Вы тут

У Полацку адкрылі помнік Мікіце Куканенку


Памятны знак з’явіўся на тэрыторыі вучылішча ў гонар земляка-героя, выпускніка гэтай установы адукацыі. Сёння ў музеі вучылішча адкрыта экспазіцыя, дзе можна ўбачыць асабістыя рэчы Мікіты, частку разбітага самалёта, на якім юнак здзейсніў свой апошні палёт, і сачыненне аб мары стаць лётчыкам, напісанае яшчэ ў чацвёртым класе.


Мікіта нарадзіўся ў 1998 годзе ў Полацку, скончыў мясцовае кадэцкае вучылішча, а затым — авіяцыйны факультэт Ваеннай акадэміі Беларусі. Служыў на Лідскай штурмавой авіябазе лётчыкам звена вучэбна-баявой эскадрыллі. 19 мая 2021 года жыцці 22-гадовага юнака і яго настаўніка Андрэя Нічыпорчыка абарваліся ў небе над Баранавічамі: пілоты змаглі адвесці палаючую машыну ад густанаселенага сектара, але загінулі самі. Пасмяротна ім былі прысвоены званні Герояў Беларусі.

У цырымоніі адкрыцця помніка на тэрыторыі Полацкага кадэцкага вучылішча ўзялі ўдзел старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Ігар Карпенка, памочнік Прэзідэнта — інспектар па Віцебскай вобласці Сяргей Ляўковіч, старшыня Полацкага райвыканкама Ігар Марковіч, маці героя Наталля Алегаўна, прадстаўнікі грамадскасці.

«Полацкае кадэцкае вучылішча ганарыцца сваімі выпускнікамі, пачынаючы ад яго стварэння і да сённяшніх дзён. Мікіта Куканенка цаной свайго жыцця адвёў бяду ад мірных грамадзян. Помнік, які мы адкрылі, важны як паказчык тых традыцый, якія шануюцца кадэцкім брацтвам, і сімвал мужнасці і гераізму, высокага патрыятызму», — адзначыў Ігар Карпенка і дадаў, што летась апарат ЦВК прымаў удзел у стварэнні фундамента для помніка. 

Помнік уяўляе сабой стэлу з самалётам, які падымаецца ў неба. Таксама на ім размешчаны партрэт Мікіты і Зорка Героя. На помнік герою сродкі збіралі ўсім светам, таму яго з упэўненасцю можна назваць народным. 

Цяжэй за ўсё словы на цырымоніі адкрыцця даліся маці героя Наталлі Алегаўне: «Наша сям’я вельмі доўга чакала гэту падзею. Дзякую ўсім, хто прыняў удзел у зборы сродкаў, кожнаму, хто дапамог яму з’явіцца. Гляджу на створаны скульптарам вобраз, і ён, як жывы, адзін у адзін перадае характар нашага Мікіты. Дарагія кадэты, звяртаюся да вас: заўсёды імкніцеся да сваёй мэты, любіце Радзіму, цаніце жыццё і ганарыцеся нагамі героямі!». 

Аддаючы чэсць Герою Беларусі, кадэты прайшлі ўрачыстым маршам і ўсклалі кветкі да помніка. 

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота gorog.214

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».