Вы тут

36 творчых сустрэч запланавана ў рамках акцыі «Разам з мастацтвам»


Так важна размаўляць пра мінулае, дзякуючы якому мы маем цяпер і надзею на заўтрашні дзень. Спрыяе гэтаму і агульнарэспубліканская акцыя «Разам з мастацтвам», прысвечаная 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамозе савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, якая праводзіцца Маладзёжным тэатрам эстрады пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Сёлета ў рамках гэтага маштабнага мерапрыемства запланавана 36 творчых сустрэч, якія пройдуць у розных кутках нашай краіны. Падчас нядаўняй прэс-канферэнцыі арганізатары і ўдзельнікі акцыі распавялі пра яе адметнасці і галоўныя пасылы.


Фота: БелТА

— Мы ідзём да святкавання адной з найважнейшых дат у гісторыі нашай краіны, памяць пра якую трэба захоўваць вечна і перадаваць яе ў спадчыну. Гэта дзень вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. І Маладзёжны тэатр эстрады, як і ўсе ўстановы культуры, праводзіць вялікую работу па стварэнні мерапрыемстваў, якія спрыяюць захаванню памяці аб Перамозе савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Адным з самых знакавых такіх мерапрыемстваў якраз і стала наша акцыя «Разам з мастацтвам». Яна праходзіць пры актыўнай падтрымцы нашага міністэрства культуры, і ўдзельнічаюць у ёй як артысты Тэатра эстрады, так і папулярныя творчыя калектывы і выканаўцы нашай краіны, — зазначыў дырэктар Маладзёжнага тэатра эстрады Сяргей Мядзведзеў.

У ходзе мерапрыемстваў творчыя каманды наведваюць самыя аддаленыя куточкі Беларусі. З запланаваных амаль чатырох дзясяткаў такіх канцэртаў-сустрэч 18 на сённяшні дзень ужо праведзены. Беларускія артысты пабывалі з гэтай акцыяй у Астраўцы, Ашмянах, Клічаве, Бабруйску, Бялынічах, Пінску, Століне, Пружанах, Кобрыне, Віцебску, Оршы і шэрагу іншых населеных пунктаў. Да ліпеня будуць праведзены і астатнія. Традыцыйна кожнае такое мерапрыемства — гэта творчая сустрэча з беларускай моладдзю, на якой у форме канцэрта і творчага дыялогу ідзе размова з навучэнцамі сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў у сферы культуры нашых рэгіёнаў пра важнае, надзённае. Кожнае мерапрыемства акцыі мае і патрыятычны кірунак. Прыязджаючы ў тое альбо іншае месца, творчая дэлегацыя і мясцовая моладзь наведваюць памятныя месцы, ускладаюць кветкі да помнікаў, да месцаў пахавання воінаў-вызваліцеляў. А на канцэрце гучыць гімн, праходзіць хвіліна маўчання ў памяць аб загінулых у гады вайны абаронцах.

Трэба адзначыць, што ў кожным горадзе заўсёды чакаюць удзельнікаў акцыі, рыхтуюцца да сустрэчы, каб паказаць гасцям і свае таленты. І для артыстаў Маладзёжнага тэатра эстрады гэта не шэраговая падзея. Кожны, хто ўдзельнічае ў такім мерапрыемстве, абавязкова праводзіць і сваю даследчыцкую работу ў сям’і, удакладняючы звесткі пра тыя часы, сярод якіх знаходзяцца і трагічныя, і гераічныя моманты, і тое, што з гонарам згадваецца і чым хочацца дзяліцца.

— Хачу падзякаваць нашаму Міністэрству культуры за падтрымку такога важнага праекта. І тэатру за магчымасць удзельнічаць у акцыі «Разам з мастацтвам». Калі казаць пра ўражанні, то гэта не проста выезд некуды з выступленнем. Дыялогі з маладымі людзьмі часам кранаюць да слёз, таму што кожны з нас імкнецца данесці праўду пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Я распавядала пра свайго героя — дзядулю, якога добра помню. Ён быў баявым афіцэрам, прайшоў усю вайну, — дзеліцца артыстка Маладзёжнага тэатра эстрады Алена Грышанава. — Я была яшчэ маленькай і заўсёды пыталася ў бацькоў, чаму дзядуля ўвесь час такі сумны. А гэта на ім застаўся такі адбітак той жудаснай і страшнай вайны... І я магу дакладна сказаць, што аўдыторыя, з якой мы сустракаліся, ведае і разумее падзеі таго часу. Усведамляе і тое, як важна захоўваць і берагчы памяць пра вялікі подзвіг савецкага народа і ўсіх нашых герояў. І я вельмі ўдзячная выкладчыкам гэтых маладых людзей, якія ведаюць сэнс і каштоўнасць фраз «Дзякуй дзеду за Перамогу» і «Толькі б не было вайны!»

Яшчэ адной гранню праекта можна назваць і ажыццяўленне Маладзёжным тэатрам эстрады прафарыентацыйнай работы, бо да мясцовай моладзі прыязджаюць ужо гатовыя артысты. І можна сказаць, што яны даюць майстар-клас, вядуць з прысутнымі дыялог і дзеляцца сваімі ўражаннямі і ўспамінамі пра родных і блізкіх, якія былі ўдзельнікамі той вайны, распавядаюць пра сваю творчасць... Але гэтым дзейнасць тэатра ў дадзеным кірунку не абмяжоўваецца. Напрыклад, у красавіку ў Маладзёжным тэатры эстрады адбылася прэм’ера пастаноўкі «Без тэрміну даўніны», у аснову якой пакладзена рэальная гісторыя, якая падымае шэраг важных тэм. Часткай акцыі стаў таксама праект сербскай актрысы, рэжысёра Іваны Жыган «Пакуль Зямля яшчэ круціцца...». Паказы гэтага спектакля запланаваны як на сцэне Тэатра эстрады, так і ў сценах Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Па словах стваральнікаў пастаноўкі, такая дзейнасць — гэта і ёсць тая важная памяць пакаленняў, якую творцы могуць перадаць маладым людзям.

— Вельмі радасна, што мы напярэдадні 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў прывезлі спектакль, які задумвалі даўно. Дзякуючы мудрасці і добраму стаўленню міністра культуры Беларусі, мы маем магчымасць другі раз сюды прыехаць і паказаць на больш шырокую аўдыторыю гэтыя, на мой погляд, вельмі важныя пытанні, якія ўздымае наша пастаноўка. Асабліва сёння, калі ёсць тыя, хто не хоча, каб мы былі такімі, якія мы ёсць. На Захадзе хочуць, каб нашай мовы і культуры, веры не было. І нават каб самога паняцця «славянізм» не стала. І што толькі ні рабілі сербам, беларусам, але нічога ў іх не выходзіць, бо за намі праўда, — дзеліцца расійскі акцёр тэатра і кіно, удзельнік акцыі «Разам з мастацтвам» Аляксандр Цуркан. — Самае галоўнае, што нам хочацца сказаць нашым спектаклем — гэта тое, як захаваць нашу зямлю. Што кожны павінен зрабіць для таго, каб яна засталася, каб жылі на ёй нашы нашчадкі. І тут, думаю, усё насамрэч проста: кожны на сваім месцы павінен разумець, што ён — прадстаўнік свайго роду, сваёй радзімы. Таму ўсё, што ты можаш зрабіць прафесіянальна, трэба рабіць дзеля ўмацавання сваёй краіны. А мы, мастакі, павінны абуджаць сваім талентам у людзях спагаду, усведамленне людзьмі, што яны — частка не толькі сённяшняга дня, але і гісторыі ўсёй нашай вялікай славянскай цывілізацыі. Спектакль «Пакуль Зямля яшчэ круціцца» задае аўдыторыі важныя пытанні і прымушае разважаць пра час, пра трагічнае і гераічнае мінулае людзей. Пра тое, ці можна забываць і прабачаць, калі ў чалавеку знішчаюць душу. А сучасныя пасылы Захаду якраз і скіраваны на тое, каб змясціць акцэнты з любові на абсалютна іншыя каштоўнасці. Таму хачу пажадаць нам у сённяшнім недабразычлівым свеце найперш захаваць і памножыць любоў да людзей, больш ствараць і захоўваць для наступных пакаленняў.

Алена ДРАПКО

Загаловак у газеце: Пакуль Зямля яшчэ круціцца...

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».