Вы тут

У традыцыйным аглядзе — добрыя спартыўныя навіны


У традыцыйным аглядзе — добрыя спартыўныя навіны


Фота pexels.com

Гераіня тыдня. Беларуская спартсменка Лізавета Дабравольская заваявала бронзавы медаль чэмпіянату свету па лёгкай атлетыцы сярод спартсменаў-паралімпійцаў. Лізавета, якая спецыялізуецца на кіданні кап’я, выступае ў класе F13 (атлеты з парушэннямі зроку). Бронзавы медаль чэмпіянату свету ёй прынёс вынік у 34,72 метра. Апярэдзіць нашу спартсменку здолелі толькі кітаянка Жаа Юпін (44,86 м) і Наталля Эдэр з Аўстрыі (38,52 м).

Каманда тыдня. Баскетбалісткі «Мінска» сталі сяміразовымі чэмпіёнкамі Беларусі, перапыніўшы гегемонію «Гарызонта», які не саступаў тытул на працягу трох сезонаў запар. Сталічная каманда не аддала саперніцам ні адной перамогі ў залатой серыі чэмпіянату Беларусі. Першы матч мінчанкі выйгралі з вынікам 74:51, другі — 80:64, і трэці скончыўся вынікам 72:66. Уладальнікам бронзавых узнагарод стала гродзенская «Алімпія», якая тройчы перайграла выхаванак сталічнага РДУАРа — 69:58, 82:45 і 75:44.

Перамога тыдня. Юнацкая зборная Беларусі па хакеі стала пераможцам Кубка чэмпіёнаў, які прайшоў у Чалябінску сярод гульцоў, не старэйшых за 17 гадоў. У фінале падапечныя Дзмітрыя Шульгі супрацьстаялі гаспадарам лёду з «Трактара». З вынікам 4:2 трыумфатарамі турніру сталі беларускія хакеісты. У групавым раўндзе турніру беларускія хакеісты абыгралі казанскі «Ак Барс» (4:2), омскі «Авангард» (3:2 ПБ) і чарапавецкую «Поўначсталь» (5:2), у чвэрцьфінале наша зборная зламала супраціўленне «Адмірала» з Уладзівастока (3:2), а ў паўфінале зноў была мацнейшая за хлопцаў з Татарстана (4:3 ПБ). Уладальнікамі Кубка чэмпіёнаў у складзе Беларусі-U17 сталі варатар Ягор Ходзін, Арсеній Радзькоў і Ціхан Літвінаў, абаронцы Арцём Гулько, Уладзіслаў Кесо, Міхаіл Пашкевіч, Павел Салавей, Данііл Шаранкоў, Кірыл Лазоўскі, Ілья Сансевіч, Даніла Левашэвіч, Аляксандр Бядрыцкі, Віктар Вяргейчык, Марк Івуць, Ягор Карабань, Мікіта Амелька, Ігар Сільчанка, Андрэй Сіманаў, Антон Чамярынскі, Мацвей Шаўцоў, Яраслаў Брызгалаў, Кірыл Барадулін, Мікіта Паўлаў і Юрый Румо.

Лічба тыдня. 13 медалёў заваявалі беларускія спартсмены на этапе Кубка свету па шашках-64. Спаборніцтвы праходзілі ў трох дысцыплінах: вокамгненнай, хуткай і класічнай гульні. У скарбонцы беларусаў пяць залатых, чатыры сярэбраныя і чатыры бронзавыя ўзнагароды. Перамогі ў вокамгненнай і класічнай праграмах у мужчын атрымаў Арцём Ціханаў, у актыве якога таксама золата ў хуткай гульні сярод юнакоў да 17 гадоў. Чэмпіёнам этапу Кубка свету ў хуткай праграме сярод мужчын стаў Андрэй Валюк. Яшчэ адзін медаль вышэйшай пробы Беларусі прынёс Іван Невар (класічная гульня, да 11 гадоў). Трохразовай медалісткай турніру ў жанчын стала Яўгенія Швед, на рахунку якой два сярэбраныя (рапід і класіка) і адно трэцяе месца (бліц). На другую прыступку п’едэстала ў вокамгненнай гульні ўзнімаліся нашы Аляксей Куніца (мужчыны) і Іван Невар (да 11 гадоў), абодва спартсмены таксама выйгралі па бронзе ў іншых дысцыплінах. Акрамя таго, бронзавым прызёрам у вокамгненнай праграме сярод юніёраў стаў Марат Леў.

Поспех тыдня. У Маскве завяршыўся другі этап Кубка Паўла Ляднёва па сучасным пяцібор’і, удзел у якім бралі беларускія і расійскія спартсмены. У жаночым фінале беларуская спартсменка Вольга Сілкіна заняла трэцяе месца, а ў мужчынскім фінале беларус Уладзіслаў Несцераў не пакінуў сапернікам шанцаў і ўпершыню стаў пераможцам турніру.

Турнір тыдня. Беларусы сабралі россып узнагарод на адкрытым Кубку Расіі па кулявой стральбе, які праходзіць у падмаскоўным Ігнатаве. У стральбе з малакалібернай вінтоўкі лежачы на дыстанцыі 50 м перамагла Марыя Мартынава. У аналагічным практыкаванні сярод юніёрак беларуска Аліна Белая стала другой. Перамогі ў стральбе з малакалібернай вінтоўкі з трох палажэнняў атрымалі Уладзімір Чарноў (мужчыны), Арсеній Ліванцоў (юніёры) і Марыя Багданава (юніёркі). Ілья Чаргейка ўзнімаўся на другую прыступку п’едэстала па выніках стральбы з пнеўматычнай вінтоўкі на 10 метраў стоячы і ў стральбе з малакалібернай вінтоўкі на 10 метраў лежачы.

Поспех тыдня. У Аб’яднаных Арабскіх Эміратах завяршыўся міжнародны турнір па мастацкай гімнастыцы UAE Gymnastіka Solo Cup. Лідар беларускай каманды Аліна Гарнасько заваявала медалі ў кожным з відаў праграмы: серабро ў практыкаваннях з мячом і булавамі, бронзу ў кампазіцыях з абручом і стужкай. Аліна Гарнасько таксама стала сярэбраным прызёрам у мнагабор’і.
Забег тыдня. У Мінску прайшоў ІІ Міжнародны паўмарафон One Run, у якім прынялі ўдзел паўтары тысячы бегуноў з сямі краін — Беларусі, Расіі, Азербайджана, Балгарыі, Казахстана, Кітая і Егіпта. На самай прэстыжнай дыстанцыі за 21,1 км у мужчын найлепшым стаў вядомы беларускі марафонец, прызёр міжнародных стартаў Уладзіслаў Прамаў. Пераможца паказаў час 1 гадзіну, 8 хвіл. 54 сек. і на чатыры з паловай хвіліны апярэдзіў Аляксандра Васілевіча, які стаў другім. Тройку наймацнейшых замкнуў Віталь Саскавец. На аналагічнай дыстанцыі ў жанчын раней за іншых фінішную рысу перасекла ўдзельніца Алімпійскіх гульняў і чэмпіёнка Мінскага паўмарафону 2023 года Марына Даманцэвіч. Яе вынік склаў 1:21:06, што больш чым на тры хвіліны хутчэй за паказчык сярэбранай медалісткі Ганны Максімавай. Трэцяе месца заняла Ганна Дронь.

Надзеі тыдня. У грэчаскім Лутракі завяршылася першынство Еўропы па барацьбе сярод юнакоў і дзяўчат, не старэйшых за 15 гадоў, з удзелам беларускіх спартсменаў. Нашы спартсмены заваявалі на турніры адну залатую і шэсць бронзавых узнагарод. Чэмпіёнкай Еўропы ў вагавой катэгорыі да 58 кг стала Паліна Брагінец. На трэцюю прыступку п’едэстала ўзняліся Анастасія Бялуга (да 42 кг), Васіліса Верамейчык (да 50 кг), Марыя Хрушчова (да 54 кг), Кацярына Гульнік і Дар’я Свістунова (абедзве — да 62 кг). Акрамя таго, у спаборніцтвах па грэка-рымскай барацьбе бронзу ў вазе да 62 кг выйграў беларус Кірыл Васько.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».