Вы тут

«Усе перспектыўныя пачынанні мы не проста падтрымаем — мы цалкам іх выканаем»


Гэтымі днямі праходзіць першы візіт у Беларусь дэлегацыі Магаданскай вобласці на чале з губернатарам Сяргеем Носавым. Абавязковы пункт насычанага графіка дэлегацыі — сустрэча з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам. Сустрэча важная яшчэ і таму, што раней дэлегацыі Магаданскай вобласці на ўзроўні губернатара Беларусь не наведвалі. Працаваць ёсць над чым. У 2023 годзе тавараабарот паміж Беларуссю і Магаданскай вобласцю склаў 156,7 тысячы долараў, а ўзаемны гандаль таварамі за студзень — сакавік 2024 года — 249,6 тысячы долараў.


Фота БелТА

Вітаючы гасцей, Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што гэта зямля для іх не чужая, нягледзячы на адлегласць. «І на пачатку нашай сустрэчы хачу запэўніць, што вы не пашкадуеце, што пераадолелі гэтыя 11 тысяч кіламетраў шляху. Мы расійскія рэгіёны не дзелім на аддаленыя і неаддаленыя. З усімі працуем і знаходзім пункты судакранання. Упэўнены, і з Магаданскай вобласцю атрымаецца істотна прыбавіць у нашых адносінах, найперш гандлёва-эканамічных», — сказаў ён. Прэзідэнт выказаў упэўненасць, што госці з Магаданскай вобласці знойдуць у Беларусі ўсё, што ім неабходна: ад прамысловай прадукцыі да харчавання, лекаў, касметыкі і гэтак далей. «Паказчык узаемнага гандлю ніяк не адлюстроўвае нашы магчымасці. Мы павінны вырашыць, як будзем працаваць над кардынальным павелічэннем рытму ўзаемавыгадных гандлёва-эканамічных адносін», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка спыніўся на самых, на яго погляд, перспектыўных напрамках.

Першае. Прадукцыя машынабудавання

«З улікам найбагацейшай рэсурснай прыроднай базы Магаданскай вобласці і вашых планаў па засваенні новых радовішчаў каляровых металаў мы бачым добры патэнцыял для нарошчвання паставак кар’ерных самазвалаў. Заходнія брэнды сышлі з Расіі, і я думаю, што вы знойдзеце замену нашымі таварамі. Пры вашай падтрымцы "БЕЛАЗ" мае намер адкрыць у рэгіёне мультыбрэндавы цэнтр па продажы, комплексным сэрвісным абслугоўванні і рамонце ўсёй беларускай тэхнікі, а таксама па рэалізацыі шын рознага дыяметра і індэксаў нагрузкі», — адзначыў Прэзідэнт. Па яго словах, акрамя паставак велікагрузнай тэхнікі беларускі бок гатовы ўдзельнічаць у абнаўленні парка пасажырскага транспарту. «Можам прапанаваць розныя сучасныя аўтобусы як у газаматорным, так і ў дызельным выкананні. Прапануем ўзаемапрымальныя фінансавыя інструменты», — запэўніў беларускі лідар.

Другое. Прамысловая кааперацыя

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў Беларусі дакладна выбудавана заканадаўства ў сферы прабірнага нагляду, абароту каштоўнасцяў. «Мы яшчэ з савецкіх часоў захавалі ювелірны завод "Крышталь" у Гомелі. Прадпрыемства мае шматгадовы досвед работы з каштоўнымі металамі і камянямі. Выпускаецца шырокая гама прадукцыі, у тым ліку ювелірнай, з выкарыстаннем брыльянтаў беларускай агранкі», — расказаў ён. У планах дэлегацыі Магаданскай вобласці — наведванне гэтага прадпрыемства. «Магчыма прапрацаваць варыянты стварэння на базе дадзенага прадпрыемства сумеснай вытворчасці на вашай сыравіне», — прапанаваў беларускі лідар.

Трэцяе. Праектаванне аб’ектаў

«Пры комплекснай забудове ў Магадане пасля адпаведнай адаптацыі магчыма выкарыстанне беларускай праектнай дакументацыі на ўзвядзенне аб’ектаў адукацыі, спартыўнага, гандлёвага прызначэння, шматфункцыянальных комплексаў і ўсіх інжынерных камунікацый», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Чацвёртае. Пастаўкі электраабсталявання і матэрыялаў

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, з улікам рэалізуемых у Магаданскай вобласці праектаў па будаўніцтве ГЭС і ліній электраперадачы для электразабеспячэння беларускі бок можа прапанаваць найшырэйшую гаму кабельнай прадукцыі і трансфарматараў.

Пятае. Пастаўкі спажывецкіх тавараў і харчавання

«Ведаю, што ўжо ідзе работа па адкрыцці ў Магадане вялікай крамы з беларускімі таварамі. Апроч якасных прадуктаў харчавання, гатовыя пастаўляць вам мэблю, тэкстыль, дываны, абутак, бытавую хімію, касметыку і іншыя тавары, якія вам падыходзяць», — сказаў Прэзідэнт.

Шостае. Перапрацоўка малака

Аляксандр Лукашэнка прапанаваў арганізаваць у Магаданскай вобласці выпуск малочнай прадукцыі з беларускай сыравіны: «У нас дастаткова першакласных прадпрыемстваў, якія гатовы падзяліцца кампетэнцыямі ў перапрацоўцы малака і стварэнні смачнай, карыснай і якаснай прадукцыі працяглага тэрміну захоўвання. Вядома ж, можам арганізаваць і прамыя пастаўкі гатовых мяса-малочных прадуктаў, кандытарскіх вырабаў, агароднінных кансерваў, сокаў і ўсяго таго, што запатрабавана ў вашых установах сацыяльнай сферы і рознічным гандлі».

Сёмае. Пастаўкі і перапрацоўка рыбы

Як звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы, Магаданскі край багаты рыбай і морапрадуктамі, якіх у беларусаў на стале не так шмат, як павінна быць і хацелася б. А попыт ёсць. Толькі патрэбныя прамыя пастаўкі і адэкватны кошт. «Пры жаданні можаце стварыць свае перапрацоўчыя магутнасці ў Беларусі з прыцэлам не толькі на наш рынак, але і на лагістычна блізкія гарады: Маскву, Санкт-Пецярбург і нават на іншыя краіны, калі ў вас будзе да гэтага цікавасць. Мы вам створым усялякія ўмовы», — сказаў ён.
Восьмае. Турызм, санаторны адпачынак і медыцынскія паслугі

Па словах Прэзідэнта, у Беларусі высокія стандарты і даступныя цэны па гэтых кірунках. «Дарэчы, расійскія грамадзяне з вялікім задавальненнем прыязджаюць да нас у якасці турыстаў, а таксама каб атрымаць адпаведнае санаторна-курортнае лячэнне і медыцынскія паслугі. Таму мы чакаем вас, калі ў вас будзе такая неабходнасць і магчымасць», — сказаў ён.

Падагульняючы сказанае, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што перспектыўныя пачынанні, па якіх дамовімся, мы не проста падтрымаем, а цалкам выканаем. «Яшчэ раз дзякую вам, Сяргей Канстанцінавіч, за тое, што вы знайшлі час, каб наведаць Беларусь. Я вельмі хачу, каб вам гэтая паездка запомнілася», — адзначыў беларускі лідар.

Наша супрацоўніцтва пакуль недастатковае

У сваю чаргу Сяргей Носаў падзякаваў Прэзідэнту Беларусі за запрашэнне. Ён расказаў, што яго родзічы некаторы час жылі ў Мінску, таму добрыя адносіны да Беларусі ў Сяргея Носава — гэта справа сямейная. «Што датычыцца нашага супрацоўніцтва, на мой погляд, яно сёння недастатковае. Недастатковае, зыходзячы з тых магчымасцяў, якія ёсць у беларускай прамысловасці. У першую чаргу, ва ўсёй эканомікі Рэспублікі Беларусь», — сказаў ён. Сяргей Носаў падкрэсліў, што раней рэгіён арыентаваўся на заходніх вытворцаў тэхнікі. І дасягнуў нядрэнных вынікаў у гэтым супрацоўніцтве. Але сёння час прымусіў шукаць альтэрнатыву. І, як адзначыў губернатар Магаданскай вобласці, цяпер прадпрыемствы рэгіёна настроены на супрацоўніцтва з Беларусю. Больш за тое, ужо ёсць прапановы не толькі наконт закупкі тэхнікі, але і стварэння сэрвісных цэнтраў, што вельмі важна.

У тэму

У якасці беларускай тэхнікі мы не сумняваемся

Размаўляючы з журналістамі, Сяргей Носаў зрабіў акцэнт на тым, што адлегласць паміж Беларуссю і Магаданскай вобласцю для супрацоўніцтва не перашкода. Ён падкрэсліў, што сёння Беларусь ужо прысутнічае ў Магаданскай вобласці, і выказаў упэўненасць, што пасля гэтага візіту тая прысутнасць толькі пашырыцца.

«Вельмі перспектыўны кірунак супрацоўніцтва — цяжкая тэхніка. Беларускае машынабудаванне вядома. Знакаміты БелАЗ, знакаміты трактар "Беларус" для нас цікавыя. Мы горназдабыўны рэгіён, і цяпер адбываецца замяшчэнне японскай і амерыканскай тэхнікі, якую нашы кампаніі набывалі раней. Мы лічым, што прысутнасць прадукцыі беларускага машынабудавання можа быць павялічана працэнтаў на 40–50. І гэта будзе правільна. У якасці беларускай тэхнікі мы не сумняваемся. І сёння важна арганізаваць пастаўкі і, самае галоўнае, сэрвіс», — падкрэсліў Сяргей Носаў.

Губернатар Магаданскай вобласці заўважыў, што рэгіён зацікаўлены ў беларускай кандытарскай прадукцыі. Цікавіць і супрацоўніцтва з беларускім бокам у сферы апрацоўкі каштоўных металаў і вытворчасці ювелірных вырабаў. Па словах Сяргея Носава, для таго каб рэалізаваць усе планы, трэба два-тры гады максімум. Большыя тэрміны ставіць нельга.

Сяргей Носаў звярнуў увагу, што важны кірунак супрацоўніцтва — гуманітарны. Па яго словах, дзецям Магаданскай вобласці важна наведаць такія месцы, як Брэсцкая крэпасць, Хатынь, месцы партызанскай славы, каб даведацца гераічную гісторыю.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.