Вы тут

У Слаўгарадзе стартавала Вахта Памяці «Сожскі рубеж-2024»


Наогул пошукавікі працуюць ужо з сакавіка, але гэта былі разведкі. Па словах нязменнага кіраўніка Магілёўскага абласнога гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «Віккру» Мікалая Барысенкі, ў іх справе разведка — самае галоўнае. Дапамогай пошукавікам служаць дакументы Падольскага архіва Мінабароны Расійскай Федэрацыі, аэрафотаздымкі, якія самыя апантаныя з «віккруўцаў» купляюць часта за свае грошы за мяжой. «Мы адпрацавалі не менш 10 разведвальных выездаў, пакуль не вызначыліся, дзе шукаць», — удакладняе Мікалай Барысенка. Калі карцінка складваецца, пачынаюцца раскопкі. Як заўсёды з удзелам 52-га асобнага спецбатальёна Мінабароны Рэспублікі Беларусь. 


Удзел у адкрыцці Вахты памяці прынялі прадстаўнікі мясцовай ўлады, галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама, члены патрыятычных клубаў, жыхары горада, моладзь.

— Пошукавікаў клуба «Віккру» мы лічым у раёне не гасцямі, а сваімі добрымі сябрамі, — адзначыла ў сваёй прамове старшыня Слаўгарадскага райсавета і кіраўнік раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Белая Русь» Святлана Язерская. — Мы ўдзячныя ім за тую маштабную і карпатлівую работу, якую яны праводзяць па ўстанаўленні абаронцаў і вызваленцаў раёна. Гэта трэба для таго, каб захаваць памяць аб подзвігу герояў Вялікай Айчыннай вайны.

За час вайны колькасць насельніцтва ў Прапойску (так на той час называўся Слаўгарад) скарацілася на 15 тысяч чалавек, з 106 вёсак амаль палова была спаленая, ад рук фашыстаў загінулі сотні мірных грамадзян. Адначасова з адкрыццём Вахты памяці ў Слаўгарадзе адбылася і жалобная цырымонія перапахавання мірных жыхароў, якія былі расстраляныя ў кастрычніку 1941-га. Пракуратурай Слаўгарадскага раёна вывучаны архіўныя дакументы, акты Дзяржаўнай надзвычайнай камісіі, паказанні сведак. Месца, дзе былі знойдзены астанкі 91 чалавека ва ўзросце ад 2 да 85 гадоў, у раёне вуліцы Ракасоўскага. На час вайны гэта быў ускраіна горада, тут праходзілі супрацьтанкавыя равы. Целы забітых былі кінутыя ў іх і прысыпаныя зямлёй. У савецкі час месца масавага расстрэлу пазначалі помнікам. Але ніхто не ведаў, колькі тут ляжыць людзей. Фашысты не афішыравалі месцы расстрэлаў, пра іх даведваліся ад выпадковых сведак. Астанкі паднятых людзей перапахаваныя ў гарадскім парку па суседству з брацкай магілай. На цырымоніі прысутнічалі прадстаўнікі магілёўскай яўрэйскай суполкі, пракурорскія работнікі. 

— Падчас расследавання крымінальнай справы па генацыдзе беларускага народа ўстаноўлена 42 раней невядомых пахавання мірных жыхароў, у тым ліку ў Слаўгарадзе, — адзначыў намеснік пракурора Магілёўскай вобласці Андрэй Волкаў. — Гэта мірныя грамадзяне — жанчыны, дзеці, старыя. Іх расстралялі толькі за тое, што яны проста жылі на гэтай зямлі. 91 чалавек — гэта не канчатковая лічба, работа працягваецца. 

Невядома дакладна і лічба чырвонаармейцаў, якія аддалі свае жыцці на гэтым рубяжы. У жніўні 41-га Прапойск не аднойчы станавіўся цэнтрам увагі стаўкі Галоўнага камандавання. Немцы ўзвялі тут свае ўмацаванні і перакрылі «варшаўку» — шашу Масква-Брэст. Гэта перашкаджала адступаць савецкім войскам. 

— Рабіліся спробы выбіць непрыяцеля, сюды перакідваліся вялікія сілы, у тым ліку і такая ўдарная як 25 мехкорпус, — кажа Мікалай Барысенка. — Асноўны ўдар на сябе прыняла 50-я танкавая дывізія пад камандаваннем палкоўніка Барыса Бахарова. На жаль, адбіць населены пункт не атрымалася і нашым прыйшлося адступаць праз Проню, сыходзіць прасёлкавымі дарогамі на ўсход. Папоўка, Васькавічы, Свенск, Рэкта — гэта тыя населеныя пункты, якія для нас важныя і штогод прыцягваюць нас. Тут ляжыць шмат чырвонаармейцаў.

У Слаўгарадскім раёне пошукавікі будуць працаваць на месцы баёў 219 мотастралковай дывізіі пад камандаваннем генерал-маёра Паўла Корзуна, якая штурмавала у 1941 годзе Прапойск на працягу 20 дзён. 

Яшчэ адна група пошукавікоў выехала на месца падзення самалёта Пе 2 у Магілёўскі раён. Дакладней, гэта мяжа трох раёнаў — Магілёўскага, Чавускага, Быхаўскага.

— 27 сакавіка 1944 года 4 самалёты Пе 2 былі збітыя немцамі ў раёне вёсак Пусты Асавец, Чырвоны Асавец, Іванішчавічы, Кутня, — удакладніў Мікалай Барысенка. — Месца падзення аднаго самалёта дакладна лакалізавалі, спадзяемся знайсці на працягу пошукаў і экіпаж.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Слаўгарад

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».