Вы тут

У гэтым годзе на вясновы абрад «Юраўскі карагод» прыехала больш за дзве сотні гасцей


У гэтым годзе на вясновы абрад «Юраўскі карагод» вёскі Пагост, які ўнесены ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА, прыехала больш за дзве сотні гасцей. Сярод іх былі прадстаўнікі фальклорных калектываў, устаноў культуры, спецыялісты, якія займаюцца даследаваннем і вывучэннем нематэрыяльнай спадчыны.


Госці далучаліся да карагода, абыходу вёскі, спявалі, танчылі. А пасля правядзення абраду ўзялі ўдзел у рэгіянальным фестывалі нематэрыяльнай культурнай спадчыны «Карагоднае кола», дзе абменьваліся вопытам, расказвалі пра вясновыя традыцыі.
Памяці бабы Каці

Падчас фестывалю і ў Пагосце, і ў Тураве, дзе прайшлі танцавальная вечарына і канцэрт-прэзентацыя народных фальклорных калектываў «Захавальнікі спадчыны», згадалі і носьбітаў, якіх ужо няма і якія шмат зрабілі для захавання спадчыны. У Пагосце гэта баба Каця. Менавіта дзякуючы ёй тут захаваліся многія абрады, традыцыі, гучалі песні, казкі. Сёння і песні бабы Каці спявае, і справу працягвае загадчыца Пагосцкага клуба-бібліятэкі Ірына Торчык. Яна заўважыла, што адметная асаблівасць Пагоста ў тым, што тут абрады ніколі не перарываліся — Юраўскі карагод вадзілі нават у гады вайны. Наваь калі каранавірус быў, усё роўна ішлі ў карагод: «Абрад абавязкова павінен прайсці, гэта рабілася для будучага ўраджаю. Калі ўродзіць пшаніца, будзе з чаго рабіць вясельны каравай; калі будуць вяселлі, народзяцца дзеці. У выніку дзеткі вырастуць, пасеюць ураджай, і будзе працяг. Цыкл не завершыцца. Адно звяно выкінуць — і прыпыніцца род чалавечы».

Пасля рытуалаў і карагода на полі, скіраваных на добры ўраджай, удзельнікі абраду абыходзяць вёску і спяваюць гаспадарам, якія выйшлі ім насустрач з падарункамі. Карагоды тут пабывалі на кожным скрыжаванні. Як патлумачыла Ірына Ціханаўна, раней хадзілі па ўсіх вуліцах, але сёння многіх жыхароў ужо не стала, а ў некаторыя дамы людзі прыедуць толькі на лета. Карагоды ж водзяцца, каб дабро пайшло на ўсе вуліцы і нікога не абмінуў дабрабыт.

У Пагосце пераважна жывуць сталыя людзі, тут няма сваёй школы, дзетак тут усяго шэсць, таму тут вельмі радуюцца, калі на Юр’я прыязджае моладзь.

Удзельнікамі Юраўскага карагода сталі студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры, якія на працягу свайго навучання ў стасунках з носьбітамі Тураўшчыны спасцігалі народныя спевы і традыцыі. Далучыліся да свята і ўзорныя дзіцячыя калектывы «Калыханка» з Міншчыны, «Вянок» з Валожынскага раёна. Госці з Вялікага Ноўгарада — удзельнікі фальклорнага тэатра «Кудзесы» на фестывалі паказалі, якія вясеннія традыцыі захаваліся ў іх. Там ладзіцца свята ў гонар Георгія Пераможцы (Георгія Вясенняга). Як расказала мастацкі кіраўнік калектыву, дырэктар Муніцыпальнай аўтаномнай установы дадатковай адукацыі «Наўгародская дзіцячая музычная школа» Марына Бур’як, калі на Тураўшчыне Юраўскі абрад скіраваны на добры ўраджай, дык у Ноўгарадзе — на абарону скаціны ад хвароб. Там таксама абыходзілі кожны двор. Адметная асаблівасць у тых краях — пазахрамавыя велічанні. Тут шмат разоў «крычалі Хрыста» — гэты асаблівы распеў проста вісеў у паветры.

Тураўшчына самабытная

Сёння, калі пагалоска пра Юраўскі карагод пайшла па ўсім свеце і сюды штогод прыязджае вялікая колькасць турыстаў, ужо неабходна думаць пра тое, як абрад захоўваць у новых умовах. Фестываль якраз паказвае, як гэта можна зрабіць. Ён рэалізоўваецца ў рамках грунтоўнай праграмы, якая праводзіцца Беларускім дзяржаўным універсітэтам культуры і мастацтваў у супрацоўніцтве з Міністэрствам культуры, Галоўным упраўленнем культуры Гомельскага аблвыканкама, Жыткавіцкім райвыканкамам пры падтрымцы Фонду нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.

Справа ў тым, што Юраўскія карагоды водзяць і ў суседніх вёсках. І там гатовы прымаць гасцей. Гэтым разам пасля абыходу сваіх двароў калектывы прыехалі ў Пагост і прывезлі свае карагоды — менавіта так называецца булка, што пячэцца з вечара, з якой абыходзяць двары.

У рамках праекта па падтрымцы адметнай спадчыны створаны каляндар падзей, і пад яго распрацаваны лагатып «Карагоднае кола», які мог бы стаць адным з брэндаў Жыткавіцкага раёна. За словамі «карагоднае кола» схаваны розныя сэнсы: гэта і людзі, якія прыязджаюць, каб паўдзельнічаць у абрадзе, і калектывы, якія захоўваюць спадчыну, і святы, што ўваходзяць у гадавы цыкл. Напрыклад, на Юр’я можна прыехаць не толькі ў Пагост, але і ў іншыя вёскі Жыткавіцкага раёна: Старажоўцы, Чэрнічы, аграгарадок Рычоў. На Троіцу народны фальклорна-этнаграфічны ансамбль «Лянок» кліча ў вёску Буразь. Там жа, у Буразі, а таксама ў Пагосце, у верасні можна паглядзець на абрад «Жаніцьба коміна». У Старажоўцы і Рычове будуць чакаць на Пакроўскім і Міхайлаўскім кірмашах (мясцовая назва свят, якія прымеркаваны да пэўнай хрысціянскай урачыстасці). Такое народнае гулянне адрозніваецца ад кірмашоў, дзе звычайна гандлююць. І, канешне, у гэты край абавязкова трэба ехаць на Каляды. Калі будзе жаданне наведаць мясцовыя святы альбо пазнаёміцца, напрыклад, з сямейнымі абрадамі, гасцям трэба толькі загадзя звязацца з кіраўнікамі адпаведных філіялаў Жыткавіцкага раённага цэнтра народнай творчасці і арганізацыі вольнага часу насельніцтва.

«Канешне, можна было б раскручваць вёску Пагост як адзіны брэнд, на які б працаваў увесь раён, які б усе ведалі, і з пункту гледжання камерцыялізацыі гэта было б правільна. Але ці трэба так абыходзіцца з жывой спадчынай?» — заўважыла Алена Каліноўская, вядучы спецыяліст Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, падчас семінара па захаванні нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны, які прайшоў адначасова з фестывалем. Вельмі важна не дапусціць, каб старажытны абрад, разам з якім мясцовыя жыхары праз пакаленні перадавалі свае ўяўленні, надзеі, духоўныя каштоўнасці, не ператварыўся ў «атракцыён» для турыстаў, трэба пазбягаць фалькларызацыі, празмернай нагрузкі і нават адсочваць, каб староннія людзі не парушалі яго. Распрацаваны нават Этычны кодэкс стасункаў з носьбітамі нематэрыяльных культурных каштоўнасцяў, дзе распісаны правілы паводзін і камунікацыі. Важна, каб госці не перашкаджалі праводзіць абрад, напрыклад, не лезлі ў карагод, каб проста зрабіць прыгожыя фатаграфіі.

Пагост мог бы стаць музейным, інфармацыйным, творчым, культурным цэнтрам, дзе прадстаўнікі ўстаноў культуры розных вёсак будуць набірацца вопыту па зберажэнні спадчыны. Але, як заўважыла Алена Каліноўская, захаваць культуру ў маленькіх вёсачках, калі кожная з іх будзе паасобку, сёння немагчыма. Калі ж яны аб’яднаюцца, гэта адкрывае новыя магчымасці і для работы клубаў, і для папулярызацыі культуры такога адметнага рэгіёна, якім з’яўляецца Тураўшчына.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.