Вы тут

Самабытны народны майстар працуе ў вёсцы Цераблічы


Калі вы захочаце пазнаёміцца са Століншчынай, адчуць яе асаблівасць, адметнасць, вам трэба наведаць музей у Цераблічах. Яго стваральнік і нязменны захавальнік, народны майстар Іван Супрунчык раскажа пра гэты край вобразна, цікава, захапляльна. У яго музеі ёсць экспанаты ад язычніцкіх часоў да нашых дзён. Вясковай экспазіцыі часам зайздросцяць вялікія музеі. Напрыклад, пра якар, які дасталі са дна Альшанскага возера, спецыялісты з Кіеўскага музея якараў гаварылі, што ён унікальны, такога ў іх няма. Нідзе больш вы не сустрэнеце лыжы, прызначаныя для хадзьбы па балоце.


А ён, вясковы бібліятэкар, збіраў гэтыя рарытэты, а яшчэ мясцовыя легенды, паданні колькі сябе памятае, як і маляваў, выразаў з дрэва з самага ранняга дзяцінства. «Першым экспертам маіх работ была мама, — згадвае майстар. — Нярэдка яна падхвальвала мяне, казала, што фігуркі варта падфарбаваць, тады яны будуць яшчэ прыгажэйшыя. З той пары я не адмаўляюся ад фарбы». Майстар лічыць, што яму пашанцавала ў жыцці з сям’ёй, у якой нарадзіўся, з сям’ёй, якую стварыў з жонкай Марыяй Іванаўнай, з мясцінай, дзе пражыў больш за 80 гадоў.

Пра жыццё і светапогляд майстра можна даведацца з яго работ. Фігуркі бабы Астапіхі, дзеда Фядота займаюць пачэснае месца ў музеі. Баба адлюстравана за цікавым заняткам — зашывае дзірку ў гаршку. Менавіта так некалі на Палессі рамантавалі пасудзіну: затыкалі анучкай дзірку і абшывалі вакол. «Наша зямля цяпер, як той гаршчок, увесь час дае цеч: то войны, то іншыя навалы... Трэба, каб людзі былі мудрэйшыя, каб своечасова латалі любыя дзіркі ў адносінах», — разважае церабліцкі майстар. Свае адчуванні ён уздымае на вышыню філасофскіх абагульненняў аб сэнсе і вартасці чалавечага жыцця.

З любоўю расказвае Іван Піліпавіч пра жонку — настаўніцу па прафесіі, паплечніцу, з якой марылі стварыць уласны лялечны тэатр з яго фігурак. Не паспелі: дзесяць гадоў таму Марыі Іванаўны не стала, але ёсць яе драўляная скульптура, якая цяпер нібы анёл-ахоўнік усяго музея.

Самабытнае мастацтва Івана Супрунчыка называюць інсітным, значыць, народным, аўтэнтычным. Ён працуе выключна сякерай, высякае нават самыя маленькія фігуркі. А яго ідэям, разнастайнасці вобразаў і падыходаў можна толькі дзівіцца. Па работах Івана Піліпавіча можна прасачыць і гісторыю Палесся, і гісторыю яго роднай вёскі Цераблічы. Наведвальнікаў музея сустракаюць 16 скульптур па колькасці родаў, якія жывуць у вёсцы. Кожнаму майстар дае сваю характарыстыку па тым, як месцічы называюць гэты род, чым ён вызначыўся. «Адны заўсёды бедныя, скардзяцца, другія крыху ваяўнічыя, у трэціх спакон веку нараджаюцца прыгожыя дзяўчаты. Яны і цяпер жывуць у нас, прадстаўнікі гэтых родаў, у нашчадках застаюцца рысы продкаў, — працягвае ён сваю экскурсію. — У Барыса шкура, бо дурна натура. У Майсея морда, бо натура цвёрда, — усміхаецца майстар. — Некалі мне расказалі легенду пра чалавека Ліфана, які зарэзаў цяля і даў кожнаму з 16 па кавалку мяса. Тут яны пабудавалі свае хаты, тыя 16 хат і ўтварылі вёску Цераблічы». Адзін з цярэбліцкіх родаў вызначаўся доўгажыхарамі. Паводле паданняў, мужчына з гэтага роду пражыў 140 гадоў, жанчына — 117 гадоў, іх нашчадак-сучасніца пражыла 103, памерла ад ковіду, інакш пражыла б яшчэ больш, — перакананы Іван Піліпавіч.

Многа работ майстра прысвечана сям’і. Іван Супрунчык лічыць, што галоўны беларускі абрад, традыцыя, якой незаслужана мала ўдзяляюць увагі маладыя, — Дзяды, шанаванне продкаў. «Колькі мы ведаем пакаленняў продкаў? Два, тры, — разважае сталы чалавек. — А ў некаторых народаў прынята ведаць род да сёмага, дзясятага калена. Мы многае страцілі, варта яго неяк наганяць, вяртаць, трэба вывучаць свае карані, гісторыю свайго роду, свайго пасялення».

У гэтым музеі адчуваеш сябе па-асабліваму. Усе драўляныя фігуркі-героі розныя, і разам з тым большасць з іх, за выключэннем тых, якія ўвасабляюць сілы зла, нечым падобныя на свайго аўтара, у іх адчуваецца спрадвечная праўда вясковага чалавека, любоў да жыцця, сонечнасць. Так і з іх майстрам: хочацца слухаць яго, каб насілкавацца спакоем, прымірэннем, разважлівасцю.

Нездарма ж больш за дваццаць гадоў таму Церабліцкаму грамадскаму музею этнаграфіі было прысвоена званне народнага. А Іван Супрунчык у 2000 годзе стаў лаўрэатам прэміі «За духоўнае адраджэнне» ў намінацыі «Народная творчасць», у 2003 годзе атрымаў званне «Народны майстар Беларусі». Праз пяць гадоў стаў ганаровым грамадзянінам Столінскага раёна, а ў 2014-м удастоены звання «Ганаровы паляшук». Яго творы захоўваюцца і экспануюцца ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь, Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі, Столінскім краязнаўчым музеі. Адну са шматлікіх выстаў майстра трапна назвалі «Палескай Атлантыдай».

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».