Вы тут

Воранаўскі і Несцераўскі раёны наладжваюць сувязі


Амаль два гады таму было падпісана Пагадненне аб супрацоўніцтве паміж беларускім і расійскім раёнамі ў рамках міжнароднай праграмы «Расія — Беларусь: моцнае партнёрства». Адным з праектаў праграмы стала ўзнаўленне сувязяў паміж Гродзенскай вобласцю Беларусі і Калінінградскім рэгіёнам Расійскай Федэрацыі. Дзякуючы гэтаму, Воранаўскі раён і Несцераўская муніцыпальная акруга пачалі шукаць шляхі для ажыццяўлення сумесных праектаў.


І такіх аказалася не так і мала. Аб гэтым расказаў падчас паездкі ў Воранаўскі раён кіраўнік Несцераўскай муніцыпальнай акругі Аляксей Родзін. Ён толькі ў мінулым годзе ўзначаліў раён, і гэта яго першы візіт да беларускіх партнёраў. Тым не менш у ходзе паездкі ён атрымаў уяўленне аб вытворчай і сацыяльнай сферы, інфраструктуры аграгарадкоў, вопыце работы органаў мясцовага самакіравання па стварэнні камфортных умоў для жыхароў сельскіх тэрыторый.

У першую чаргу Аляксей Родзін адзначыў падабенства раёнаў у іх аграрнай скіраванасці. На яго думку, гэта дае магчымасць для развіцця такога кірунку, як аграрны турызм. У Воранаўскага раёна, на яго думку, вельмі значны патэнцыял. Адзначыў госць і добразычлівасць беларусаў, што, вядома, немалаважны фактар пры развіцці турызму.

Мяне, па-першае, уразілі краявіды, ландшафт населеных пунктаў. У раёна даволі магутны прыродны рэсурс, патэнцыял для аграрнага турызму. Вельмі дагледжана. Нават невялікія населеныя пункты па-сучаснаму добраўпарадкаваны. Тут ідзе жыццё, ёсць працоўныя месцы. Людзі, якія пражываюць нават у невялікіх вёсках, неабыякавыя да сваіх мясцін, ганарацца імі. А такія «агеньчыкі» вельмі важныя і для выхавання новых пакаленняў. Бо моладзь будзе працягваць гэту работу надалей, — заўважыў Аляксей Родзін.

Адзін з такіх прыкладаў — аграгарадок Гіркі, дзе пражывае ўсяго каля 500 чалавек. Мясцовы старшыня сельскага Савета Святлана Хшаноўская прызначана на гэту пасаду зусім нядаўна. Яна якраз з ліку новага пакалення Воранаўшчыны. Мясцовым жыхарам падабаецца яе адказнасць і любоў да сваёй зямлі. Таму і на сваіх падворках яны імкнуцца падтрымліваць чысціню і парадак.

У аграгарадку наладжана пэўная інфраструктура. Працуе адрамантаваны ФАП. Мясцовая школа даволі значных памераў. І хаця тут займаецца крыху больш за 50 вучняў, яна працягвае функцыянаваць. У Гірках ёсць нават пункт бытавога абслугоўвання, дзе працуе швачны цэх. Тут прымаюць заказы як ад насельніцтва, так і на пашыў спецадзення.

— Такі вопыт па развіцці тэрыторый мы абавязкова будзем пераймаць у сваёй муніцыпальнай акрузе, — падкрэсліў расійскі дзяржаўны служачы.

Ён расказаў, што з Воранаўскім раёнам вызначана некалькі кірункаў супрацоўніцтва, у тым ліку абмен дэлегацыямі. Агульны пасыл — папулярызацыя братэрства двух народаў. І тут будзе зроблены акцэнт на ўзаемадзеянне моладзі абедзвюх краін. Бо многія маладыя людзі не ў поўнай ступені разумеюць сэнс Саюзнай дзяржавы. Між тым існуючая геапалітыка бярэ курс на інтэграцыю эканомікі і на збліжэнне культурных адносін.

Будзем асвойваць новы кірунак — сферу інфармацыйных тэхналогій. У абодвух раёнах ёсць свае напрацоўкі. Напрыклад, у нас дзейнічае праект, у рамках якога па ўсёй краіне ствараюцца школы крэатыўных індустрый. Гэта студыі па розных кірунках — фота, відэа вытворчасць, музыка, дызайн і г. д. У значнай ступені такія студыі садзейнічаюць прафесійнай арыентацыі школьнікаў, — падкрэсліў Аляксей Родзін.

Асновай для сумеснага праекта з беларускім бокам можа стаць медыяцэнтр, які працуе на базе Радунскай сярэдняй школы. Тут створаны ўласны тэлеканал, кантэнт якога таксама можна знайсці ў сацыяльных сетках і на сайце школы. Як расказала кіраўнік цэнтра настаўніца школы Наталля Талчкова, для студыі выдзелены асобны кабінет, ёсць свая відэакамера, зона для інтэрв’ю. Тэхналогіі пастаянна абнаў-ляюцца. Гэта дае магчымасць у сучаснай форме расказаць аб дзейнасці школы. Супрацоўнікі кафедры журналістыкі ГрДУ імя Я. Купалы сістэматычна праводзяць анлайн-заняткі з удзельнікамі школьнай студыі. За апошнія некалькі гадоў чатыры выпускнікі сталі студэнтамі ўніверсітэта па спецыяльнасці «Журналістыка».

Удзельнікі студыі не ўпусцілі магчымасці ўзяць інтэрв’ю ў расійскага госця. У сваю чаргу прадстаўнік калінінградскай акругі выказаў спадзяванні на сумеснае супрацоўніцтва ў медыясферы.

— Ва ўсіх школах раёна, дзе я быў, ёсць падставы для супрацоўніцтва. Гэта і сумесныя тэлемасты, абмен кантэнтам. Ёсць кірунак па робататэхніцы, беспілотных лятальных апаратах.Дарэчы, у нас іх выкарыстоўваюць як у сельскай гаспадарцы, так і для нагляду за тым, як ідзе добраўпарадкаванне тэрыторыі, — паведаміў суразмоўнік. — Хачу адзначыць таксама высокі ўзровень навядзення парадку на тэрыторыі сельскіх Саветаў у Воранаўскім раёне. Мы бачылі, як былыя пусткі ператварыліся ў паркі, зоны адпачынку. Дамовіліся, што адзін з такіх новых сквераў будзе высаджаны сумесна ў гонар нашага сяброўства і партнёрства ў абодвух пабрацімах — у Воранаве і Несцераве.

Значны акцэнт робіцца на супрацоўніцтва ў плане кадравай палітыкі. Вопыт замацавання спецыялістаў у сельскіх населеных пунктах важны як для расійскага, так і для беларускага бакоў. Адток моладзі ў вялікія гарады відавочны. Органы мясцовага кіравання і самакіравання павінны клапаціцца аб тым, каб ствараць спрыяльныя ўмовы для жыцця ў сельскіх населеных пунктах.

Разам з тым Аляксей Родзін адзначыў даволі значную колькасць маладых кадраў у працэсе паездкі па раёне. Такая тэндэнцыя, па словах старшыні Воранаўскага райсавета Алены Ганевіч, набывае трываласць у раёне. Маладыя старшыні райсаветаў з энтузіязмам бяруцца за работу, асабліва гэта відаць па добраўпарадкаванні і развіцці тэрыторый. Значную дапамогу аказваюць і мясцовыя гаспадаркі.

— Вельмі важна ствараць камфортныя ўмовы для нашых жыхароў, — упэўнена Алена Ганевіч. — Гэта і захаванне інфраструктуры, і навядзенне парадку, і якасць паслуг у сельскай мясцовасці. Усё гэта ў комплексе фарміруе станоўчы імідж сельскіх тэрыторый. Такі падыход уяўляе сумесны інтарэс для нашых раёнаў — Воранаўскага і Несцераўскага. Думаю, што і гэты кірунак будзе адлюстраваны ў планах сумеснай дзейнасці.

Што датычыць канкрэтных крокаў, адзін з іх павінен ажыццявіцца ўжо гэтым летам. У Воранаўскім школьным летніку чакаюць прыезд дзяцей з Несцераўскай акругі на сумеснае аздараўленне. Праект перспектыўны і ў плане развіцця далейшых кантактаў паміж двума народамі, рэзюмавалі ўдзельнікі сустрэчы. Бо маладым у будучыні працягваць гэты кірунак дзейнасці.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Патэнцыял на карысць жыхароў

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».