням заканадаўства па маркіроўцы і бяспецы. Правапарушальнікам накіравана 558 рэкамендацый аб выпраўленні парушэнняў і недахопаў. За грубыя парушэнні прыпынялася дзейнасць 53 гандлёвых аб’ектаў».

Зробленае, у тым ліку рэалізацыя мерапрыемстваў Праграмы дзеянняў урада і камітэта па стабілізацыі цэн, дазволіла ў 2023 годзе запаволіць працэсы інфляцыі, не дапусціць дэфіцыту тавараў у гандлёвай сетцы. Гэтая дзейнасць будзе працягнута.

Драўніна — на льготных умовах

Па патрабаванні КДК з рэестра перапрацоўшчыкаў мясной прадукцыі выключана 41 арганізацыя. Працягнута работа па навядзенні парадку на мяса-малочным рынку. Як удакладніў старшыня КДК, асаблівая ўвага ўдзялялася спыненню супрацьпраўнай дзейнасці «псеўдамясакамбінатаў», якія не забяспечваюць поўны цыкл перапрацоўкі мясной сыравіны. «У дзейнасці многіх такіх прадпрыемстваў устаноўлены грубыя парушэнні пры вытворчасці прадукцыі, — зазначыў ён. — Па патрабаванні КДК з рэестра перапрацоўшчыкаў выключана 41 арганізацыя. Дзейнасць яшчэ 12 вытворчых аб’ектаў прыпынена да поўнага выпраўлення парушэнняў».

Адзначаны станоўчы эфект ад прынятых у 2022 годзе па ініцыятыве КДК заканадаўчых ініцыятыў. Гэтыя меры, а таксама ліквідацыя пасрэдніцкіх схем дазволілі дзяржаўным мясакамбінатам нарасціць у 2023 годзе аб’ёмы вытворчасці асноўнай наменклатуры прадукцыі, у тым ліку з высокай дабаўленай вартасцю.

Парламентарыі праінфармаваны аб выніках дзеяння Указа Прэзідэнта, які дае магчымасць грамадзянам набываць драўніну па льготных цэнах на будаўніцтва і рэканструкцыю дамоў, гаспадарчых пабудоў. Такая магчымасць уведзена з 2023 года па прапанове КДК і Мінлясгаса. У мінулым годзе паслугай скарысталіся амаль 6 тысяч грамадзян. Праведзеныя маніторынгі паказалі, што драўніна выкарыстоўваецца па мэтавым прызначэнні. Выяўлены адзінкавыя выпадкі, калі грамадзяне перадавалі закупленую драўніну сваякам.

Камітэтам працягнуты кантроль за сітуацыяй у лясной галіне. «Адсочваюцца пытанні экспарту пілапрадукцыі, уцягвання нізкасортнай драўніны ў гаспадарчы абарот, пастаўкі драўніны дрэваапрацоўчым прадпрыемствам, — заўважыў Васіль Герасімаў. — Аб наяўных праблемах экспарту прадукцыі лесапілавання камітэт неаднаразова інфармаваў кіраўніка дзяржавы і ўрад. У выніку гандлёвыя плыні пераарыентаваныя з заходнееўрапейскіх рынкаў на рынкі Кітая, Азербайджана, Узбекістана, Расіі, Турцыі, Таджыкістана».

Эфектыўнасць службы «115» і навядзенне парадку ў сферы капрамонту

Праведзены маштабныя кантрольныя мерапрыемствы і ў адносінах да кантакт-цэнтраў «115». Выяўлены шматлікія факты неналежнага разгляду заявак грамадзян і невыканання тэрмінаў іх разгляду. Па выніках праверак выпрацаваны і вынесены на ўзровень кіраўніка дзяржавы прапановы. Іх рэалізацыя дала магчымасць істотна павысіць эфектыўнасць работы кантакт-цэнтраў «115», пашырыць кола падключаных да сістэмы ўліку арганізацый — выканаўцаў жыллёва-камунальных паслуг.

Па словах старшыні КДК, на ўзроўні ўрада зацверджаны парадак арганізацыі работы па прыёме, рэгістрацыі ў аўтаматызаванай сістэме, перадачы на выкананне і кантролю за выкананнем заявак і выпраўленнем прэтэнзій грамадзян. «Гэтым парадкам устаноўлены гранічныя тэрміны і неабходнасць указання прычын іх перанакіравання, адлюстраванне звестак аб планавых работах і аварыйных сітуацыях, павышэнне адказнасці выканаўцаў і ўзмацненне кантролю за своечасовасцю і якасцю разгляду заявак, абгрунтаванасцю прадаўжэння тэрмінаў», — адзначыў ён.

У сваім дакладзе закрануў Васіль Герасімаў і пытанне навядзення парадку ў сферы капітальнага рамонту жылля. Eн паведаміў, што ў цэлым па краіне колькасць звышнарматыўных аб’ектаў капрамонту жылфонду за 2023 год знізілася з 204 да 105, колькасць фактаў спынення капрамонтаў без выканання ў поўным аб’ёме прадугледжаных праектамі работ — з 321 да 92. Па прапанове камітэта заканадаўча ўрэгуляваны пытанні акумулявання выключна на спецрахунку мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў платы на капрамонт жылфонду, узмоцнены кантроль за мэтавым выкарыстаннем названых сродкаў.

Шэрыя схемы і карупцыя

Асобна старшыня Камітэта дзяржкантролю спыніўся на ценявых схемах па выдачы насельніцтву «хуткіх грошай». Ён адзначыў, што ў такіх паслугах фактычна сфарміраваўся шэры рынак. «Асаблівую ролю тут адыгрываюць так званыя крэдытныя брокеры, якія за свае паслугі „здзіраюць“ з грамадзян, якія да іх звярнуліся, рабаўніцкія камісійныя — да 40% ад сумы атрыманага крэдыту, — канстатаваў кіраўнік ведамства. — Пры гэтым асобныя канторы паказваюць страты ад сваёй дзейнасці, а атрыманыя даходы выводзяць праз выплату дывідэндаў заснавальнікам альбо праз аплату нібыта аказаных паслуг сваім узаемазвязаным структурам».

Пры гэтым актыўна дзейнічаюць арганізацыі і індывідуальныя прадпрымальнікі, якія «зводзяць» паміж сабой асоб, якія даюць пазыкі, і тых, хто мае патрэбу ў іх атрыманні. Такія пазыкі даюцца пад вельмі высокія працэнты і, як правіла, пад заклад нерухомасці. З-за кабальных умоў дагавораў пазыкі гэтая нерухомасць часта пераходзіць ва ўласнасць пазыкадаўцаў і пасля перапрадаецца з вялікай накруткай.

«Яшчэ адна шэрая схема звязана з прапановай пазык, завуаляваных пад набыццё тэхнікі: грамадзянам прапануецца аформіць на сябе куплю бытавой тэхнікі ў растэрміноўку, — расказаў старшыня Камітэта дзяржкантролю. — Тэхніку дзялкі забіраюць сабе, а грамадзянін атрымлівае на рукі грашыма палову яе кошту. У далейшым такая тэхніка рэалізуецца, у тым ліку праз інтэрнэт-крамы, з утойваннем падаткаў».

Васіль Герасімаў праінфармаваў парламентарыяў аб тым, што ў мэтах спынення карупцыйных праяў на працягу мінулага года аператыўна вывучалася дзейнасць больш як 200 найважнейшых для эканомікі краіны прадпрыемстваў. «Меры, якія прымаюцца, дазволілі своечасова і эфектыўна рэагаваць на факты карупцыі і парушэнні ўстаноўленага парадку ажыццяўлення эканамічнай дзейнасці, — падкрэсліў старшыня КДК. — Напрыклад, у 2023 годзе выкрыты карупцыйныя схемы ў вытворчасці і рэалізацыі мікрасхем і паўправадніковых прыбораў. Таксама выкрыты маштабныя карупцыйныя схемы ў прамысловасці, вытворчасці і перапрацоўцы сельскагаспадарчай прадукцыі, нарыхтоўцы другаснай сыравіны, ахове здароўя і іншых сферах». Усяго ў 2023 годзе выяўлена 118 карупцыйных злачынстваў у эканамічнай сферы, па фактах неабгрунтаванага пасрэдніцтва — 106.

За фінансаванне экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасці летась было ўзбуджана 80 крымінальных спраў. Старшыня КДК паведаміў, што асноўныя намаганні ў сферы спынення каналаў фінансавання экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасці былі сканцэнтраваны на аналізе абароту крыптавалюты і кантролі плацежных сэрвісаў розных электронных сістэм і сацсетак. Устаноўлены адпраўшчыкі і атрымальнікі такіх сродкаў. Акрамя таго, органамі камітэта выяўлена некалькі дзясяткаў прыватных кампаній, уласнікі, кіраўнікі і работнікі якіх прымалі актыўны ўдзел у разгойдванні сацыяльна-палітычнай абстаноўкі ў нашай краіне. Па матэрыялах праверак узбуджаны 42 крымінальныя справы.

Работа са зваротамі грамадзян і перспектыўныя кірункі дзейнасці

У мінулым годзе ў Камітэт дзяржкантролю паступіла звыш 10 тысяч зваротаў. Кожны шосты быў станоўча вырашаны. Усе звароты, якія паступаюць, знаходзяцца на кантролі ведамства. Асабліва адзначана эфектыўнасць работы кароткага нумара камітэта — 191. Па гэтым нумары арганізоўваюцца «гарачыя лініі» па найбольш надзённых пытаннях. Усе паведамленні правяраюцца. Пры пацвярджэнні правапарушэнняў да вінаватых прымаюцца меры рэагавання.

«Гэтую форму работы ўжо распаўсюдзілі і на вобласці, — расказаў Васіль Герасімаў. — Жыхары рэгіёнаў могуць звярнуцца на кароткі нумар 191 пры правядзенні „гарачых ліній“ тэрытарыяльнымі органамі камітэта».

У завяршэнні свайго даклада старшыня КДК агучыў планы кантрольнай дзейнасці на бягучы год. «Нароўні з працягам жорсткага кантролю за расходаваннем дзяржаўных сродкаў, цэнамі на спажывецкім рынку, работай рэальнага сектара эканомікі камітэт правядзе шэраг комплексных мерапрыемстваў па розных кірунках, — адзначыў Васіль Герасімаў. — Улічваючы, што 2024 год аб’яўлены Годам якасці, ведамства працягне кантроль па забеспячэнні росту якасці прадукцыі. Дэталёваму аналізу будзе падвергнута дзейнасць дзяржорганаў, якія ажыццяўляюць нагляд у сферы якасці і бяспекі харчовай прадукцыі. Таксама КДК правядзе ацэнку якасці на ўсіх этапах архітэктурнай і будаўнічай дзейнасці ў сферы дарожнай гаспадаркі і пры аказанні жыллёва-камунальных паслуг».

Комплексна будзе вывучана работа прадпрыемстваў рэальнага сектара эканомікі з падрыхтоўкай прапаноў па аптымізацыі загрузкі вытворчых магутнасцяў, вырашэння праблем збыту, паляпшэння іх фінансавага стану. Сярод новых напрамкаў кантролю — аналіз эфектыўнасці работы ў сферы нафтаздабычы і тарфяной прамысловасці.

Найважнейшымі кірункамі дзейнасці камітэта застануцца выяўленне і спыненне супрацьпраўных дзеянняў у эканамічнай сферы: нявыплата падаткаў, пасрэдніцтва, карупцыя, выплата заработнай платы «ў канвертах». Кіраўнік КДК дадаў, што на жорсткім кантролі застаецца выкананне даручэнняў Прэзідэнта па забеспячэнні належнай работы сістэм аховы здароўя і адукацыі. Пільная ўвага будзе ўдзелена эфектыўнасці функцыянавання спажыўкааперацыі.

«Прыярытэтны кірунак работы органаў камітэта ў бягучым годзе — максімальна дабівацца выканання даручэнняў кіраўніка дзяржавы», — рэзюмаваў Васіль Герасімаў.

Вераніка КАНЮТА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».