Вы тут

Качанава: Сям’я — галоўная школа набожнасці, мудрасці і жыцця


Выступаючы на ўрачыстай цырымоніі адкрыцця Першага сямейнага фестывалю «РАЗАМ», арганізаванага Беларускім саюзам жанчын і прысвечанага Дню сям’і, Старшыня Савета Рэспублікі выказала словы ўдзячнасці БСЖ за такую цудоўную ініцыятыву. Спікер упэўнена, што гэтая ініцыятыва стане яшчэ адной добрай традыцыяй правядзення ў нашай краіне гэтага важнага міжнароднага і рэспубліканскага свята.


Звяртаючыся да ўдзельнікаў фестывалю, Наталля Качанава падзякавала ім за актыўную грамадзянскую пазіцыю, жыццесцвярджальны настрой, спагадлівасць і адкрытасць, гатоўнасць дзяліцца сваім пазітыўным сямейным вопытам. «Кожная з сем’яў — годны прыклад для пераймання ў частцы захавання і прымнажэння традыцыйных каштоўнасцяў беларусаў, папулярызацыі народнай творчасці, абароны гістарычнай праўды, патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення і заслугоўвае слоў захаплення і пахвалы», — падкрэсліла яна.

Старшыня Савета Рэспублікі нагадала, што ахова мацярынства і дзяцінства, падтрымка шматдзетных і маладых сем’яў, асаблівы клопат аб людзях з інваліднасцю і людзях пажылога ўзросту, іншыя напрамкі сямейнай палітыкі з’яўляюцца стратэгічным прыярытэтам нашай дзяржавы. Спікер акцэнтавала ўвагу на тым, што Прэзідэнт практычна ў кожным сваім Пасланні беларускаму народу і парламенту, у кожным рашэнні робіць акцэнт на выхаванні моладзі, падтрымцы сям’і, адраджэнні традыцыі шматдзетных сем’яў. Як устанавіў кіраўнік дзяржавы, «культ паўнацэннай класічнай сям’і з двума і больш дзецьмі павінен стаць стылем жыцця беларусаў».

«Вядома, шматдзетнасць з’яўляецца самым правільным адказам на дэмаграфічныя выклікі, з якімі сёння сутыкаецца наша краіна, і, акрамя таго, фарміруе зусім іншае аблічча грамадства — больш узаемазвязанага, давернага і гуманнага, — звярнула ўвагу спікер. — Гэта тое, да чаго нам, беларусам, трэба імкнуцца. Гэтыя пытанні рэгулярна ўключаюцца ў парадак дня Усебеларускага народнага сходу. Відавочна, што прыярытэт бягучай пяцігодкі „Шчаслівая сям’я“, які прадугледжвае ўмацаванне традыцыйных сямейных каштоўнасцяў, заснаваных на фізічным і духоўным дабрабыце, выхаванні дзяцей і моладзі, клопаце пра старэйшае пакаленне, — непераходны і ніколі не страціць сваёй актуальнасці. Бо сям’я — гэта галоўная школа набожнасці, школа мудрасці і школа жыцця, і асабліва ярка гэта праяўляецца ў шматдзетных сем’ях».

Сямейная палітыка — нязменны прыярытэт у рабоце Савета Рэспублікі. Удасканальваецца сямейнае заканадаўства, эфектыўна функцыянуе кансультатыўны савет па пытаннях сацыяльнай адаптацыі і інтэграцыі дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, рэгулярна праводзяцца тэматычныя мерапрыемствы, многія з якіх — сумесна з Беларускай праваслаўнай царквой. У мінулым годзе з удзелам сем’яў розных пакаленняў з усіх рэгіёнаў краіны ўпершыню адбылася «Размова аб важным: шчаслівая сям’я — моцная дзяржава».

«Наша агульная мэта — захаванне і папулярызацыя традыцыйных сямейных каштоўнасцяў, умацаванне інстытута сям’і, — адзначыла Наталля Качанава. — Сям’і, якая служыць надзейнай апорай дзяржаве. Сям’і, дзякуючы якой забяспечваецца пераемнасць пакаленняў, адзінства і згода ў грамадстве. Сям’і, якая выхоўвае сапраўдных патрыётаў, гатовых абараніць свабоду і незалежнасць сваёй Айчыны, якія неймавернай цаной 80 гадоў таму абаранілі нашы бацькі, дзяды і прадзеды. У сям’і дзіця павінна ўсёй душой, усім сэрцам адчуць, у якой вялікай краіне яно жыве, як шмат зрабілі для гэтага старэйшыя пакаленні. Менавіта такі эталон сям’і — гэта складовая і неад’емная частка нашай нацыянальнай ідэі, адна з сакральных крэпаў, крытэрый якасці беларускай нацыі, гарантыя будучыні суверэннай Рэспублікі Беларусь».

Па словах спікера, дзякуючы паслядоўнай дзяржаўнай палітыцы, у Беларусі створана ўнікальная, цэласная сістэма падтрымкі сям’і і дзяцей. Значныя поспехі ў гэтай сферы пацвярджаюцца ў тым ліку высокімі пазіцыямі нашай краіны ў міжнародных рэйтынгах. Напрыклад, мы займаем 25-е месца (з 179) па самых камфортных умовах для мацярынства і адносімся да 50 найлепшых краін свету па вядзенні цяжарнасці і арганізацыі родаў.

«Без перабольшання можна канстатаваць, што і па аб’ёме, і па якасці дапамогі сем’ям з дзецьмі Беларусь уваходзіць у лік сусветных лідараў, — канстатавала Старшыня Савета Рэспублікі. — Акрамя таго, у сённяшніх геапалітычных рэаліях наша краіна становіцца пунктам глабальнага прыцягнення для прыхільнікаў сямейных і традыцыйных каштоўнасцяў. Да нас на сталае месца жыхарства пераязджаюць грамадзяне розных дзяржаў, якія імкнуцца абараніць сваіх дзяцей ад навамодных ліберальных павеваў, якія супярэчаць не толькі нормам маралі і маральнасці, але і ўсякаму разумнаму сэнсу. На беларускай зямлі яны знаходзяць сваю духоўную Радзіму. Безумоўна, у сучасных дасягненнях нашай краіны ў сферы сямейнай палітыкі ёсць і асабісты ўклад кожнага з вас, бо мы ўсе — беларускі народ — адна вялікая сям’я, якая жыве ў агульным доме пад назвай Рэспубліка Беларусь. Мы і надалей разам павінны захаваць і перадаць наступным пакаленням нашу любімую Беларусь такой жа мірнай, прыгожай, шчаслівай, якая яна ёсць у нас. Разам мы можам шмат, разам мы можам усё!»

Паводле прэс-службы Савета Рэспублікі

Фота: БелТА

Загаловак у газеце: «Сям’я — гэта галоўная школа набожнасці, школа мудрасці і школа жыцця»

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».