Вы тут

Выдавецтва «Аверсэв» да свайго юбілею падрыхтавала трохтомнік


Па-рознаму адзначаюць юбілеі. У вялікіх і малых залах. У друку... Свой трыццацігадовы юбілей выдавецтва «Аверсэв» адзначыла выданнем падарункавага трохтомніка пад агульнай назвай «Наша любімае, наша роднае».


Фота Лізаветы ГОЛАД

Адзін том — драматургія, другі — проза, трэці — паэзія.

Разам сабраны творы класікаў, тых вядомых і часам меней вядомых пісьменнікаў, якія працавалі ў беларускай літаратуры ў XX — на пачатку XXІ стагоддзя і чые вершы, апавяданні, п’есы вытрымалі выпрабаванне часам. Эпіграфам — відавочна, да ўсяго трохтомніка — служаць словы народнага пісьменніка Беларусі Янкі Брыля: «Чытаць — гэта і праца, і свята».

З прадмовы дырэктара і галоўнага рэдактара «Аверсэва» Дзмітрыя Дэмбоўскага і Аляксандра Таранды да тома «Драматургія»: «Беларусы здаўна ўмелі смяяцца, былі здольнымі не толькі жартаваць, але і прыдумляць суровую сатыру ў дачыненні да тых ці іншых з’яў. Відавочна, што і нацыянальная драматургія ў многім заснавана на гэтым народным штукарстве, якое, дзякуючы майстэрству, мастацкім здольнасцям нашых пісьменнікаў, увасобілася ў цікавых камедыях, п’есах з самай шырокай палітрай вобразаў.

Драматургія дапамагае нам лепш разабрацца ў чалавечых лабірынтах узаемаадносін і спасцігаць мастацтва пераадолення перашкод, якія ўзнікаюць на жыццёвым шляху. Драматургі ствараюць мрою, ілюзію, але гэта ілюзія часцей за ўсё такая выразная і пераканаўчая, што можа падацца больш рэальнай, чым жыццё...» Восем аўтараў вядуць свой дыялог з гледачом і чытачом. А пачынаецца том драматургіі неўміручай «Паўлінкай». Сярод аўтараў — чатыры народныя: паэт Янка Купала, пісьменнікі Кандрат Крапіва, Андрэй Макаёнак, Іван Чыгрынаў... Не забыліся выдаўцы і на «Несцерку» Віталя Вольскага.

Том прозы ў літаратурна-мастацкім праекце «Наша любімае, наша роднае» — 31 апавяданне, 18 аўтараў: ад Змітрака Бядулі («Пяць лыжак заціркі») і Кузьмы Чорнага («Вялікае сэрца» і «На папялішчы») да Алеся Жука («Стары і смерць» і «Дачны туман») і Аляксея Дударава («Святочная тэлеграма»). Нягледзячы на тое, што ў іншых творах адлюстроўваюцца падзеі і з’явы даволі даўняга часу, апавяданні падаюцца цікавымі і прыцягальнымі і сёння. І не толькі таму, што нагадваюць нам пра тое, у якіх умовах радаваліся і гаравалі нашы прашчуры, а найперш па прычыне майстэрскага раскрыцця пісьменнікамі чалавечых пачуццяў, сардэчных і душэўных перажыванняў.

«Перачытаўшы яркія і эмацыянальна багатыя паэтычныя творы, вы нанава адкрыеце для сябе вечныя духоўныя каштоўнасці і абавязкова знойдзеце натхненне ў словах беларускіх паэтаў. Здолееце па-новаму зірнуць на сяброў і блізкіх, паразважаеце пра традыцыі і іх вагу ў нашым руху наперад», — з прадмовы да тома «Паэзія». І яшчэ: «Чытанне паэзіі — гэта яшчэ і спадзяванне, што ў жыцці кожнага з нас нязменнымі складнікамі існавання будуць творчасць і натхненне. Вершы — гэта паэтычныя ўрокі. У кожным з чужых мастацкіх адкрыццяў, калі яны сапраўды адкрыцці, мы знаходзім высокай сілы шчырасць. І гэту шчырасць мы ўспрымаем як нашу ўласную веру ў вечнасць зямлі і неба». Першыя старонкі паэтычнага фаліянта ў 605 старонак адкрываюць вершы Цёткі, Янкі Журбы, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Алеся Гаруна, Цішкі Гартнага, Максіма Багдановіча... Многія творы беларускіх паэтаў — пра Вялікую Айчынную, пра драматычныя выпрабаванні народа ў час фашысцкай навалы... Побач з вершамі Паўлюка Пранузы, Пятра Прыходзькі, якія дайшлі да Берліна і распісаліся на сценах рэйхстага, — легендарны верш Міколы Сурначова «У стоптаным жыце», напісаны ў першыя дні вайны: «Ніколі не ехаць // Хлопцу маладому // Да блізкага гаю, // Да роднага дому. // Над ім асыпаюцца // Слуцкія краскі, // Абсмалены колас // Схіліўся да каскі. // Ляжыць ён, як віцязь, // У стоптаным жыце, // Маці спаткаеце, — // Ёй не кажыце...»

Наклад кожнага з тамоў літаратурна-мастацкага праекта «Наша любімае, наша роднае», выданне якога прымеркавана да 30-годдзя выдавецтва «Аверсэв» (за дзесяцігоддзі сваёй працы ў суверэннай Рэспубліцы Беларусь яно выдала мноства кніг агульным тыражом да 100 мільёнаў экзэмпляраў), — 500 асобнікаў. Над дызайнам, мастацкім афармленнем працавалі Руслан Найдзен (яму належыць дызайн-канцэпцыя), А. Сітайла, Д. Лебедзева.

Раман СЭРВАЧ

Загаловак у газеце: Любімае, роднае...

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».