Вы тут

Чым небяспечнае курэнне «электронкі»?


Яшчэ ўчора нашы дзеці былі актыўнымі спажыўцамі шакаладных батончыкаў і ледзянцоў, а цяпер яны масава становяцца «вейперамі». Вейп — дэвайс, які нагадвае электронную цыгарэту, толькі першапачаткова запраўленую прыемнай на смак курыльнай вадкасцю. Апошнім часам гэтае захапленне ў моладзі набыло размах эпідэміі.


Пры выкарыстанні падобных прылад рэчывы для курэння трапляюць у лёгкія. На жаль, вейпінг трывала ўвайшоў у паўсядзённае жыццё і яго распаўсюджанасць няўхільна расце. У свеце налічваецца каля 40 мільёнаў вейпераў.

— Асаблівую занепакоенасць выклікае той факт, што карыстальнікамі электронных прыстасаванняў з’яўляюцца маладыя людзі, падлеткі, у тым ліку школьнікі, — кажа ўрач-гігіеніст аддзялення гігіены харчавання аддзела гігіены Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Вольга Фінская. — Такое імклівае распаўсюджванне вейпаў і электронных цыгарэт сярод моладзі звязана з тым, што многія ўспрымаюць іх як нейкі модны элемент і памылкова лічаць, што гэта адносна бяспечная форма курэння. Па гэтай жа прычыне многія іх выкарыстоўваюць у якасці менш шкоднай альтэрнатывы ў перыяд адмовы ад курэння. Аднак яшчэ ў 2014 годзе эксперты Сусветнай арганізацыі аховы здароўя адзначылі, што гэта небяспечная альтэрнатыва.

У прыватнасці, састаў вадкасцяў для электронных прылад характарызуецца агрэсіўнасцю і вялікай канцэнтрацыяй хімічных рэчываў — іх больш за 7000!

— Як правіла, у склад такіх вадкасцяў уваходзяць нікацін, тэтрагідраканабінол, прапіленгліколь, гліцэрына, розныя араматызатары, фарбавальнікі і іншыя дадаткі. Аэразолі часта ўтрымліваюць солі цяжкіх металаў, лятучыя арганічныя злучэнні, ацэтон, фармальдэгід. Пры гэтым канцэнтрацыя шкодных рэчываў часта вышэйшая ў параўнанні з традыцыйнымі цыгарэтамі. Важна адзначыць, што шкоднае ўздзеянне гэтых рэчываў звязана ў большай ступені з працэсам іх награвання і злучаных з гэтым хімічнымі рэакцыямі, — тлумачыць урач.

Акрамя таго, электронныя цыгарэты змяшчаюць высокія ўзроўні канцэрагенаў і таксікантаў, якія могуць аказваць уздзеянне на розныя сістэмы арганізма, уплываюць не толькі на лёгкія, выклікаючы, у тым ліку і анкалогію, але і пашкоджваюць сэрца, печань і ныркі, узмацняюць сістэмнае запаленне, прыводзяць да развіцця неўралагічных праяў, карыесу.

З’яўляецца ўсё больш доказаў таго, што электронныя цыгарэты могуць нанесці шкоду імуннай сістэме чалавека. Павялічваецца ўспрымальнасць да мікробных інфекцый, прыступы алергіі і астмы.

— У 2019 годзе ў ЗША зарэгістраваны першыя выпадкі захворвання лёгкіх у курцоў электронных прылад, якое атрымала назву «траўма лёгкіх, асацыіраваная з ужываннем электронных цыгарэт або прадуктаў вейпінгу» (EVALІ). І ўжо праз год у ЗША зафіксавана больш за 2600 выпадкаў EVALІ, у тым ліку каля 70 смяротных зыходаў. У 95% выпадкаў захворванне мае востры пачатак, характарызуецца з’яўленнем кашлю, задышкі, боляў у грудной клетцы. У 85% пацыентаў назіраліся прыкметы інтаксікацыі: слабасць, дрыжыкі, ліхаманка, у 77% — страўнікава-кішачныя сімптомы: боль у жываце, млоснасць, ваніты, дыярэя. Сярод памерлых ад траўмы лёгкіх, асацыіраванай з ужываннем электронных цыгарэт або прадуктаў вейпінгу, часцей адзначаліся розныя псіхічныя расстройствы (дэпрэсія, трывогі), гіпаксія (73%), тахікардыя (46%). Большасць пацыентаў са смяротным зыходам (93%) памерлі ў бальніцы, — прыводзіць лічбы Вольга Фінская.

Пры рэнтгеналагічным даследаванні такіх хворых найбольш часта вызначаюцца прыкметы, характэрныя для пацыентаў з вострым пашкоджаннем лёгкіх і пнеўманіяй. Пры камп’ютарна-тамаграфічным даследаванні органаў грудной поласці выяўляюць участкі «матавага шкла». Аналагічна выяўляюцца грып і COVІD-19 як самастойныя захворванні, так і адначасова з пашкоджаннем лёгкіх, асацыіраваным з вейпінгам.

Прадухіліць бяду значна лягчэй, чым потым змагацца з наступствамі. Каб падлеткі разумелі, якую шкоду яны наносяць свайму арганізму, у першую чаргу бацькам важна самім быць прыкладам для пераймання — з дзяцінства прывіваць дзіцяці каштоўнасці здаровага ладу жыцця, праводзіць разам час. І дакладна не курыць у прысутнасці дзяцей.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Хвароба вейпераў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Падарожжа па Радзме: дзе можа адпачыць беларус?

Падарожжа па Радзме: дзе можа адпачыць беларус?

Умець праводзіць вольны час цікава і з карысцю — свайго роду талент. 

Грамадства

Пачым на рынках прадаюць расаду?

Пачым на рынках прадаюць расаду?

Пакуль у продажы ў асноўным расада кветак, лекавых і духмяных раслін, дэкаратыўных кустоў, а таксама клубніц, суніц і «суніц-клубніц».

Грамадства

Як развіваецца прыдарожны сэрвіс краіны?

Як развіваецца прыдарожны сэрвіс краіны?

Зарадныя станцыі для электрамабіляў, дыстанцыйны заказ ежы, зоны адпачынку.