Вы тут

Запіс ад імя Прэзідэнта Беларусі зроблены ў кнізе спачуванняў у пасольстве Ірана


Загінулы ў авіякатастрофе Прэзідэнт Ісламскай Рэспублікі Іран Эбрахім Раісі быў прафесійным і мудрым палітыкам, які вельмі шмат зрабіў для ўмацавання беларуска-іранскіх адносін, адзначана ў спачуванні ад імя Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Запіс ад імя кіраўніка дзяржавы зроблены ў кнізе спачуванняў Пасольства Ірана ў Мінску. Па даручэнні Аляксандра Лукашэнкі яго пакінуў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім Рыжанкоў.


У спачуванні ад імя кіраўніка беларускай дзяржавы гаворыцца: «Ад імя народа Рэспублікі Беларусь і сябе асабіста выказваю нашы шчырыя спачуванні ў сувязі з трагічнай гібеллю ў авіякатастрофе майго сябра, Прэзідэнта Ісламскай Рэспублікі Іран Эбрахіма Раісі, а таксама міністра замежных спраў Ірана Хасейна Аміра Абдалахіяна і іншых асоб, якія яго суправаджалі. Заўчасна пайшлі з жыцця выдатныя палітычныя дзеячы ў самым росквіце сваёй палітычнай кар’еры, якія вельмі шмат зрабілі для ўмацавання аўтарытэту сваёй дзяржавы, дабрабыту яго жыхароў».

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўсяго крыху больш за год таму беларуская дэлегацыя мела магчымасць адчуць цёплы, сяброўскі прыём на гасціннай іранскай зямлі, была дасягнута дамоўленасць з іранскімі калегамі аб рэалізацыі вялікай колькасці праектаў і ініцыятыў. Лідары дзвюх краін абмяркоўвалі пытанні міжнароднага парадку дня і двухбаковага супрацоўніцтва.

«У маёй памяці ён назаўжды застанецца як вельмі прафесійны і мудры палітык, які вельмі шмат зрабіў для ўмацавання беларуска-іранскіх адносін. Перадаю словы падтрымкі і пажаданні стойкасці духу ў сувязі з гэтай цяжкай стратай сем’ям, сябрам і калегам загінулых, глыбока смуткую разам з усім іранскім народам», — адзначаецца ў спачуванні.

У размове з журналістамі Максім Рыжанкоў падкрэсліў, што ў гэты момант у пасольстве ён не толькі па даручэнні кіраўніка дзяржавы, але і па загадзе сэрца:

— Таму што Іран — гэта наш сябар. Беларусаў з іранскім народам звязваюць вельмі доўгія адносіны ўзаемавыручкі, вырашэнне мірным шляхам усіх пытанняў, падтрымка адзін аднаго па ўсіх напрамках нашых двухбаковых адносін. І, вядома, сённяшнія спачуванні — гэта не толькі праява павагі да лідара Ірана, які практычна з самых першых крокаў сваёй палітычнай і грамадскай кар’еры быў звязаны з усімі этапамі развіцця сучаснай іранскай дзяржавы. Гэта чалавек, які сапраўды шмат зрабіў для нашых двухбаковых адносін, яго звязвалі з нашым Прэзідэнтам вельмі блізкія сяброўскія адносіны. Прэзідэнты толькі афіцыйна сустракаліся тры разы, вы памятаеце, наколькі быў сур’ёзны і маштабны візіт у мінулым годзе, які заклаў шмат асноў для развіцця нашых узаемаадносін па ўсіх кірунках: ад гуманітарнага да прамысловага. Дык вось, гэта не толькі даніна павагі гэтаму чалавеку сапраўды найвышэйшага, сусветнага маштабу — гэта таксама выказванне даніны павагі і падтрымкі іранскаму народу.

Першы намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта нагадаў:

— Прэзідэнт Ірана ў свой час быў абраны ашаламляльнай большасцю сваіх грамадзян — і ў першую чаргу гэта падтрымка тых людзей, якія звязвалі развіццё Ірана з імем Раісі і якія верылі яму. Ён быў харызматычнай асобай. Людзі звязвалі свае надзеі з развіццём, узмацненнем аўтарытэту дзяржавы на міжнароднай арэне, забеспячэннем міру і бяспекі на Блізкім Усходзе і ўвогуле ў сусветным кантэксце.

Запіс у кнізе спачуванняў іранскага пасольства пакінуў ад сябе асабіста і ад Сакратарыята Савета бяспекі дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч: «Гэтая незаменная страта з болем адбіваецца ў сэрцы кожнага беларуса. У гэты цяжкі час мы раздзяляем боль і горыч страты, смуткуем разам з дружалюбным іранскім народам».

Аляксандр Вальфовіч падкрэсліў, што разам з беларускім народам раздзяляе пачуццё горычы і страты ў сувязі з трагічнай гібеллю Прэзідэнта Ірана і высокапастаўленых кіраўнікоў гэтай краіны.

— Гэта заўсёды горыч, калі гінуць людзі. Тым больш людзі такога ўзроўню, якія нясуць справядлівасць, мір, выступаюць за раўнапраўе народаў, суверэнітэт. Горыч надыходзіць і ад таго, што мы сапраўды страцілі сябра Беларусі. Мы гэта бачылі падчас двухбаковых візітаў кіраўнікоў Беларусі і Ірана. Палітыка нашых дзяржаў падобная: мы выступаем за шматпалярны свет, раўнапраўе, за справядлівасць, павагу да той палітыкі, якую праводзяць суверэнныя дзяржавы, за недапушчальнасць санкцый. Такую палітыку праводзіў Прэзідэнт Ірана. Сумна, калі такія людзі раптоўна адыходзяць у іншы свет. Памяць аб іх застаецца ў сэрцах людзей. Беларусь паважае і цэніць сяброў. Выказваю словы спачування ўсяму іранскаму народу, — сказаў Аляксандр Вальфовіч.

Першы намеснік міністра замежных спраў Сяргей Лукашэвіч выказаў словы спачування ад імя міністра замежных спраў Сяргея Алейніка і ўсяго ведамства.

— Мы, беларусы, сардэчныя людзі, і любы боль, трагедыя ў сяброўскай краіне адбіваецца ў нашым сэрцы. Пайшоў з жыцця сябар Беларусі. У нас іх нямала, але мы цэнім кожнага. Таму страта для іранскага народа з’яўляецца стратай і для нас, для нашых двухбаковых адносін і перспектыўных узаемадзеянняў. Агульначалавечыя каштоўнасці, якія нас звязваюць з народам Ірана, даюць надзею, што наша далейшае супрацоўніцтва і ўзаемадзеянне з гэтай краінай будзе развівацца па нарастаючай. Усё тое, што было закладзена і рэалізавана Прэзідэнтам Ібрахімам Раісі і міністрам замежных спраў, які таксама з’яўляўся нашым сябрам, будзе працягнута, — падкрэсліў Сяргей Лукашэвіч.

Кніга спачуванняў адкрыта ў Пасольстве Ірана 21, 22 і 23 мая. Пасланні са спачуваннямі таксама можна накіраваць на электронную пошту пасольства іnfo@іranembassy.by.

Алена КРАВЕЦ

Фота Віктара ДРАЧОВА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».