Вы тут

Асабістае і бізнес


На гэтыя радкі натхнілі тры зусім не звязаныя паміж сабой падзеі, якія адбываліся ў розных месцах і нават у розных стагоддзях. Аб’ядноўвае іх толькі тое, што іх героі выхадцы з паўднёвых раёнаў Брэстчыны і кожны з іх зарабляў альбо зарабляе грошы для ўласнага дабрабыту сваёй працай і прадпрымальнасцю. А ў справе заробкаў, як напісаў адзін дасціпны брэсцкі калега, і сярод нашых асін стала прыжывацца амерыканская дзелавая прыказка «Нічога асабістага — толькі бізнес».


Фота: planetabelarus.by

Ад частага ўжытку выслоўе ўжо набыло амаль што станоўчае адценне, хоць нараджалася ў адпаведных колах, як выглядае, з мэтай апраўдання зусім не высакародных, а то і не надта прыстойных учынкаў. І згадалася прыказка нядаўна ў Пінску. Дакладней, у мінулую суботу, калі тамтэйшы экскурсавод расказвала пра гісторыю старажытнага горада. Цікава было даведацца, што чыгунка з’явілася ў сталіцы Палесся ў 1882 годзе. А магла б і не з’явіцца, то-бок нашмат пазней.

За некалькі гадоў да ўказанай даты, калі ў горадзе пайшлі чуткі пра магчымы пачатак пракладкі новага віду дарогі, заможныя прадпрымальнікі, якіх тады называлі купцамі, сталі чухаць патыліцы. Да гэтага яны зараблялі свае капіталы сплавам грузаў па Піне і Прыпяці, мелі свае баржы, іншы водны транспарт, адпаведную інфраструктуру. Бізнесмены зразумелі, што чыгунка можа стаць канкурэнтам і пазбавіць іх ад значнай часткі даходаў. Яны сабраліся і склалі прашэнне да імператара, у якім абгрунтавалі непатрэбнасць альбо нават шкоднасць пракладкі чыгункі ў Пінску. І такую падвялі базу, так распісалі, што царскія чыноўнікі, якія прыехалі па сігнале, гатовы былі пагадзіцца. А можа, пінчукі так прымалі чыноўнікаў, што тыя не заўважылі відавочнага, прынамсі, пра гэта гісторыя змоўчвае.

Вядома толькі, што прагрэс усё ж узяў сваё і чыгунка ў горадзе ў канцы ХІХ стагоддзя з’явілася. Паступова яна стала не толькі шляхам камунікацый пасажыраў, але і спосабам перавозкі грузаў. Грузавыя саставы больш за сто гадоў штодня праходзяць праз станцыю Пінск. І ўжо новая генерацыя прадпрымальнікаў паспяхова выкарыстоўвае магчымасці гэтага віду транспарту. Вось толькі для транспарціроўкі агародніны і садавіны, якой так многа вырошчваецца на Палессі, не чуваць, каб звярталіся да паслуг чыгуначнага транспарту.

Прадукты, якія трэба даставіць да спажыўца хутка, вязуць аўтатранспартам, нават калі гаворка ідзе пра тысячы кіламетраў. Напрыклад, знакамітыя Альшаны пастаўляюць свае агуркі ды іншую агародніну ў нашу сталіцу, буйныя і часам даволі далёкія расійскія гарады. Цяпер у мясцовых гаспадароў і фермераў лагістыка адпрацаваная, рынкі збыту вывераныя. А вось нараджалася, фарміравалася гэтая сістэма ў канцы ХХ стагоддзя не без праблем. Пра тыя праблемы ў свой час многа гаварылі ў сродках масавай інфармацыі. А нядаўна мне расказалі пра здарэнне ў самым канцы 1990-х, якое характарызуе менавіта рынкавыя адносіны.

Тады агуркі найчасцей здавалі перакупшчыкам, якія прыязджалі ў Альшаны з расійскіх сталіц. Звычайна велікагрузамі кіравалі выхадцы з каўказскага рэгіёна. Яны прывозілі ў торбах долары і разлічваліся з вытворцамі агуркоў на месцы. А з нашымі гандлярамі-перакупшчыкамі ў прыезджых перыядычна здараліся непаразуменні. Адно з такіх скончылася выклікам АМАПа. Калі прыехалі хлопцы са зброяй і рэальнай стала перспектыва паехаць у аўтазаку ў найбліжэйшы аддзел міліцыі, паўднёвыя госці, як той казаў, ад граху, павыкідалі свае скруткі з замежнай валютай у найбліжэйшы куст.

Іх, вядома, адпусцілі ў хуткім часе. Як вы думаеце, што было далей? Вось і я не змагла адказаць на гэтае пытанне. А назаўтра альшанцы прынеслі ім скруткі і аддалі ўсё, да долара. Бо гэта былі спажыўцы іх прадукцыі, у пэўным сэнсе іх работадаўцы. Можа, у каго і прамільгнула спакуса прыхаваць скрутак з тысячамі долараў, але рацыянальнае мысленне ўзяло сваё. Вось тут маем яркі прыклад таго, калі названае вышэй выслоўе можна прымяніць са станоўчым адценнем. Сапраўды, нічога асабістага, толькі бізнес.

Любіць паўтараць гэтую прыказку і мой вясковы сусед, назавём яго Васіль. Ён мае свой трактар і дапамагае кожнаму, хто папросіць, у апрацоўцы агарода ды іншых гаспадарчых работах. Цяпер у вёсках ужо амаль ніхто нічога не зробіць бясплатна ў парадку шэфскай дапамогі, як было раней... Дык вось Вася паедзе нават ноччу, калі паклічуць, абы здабыць лішні рубель. Гэта яго і падвяло. Нядаўна даволі позна пазваніла кабета з суседняй вёскі, папрасіла абагнаць бульбу перад замаразкамі. «Я ж не болей чым сто грамаў выпіў, — расказвае з жальбой у голасе гора-трактарыст. — Думаў, раз-раз, зраблю хуценька, там жа пяць сотак няшчасных у Сямёнаўны». Але ж не паспеў, спынілі з праверкай. І цяпер не мае Вася правоў, а штраф мусіць плаціць даволі вялікі.

Днямі другі сусед Сцяпан Мікалаевіч падлівае бярозавы квас Васілю і як можа суцяшае: «Бізнес, Вася, — гэта мастацтва пралічваць рызыкі, а не ўменне хапнуць любой цаной. Едзь цяпер на ровары да Сямёнаўны ды акучвай матыкай, мо заробіш троху». Залатыя словы.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».