Вы тут

Для летняй занятасці дзяцей і моладзі ў Беларусі створаны ўсе ўмовы


Доўгачаканыя летнія канікулы ўжо на нізкім старце. Пару тыдняў — і вось яна, воля ад урокаў, школьных класаў і хатніх заданняў. Студэнты пару летняга адпачынку адкрыюць крыху пазней, пасля сесіі. Але ад гэтага канікулы для іх не стануць менш прывабнымі — яны будуць самымі доўгімі ў годзе і для таго, каб напоўніць іх яркімі і незабыўнымі падзеямі: знайсці новых сяброў і захапленне па душы, зрабіць першыя крокі ў прафесію або зарабіць свае першыя грошы. Часу хопіць на ўсё.


Займальны погляд на прафесію

З набліжэннем лета часовая занятасць і працаўладкаванне моладзі ў гэты перыяд сталі аднымі з самых актуальных тэм, нараўне з цэнтралізаваным экзаменам і тэсціраваннем. Кіраўнікі і спецыялісты прадпрыемстваў і арганізацый ужо гатовы расказаць аб тым, якую работу могуць прапанаваць школьнікам, з якой прафесіяй пазнаёміць.

Першым працоўным месцам могуць быць і заводскі цэх, і фруктовы сад ці прышкольны ўчастак, дзе ўлетку заўсёды шмат спраў. Толькі ў Мінску моладзь гэтым летам зможа папрацаваць на 250 аб’ектах, сярод якіх, дарэчы, ёсць вельмі цікавыя. Пра адзін з іх расказвае намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Вікторыя ПАШКО.

— Наш цэнтр — найбуйнейшая ўстанова дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ў галіне экалогіі і краязнаўства. А калі гаварыць аб матэрыяльна-тэхнічнай базе ўстаноў адукацыі краіны (а гэта 10 аднапрофільных і 82 установы, у структуру якіх уваходзіць эколага-біялагічны профіль), то ў іх ёсць і прысядзібныя ўчасткі, і цяпліцы, і аранжарэі. Ёсць жывыя куткі і акварыумныя класы, якія патрабуюць пастаяннага догляду.

Паводле слоў Вікторыі Вітальеўны, гаспадарка агульнай плошчай у профільных установах адукацыі, якія маюць экалагічны напрамак, складае 18 гектараў. Тут заўсёды маюць патрэбу ў рабочых руках.

— Калі дзіця цікавіць эколага-біялагічны кірунак і яно наведвае аб’яднанні па інтарэсах на працягу года, то падчас летніх канікулаў можна папрацаваць і на базе нашага цэнтра экалогіі і краязнаўства, а таксама абласных і раённых цэнтраў дадатковай адукацыі, — працягнула намеснік дырэктара. — Акрамя гэтага, на працягу шэрагу гадоў у краіне рэалізоўваецца праект «Сад надзеі». У садах працы хапае з вясны да восені, як і з надыходам цяпла: пасадка, а летам — нагляд за саджанцамі і дрэўцамі. Увосень — збор ураджаю.

Працуючы ў агародзе ці кутках жывой прыроды, дзіця не проста дапаможа раслінам і жывёлам, а атрымае карысную практыку. Гэта выдатны вопыт для тых школьнікаў, хто вырашыць звязаць сваё далейшае жыццё з біялогіяй ці экалогіяй.
Па літары закона

Якое б поле летняй дзейнасці ні абраў падлетак, работадаўцам важна дакладна выконваць усе прадпісаныя заканадаўствам правілы. Пра іх нагадвае намеснік начальніка аддзела арганізацыі садзейнічання занятасці насельніцтва камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Наталля Сілістроўская.

— Працаўладкаванне навучэнскай моладзі магчыма толькі з 16 гадоў. Аднак з пісьмовай згоды аднаго з законных прадстаўнікоў дзеці з 14 гадоў могуць таксама падпрацаваць у вольны ад вучобы час. Для атрымання накіравання на працу хлопчыкам і дзяўчынкам неабходна звяртацца ў гарадскую службу занятасці, якая знаходзіцца ў Мінску па адрасе Берасцянская, 20. Пры сабе неабходна мець пашпарт, працоўную кніжку (пры яе наяўнасці), даведку з месца вучобы.

Асобна Наталля Сілістроўская спынілася на такім важным моманце, як працягласць рабочага дня для непаўналетніх, і падкрэсліла, што, згодна з працоўным заканадаўствам, тут ёсць абмежаванні: на працягу навучальнага года моладзь ва ўзросце ад 14 да 16 гадоў мае права працаваць не больш як 2 гадзіны 18 хвілін у дзень. Ва ўзросце ад 16 да 18 гадоў — не больш чым 3 з паловай гадзіны. А ў перыяд летніх канікулаў гэтыя лічбы падвойваюцца і складаюць не больш за 4 гадзіны 36 хвілін для першай катэгорыі і не больш за 7 гадзін — для другой. Акрамя гэтага, дзеці могуць выконваць лёгкія віды работ, прадугледжаныя пералікам, і не могуць быць прыцягнуты да работы ў выхадныя і святочныя дні, звышурочна і ў начны час.

Ад палёў да ўскраін

Шырокі фронт работ — ад сельскай гаспадаркі да Байкала-Амурскай магістралі — чакае гэтым летам і студатрадаўцаў. Дзе сёння будуць працаваць студэнты, якія аб’екты для іх стануць ключавымі, расказвае камісар Рэспубліканскага штаба студэнцкіх атрадаў Анастасія Яленская.

— У 2024-м, які аб’яўлены Годам якасці, акцэнт будзе зроблены на павышэнне якасці працы студэнцкага руху. Мы працягнем старыя праекты — такія, напрыклад, як на прадпрыемстве «Атлант», сумесныя праграмы з прамысловымі флагманамі Беларусі — МАЗам, Мінскім трактарным заводам. З Беларускай чыгункай будзем рэалізоўваць яшчэ адну сваю задумку — «Дарога магчымасцяў».
У гэтым годзе захаваны сем кірункаў работы студэнцкіх атрадаў: будаўнічы, экалагічны, сельскагаспадарчы, педагагічны, сэрвісны, вытворчы і медыцынскі. Да сярэдзіны мая ў Рэспубліканскі штаб студэнцкіх атрадаў пададзена больш за 10 тысяч заявак. Да пачатку мая працаўладкавана больш як 3,6 тысяч чалавек. Палова з іх — непаўналетнія. Трапіць у струдатрад могуць хлопцы ва ўзросце ад 14 гадоў да 31 года, якія не маюць медыцынскіх супрацьпаказанняў для працы і акадэмічных запазычанасцяў па месцы вучобы.

Адной з прыкмет развіцця міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы маладзёжнай палітыкі стаў той факт, што сярод наймальнікаў расце колькасць замежных партнёраў.

— Ужо ў гэтым годзе наша моладзь адправіцца працаваць на БАМ. Пашырылася лінейка атрадаў, якія паедуць у Татарстан і будуць там працаваць у лагерах. Рыхтуем студэнтаў і для працы на КамАЗе, — сказала Анастасія Яленская. — Хачу падкрэсліць асабліва, што, акрамя працоўнай дзейнасці, у студэнцкіх атрадах будзе працягвацца і выхаваўчая работа, асноўныя мэты якой — захаванне традыцый, грамадзянска-патрыятычная пазіцыя і гістарычная памяць.

Камісар Рэспубліканскага штаба расказала і аб тым, як ідуць работы на Усебеларускай маладзёжнай будоўлі — праекце па стварэнні маладзёжнага патрыятычнага цэнтра на базе Кобрынскага ўмацавання Брэсцкай крэпасці. Маладыя людзі з усіх рэгіёнаў Беларусі там працуюць з лістапада 2023 года. На аб’екце ўжо адпрацавала дзевяць студэнцкіх атрадаў. Гэтым летам у праекце разам з беларускімі студэнтамі возьмуць удзел і студэнты з Расіі.

Студатрадаўскім рухам у Беларусі ў 2024 годзе ахоплена не менш як 50 тысяч моладзі. Каля 25 тысяч з іх будуць працаваць у летні перыяд.

Алена ВІНАГРАДАВА

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.