Вы тут

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?


У мінулую суботу ў Пінскім раёне прайшло выязное пасяджэнне прэзідыума Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў з галоўным пытаннем парадку дня аб рабоце, якая праводзіцца органамі самакіравання і зацікаўленымі службамі выканаўчых і распарадчых органаў вобласці па навядзенні парадку на зямлі, добраўпарадкаванні населеных пунктаў і сумесных мерах па прыцягненні арганізацый усіх формаў уласнасці і насельніцтва да вырашэння пытанняў жыццезабеспячэння, павышэння прывабнасці тэрыторый і месцаў пражывання.


На аб’ектах горада і раёна

Пасяджэнне стала першым прадстаўнічым форумам кіраўнікоў Саветаў 29-га склікання Брэстчыны, на нараду прыехалі ўсе старшыні гаррайсаветаў, а таксама сельскіх і пасялковых Саветаў. Для зручнасці работы ўдзельнікі пасяджэння падзяліліся на тры групы. Адна накіравалася ў аграгарадок Парахонск, дэпутаты пазнаёміліся з яго інфраструктурай, наведалі шэраг аб’ектаў, сустрэліся з кіраўнікамі сельскага Савета і мясцовага сельгаспрадпрыемства — ААТ «Парахонскае».

Другая група ў складзе прадстаўнікоў Столінскага і Ганцавіцкага раёнаў працавала ў Лагішынскім сельсавеце. Дэпутаты пабывалі ва ўнівермагу, у дзіцячай школе мастацтваў, бібліятэцы, школе, лазні, кафэ. Асаблівы ўпор быў зроблены на работу з уразлівымі катэгорыямі насельніцтва. Удзельнікі нарады наведалі сацыяльны пункт Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўванння насельніцтва, а таксама Дом міласэрнасці.

Група пад кіраўніцтвам члена Савета Рэспублікі, старшыні Брэсцкага абласнога Савета Ігара Брылевіча працавала на аб’ектах Пінска. Спачатку ўдзельнікі нарады накіраваліся на месца новай забудовы мікрараёна «Жамчужны» па вуліцы 60 гадоў Кастрычніка. Дарэчы, па дарозе на аб’ект, праязджаючы ўздоўж кварталаў забудовы Заходняга мікрараёна, даведаліся пра яго гісторыю. Мікрараён быў узведзены галоўным чынам для меліяратараў Палесся. У Пінску, як вядома, знаходзілася адміністрацыя Галоўпалессеводбуда, арганізацыі, якая займалася меліярацыяй усяго Палесся. У горадзе не толькі глаўк размяшчаўся, нават газета свая выходзіла. Тады, у 1970-я гады, у названым раёне будавалі самыя добраўпарадкаваныя кватэры, стваралі мікрараён з найлепшай для свайго часу планіроўкай. Але ж час ідзе, і горад прырастае новымі раёнамі, якія павінны адпавядаць новым патрабаванням. Такі раён і прадэманстравала кіраўніцтва гарвыканкама.

Падыходы да забудовы

Як вядома, галоўнай праблемай новабудоўляў нярэдка становіцца недахоп месцаў у школе і садку. Таму паблізу цяпер вядзецца будаўніцтва школы-садка на 471 месца. Мікрараён пабудаваны на былой прамысловай зоне льнозавода. Дамы ўзводзяцца для льготных катэгорый насельніцтва, у асноўным тут будуць жыць шматдзетныя сем’і. Квартал шматпавярховікаў размешчаны ў даволі прывабным месцы, недалёка — набярэжная ракі Піны. Выбралі адпаведую афарбоўку для фасадаў — у стылі прыродных матываў. На перспектыву ў раёне прадугледжана будаўніцтва 15 шматкватэрных дамоў, сярэдняй школы, аб’ектаў сацкультбыту. А яшчэ тут неўзабаве будзе разбіты парк плошчай 19 гектараў.

— Мы з вамі бачым прыклад комплекснага падыходу да асваення тэрыторыі, — сказаў у якасці каментарыю старшыня аблсавета Ігар Брылевіч. — Гаспадары сённяшняга мерапрыемства на гэтым аб’екце абазначылі такі падыход. На тэрыторыі былой прамзоны пабудаваны мікрараён фактычна з нуля, тут жа ўзводзіцца школа-сад, для зручнасці людзей пракладваюцца веладарожкі. Варта адзначыць яшчэ адзін кірунак: горад Пінск нядрэнна працуе ў плане ўшчыльнення забудовы. Тыя раёны, якія забудоўваліся дзякуючы праграме меліярацыі, цяпер вызначаюцца сталым насельніцтвам. Школы, дашкольныя ўстановы цяпер там не запоўнены, а ў новых раёнах месцаў у школах-садках не хапае. Таму актуальным выглядае ўзвядзенне новага жылля паблізу ад аб’ектаў сацыяльнай сферы. Гэта можа быць адным са шляхоў вырашэння названай праблемы.

Добраўпарадкаванне старых кварталаў

Цікавы прыклад комплекснага падыходу да добраўпарадкавання паказалі ў двары жылога дома № 26 па вуліцы 60 гадоў Кастрычніка. Дом, узведзены ў 60-х гадах мінулага стагоддзя, перажыў нядаўна капітальны рамонт, які правяло ЖРЭУ гарвыканкама. Зроблена таксама добраўпарадкаванне двара, дзе растуць вялікія дрэвы, што дадае асаблівую разыначку, стварае ўражанне сквера. Раней праблемай была поўная адсутнасць парковачных месцаў. Яе вырашылі за кошт пашырэння паркоўкі побач з дзіцячым садком, які знаходзіцца паблізу.

Асноўны склад жыльцоў дома — людзі ўзросту 60+. Яны адгукнуліся на прапанову камунальнікаў і ўпрыгожылі невялікую тэрыторыю двара кветнікам. Побач з кожным пад’ездам разбіты клумбы, якія ўжо квітнеюць вясновымі краскамі. Самі жыльцы купляюць расаду альбо насенне, высаджваюць кветкі, даглядаюць іх. Соф’я Гікавіцкая пражывае ў гэтым доме. Соф’я Сцяпанаўна расказала карэспандэнту газеты, што яны з суседзямі вельмі рады таму, што ў доме прайшоў рамонт, аднадушна падхапілі ініцыятыву работнікаў ЖКГ: «А калі прыйшоў мастак і размаляваў сцены пад’ездаў сюжэтамі з гісторыі нашага горада, з’явілася адчуванне дачынення да мінулага нашага Пінска, які мы так любім. У нас на пад’ездзе карцінка, прысвечаная першаму ўспаміну пра горад у 1097 годзе, на суседнім пад’ездзе звесткі пра атрыманне Магдэбургскага права, на іншых таксама карысная наглядная інфармацыя. Можна гісторыю з унукамі вучыць, не выходзячы з дому». А калі старшыні сельскіх Саветаў спыталі актывістку дамавога камітэта, ці дапамагаюць дзеці-ўнукі ў справах добраўпарадкавання, пенсіянерка толькі ўсміхнулася: «У вас таксама ёсць дзеці, самі ведаеце». Многія ўдзельнікі пасяджэння з сельскай мясцовасці адзначалі, што арганізаваць на сумесныя справы па ўпрыгажэнні населеных пунктаў, па навядзенні парадку лягчэй бывае менавіта старэйшае пакаленне. На жаль.

Варта сказаць, што ўсе ўдзельнікі нарады наведалі памятныя мясціны населеных пунктаў, у якіх пабывалі, і ўсклалі кветкі. Прадстаўнікі групы, якая працавала ў горадзе, усклалі кветкі да Вечнага агню ў гарадскім парку культуры і адпачынку.

Праблемныя пытанні і шляхі іх вырашэння

Пленарнае пасяджэнне адбылося ў актавай зале Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта. Удзел у ім узяў памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, галоўны інспектар па Брэсцкай вобласці Валерый Вакульчык. Вопытам работы падзяліліся старшыня Пінскага раённага Савета Вячаслаў Лазюк і Пінскага гарадскога Савета Сяргей Куніцкі.

Вячаслаў Лазюк падкрэсліў вялікую ролю старастаў у жыцці вёскі. Усяго на Піншчыне працуюць 144 старасты. Паводле слоў кіраўніка райсавета, яны штодзённа дапамагаюць сельвыканкамам вырашаць пытанні жыццядзейнасці населеных пунктаў. Заслугоўвае падзякі іх роля пры арганізацыі сходаў грамадзян, падчас электаральных кампаній, пры правядзенні дзён вёсак, іншых святочных мерапрыемстваў. Вячаслаў Лазюк лічыць, што варта падумаць, як лепей заахвочваць старастаў.

Аб падтрыманні парадку на гарадскіх тэрыторыях расказаў старшыня гарадскога Савета Сяргей Куніцкі. Выступоўца засяродзіў увагу на праблемных момантах і пытаннях, што ўзнікаюць у ходзе работы. Напрыклад, нараканні выклікае норма заканадаўства, якая дазваляе ў працэсе будаўніцтва пры зносе прыватнага жылля забяспечваць гаспадара арэндным. Лагічна будзе даваць чалавеку жыллё ва ўласнасць і з разліку метр за метр, а не ў залежнасці ад колькасці зарэгістраваных. Патрабуе комплекснага вывучэння праблема даўгабудаў. Юрыдычныя асобы, якія набываюць участкі пад будаўніцтва рознага роду аб’ектаў, нярэдка не спраўляюцца з задачай, кансервуюць распачатае будаўніцтва, а то і перапрадаюць. Так і ўзнікаюць даўгабуды без вызначанай перспектывы завяршэння. Гарадская ж улада не можа паўплываць на лёс участка, як, напрыклад, у выпадку з участкам фізічнай асобы. Пытанне, як выглядае, можна вырашыць толькі на заканадаўчым узроўні.

Дэпутаты абмеркавалі шэраг іншых праблемных пытанняў, напрыклад, заканадаўчыя калізіі пры пошуку спадчыннікаў старых дамоў, якія прынята рашэнне зносіць. Усе выказаліся за наяўнасць рабочага па азеляненні тэрыторыі пры кожным сельвыканкаме, хоць у рамках цяперашніх нормаў ён не можа быць на стаўцы ў мясцовым выканкаме. Гаварылі таксама аб утрыманні сельскіх могілак, аб выкарыстанні пясчаных кар’ераў сельгаспрадпрыемстваў для патрэб населеных пунктаў. Дамовіліся, што прапановы паступова будуць сфармуляваны і накіраваны на адрас абласнога Савета, старшыня якога Ігар Брылевіч з’яўляецца членам Савета Рэспублікі. Пасля вывучэння ў адпаведнай камісіі Верхняй палаты парламента стане магчымым уносіць тую ці іншую прапанову па змене заканадаўства альбо яго карэкціроўцы.

— На зямлі павінен быць гаспадар, тады будзе своечасова праводзіцца добраўпарадкаванне ў вёсцы, належным чынам ісці развіццё гарадскіх тэрыторый, — сказаў, падводзячы вынікі работы па першым пытанні парадку дня, старшыня абласнога Савета Ігар Брылевіч.

Напрыканцы выязнога пасяджэння адбылося ўзнагароджанне пераможцаў абласнога конкурсу сярод гарадскіх і сельскіх Саветаў, органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання па вырашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва па выніках 2023 года. Узнагароды атрымалі найлепшыя сельсаветы, старасты, дамавыя камітэты.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота аўтара і тэлеграм-канала «Pіnsk_News»

Загаловак у газеце: На зямлі павінен быць гаспадар

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.