Вы тут

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Калесніковіч плённа працуе ў сваёй акрузе


Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па Пінскай сельскай выбарчай акрузе № 15 Уладзімір Калесніковіч працуе ў Пастаяннай камісіі па аграрнай палітыцы зусім не выпадкова. Уладзімір Уладзіміравіч — прафесійны аграрый. У свой час паспяхова скончыў Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт па спецыяльнасці «Механізацыя сельскай гаспадаркі». Пачынаў работу з пасады галоўнага інжынера калгаса «Ставокскі» Пінскага раёна, працаваў таксама ў розных установах і арганізацыях, звязаных з сельскай гаспадаркай.


З працаўнікамі ААТ «Пачапава»

Жыццё сяла, функцыянаванне і далейшае развіццё сельгаспрадпрыемстваў — тое, што найбольш хвалюе парламентарыя, што яму асабліва блізка. Таму недзіўна, што першай рабочай паездкай падчас работы ў акрузе стала наведванне адкрытага акцыянернага таварыства «Пачапава». На той час земляробы гаспадаркі заканчвалі сяўбу кукурузы. І з кіраўніком сельгаспрадпрыемства Аляксандрам Шодам накіраваліся ў поле. Са спецыялістамі, кіраўніцтвам, механізатарамі гаварылі аб ходзе пасяўной кампаніі. Асаблівая ўвага — якасці правядзенння работы, захаванню тэхналогій.

Пра справы надзённыя ішла гаворка таксама ў адкрытым акцыянерным таварыстве «Плешчыцы». У гэтай гаспадарцы, а таксама ў Плешчыцкім сельвыканкаме адбылася сустрэча з мясцовымі жыхарамі. З вяскоўцамі гаварылі пра вынікі Усебеларускага народнага сходу. Дэпутат Калесніковіч, дэлегат УНС, праінфармаваў аб прынятых рашэннях, патлумачыў важнасць і своечасовасць прыняцця Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі і Ваеннай дактрыны, захавання адзінства нацыі як адной з важнейшых умоў для забеспячэння суверэнітэту краіны, яе бяспекі. Яшчэ дэпутат адказаў на пытанні прысутных пра сваю работу ў парламенце.

На пасяджэнні Пінскага райвыканкама з удзелам дэпутата 10 мая разгледзелі вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна ў мінулым годзе. Гаварылі аб тым, як павышаць эфектыўнасць работы сельгаспрадпрыемстваў, плаціць дастойную зарплату і захоўваць кадры.

Першы тыдзень работы дэпутата ў акрузе супаў з важнымі дзяржаўнымі святамі. «Напярэдадні Дня Перамогі я не мог застацца ўбаку ад наведвання і ўшаноўвання ветэранаў, — гаворыць Уладзімір Калесніковіч. — У вёсцы Кончыцы разам са старшынёй Пінскай раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа Міхаілам Шыкелем і старшынёй мясцовага сельвыканкама мы наведалі Барыса Цімафеевіча Пушу. У свае сто гадоў шаноўны ветэран даволі бадзёры і актыўны. Ён расказаў нам, што ў армію быў прызваны ў жніўні 1944 года, а пасля кароткай падрыхтоўкі — навучання спецыяльнасці сувязіста — роўна праз месяц ужо знаходзіўся на фронце. Баявы шлях салдата пачаўся на тэрыторыі Польшчы, адкуль разам са сваім падраздзяленнем ён дайшоў да Берліна. Ветэран узнагароджаны медалямі «За баявыя заслугі», «За вызваленне Варшавы», «За ўзяцце Берліна», «За Перамогу над Германіяй».

Векавы рубеж перасягнуў і ўдзельнік вайны з вёскі Марозавічы Мікалай Аляксеевіч Гаўрыловіч. Летам 1944 года Мікалая і яго таварышаў прывезлі ў Венгрыю, дзе ў гэты час разгортвалася бітва за Будапешт. Ураджэнец Піншчыны стаў першым нумарам баявога разліку супрацьтанкавага ружжа супрацьтанкавага ўзвода 84-га пяхотнага палка. Перамогу сустрэў у шпіталі ў Югаславіі. На той час ужо, як у героя вядомай песні «... на груди его светилась медаль за город Будапешт». Яшчэ Мікалай Аляксеевіч удастоены найвышэйшай узнагароды салдацкай доблесці — медаля «За адвагу».

«Вельмі добрай і шчырай атрымалася размова з ветэранамі. Мы жадалі ім здароўя, бадзёрасці духу, дабрабыту для родных і блізкіх, а яны строга наказвалі людзям нашага пакалення зберагаць і захоўваць мір як самую вялікаю каштоўнасць, якую яны здабывалі цяжкімі дарогамі вайны, — працягвае парламентарый. — Такія сустрэчы падзараджаюць энергіяй, дадаюць жадання працаваць на карысць Радзімы».

У дзень свята 9 Мая Уладзімір Калесніковіч стаў удзельнікам патрыятычнага аўтапрабегу «Памяць-2024. Без тэрміну даўніны». Мерапрыемства, арганізаванае Пінскім райвыканкамам, сабрала шмат людзей. Стартавала калона машын у Пінкавічах і накіравалася па маршруце Сушыцк — Астровічы — Парахонск — Сошна. У кожным населеным пункце наведвалі брацкія магілы, мемарыялы, ускладалі кветкі, хвілінай маўчання ўшаноўвалі памяць герояў вайны і яе бязвінных ахвяр. На мітынгу ў Сошне дэпутат Палаты прадстаўнікоў падкрэсліў, што свята Перамогі служыць напамінам пра тое, як важна берагчы мір, адзінства і незалежнасць нашай краіны:

— Мы ўсе з вамі адказныя за тое, каб памяць аб Вялікай Перамозе перадавалася ад пакалення да пакалення, а Беларусь заставалася мірнай і квітнеючай, — сказаў парламентарый.

У ветэрана Мікалая Гаўрыловіча

За час работы ў акрузе дэпутат Калесніковіч паспеў таксама правесці дыялогавыя пляцоўкі на шэрагу прадпрыемстваў і навучальных устаноў. Дзень Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна адзначыў разам з педагогамі і вучнямі Малоткавіцкай сярэдняй школы. Выступаючы на ўрачыстай цырымоніі ў школе, дэпутат падкрэсліў, што павага да дзяржаўных сімвалаў, іх ушанаванне — абавязак кожнага грамадзяніна нашай краіны: «Патрыятызм кожнага чалавека пачынаецца менавіта з трапяткога стаўлення да сімвалаў дзяржавы, якія з’яўляюцца прадметамі нацыянальнай ідэнтычнасці, нашым нацыянальным гонарам. Дзяржаўныя герб, сцяг і гімн аб’ядноўваюць беларусаў у адну вялікую сям’ю, робяць нас адзінымі і моцнымі», — сказаў дэпутат.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота тэлеграм-канала Уладзіміра Калесніковіча

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.