Вы тут

У Палаце прадстаўнікоў адбыўся семінар на тэму «Нацыянальная сістэма сацыяльнай абароны»


Кажучы аб тэме семінара, Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергеенка адзначыў, што яна важная і актуальная для пераважнай колькасці грамадзян краіны, у цэлым для Беларусі. Па яго словах, ад таго, наколькі выбудаваная сістэма сацыяльнай абароны насельніцтва адлюстроўвае інтарэсы грамадзян, забяспечвае годны ўзровень іх жыцця, шмат у чым залежыць грамадскі мір, згода, адзінства ўлады і народа.


«Грамадзянін павінен упэўнена глядзець у сваю будучыню»

Старшыня Палаты прадстаўнікоў звярнуў увагу на тое, што пытанням рэалізацыі сацыяльнай палітыкі і сацыяльнай абароны ў нас заўсёды ўдзялялася і ўдзяляецца шмат увагі. «Пра гэта сведчыць і факт замацавання ў Асноўным Законе статусу Беларусі як сацыяльнай дзяржавы, — падкрэсліў ён. — На цяперашнім няпростым этапе гэтая тэма набывае асаблівае гучанне. Палітыка, якая праводзіцца ў адносінах да Беларусі з боку калектыўнага Захаду, накіравана на падрыў не толькі эканомікі, але і на здольнасць дзяржавы ў цэлым выконваць свае сацыяльныя абавязацельствы. Таму нароўні з задачай па ўсямерным развіцці і мадэрнізацыі эканомікі самая пільная ўвага павінна ўдзяляцца падтрымцы і развіццю чалавечага капіталу, павышэнню якасці жыцця грамадзян, сацыяльнай абароненасці найбольш уразлівых катэгорый насельніцтва».

Ігар Сергеенка нагадаў: кіраўнік дзяржавы падкрэслівае, што чалавек з яго клопатамі і інтарэсамі павінен знаходзіцца ў сферы штодзённай, штогадзіннай увагі ўлады. «Людзі хочуць жыць тут, сёння і цяпер, — канстатаваў ён. — Грамадзянін павінен мець магчымасць працаваць, годна зарабляць, развіваць свае навыкі і здольнасці, упэўнена глядзець у сваю будучыню і будучыню сваіх дзяцей».

У той жа час, як звярнуў увагу Старшыня Палаты прадстаўнікоў, сацыяльная дзяржава — гэта не патуранне ўтрыманству, расхлябанасці і безадказнаму спажывецтву. «У аснове сацыяльнай палітыкі павінны ляжаць крытэрыі пераемнасці, разумнасці, дастатковасці і, самае галоўнае, справядлівасці, — падкрэсліў спікер. — Для гэтага неабходна кампетэнтная вывераная палітыка, якая забяспечвае баланс інтарэсаў дзяржавы і грамадства. Сёння трэба шукаць новыя падыходы і механізмы стымулявання грамадзян да працаўладкавання, узмацнення працоўнай матывацыі, стварэння ўмоў для павышэння кваліфікацыі работнікаў, бо галоўны здабытак нашай краіны — гэта людзі. Адукаваныя, кампетэнтныя, працавітыя».

Па меркаванні Ігара Сергеенкі, неабходна ўдасканальваць адпаведныя прававыя ўмовы і для развіцця дзелавой прадпрымальнасці. Асноўны акцэнт, па яго словах, трэба рабіць на стварэнні новых працоўных месцаў, рэалізацыі інавацыйных праектаў. «Безумоўна, самай пільнай увагі заслугоўваюць пытанні дзяржаўнага сацыяльнага страхавання і пенсіённага забеспячэння, сацыяльнай падтрымкі і сацыяльнага абслугоўвання грамадзян», — заўважыў спікер.

Гэтыя тэмы акурат і былі разгледжаны падчас семінара. Задача дэпутацкага корпуса — забяспечыць практычнае праламленне вынікаў дыскусіі ў заканатворчай дзейнасці. Напрыклад, у цяперашні час у Палаце прадстаўнікоў рыхтуюцца да разгляду ў другім чытанні праекты законаў па пытаннях занятасці насельніцтва і сацыяльнай абароны ветэранаў. Плануецца, што яны будуць у поўнай меры адпавядаць зменлівым грамадскім адносінам, сацыяльна-дэмаграфічным выклікам і запытам насельніцтва.

«У сацыяльнай абароне павінен быць выкананы баланс»

У размове з журналістамі старшыня Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях Палаты прадстаўнікоў Ірына Касцевіч адзначыла, што сацыяльная абарона з’яўляецца элементам усёй сацыяльнай палітыкі нашай дзяржавы і датычыцца кожнага чалавека. Дэпутат падкрэсліла, што менавіта сацыяльная абарона суправаджае чалавека ад нараджэння да апошніх хвілін жыцця. «Разумеючы, што гэтыя пытанні вельмі актуальныя і напружаныя з пункту гледжання ўспрымання жыццёвай сітуацыі канкрэтнага чалавека, неабходна дэпутатам данесці, што з сябе ўяўляе сацыяльная абарона, якая ў яе заканадаўчая база», — патлумачыла неабходнасць правядзення семінара Ірына Касцевіч.

Кажучы аб сацыяльным абслугоўванні, парламентарый звярнула ўвагу, што гэта і сацыяльныя паслугі пажылым грамадзянам, людзям з інваліднасцю, і тая сістэма тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання, якая ёсць у кожным рэгіёне краіны, кожным раённым цэнтры. «Калі глядзець праз прызму сацыяльнага забеспячэння, то тут вялікі блок эканамічнага складніка, — дадала яна. — Гэта дзяржаўнае сацыяльнае страхаванне, якое ўяўляе сабою механізм забеспячэння гарантый з боку дзяржавы (па пенсіённым забеспячэнні, сацыяльным страхаванні), гэта дапамогі сем’ям, бальнічныя ў выпадку страты працаздольнасці. Гэта і катэгорыя грамадзян, у якіх сёння сярэднедушавы даход ніжэйшы за бюджэт пражытковага мінімуму: перш за ўсё, размова ідзе аб шматдзетных сем’ях, пажылых людзях, у якіх нізкі ўзровень пенсіённага забеспячэння».

Па словах Ірыны Касцевіч, сацыяльная сфера рэгулюецца звыш 20 законамі. Аднак дэпутат пераканана, што трэба максімальна далей рухацца па ўдасканаленні заканадаўства. «Пры гэтым мы дакладна павінны разумець: у сацыяльнай абароне павінен быць выкананы баланс: адказнасць дзяржавы перад чалавекам і чалавека — перад дзяржавай, — падкрэсліла старшыня пастаяннай камісіі. — Артыкул 56 Канстытуцыі сведчыць аб тым, што працаздольныя грамадзяне павінны ўдзельнічаць у суфінансаванні дзяржаўных расходаў. Гэта свайго роду дагавор абавязацельстваў паміж дзяржавай і чалавекам. Чалавек — праз аплату падаткаў, а дзяржава — праз прадстаўленне льгот, гарантый і сацыяльных паслуг».

Ірына Касцевіч расказала, што апошнім часам праведзена сур’ёзная работа над заканадаўствам, якое датычыцца сацыяльнай сферы. «Двойчы ўносіліся змяненні ў Працоўны кодэкс, — канкрэтызавала яна. — Вельмі важная норма — дыстанцыйная работа. Створаны гарантыі па дыспансерызацыі, больш льготныя ўмовы для шматдзетных і сямей, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў. 

У новай рэдакцыі прыняты Закон „Аб сацыяльным абслугоўванні“, які поўнасцю рэгулюе ўсю сферу сацыяльнага абслугоўвання. У новай рэдакцыі прыняты Закон „Аб правах інвалідаў і іх сацыяльнай інтэграцыі“. Змяніліся падыходы па мінімальнай заработнай плаце. Сапраўды, зроблена вялікая работа па ўдасканаленні заканадаўства».

Дэпутат расказала, што ўжо фарміруецца план заканатворчай дзейнасці на 2025 год. У прыватнасці, прадугледжана карэкціроўка Працоўнага кодэкса, з боку грамадзян паступаюць прапановы па ўдасканаленні Закона «Аб ахове працы». Чакаецца, што ў тым ліку дзякуючы такім семінарам ад дэпутатаў, якія актыўна працуюць у акругах, паступяць новыя ініцыятывы, якіх чакаюць у грамадстве.

У Авальнай зале Ірына Касцевіч агучыла асноўныя кірункі сацыяльна-працоўнай сферы. Актуальныя пытанні дзяржаўнага сацыяльнага страхавання і пенсіённага забеспячэння ў сваім дакладзе адлюстравала першы намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Наталля Паўлючэнка. Намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Марына Арцёменка распавяла аб сацыяльнай падтрымцы і сацыяльным абслугоўванні грамадзян у Беларусі.

У размове з журналістамі першы намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Наталля Паўлючэнка асобна спынілася на фарміраванні даходнай часткі бюджэту Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва. «91% даходнай часткі — гэта абавязковыя страхавыя ўзносы работадаўцаў і працоўных грамадзян, — паведаміла яна. — Фактычна ён поўнасцю фарміруецца з паступленняў, якія выплачваюцца з заработнай платы. Субвенцыі з рэспубліканскага бюджэту — Br1,7 млрд. Гэта ў разліках на прыкладзе 2024 года. Фонд выконваецца з прафіцытам. Ужо трэці год фонд не прыцягвае сродкі рэспубліканскага бюджэту на збалансаванасць. На сёння прафіцыт бюджэту фонду па агульнай салідарнай частцы — больш як Br1,5 млрд. Пры тым, што мы ўжо павялічылі ў бягучым годзе з 1 лютага памер працоўных пенсій на 10%. Калі казаць пра расходы на выплату пенсій, то ў месяц з бюджэту фонду на гэтыя мэты накіроўваецца каля Br1,7 млрд».

Вераніка КАНЮТА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».