Вы тут

Стасіна — сімвал памяці і смутку


Падчас сустрэчы з карэспандэнтамі «Звязды» старшыня райвыканкама Рыгор Пратасавіцкі раіў нам абавязкова пабываць ва ўрочышчы Стасіна, дзе не так даўно карэнным чынам абнавілі мемарыял на месцы страшнай трагедыі ваенных гадоў. У гэтай мясціне цяпер праходзяць урокі гісторыі і ўрокі мужнасці, сюды прыходзяць гараджане і жыхары навакольных вёсак у памятныя даты, тут збочваюць з дарогі экскурсанты, грамадзяне розных краін, каб дакрануцца да трагічнай гісторыі краю.


— Летась, калі праводзілі жалобнае мерапрыемства ва ўрочышчы Стасіна, ніхто нават не чакаў, што прыйдзе столькі людзей, — гаворыць начальнік аддзела ідэалогіі Столінскага райвыканкама Вадзім Заруба. — Сабралася некалькі тысяч чалавек. У асноўным прыходзілі цэлымі сем'ямі.

Начальнік аддзела ідэалагічнай  работы і па справах моладзі  Вадзім Заруба

Стасіна сустракае нас шчымлівай цішынёй, якую парушаюць толькі галасы вясновых птушак. 

Мясціна насамрэч вельмі маляўнічая: прыгарад, лясны масіў. Тут пры іншым раскладзе добра было б адпачынак ладзіць... 

Перад самай вайной на гэтым месцы пачалі будаваць аэрадром, паспелі выкапаць катлаван памерам 300 на 100 метраў і глыбінёй у 10 метраў. «Хто б мог падумаць тады, што стане ён неўзабаве магілай для дванаццаці з паловай тысячы ні ў чым не павінных людзей! — гаворыць Вадзім Васільевіч. — Гэта адно з самых масавых пахаванняў часоў Вялікай Айчыннай вайны ў нашай краіне. Колькасць ахвяр, што знайшлі тут спачын, сувымяральна з сённяшнім насельніцтвам Століна. Ва ўрочышчы з 1942 да 1944 года фашысты забілі 12,5 тысячы чалавек: 8 тысяч з іх — вязні гета, астатнія — беларусы, украінцы, рускія, людзі іншых нацыянальнасцяў».

 

Раней на гэтым месцы было два помнікі. 

Адзін — у выглядзе раскрытай кнігі ўстаноўлены на месцы масавага забойства яўрэяў.

Другі — скульптура жанчыны з дзіцем —  ўстаноўлены на магіле, дзе ляжаць 4,5 тысячы чалавек розных нацыянальнасцяў. 

Дарэчы, у ліку апошніх — сем'і падпольшчыкаў, якіх вылічылі па фотаздымку. Справа ў тым, што ў 1919 годзе ў Рублі адбылося паўстанне прыхільнікаў Савецкай улады. У 1940 годзе ветэраны паўстання сфатаграфаваліся на фоне райвыканкама, выканаўчага органа новай улады. А ў 1942-м немцы па гэтым здымку ўстанавілі актывістаў і знішчылі не толькі іх, але і іх сем'і. Гэтай трагічнай старонцы гісторыі прысвечаны асобны стэнд новага мемарыяла.

 

У 2021 годзе праведзена добраўпарадкаванне мемарыяла, дабаўлены архітэктурныя элементы, уваходная арка, стэнды. 
Такім чынам ён атрымаў закончаны выгляд. А на пліце, дзе пазначана колькасць ахвяр — асобна мужчын, жанчын і дзяцей, — накрэслены словы: «Ахвярам — бяссмерце, карнікам і тым, хто здрадзіў памяці, — пагарда».

У 2023 годзе мемарыялу Стасіна нададзены статус гісторыка-мемарыяльнага месца пахавання.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Лізаветы ГОЛАД 

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».