Вы тут

У вёсцы Грабаўка пад Гомелем працавала «машына часу»


Імправізаваныя прыдворны б’юці-салон, імператарская кавярня, літаратурнае чаяванне... Гэтыя і не толькі жывыя інсталяцыі здзіўлялі аматараў культуры часоў Імператрыцы Кацярыны Вялікай. У вёсцы Грабаўка Гомельскага раёна прайшоў першы на Гомельшчыне рэгіянальны фестываль гісторыі і культуры XVІІІ-XІX стагоддзяў — «Імяніны ў Кацярыны». 


Грабаўка вядома на Гомельшчыне сваёй гістарычнай спадчынай. Па гэтай тэрыторыі праходзіў так званы Кацярынінскі шлях — маршрут падарожжа Кацярыны Вялікай, якая накіроўвалася з Пецярбурга ў Крым. Мяркуецца, што імператрыца спынялася ў Грабаўцы. Паспела паразмаўляць з мясцовымі жыхарамі і ахвяравала грошы на навучанне сялянскіх дзяцей. Больш за стагоддзе Грабаўка належала роду Фашчаў. Пры іх тут былі пабудаваныя сядзібны дом, маслабойня, бровар і цукровы завод, развівалася гарбарная вытворчасць, працавала некалькі млыноў, была адкрыта школа, каталіцкая капліца. Адметнасцю маёнтка стаў сядзібны парк і створанае штучнае возера. Захавалася да нашага часу толькі частка таго самага сядзібнага парку і славутасць Грабаўкі — ліпавая алея, уключаная ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі.

— Загадзя, да падарожжа Кацярыны Вялікай быў выдадзены дакумент, які патрабаваў на шляху руху Імператрыцы пабудаваць гасцініцы, гасцявыя дамы, дарогі і нават цэлыя гарады. Такая дарога пралегла і праз нашу Грабаўку. Тым самым яна дала магчымасць людзям, якія жывуць на гэтай тэрыторыі, развіваць гандаль, вывозіць сваю прадукцыю на кірмашы. Маленькае на той час паселішча Грабаўка стала развівацца. А ўвогуле Кацярынінскі шлях — гэта дарога, якая звязала не толькі населеныя пункты, але і гісторыю дзяржаў, народаў, людзей, — на цырымоніі адкрыцця фестывалю гісторыю ўзгадалі вядучыя — школьнікі Грабаўскай сярэдняй школы Гомельскага раёна, якія вельмі актыўна ўключыліся як ў падрыхтоўку да свята, так і ў яго правядзенне. 

На пачатку свята у атмасферу мінулага гледачоў акунула ўрачыстае касцюміраванае шэсце. Гасцей фестывалю запрасілі на пастаноўку малых п’ес XVІІІ стагоддзя «Сакрэты Кацярыны» і развучванне бальных танцаў «Грабаўская інтэрмедыя». Не абышлі ўвагай свята ў Грабаўцы і падрыхтавалі сваё выступленне аматары класічнай танцавальнай культуры з Гомеля — удзельнікі клубнага аб’яднання «Натхненне» Гомельскага гарадскога цэнтра культуры. 

— Падтрымалі нас і ўсе школы раёна: хтосьці падрыхтаваў свае выступленні на бальнай праграме ці інтэрактыўную пляцоўку, а хтосьці прыехаў паглядзець, зарадзіцца эмоцыямі, каб ужо на наступны год таксама прыняць ўдзел у фестывалі, — зазначыла дырэктар Грабаўскай сярэдняй школы Гомельскага раёна Таццяна Мацюшэнка.

Дапамаглі ў арганізацыі правядзенні свята супрацоўнікі Грабаўскага сельскага дома культуры, бібліятэкі Грабаўскага сельсавета і Гомельскага раённага Савета дэпутатаў. Фестываль стане добрай традыцыяй у сучасным культурным жыцці Гомельскага раёна. Упэўненасць у гэтым выказала госця свята — старшыня Гомельскага раённага Савета дэпутатаў Вікторыя Ладуцька

— Грабаўскі фестываль «Імяніны ў Кацярыны» сапраўды ўнікальны. Яго сутнасць — праз багатую гісторыю краю прыцягнуць увагу людзей да развіцця сельскай тэрыторыі, да яе турыстычнага патэнцыялу, — падкрэсліла дэпутат. 

Між тым «Імяніны ў Кацярыны» — адна з самыя яркіх першых «ластавак», якая як праект-ініцыятыва жыхароў Грабаўкі зарадзілася і развівалася ў межах міжнароднага праекта «Дарогамі Кацярыны». Госцем свята стала кіраўнік праекта «Дарогамі Кацярыны», Дырэктар установы «Тэрыторыя развіцця — ХХІ стагоддзе» Ірына Багданец.

— Асноўная ідэя праекта — прайсці дарогамі Кацярыны. Але аднавіць гэты шлях не геаграфічна: кожнаму ўдзельніку прайсці свой шлях і асэнсаваць гістарычную спадчыну продкаў. Прыгадаю знакаміты выраз Кацярыны II, у дачыненні да падарожжа па Кацярынскім шляху: «Вандрую не для таго, каб аглядаць мясцовасць, а для таго, каб бачыць людзей...», — падзялілася Ірына Багданец. Яна нагадала, што ідэя стварэння новых турыстычных аб’ектаў з прывязкай да легенд і гістарычных фактаў аб падарожжы Кацярыны II аб’яднала спачатку Гомельскі і Кармянскі раёны Гомельшчыны. За зусім кароткі час да праекта «Дарогамі Кацярыны» далучыліся Слаўгарадскі раён Магілёўшчыны, Гандлёва-прамысловыя палаты Гомельскай, Бранскай, Смаленскай абласцей. Цяпер да праекту далучыўся і Чырвонагвардзейскі раён Санкт-Пецярбургу. Праз некалькі дзён камунікацыйная пляцоўка для ўдзельнікаў праекта «Дарогамі Кацярыны» адкрыецца на юбілейнай XXV Міжнароднай выставе «Вясна ў Гомелі».

— Будзем абмяркоўваць пытанні ўплыву гістарычнай фактуры, легенд, якія існуюць сярод насельніцтва, на стварэнне новых аб’ектаў турызму. Гэта камунікацыйная пляцоўка дапаможа выпрацаваць шляхі ўзаемадзеяння, дапамогі адзін аднаму і стварэнню новых турыстычных прадуктаў, — дадала Ірына Багданец. 

Між тым удзел у міжнародным турыстычным праекце «Дарогамі Кацярыны» можа натхніць актыўных і творчых вяскоўцаў развіваць уласны турыстычны праект.

— Адкрылі б’юці-салон Кацярыны Вялікай: падрыхтавалі выставу лекавых траў для стварэння натуральнай касметыкі. Нашы госці змаглі пазнаёміцца з калекцыяй адзінага ў сваім родзе ў Беларусі музея водараў, створанага ў Грабаўскай сярэдняй школе 14 гадоў таму. Два гады таму на тэрыторыі мы заклалі духмяныя градкі. Разам з вучнямі вырошчваем і нарыхтоўваем уласную духмяную прадукцыю, — распавяла настаўнік біялогіі і геаграфіі, кіраўнік Музея водараў Грабаўскай сярэдняй школы Гомельскага раёна Алена Баравікова.

Паштоўкі з рознымі водарамі, натуральныя «асвяжальнікі паветра», травяныя боксы, чайныя зборы... Духмяную натуральную прадукцыю для выставы-продажу рыхтавалі таксама педагогі Грабаўскай сярэдняй школы Гомельскага раёна — Наталля Шарко, Ала Ляпёхіна, Ірына Данільчук. 

На фестывалі правялі дэгустацыю кавы з рознымі спецыямі. Грабаўскія педагогі і вучні падзяліліся ўласным праектам «12 месяцаў» з рэцэптамі гатавання прыродных водарах для кавы.

Пад ценем старых ліп адкрылі паэтычны салон і «літаратурнае чаяванне». 

— Запрашаю у госці! Эрнэсціна фон Пфёфель, — прэзентавала лакацыю Цэнтралізаванай бібліятэчнай сеткі Гомельскага раёна (Літаратурнае чаяванне з музамі класікаў літаратуры) супрацоўнік Цэнтральнай бібліятэкі Гомельскага раёна Кацярына Капаткова. – Узнавілі вобразы муз Цютчава, Грыбаедава, Пушкіна, Тургенева, Някрасава. Працавалі над вобразамі доўга, бо падбіралі прычоскі, уборы, каб максімальна падыходзіць на знакамітых дам.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.